Найперш трэба пачаць з таго, што само пытаньне пра існаваньне на Беларусі славянскага язычніцтва ёсьць дыскусійным. Досыць праблематычна вылучыць уласна славянскі пласт міфалогіі. Гэтак Юратэ Лаўчутэ і Дзьмітры Мачынскі, правёўшы комплексны аналіз крыніцаў, прыйшлі да высновы пра балцкія вытокі сакральнай пары Пярун – Вялес54 . Нельга не зважаць таксама на факт іранскага паходжаньня бальшыні багоў г. зв. “усходнеславянскага” пантэону: Дажбога, Стрыбога, Сварога, Хорса, Сімаргла (няма і надзейных сьведчаньняў наяўнасьці культу гэтых багоў у продкаў беларусаў), тады як Пярун і Вялес – архаічныя індаеўрапейскія боствы – дасталіся славянам у спадчыну ад балтаў, што карэлюецца з тэорыяй пра разьвіцьцё славянскіх моваў з заходнябалцкіх дыялектаў55 .
Калі займацца рэканструкцыяй даўніх міфалагічных уяўленьняў, пагатоў старавечных культаў, трэба абавязкова ўлічваць іх лакальную сьпецыфіку і рэгіянальныя адметнасьці. Да жалю, найчасьцей гэтая акалічнасьць ігнаруецца ня толькі сучаснымі прыхільнікамі дахрысьціянскай традыцыі, але і некаторымі навукоўцамі. Як зацямляе Эдвард Зайкоўскі, “значная колькасьць дасьледчыкаў сыходзіла з тэзісу аб існаваньні т. зв. старажытнарускай народнасьці, паўтараючы меркаваньне аб адзінай старажытнарускай культуры, міфалогіі, другіх формах духоўнага адзінства, і часта ня ўлічвала складанай этнакультурнай гісторыі Усходняй Еўропы, ступень славянізацыі, тэрытарыяльную розьніцу, адрозьненьні ў мясцовых субстратах, перабольшвала ўзровень інтэграцыі”56 .
У фармаваньні беларускага этнасу вызначальным быў уплыў балцкага этнакультурнага субстрату. Гэта яскрава выяўляецца ў традыцыйных рэлігійных вераньнях беларусаў. Практычна ўсе найбольш адметныя рысы беларускай міфалогіі: культ зьмяі, культ каменя, матывы абрадавых сьпеваў, сюжэты касмаганічных паданьняў маюць найбліжэйшыя паралелі ў міфалогіі літоўцаў і латышоў. Менавіта таму Уладзімір Конан канстатаваў, што “дасьледуючы язычніцкі пантэон беларусаў і этнічных літоўцаў, набор сюжэтаў і вобразаў іх аўтэнтычнай міфалогіі, нельга не зьвярнуць увагу на тыпалагічную блізкасьць гэтых пластоў культуры. Такое збліжэньне, часам аж да тоеснасьці, – вынік ня толькі ўзаемаўплываў іх культур у рамках агульнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, але і генетычных вытокаў”57 . Такім чынам, рэканструяваныя формы этнічнай рэлігіі беларусаў непазьбежна мусілі б мець балцкую аснову. Між іншым, на гэта зьвяртаюць увагу і прадстаўнікі літоўскага паганскага руху – кіраўнік “Romuv’ы” Ёнас Трынкунас без ваганьняў улучае беларусаў у кола “балцкай цывілізацыі”, угрунтаванай у дахрысьціянскай культуры58
Цікава.. можна калі ласка спасылку на поўную версію гэтага артыкулу ці кнігі..
