Цікава, тут, знайшоў:
"У “амерыканскай паралелі” нашых пачынальнікаў захапляла і тое, што можна адкінуць груз старых і бясконца зблытаных перашкодаў у выглядзе сацыяльных, рэлігійных, ідэалагічных стэрэатыпаў – пісаць сваю новую паэму выключна сілаю духу і інтуіцыі. Нездарма ж кіраўнікі НН апынаюцца ў шэрагах вольных муляраў, сярод заснавальнікаў віленскай масонскай ложы “Еднасьць”. Не таму, што “масоны кіруюць сьветам” (хоць і гэтага выключаць было ня варта), а таму, што ўвесь уплывовы сьвет становіцца такім чынам табе даступны і зьяўленьне тваёй краіны на масонскай карце сьвету – шмат чаго значыць."
"Масонская інтрыга
Завяршаючы “амерыканскую тэму”, варта згадаць і наўпроставую паралель паміж айцамі-заснавальнікамі ЗША ды амерыканскае мадэлі разьвіцьця і братамі-заснавальнікамі беларускага руху Іванам і Антонам Луцкевічамі. Будучае ўладкаваньне сваёй краіны яны бачылі ў выглядзе садружнасьці з суседзямі, якую яны назвалі Злучанымі Штатамі ад Балтыйскага да Чорнага мора – гэткае адроджанае, мадэрнізаванае ВКЛ.
Зробім выснову. Амерыка, пастанавіўшы некалі будаваць сваю нацыю і дзяржаву без тыраніі, апынулася ў гэтым сэнсе наперадзе ўсяго старога сьвету. Спакваля менавіта яе мадэль сучаснае нацыі запанавала ў тых краінах, дзе таксама пазбавіліся ад тыраніі. Гэтая мадэль найбольш прывабна выглядала і для стваральнікаў беларускага руху пачатку ХХ ст., люстэркам якога стала газета “Наша Ніва”. Фактычна выбар будучага разьвіцьця Беларусі выглядаў і выглядае так: або тыранія, або амерыканская мадэль. Натуральна, многія ідэалогіі ў сьвеце бачаць у такой “амерыканізацыі” неўласьцівы для сябе спосаб існаваньня і рызыку страціць ідэнтычнасьць, а напавер атрымліваецца – бароняць тыранію, таталітарызм і аўтарытарны рэжым. Бо наша беднае чалавецтва пакуль яшчэ не прыдумала нейкай іншай, апроч амерыканскай, мадэлі існаваньня – без тыраніі.
У тыранічных грамадствах афіцыйная прапаганда звычайна поўніцца тэорыямі змоваў і таемных інтрыгаў, скіраваных на падкоп існуючага рэжыму. Скажам, у царскай Расеі малады беларускі рух разглядаўся як “польская інтрыга”, а сёньня дзейнасьць нацыянальна-дэмакратычных сілаў характарызуецца як “інтрыга амерыканская”. Цяперашнія афіцыйныя ідэолагі ўслаўляюць дзейнага прэзідэнта, у прыватнасьці, за тое, што “не дапусьціў у краіну масонаў”, хоць наяўнасьць масонскіх ложаў якраз і сьведчыць пра адсутнасьць тыраніі.
Калі мы кажам, што масонамі або “вольнымі мулярамі” былі і стваральнікі першай беларускай газеты “Наша Ніва”, а па сутнасьці, і самой Беларусі – краіны і нацыі, ці значыць гэта, што “Наша Ніва” і Беларусь – плён нейкай змовы? Пытаньне рытарычнае, бо пазітыўны вынік непараўнальна пераўзыходзіць любую падступную змову.
Тым ня менш, я распытаўся пра гэта ў дасьледніка беларускага масонства гісторыка Алеся Смаленчука. Найперш – пра тое, адкуль вядома, што браты Луцкевічы ў 1910 годзе сталі заснавальнікамі першай у Вільні масонскай ложы “Еднасьць”? Натуральна, пра гэта не пісалі газеты, дый мемуарысты, якіх абавязвала масонская таямніца, не маглі пакінуць такіх сьведчаньняў.
Насамрэч, такія зьвесткі пакінуў у сваіх дзёньніках юрыст Міхал Ромэр. Ён вёў запісы з 1911 году, калі сам быў прыняты ў “Еднасьць”, і да канца жыцьця ў 1945-м. А ініцыятарам стварэньня першай ложы быў Ежы Ром, жыдоўскі лекар, вядомы дзяяч канстытуцыйных дэмакратаў.
Навошта спатрэбілася Луцкевічам станавіцца масонамі? Уявім сабе, 1910-ты год, уздым беларускага адраджэньня, “Наша Ніва” выходзіць чацьверты год, ствараюцца выдавецтвы й гурткі, адбываюцца тэатральныя вечарыны – усё ідзе на выхад, на людзі, на раскрыцьцё, напаказ. Тым часам масонства – гэта адваротны працэс – таямніца, закрыцьцё, жорсткі адбор сяброў...
На думку Алеся Смаленчука, Луцкевічы адчувалі слабасьць сацыяльнае базы беларускага руху і тое, што рух ня мае масавай падтрымкі. А масонскае кола зьбірала ўплывовых людзей краю і дазваляла трансьляваць беларускую ідэю шырэйшым чынам. Менавіта масонскія кантакты дазволілі Луцкевічам паралельна з “Нашай Нівай” выдаваць яшчэ дзьве газеты: “Kurjer Krajowy” па-польску і “Вечернюю газету” па-расейску, дзе беларуская ідэя даносілася да дэмакратычна настроенай польскамоўнай і ліберальнай рускамоўнай публікі.
Луцкевічы прывялі ў ложу і іншых беларусаў, напрыклад, сакратара рэдакцыі НН Вацлава Ластоўскага ў 1912 годзе. Сярод “вольных муляраў” згадаем таксама віленскага прадпрымальніка Зыгмунда Нагродзкага, які, між іншым, і сам пісаў беларускія вершы, але ўвайшоў у гісторыю як сябра Францішка Багушэвіча і фундатар “Нашае Нівы”. Шмат пазьней Антон Луцкевіч у сваіх успамінах пісаў: “У 1893 ці 94 г. атрымаў Нагродзкі, які жыў тады ў Вільні, першае выданьне вершаў Багушэвіча “Дудка беларуская”. Кніжачка выйшла за граніцай і прыходзіла ў Вільню кансьпірацыйнай дарогай. “Дудку” прынёс Нагродзкаму Язэп Пілсудзкі. Кніжка зрабіла на Нагродзкага велізарнае ўражаньне. Яму ўдалося хутка пазнаёміцца і з аўтарам яе, Багушэвічам, каторы ўжо жыў тады ў Вільні і працаваў, як адвакат. З паэтам Нагродзкі вельмі здружыўся, і яны бачыліся прынамсі раз у тыдзень”.
Упершыню ў “Нашай Ніве” імя Нагродзкага згадваецца ў 1907 годзе, на гадавіну існаваньня газеты. Акурат тады віленскі генерал-губернатар сваім загадам закрыў друкарню Марціна Кухты, дзе друкавалася НН, і рэдакцыя на адзін нумар мусіла зьмяніць месца друку. У Кухты “Наша Ніва” друкавалася, як правіла, авансам. Ясна, што іншы друкар, а гэта быў нехта Блюмовіч, патрабаваў аплаты адразу. І вось менавіта ў гэтым нумары ў газеце зьяўляецца рэклама Зыгмунта Нагродзкага, ягонага складу гаспадарскіх машынаў і прыладаў. Пазьней плугі Нагродзкага будуць рэкламавацца ў “Нашай Ніве” часта.
У 1937 годзе часопіс “Калосьсе” надрукуе некралог па Зыгмундзе Нагродзкім, дзе будуць і такія словы пра “Нашу Ніву”: “Нагродзкі быў у блізкіх зносінах з сябрамі рэдакцыі, даваў у газету добра платныя абвесткі аб сваім складзе с/г машын, друкаваў і рассылаў пры газэце свае каталогі ў беларускай мове і ў патрэбе заўсёды гатоў быў дапамагчы выдавецтву пазыкай усьцяж нехапаўшых грошай”.
Традыцыі масонскай талеранцыі і ўдзелу беларусаў у ложах вольных муляраў працягваліся і пасьля першай сусьветнай вайны – у Заходняй Беларусі 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. У прыватнасьці пра гэта згадвае ветэран беларускага руху ў ЗША Антон Шукелойць у кнізе Зянона Пазьняка “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”. Спадар Шукелойць прыгадвае часы свае вучобы ў Віленскім універсітэце: “Гэта адзін з тых вечаровых жартаў, якія расказваў Ян Пазьняк вечарам для нас, студэнтаў. Антон Луцкевіч, як ведама, быў масонам і належаў да масонскай ложы ў Вільні. Адзін раз ён вырашыў зацягнуць у ложу ксяндза Станкевіча, бо гэта ж выдатны дзяяч, і там, відаць, у ложы, вельмі хацелі б яго мець. І вось ён ужо дамовіўся з ім, і яны пайшлі. Але ён ня кажа ксяндзу Станкевічу, куды яны йдуць. Вось, маўляў, ідуць адведаць там некага, ня памятаю ўжо каго, магчыма, што рэктара універсітэту Станевіча. Ну і прыйшлі ўжо, і падымаюцца па сходах перад дзьвярыма ложы. Луцкевіч кажа: «Ведаеш, мы з табой прыйшлі ў ложу масонаў». І тут ксёндз Станкевіч даў драла. Адразу, адмовіўся ісьці туды і сыйшоў назад”.
Аўтар кнігі “Гутаркі з Антонам Шукелойцем” Зянон Пазьняк пытаецца: “Ці гэта было зьвязана з сацыялізмам?”
Антон Шукелойць адказвае: “Не. Ложы масонскія былі самы па сабе. І Тарашкевіч належаў да масонскай лёжы; ня ведаю, хто там яшчэ. Але наагул сацыялізм з масонствам не хадзіў у пары. Масонства – гэта такі лібералізм у шырокім маштабе”.
Зразумела, што далучэньне братоў-заснавальнікаў да масонства не магло не адбіцца і ў тэкстах першай беларускай газеты.
Ці ня першае такое сьведчаньне знаходзім у “Нашай Ніве” напрыканцы 1911 году. Палемізуючы з вершам Янкі Купалы “Кожын год, што мінаў, штосьці нам не дадаў”, Антон Луцкевіч піша артыкул “Наш доўг”, дзе настойліва паўтарае назву віленскай ложы: “Толькі ў еднасьці – сіла, і тую сілу прыдбаць можам мы самі”, “патрэбен жывы прыклад еднасьці”, “ня толькі гаварыць аб еднасьці ўсіх беларусаў, але жыцьцём сваім шырыць згоду і братнюю любоў у народзе”. Галоўная тэма артыкулу – раскол беларусаў на праваслаўных “рускіх” і каталікоў “палякаў”. Шукаючы спосабу злучыць гэтыя дзьве часткі ў еднасьць, браты Луцкевічы рабілі стаўку і на “механічнае” злучэньне – грэка-каталіцызм і на злучэньне бяз зьмены сваёй канфесійнай прыналежнасьці – а такую магчымасьць і давала масонства, якое патрабуе, каб сябра ложы верыў у Бога, але пры тым ён можа быць любой канфесіі. Усе маюць права на братнюю любоў.
Адна з асаблівасьцяў масонства ў тым, што пры ўсёй сваёй таямнічасьці яно ня можа існаваць нелегальна. Гэта значыць, што з прыходам бальшавіцкае ўлады вольныя муляры зьніклі ня толькі ў Вільні, але і па ўсёй савецкай і сацыялістычнай прасторы. Аднак ужо ў першыя гады дэмакратыі “вольныя муляры” зноў пазьяўляліся ва ўсіх без выключэньня постсавецкіх і постсацыялістычных краінах. Сёньня ў сеціве можна бяз цяжкасьцяў адшукаць сайты вялікіх нацыянальных ложаў Літвы і Польшчы, Расеі і Украіны. Толькі беларускага сайту з падобным зьместам няма – што ёсьць прыкметай адсутнасьці ў Беларусі масонства, а ў выніку і адсутнасьці Беларусі на масонскай карце сьвету.
Як бы мы ні ставіліся да масонаў, якімі так любяць запалохваць свой народ усе без выключэньня дыктатары і тыраны, але даводзіцца прызнаць, што тут нашае грамадства, грамадская думка і грамадзянская сьведамасьць у параўнаньні з тым, што было ў часы “Нашае Нівы”, зрабіла за гэтае стагоддзе крок назад. Прычым адносіны да рэлігійна-філасофскага руху паляпшальнікаў жыцьця – масонаў – гэта ўсяго толькі адзін прыватны прыклад у доўгім шэрагу іншых.
Цяпер самы час зьвярнуцца да асобаў братоў-заснавальнікаў – Івана і Антона Луцкевічаў.
Выглядае, што ў адрозьненьне ад прагматычных палякаў або літоўцаў, рамантыкі-ідэалісты беларусы... маглі нічога й не рабіць. Іх проста магло ня быць. І тады гісторыя распрацавала б нейкія свае шляхі засваеньня гэтай зямлі і гэтага насельніцтва. Але зьяўляюцца браты Луцкевічы, якія пачынаюць свой персанальны, аўтарскі праект – Беларусь. І як геній паэта падказвае яму жывучыя ідэі, так і ім іх геній падказаў іхную паэму пад назваю НН."
http://www.dziejaslou.by/inter/dzeja/dzeja.nsf/htmlpage/dub26?OpenDocument