На заклік бальшыні кандыдатаў у прэзыдэнты некалькі тысячаў выбарцаў прыйшлі ўвечары 19 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу ў Менску. Яны аб’явілі пра стварэньне новага руху за свабодныя выбары. Далей людзі перайшлі на плошчу Незалежнасьці. Некаторыя ўдзельнікі спрабавалі прарваліся ў Дом ураду. Адбыліся сутычкі са спэцназаўцамі.
Калі вы самі маеце паведаміць ці паказаць нешта важнае, зьвязанае з Плошчай, дасылайце інфармацыю, фота і відэа на адрас
rferl.minsk@gmail.com22.30 Прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Павал Радзівонаў у праграме «Выбар» ОНТ пракамэнтаваў падзеі на плошчы Незалежнасьці. Паводле ягоных словаў, заканадаўствам прадугледжана жорсткая адказнасьць арганізатарам непарадкаў — ад адміністратыўнай да крымінальнай. Яны могуць быць пазбаўленыя волі да 15 гадоў. Радзівонаў падкрэсьліў, што «гэта не пагроза, гэта — канстатацыя фактаў».
23.20 Перадае Галіна Абакунчык: “Спэцназаўцы вельмі жорстка зьбівалі людзей. Жанчын зьбівалі нагамі. У аўтазакі загружалі шмат людзей. На заклік кандыдатаў на прэзыдэнта правесьці перамовы з прадстаўнікамі міліцыі ніхто не адклікнуўся. На плошчы знаходзяцца пераважна спэцназаўцы. Яны перамяшчаюцца па плошчы. Яны спрабуюць дагнаць людзей, расьсекчы натоўп. Трывожны настрой. Людзі шыхтамі бягуць у боку Чырвонага касьцёлу. Ідзе зачыстка плошчы. Застаўся з дзясятак журналістаў на плошчы Незалежнасьці. Усе астатнія людзі выціснутыя з плошчы”.
23.20 Плошча Незалежнасьці практычна цалкам зачышчаная ад дэманстрантаў. Застаюцца толькі аўтазакі, у якія міліцыянты закідваюць затрыманых удзельнікаў акцыі.
23.10 На зачышчанай пляцоўцы — акрываўлены сьцяг, кавалкі вопраткі.
Пад’ехалі чатыры аўтазакі, відаць, хутка пачнецца хапун. Жорстка зьбіваюць людзей.
Пад’ехалі чатыры аўтазакі. Людзей зьбіваюць і закідваюць у аўтазакі. Шмат людзей зьбітых да крыві ляжыць на асфальце.