www
|
Дарагія Браты й Сёстры! Сяньня вось мінула 26 гадоў ад гэтае вялікае падзеі. Сяньня нямецкія арміі, адкінуўшы чырвоную Маскву зь беларускае зямлі, даюць нам ізноў магчымасьць адбудовы свае бацькаўшчыны, свае дзяржаўнасьці. Ды вайна не закончаная. Нямеччына цяпер у цяжкіх баёх з Масквой на Ўсходзе ды зь ейнай саюзьніцай Антантай на Захадзе. Што значыць паварот старой няволі для нас — нам ня трэба гаварыць. I таму мы ў гэты мамэнт ня можам сядзець бязьдзейна, бо згубім тады ўсё, разьдзяўбуць нас тады нашыя ворагі. Наш абавязак узяцца за зброю ды перш за ўсё ачысьціць нашую зямлю з усякае погані, што бадзяецца па кустох ды перашкаджае нам выпрастацца зь нядаўнай няволі на ўвесь рост. Падайма сяброўскую руку нямецкай арміі ў яе змаганьні з нашым найбольшым ворагам Масквою, каб яна больш нас не паланіла! Вы-ж, дарагія жаўнеры й афіцэры Беларускай Краёвай Абароны, памятайце — прысягаеце ў вялікі Дзень 25 Сакавіка на нашыя сьвятыя нацыянальныя ідэалы, на вернасьць свайму народу, як першыя штурмовыя кадры ў нашай барацьбе за волю, самастойнасьць і незалежнасьць! Хай Бог вас успамагае й благаславіць! Гучыць каманда: — Да прысягі! Жаўнеры падыймаюць правую руку. Урачыста чытаю тэкст прысягі, усе за мной паўтараюць. Людзі паздымалі шапкі. Немцы й нашыя ўмундараваныя адзінкі, паліцыя, СБМ салютуюць: "Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Усемагутнага Бога й на жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму Беларускаму Народу, сумленнай прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў. Я прысягаю, што ня выпушчу з рук сваіх зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны супакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг Беларускага Народу. Так мне памажы, Божа!" Падае каманда: — Па прысязе! Усё заварушылася, хоць яшчэ была цішыня. Аркестра грымнула нацыянальны гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". За аркестрай загудзеў увесь народ — жаўнеры, юнакі, школьнікі, усе прысутныя... Здавалася й расстаўленыя навокала беларускія сьцягі таксама шумяць пад сьпеў тысячных грудзей... Калі я вярнуўся на сваё месца, маленькая вучаніца перадала мне букет кветак, кажачы: — Спадару Намесьніку, гэта ад нас усіх! Я падзякаваў і пацалаваў дзяўчынку. Пасьля прамаўляў гэбітскамісар. Ён коратка гаварыў аб ідэі "Фюрэра': вызваліць усе народы "з жыда-камуністычнай няволі", аб нямецкіх змаганьнях, аб дабразычлівасьці Немцаў да беларускага народу, ды заклікаў Беларусаў да супольнага змаганьня. Пасьля, пад гукі аркестры, перад прадстаўнікамі ўлады прайшла дэфіляда аддзелаў БКА, паліцыі, СБМ і школьнікаў. Вечарам у Народным Доме адбылася апошняя частка сакавіковай урачыстасьці — канцэрт з удзелам менскіх артыстых. Выступалі сьпевакі-салісты, дэкляматары, танцоры, хор і танцавальныя групы. Вялейка гудзела ў дзень нацыянальнага сьвята да познае ночы. © Пад Знакам Пагоні
|