Дом на Гарадніцы

Дом належыў розным гаспадарам, таму і назву мае не адну: палац адміністратара, «кватэра паўнамоцнага расійскага пасла», палац Дзяконскага, палац графа Міхала Валіцкага, архірэйскі дом і іншыя. У кожнага свая гісторыя, але перш чым расказаць іх, растлумачым пра месца, на якім стаіць будынак. У часы Вітаўта тут па яго фундацыі пабудавалі касцёл Святога Мікалая, які выконваў функцыю замкавай капліцы княжацкага двара Гарадніцы. У ХVІ стагоддзі на ўзгорку пры Віленскім тракце стаяла мураваная царква Святога Мікалая. Па звестках уніяцкага архімандрыта І. Кульчыцкага, у 1736 годзе на яе месцы былі ўжо толькі крыж і могілкі. Праз трыццаць гадоў гарадзенскі стараста Антоній Тызенгаўз далучыў царкоўныя пляцы да зямель Гродзенскай эканоміі. У былой каралеўскай вёсцы Гарадніцы (Сухое Сяло) ў 1765-1780 гадах ён ажыццяўляў свае эканамічныя і культурныя рэформы. Праектам распланавання і забудовай гарадніцкага ансамбля займаліся дрэздэнскі архітэктар Ёган Георг Мёзер і італьянец Джузэпэ Сака. На плане Гарадніцы 1780 года можна ўбачыць будучы палац адміністратара маёмасцей Гродзенскай эканоміі. Спраектаваны ён Мёзерам у 1776-1778 гадах, а будаўніцтва завершана ў 1793 годзе.
Па спісу, створанаму ў 1794 годзе, бачна, што на Гарадніцы жыў адміністратар, шамбелян Яго вялікасці караля Станіслава Панятоўскага, Марцін Бадэні (1780-1795 г.). Але, відаць, у другім доме, бо палац быў падараваны Антонію Дзяконскаму, падскарбію надворнаму літоўскаму (1785-1791 г.). Ён заслужыў яго, магчыма, за добрае выкананне абавязкаў сябра камісіі, якая вяла эканамічны працэс супраць Тызенгаўза, а таксама за працу ў каралеўскай эканамічнай камісіі, кіруючай эканамічнымі інтарэсамі каралеўскага стала, спадчыннымі маёнткамі караля і ўсімі яго даходамі. Дзяконскі заўсёды трымаўся боку Станіслава Панятоўскага.
З 17 чэрвеня па 23 лістапада 1793 года ў Гродна праходзіў сейм Рэчы Паспалітай, які юрыдычна зацвердзіў другі падзел польска-літоўскай канфедэрацыі. 21 сакавіка ў горад прыехаў надзвычайны і паўнамоцны пасол Расійскай імперыі граф Якаў Іаган Сіверс, які іграў першую скрыпку на пася-джэннях сейма. «Кватэра паўнамоцнага расійскага пасла» знахо-дзілася ў палацы Дзяконскага, які быў у гэты час з ім у сціслых стасунках. Тут спраўлялі імяніны пасла, адзначалі падпісанне дамовы паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй (другі падзел Рэчы Паспалітай). Сам Дзяконскі жыў у сваім доме на вуліцы Польнай (цяпер Карбышава).
З 1795 года палац стаў належаць графу Міхаілу Валіцкаму, чалавеку неардынарнаму. Свой капітал ён выйграў у карты ў Парыжы, прозвішча (сапраўднае Міцкевіч) выкупіў у ваяводы Б. Валіцкага. Тытул графа купіў у Італіі, а пацвердзіў яго вялікі князь Літоўскі і кароль Польскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Валіцкі быў фаварытам французскай каралевы Марыі Антуанеты, яго прымалі ў двары караля Людовіка ХVІ. Вярнуўся на радзіму падчас французcкай рэвалюцыі, знахо-дзіўся спачатку ў Варшаве, потым у Гродна. У адным з флігеляў знаходзіліся памяшканні для абслугі і кухня, ў другім – стайня і карэтная. За правым флігелем палаца быў рэгулярны парк.
У час вайны 1812 года ў палацы Валіцкага знаходзіўся галоўны штаб вестфальскага караля, роднага брата французскага імператара Жэрома Банапарта. У 1837 годзе ў гарадзенскіх уладаў узнікла ідэя купіць палацавы комплекс Валіцкага для размяшчэння тут казармаў гарнізоннага батальёна. Але здзелка паміж губернатарам і Валіцкім не была ажыццёўлена. У 1842 годзе палац купіла праваслаўнае ведамства, і з гэтых часоў ён стаў рэзідэнцыяй другога вікарыя літоўскай епархіі (архірэйскі дом). Першым епіскапам, які тут пасяліўся, быў Ігнацій (Жэлезоўскі), апошнім – Сергій (Ларын). З 1853-га па 1872 год у архірэйскім доме дзейнічала перанесеная з Супрасля трохгадовая павятовая духоўная школа. 26 лістапада 1904 года тут адбыўся ўстаноўчы сход Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта. Пэўны час у архірэйскім доме працавала майстэрня па маляванню абразоў. Вясной 1919 года ў ім размеркавалася беларуская вайсковая камендатура, а ў паўночным флігелі – эскадрон М. Глінскага з 1-га Гродзенскага беларускага пяхотнага палка.
Прыкладна тады ж у архірэйскім доме з’явілася беларуская культурна-асветніцкая арганізацыя «Лучынка», а трохі пазней першая ў Гродна беларуская гімназія. У 1920 годзе ў адным з флігеляў пачало працаваць Рускае дабрачыннае таварыства. Яшчэ ў 1923 годзе палацавы комплекс уключаў 5 жылых будынкаў і 7 гаспадарчых пабудоў.
У 1952 годзе Гродзенская епархія была ліквідавана, а архірэйскае падвор’е канфіскавана. За гады савецкай улады тут пабывалі самыя розныя ўстановы: гарадскі інтэрнат, гродзенскі памежны атрад, лабараторыя экалагічнага кантролю, адзін з корпусаў медыцынскага ўніверсітэта. У 1992 го-дзе ў Гродна была адноўлена епіскапская кафедра, і цяпер чытачы могуць бачыць адноўленае архірэйскае падвор’е, а не толькі дом на Гарадніцы.
Вячаслаў ШВЕД, прафесар, загадчык кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму ГрДУ імя Янкі Купалы