Я быў збіты ў дзень выбараў 19 снежня 2010 года, калі рухаўся ў складзе групы прыхільнікаў кандыдата на прэзідэнты Уладзіміра Някляева ў бок Кастрычніцкай Плошчы. На нас напалі прадстаўнікі сілавых структураў. Самога Някляева, моцна збітага, на “хуткай дапамозе” адвезлі ў больніцу.
Пасля выніковага суду над Някляевым у траўні стала вядома, што бандыцкі напад учынілі супрацоўнікі спецназу. У гэтым прызналіся супрацоўнікі ДАІ, якія выступілі ў судзе сведкамі. Справу аб нападзе на прыхільнікаў Някляева выдзелілі ў асобную, і я з верай у правасуддзе падаў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных структураў.
Праз месяц з гакам (што ўжо ёсць парушэннем Закона аб звароце грамадзянаў) мне адказала Генеральная пракуратура, што справу перадалі ў гарадскую пракуратуру і тэрмін разгляду працягваецца на невызначаны тэрмін, аб якім мне паведамяць дадаткова. А вось У.Някляеву паведамілі, што па факце нападу і збіцця яго і ягоных прыхільнікаў адказ яму будзе дадзены 4 жніўня. Акурат 3 жніўня я быў запрошаны на тлумачальную размову па сваёй скарзе пракурорам Менгарпракуратуры М.Ермаковым.
Што хацеў ад мяне пачуць Ермакоў за дзень да вынясення рашэння, для мяне дагэтуль загадка. На бяседзе Ермакоў доўга запаўняў шапку пратакола, забыўся растлумачыць мне мае правы і пачаў распытваць па зместу маёй скаргі. Запісаў у пратакол слова ў слова тое, што я пісаў у скарзе, і на гэтым уся працэдура скончылася. На развітанне я спытаў, што ён хацеў у мяне высветліць, калі заўтра ўжо павінен быць дадзены адказ? Ён адказаў пытаннем на пытанне: “А на што вы разлічвалі, падаючы гэтаую скаргу?”
Вось табе і прыехалі. Ермакоў яскрава даваў зразумець, што ўся гэтая працэдура чысцютка фармальная, і ніхто не будзе займацца збіццём паэта, а тым больш ягоных шэраговых прыхільнікаў.
Я нагадаў Ермакову адзін эпізод з жыцця суседняй краіны. Калі там пасля “памаранчавай рэвалюцыі” да суду прыцягнулі тых супрацоўнікаў органаў, каторыя выконвалі злачынныя загады, перашкаджалі законным працэдурам, парушалі правы грамадзянаў і фальсіфікавалі вынікі выбараў. Як уся тая свора пачала пісаць адзін на аднаго даносы: маўляў, я выконваў загад таго, а я таго – і так па ўсёй вертыкалі, па ўсяму ланцужку. Але ж судзілі іх УСІХ! І пасадзілі амаль усіх.
Ермакоў моўчкі адводзіў погляд і пісаў свой фармальны пратакол. Час ад часу пракурор паварочваўся да манітора спіной, паказваючы, што наступнае пытанне не для пратакола, і пытаўся ў мяне: “Чаму Някляеў не даў ДАІшнікам агледзець аўтобус з гукаапаратурай?” Ермакоў вельмі хацеў давесці да мяне думку, што Някляеў сам справакаваў міліцыянтаў на прымяненне сілы. Пракурор сталічнай пракуратуры хацеў мяне пераканаць, што адмова пешахода Някляева паказаць, што знаходзіцца ў аўтобусе іншага чалавека, з’яўляецца падставай, каб збіць гэтага пешахода да страты прытомнасці, збіць людзей, якія яго суправаджалі, лаяцца брудным матам, кідаць у людзей шумавыя гранаты. Гэта пракурор Ермакоў лічыць дапушчальным?
Шмат у мяне ўзнікала пытанняў да гэтага чына, які завецца камусьці мужам, бацькам, сябрам. Аб чым ён гаворыць з імі? Што распавядае жонцы ўтульнымі цёплымі вечарамі? Чаму вучыць дзяцей? Чыі вершы ім чытае? Думаю, што не вершы Някляева.
У той дзень было шмат дапытана пацярпелых і сведак тых падзеяў. І ва ўсіх схема была аднолькавай. Для пракуратуры гэтыя допыты былі пустой фармальнасцю.
Я пачаў цярпліва чакаць грунтоўнага і матываванага адказу ад Менскай гарадской Пракуратуры.
10 жніўня маё цярпенне трохі засумавала, і я патэлефанаваў пракурору Ермакову. Той запэўніў мяне, што акурат 5 жніўня перадаў у канцылярыю адказ для мяне і для ўсіх фігурантаў гэтай справы і здзівіўся, што я яшчэ не атрымаў адказ. Я патэлефоніў у канцылярыю і запытаўся, дзе яны падзелі мой ліст. Жаночы голас паведаміў наступнае: “Я нічога не ведаю! Ермакоў толькі ўчора (9 жніўня) перадаў мне ліст да вас, і я яго нядаўна адправіла. Атрымаеце праз дзень!”
Я абурыўся і пазваніў Ермакову зноў:
- Вы толькі ўчора перадалі адказ для мяне ў канцылярыю. А казалі, што перадалі 5 жніўня.
- Дык аб чым размова?
- Размова аб тым, што вы мне хлусіце!
- Харашо…
- Гэта для вас не харашо!
Я кінуў слухалку і пачаў чакаць грунтоўны і матываваны адказ Ермакова.
12 жніўня я яго атрымаў. Вось ягонае рэзюмэ:
“По результатам проверки 04.08.2011 принято решение об отказе в возбуждении уголовного дела по основанию, предусмотренному п.2 ч.1 ст.29 УПК Республики Беларусь. Принятое решение Вы вправе обжаловать прокурору города Минска либо в суд Центрального района г.Минска”.
Вось такая жалкая адпіска. Заўважце, ні што гэта за такія “п.2 ч.1 ст.29 КПК”, ні матывавананага і грунтоўнага абаснавання адказу – нічога. Вось так цынічна, маўляў, рабі ты, што хочаш, а я выконваю тое, што мне скажуць зверху. Таму я нічога ня бачу, ніякага парушэння – я сляпы, як Феміда!
Аднак Закон рэгулюе адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы наступным чынам:
“Падстава для адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы мае месца тады, калі правераная падзея была, аднак яна не з’яўляецца злачыннай. Таму ў пастанове кожны раз
неабходна пазначаць, склад якога менавіта злачынства адсутнічае, са спасылкай на адпаведны пункт, частку, артыкул Крымінальнага Кодэкса… Пры наяўнасці падставы для адмовы ва ўзбуджэнні справы выносіцца матываваная пастанова. Матываванасць павінна ўстрымліваць ўказанне ў тэксце аналізу яго падстаў (доказаў, якія вызначаюць адно з акалічнасцяў, прадугледжаных арт.29 Крымінальна-працэсуальнага Кодэкса”.
Я чалавек эмацыйны. Хапаю слухалку і набіраю пракурора Ермакова:
- Я толькі што атрымаў вашую адпіску наконт бандыцкага нападу на калону Някляева 19 снежня 2011 года.
Паўза. Ермакоў маўчыць. Працягваю:
- Тут вось такая фраза: “По результатам проверки 04.08.2001 принято решение об отказе в возбуждении уголовного дела по основанию, предусмотренному п.2 ч.1 ст.29 УПК РБ”. Гэта што за личбы, скарачэнни? Як я магу ведаць, што гэта за законы, пункты, часткі? Чаму вы не расшыфравалі іх?
- Я не ведаю, дзе напісана, каб я расшыфроўваў гэтыя законы для вас. Вазьміце Кодэкс і пачытайце.
- Вы абавязаны расшыфраваць, і я вам гэта дакажу! І яшчэ. Калі адмоўлена ў завядзенні крымінальнай справы, дык значыць, і складу злачынства няма?
Доўгае маўчанне. А потым:
- Размова ідзе аб канкрэтным выпадку.
- Значыць, калі я здзяйсню такое ў адносінах, скажам, да вас, то я ніякай адказнасці не панясу? Ці гэта будзе не канкрэтны выпадак? Паверце, тое, што зрабілі з Някляевым, было вельмі канкрэтна.
Маўчанне. Я працягваю:
- Ведаеце, я журналіст і нікому б не пажадаў патрапіць пад маё раз’юшанае пяро.
- Хорошо. Спасібо.
І ён паклаў слухалку.
За 12 гадоў майго змагання за “разгул” дэмакратыі ва Ўсходняй Еўропе гэта быў недзе соты допыт. І пасля кожнага допыту я чарговы раз упэўніваюся: няма там ні чэсці, ні годнасці, ні спачування, ні мужнасці.
Ігар Сімбіроў
http://zapraudu.info/2011/08/%D0%B7%D0%B1%D1%96%D1%86%D1%86%D1%91-%D0%BD%D1%8F%D0%BA%D0%BB%D1%8F%D0%B5%D0%B2%D0%B0-%D1%87%D0%B0%D0%BC%D1%83-%D0%B0%D0%B4%D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%9E-%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%BA%D1%83%D1%80%D0%BE/