www
|
... Вытокі стварэньня арганізацыяў — у беларускім школьніцтве за часамі нямецкай акупацыі і ўдзеле сяброў падпольля ў Саюзе Беларускай Моладзі. Кіраўнік СБП Васіль Мядзелец успамінаў пра сваё навучаньне ў Язьненскай школе, дырэктарам якой быў дзяяч заходнебеларускага нацыянальнага руху Ігнат Мятла: “У школе панаваў сапраўдны беларускі дух. Вучылі нас любіць Беларусь і служыць ёй. Настаўнікі і вучні гаварылі толькі па-беларуску. На ўроках нам распавядалі пра Гарэцкага, Гаруна і іншых пісьменьнікаў, якія былі рэпрэсаваныя і забароненыя ў БССР. Супроць школы і школьных работнікаў прабальшавіцкія сілы разгарнулі барацьбу яшчэ падчас вайны. Спачатку папярэдзілі нашага дырэктара, каб згортваў работу. А ўжо ад зімы 43-га году ў Язьне школы не было”. А вось што прыгадвала пра свой удзел у Саюзе Беларускай Моладзі Алеся Ўмпіровіч (Фурс): “Было прывабна надзець эсбээмаўскую форму, хоць на прыдзірлівае вока, можа і благую, пашытую з таннай тканіны. Мы з ахвотай маршыравалі па вуліцах Паставаў, сьпяваючы свае родныя песьні. Не прапускалі ніводнага сходу, якой-небудзь імпрэзы, вечарыны, што праводзіліся ў нашай суполцы СБМ. Асабіста я і мае сябры разумелі СБМ толькі як асяродак, дзе гартаваліся патрыятычныя пачуцьці моладзі, любоў да роднага, беларускага. Нічога не прышчаплялася нам нацыянал-фашыстоўскага, ніякай непрыязі да іншых народаў”. ... Каму прысягаць? СССР, які гаспадарыў у 1939—1941 гг. толькі 20 месяцаў, а пасьля 1944 г. вярнуўся з шыбеніцамі і расстрэламі. Таму і на акупацыйную ўладу жыхар Заходняй Беларусі глядзеў даволі проста, праз акуляры сваіх уласных інтарэсаў. Лепшы акупант той, хто ня надта дакучае са сваімі “мерапрыемствамі” і дае пажыць жыхару акупаванай тэрыторыі. Для селяніна важныя не палітычныя заклікі, а свая гаспадарка, надзел зямлі, меншыя падаткі. Для маладога чалавека важнае іншае — школа, адукацыя і г.д.
На стварэньне моладзевага падпольля значна паўплывала і русіфікацыя, якая разгарнулася пасьля прыходу ў 1944 г. у Заходнюю Беларусь савецкай улады. Найперш гэта тычылася навучальнага працэсу. Маладыя людзі, што скончылі беларускія школы і настаўніцкія сэмінарыі за часамі нямецкай акупацыі, не разумелі, чаму беларуская мова выкідаецца з ужытку, выціскаецца з пэдагагічных вучэльняў (Глыбоцкай і Пастаўскай вучэльняў, дзе яны працягнулі навучаньне).
Прысланыя з Усходняй Беларусі ці нават Расеі настаўнікі ўвогуле адмаўлялі беларускай мове ў праве на існаваньне. “З самага пачатку ўсе мы, хто быў прыняты ў вучэльню (Глыбоцкую. — А.Г.), адчулі, што нас хочуць перарабіць на расейцаў. Большасьць прадметаў выкладалі па-расейску. Пасьля таго, што было ў школе падчас нямецкай акупацыі, такое становішча выклікала ў нас недаўменьне, а пасьля і пратэст” (Антон Фурс). Русіфікацыя навучальнага працэсу выклікала пратэст у найбольш актыўных юнакоў і дзяўчат. ....
|