www
|
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЗДАБЫВАЕЦЦА ЗБРОЙНА
Прывітальнае слова Зьезду моладзі
Беларуская моладзь у Францыі! Вітаю Вас ад шчырага сэрца з нагоды Зьезду і жадаю Вам як найлепшых вынікаў працы!
Вы стаіцё на парозе жыцьця і кожны з Вас поўны запалу і сьветлых надзеяў на сваю будучыню. Шчасьлівая моладзь тых народаў, якія маюць вольнае й незалежнае жыцьцё, і якая можа спакойна летуцець аб сваім будучьм шчасьці. Вам лёс судзіў іначай. Вы пазбаўленыя сваёй Бацькаўшчыны. Вы зьяўляецеся сынамі паняволенага народу, які стогне пад панаваньнем найбольшага прыгнятальніка, якога знае гісторыя, — бальшавізму. А ці ж можа чалавек чуць сябе шчасьлівым, калі ягоны народ у няволі?
Перад Вамі стаіць вялікае й цяжкое заданьне — змаганьне за вызваленьне свае Бацькаўшчыны. Дзеля асягненьня гэтае мэты патрэбна шмат працы і ахвярнасьці. Сярод шматлікіх спраў, якія трэба выконваць, каб асягнуць гэты вялікі й сьвяты ідэал — незалежнасьць Беларусі, найважнейшай справай ёсьць справа вайсковая. Незалежнасьць свайго народу нельга выпрасіць, ня вытаргуюць яе й дыпляматы, яе можна здабыць толькі збройна. Дзейнік зброі зьяўляецца канчаткова вырашальным. Гісторыя дае нам шмат прыкладаў, калі нават малыя колькасна, але моцныя духам і воляй народы шляхам збройнага змаганьня здабывалі сабе незалежнасьць.
Трэба не забывацца, што калі на нашых землях у будучай вайне ня знойдзецца нашае собскае войска, то знойдзецца іншанацыянальнае, ад якога можа быць залежны лёс нашай Бацькаўшчыны. Беларускі народ мае ў сваім характары вельмі карысныя жаўнерскія якасьці. Аб гэтым сьведчаць нашая мінуўшчына і гісторыя войнаў тых народаў, у чыіх арміях былі прымушаныя служыць беларусы.
Ці ведае шырокае беларускае грамадзтва аб тым, што ў жніўні 1920 году ў баёх пад Варшавай, калі была разьбітая бальшавіцкая армія, гэтак зв. Літоўска-Беларуская дывізія, якая складалася з 80% беларусаў, сваімі грудзьмі затрымала ў шмат разоў пераважаючую бальшавіцкую армію і ў цяжкім змаганьні трымала яе на месцы так доўга, пакуль ня быў выкананы манэўр на левае крыло гэтае арміі? Ці ведае беларускае грамадзтва, што г. зв. «Цуд над Віслай» стаўся дзякуючы ў вялікай меры незвычайнай упорыстасьці беларускага жаўнера, і што ў шматлікіх брацкіх магілах пад Варшавай тлеюць беларускія косьці? Ці ведае шырокае беларускае грамадзтва, што ў гераічных баёх пад Монтэ-Касына бралі ўдзел тысячы беларускіх жаўнераў?
Беларускі вайсковы рух распачаўся пасьля расейскай рэвалюцыі 1917 году, тады ж пачалася арганізацыя беларускага войска. Аднак, нягледзячы на запал беларускай жаўнерскай масы, арганізацыя гэта не дала належнага выніку, дзякуючы малой колькасьці нацыянальна моцных беларускіх афіцэрскіх кадраў, так што ў крытычны мамэнт Беларуская Народная Рэспубліка не патрапіла абараніцца ад бальшавіцкае навалы. Нястача нацыянальна моцных беларускіх афіцэрскіх кадраў не пазволіла разгарнуць арганізацыю беларускага войска і ў часе польска-бальшавіцкай вайны ў 1919—1920 гадох, а гэтаксама не пазволіла адпаведна скарыстаць беларускую самаахову і беларускую краёвую абарону ў 1942—1944 гадох.
Цяпер сьвет стаіць перад пагрозай трэцяй сусьветнай вайны. Ізноў народы будуць вырашаць свой лёс у збройным змаганьні. Той паняволены народ, які патрапіць стварыць сваё войска, будзе мець найбольш шанцаў на здабыцьцё свае незалежнасьці. Таму эміграцыі паняволеных народаў ужо патварылі вайсковыя арганізацыі, якія рыхтуюць кадры для будучага войска. І мы, беларусы, не павінны застацца пад гэтам паглядам бязьдзейнымі. Хто ж павінен тварыць гэтыя арганізацыі і рыхтавацца на будучых камандзераў беларускае арміі, як ня Вы, маладыя беларусы?
Дык да працы! Няхай кожны з Вас станецца піянерам беларускай вайсковасьці. Арганізуйцеся і рыхтуйцеся. Узмацняйцеся духам і целам, здабывайце веду і будзьце гатовыя да вялікіх учынкаў і ахвярнасьці, можа, ужо ў недалёкай будучыні.
Віндзішбэргердорф, 20.І.1949 г.
Францішак КУШАЛЬ, палкоўнік,
Старшыня Галоўнага Ўраду
Задзіночаньня беларускіх
вэтэранаў у Нямеччыне.
№ 10, 1949 г.
|