www
|
Бываюць такія дзеі з маладымі, пачынаючымі аматарамі пяра, што пасьля колькіх нават удалых спробаў сіл адыходзяць у цень, каб ужо ніколі больш не ўзмахнуць крыльлем. Але каб паэтычны геній, пабываўшы на самых недасяжных вышынях Алімпу, дабравольна заламаў пяро і сьціх на векі, таго бадай яшчэ не бывала! Па сяньняшні дзень палякі не далі ніякага выясьненьня гэтага нечуванага факту: закідалі яны паэту буйнасьць характару, самалюбства, лішняе захапленьне містыкай, інтэрнацыяналізмам, а нават камунізмам, а знайшоўся і такі, хто даказваў, што Міцкевіч проста страціў талент і ўсё! Але калі ўжо і прыняць, што чалавек запаў на нейкую «хваробу», дык усё гэта адно пералік сымптомаў, які ня кідае бадай сьвятла на характар тае «хваробы», ані на яе прычыны. Выглядае, што дасюль даслоўна ніхто з палякаў, нават сам Бой-Жаленскі, не пасьпеў глянуць праўдзе ў вочы, хоць яна аж просіцца. Па душы цяжка паляку прызнаць той просты факт, што Міцкевіч быў прадуктам сымбіёзу двух дыямэтральна розных і часта супярэчлівых народных стыхіяў: у душы гэтага гіганта ішло бязупыннае тузаньне-змаганьне паміж двума элемэнтамі процілеглых знакаў і патэнцыялу - свойскім, літоўскім (як тады яшчэ звалі па старой традыцыі ўсё наша, беларускае), ды элемэнтам штучна прышчэпленым душы ягонай цераз польска-моўную школу і выхаваньне ў польскім патрыятычным духу. Вось вам усяе тае «хваробы» паэта, што знайшла свой верны адбітак ува ўсім шляху бурлівым яго жыцьця. І цікава нагадаць, як той свойскі, літоўскі элемэнт з цягам гадоў усё рос і браўся ў сілу, асабліва з тае пары, калі паэт апынуўся на чужыне і туга па страчанай айчыне сьціснула яму сэрца вялікім болем. У такім настроі цяжкога смутку, які паглыбляўся з году ў год, як ён мог пісаць польскую патрыятычную паэзію? А паколькі іншае пісаць ня мог тэхнічна, не пісаў нічога. Вось і разьвязка ўсяе загадкі, чаму, папаўшы на чужыну, паэт так хутка і беззваротна замоўк. На фоне такога дзіўнага рэгенэратыўнага працэсу ў душы паэта на дзіва слабым аказаўся той другі, польскі кампанэнт яго духовай структуры. Штучна наложаны на першы, за гады паэтавага туляньня па чужых кутках ён усьцяж слабее, і гэты факт, а не жыдоўскія сымпатыі ці палітычная дзейнасьць паэта, вельмі трывожыў і злаваў паляка. А для нас, беларускіх эмігрантаў, гэта зусім зразумелы працэс: паміж беларусам (гістарычным ліцьвіном) і паляком, хоць-бы яны і гаварылі на той самай мове, ляжыць псыхаланічная пропасьць - гэта дзьве дыямэтральна розныя натуры, ужыцьця якім надта-ж цяжка. У гэтым Міцкевіч пераканаўся з хвілінай, калі сустрэўся на выгнаньні першы раз вока-у-вока з радавітымі палякамі, якіх у дасюлешнім жыцьці сваім ані бачыў, ані ведаў. Выглядае, што сустрэча не была дужа прыемнай, ані будуючай... Паміж паэтам і новым асяродзьдзем, у якое кінуў яго лёс, хутка вынікаюць вострыя супярэчнасьці, непаладкі і спрэчкі, якім не было канца. Міцкевіч праймаецца інтэрнацыяналізмам і робіцца чырвоным, коратка прыймае актыўны ўдзел у рэдагаваньні і выдаваньні радыкальнага часопісу «Трыбуна Народаў». Нажаль, Бой сьведама, як відаць, скажае працэс, у выніку якога паэт стаў чырвоным, заяўляючы, што быццам гэта «справа польскія завяла яго да міжнароднага сацыялізму». Як яно магло так быць, калі паэт, колькі жыў, ні тае Польшчы, ні яе сацыяльных адносін ані бачыў, ані ведаў, затое з першай рукі быў інтымна азнаёмлены з роднай Літвой і з жахлівай галечай яе прыгоннага сялянства тае пары. А гэта азначае, што ня польская, а літоўская-беларуская рэчаіснасьць кіравала яго сэрцам і сумленьнем. Захапіўся ён інтэрнацыяналізмам не дзеля польскае справы, як гэта хоча Жаленскі, а якраз таму, што адыйшоў ад польскае справы - так гэта ўспрынялі былі сучасьнікі, і за гэта яго грамілі. Вось тое няспыннае ўсіленьне-нарастаньне прыроднага літоўскага-беларускага фактару ў душы паэта, ды няўхільна вынікаючы з гэтага востры канфлікт з яго польскімі ляяльнасьцямі, а ў шырэйшым сэнсе з усім новым, чужым яму па духу асяродзьдзем, і давялі да таго, што Міцкевіч на 35-тым годзе свайго жыцьця, у поўным росквіце свайго геніяльнага таленту адыйшоў ад вялікае паэзіі назаўсёды. Мы сяньня добра разумеем усю трагэдыю душы гэтага вялікага, высока этычнага чалавека, які, папаўшы на чужыну, балюча адчуў нятолькі тугу па роднай зямельцы, але і той цяжар, якім чужа-польскае выхаваньне абцяжала-загрузіла яго вольны дух і з якім ён рашуча змагаецца. На гэта палякі, бязумоўна, не маглі доўга аставацца абыякавымі, але і так цэлых 21 год прайшло ад яго «паэтычнае сьмерці», пакуль польскі палітычны штаб на эміграцыі - ня бачачы ў ім ніякаё ўжо карысьці для польскае справы, а з трывогай пазіраючы на хуткі рост небясьпекі кампрамітацыі, - вырашыў урэшце зьвясьці яго з гэтага сьвету бяз лішніх сьведкаў, бяз шуму і крыку, у далёкім Істамбуле.
|