http://www.чарт.org/bel/news/2007/05/04/stalinЭрык Сійгур: «Што камэнтаваць, калі бачыш партрэт Сталіна»
16:50, 04/05/2007
Гутарка з генэральным консулам Эстоніі Эрыкам Сійгурам адбылася літаральна празь некалькі гадзінаў пасьля пікетаваньня будынку на другім завулку Кальцова. Спадар консул не прасіў загадзя даслаць яму пытаньні, каб азнаёміцца зь імі. А наадварот вельмі лёгка згадзіўся на інтэрвію. І задаваць пытаньні нечакана пачаў сам.
Эрык Сійгур: Што Вас больш цікавіць талінскія ці маскоўскія падзеі, бо гэта абсалютна розныя рэчы? З чаго пачнём?
«Наша Ніва»: Давайце ўсё ж з Таліну.
ЭС: Добра. Увесь сьвет лічыць, што тыя падзеі, якія адбываюцца ў Таліне — гэта ўнутраная справа Эстоніі, бо ўсё што там здарылася, рабілася ў адпаведнасьці з эстонскім законам. Нават пасьля таго, як пачаліся марадэрствы. Разам з тым, наша паліцыя вяла сябе вельмі карэктна і не было ніякага лішняга выкарыстаньня фізычнай сілы.
«НН»: Дык а з чаго ўласна пачаўся гэты канфлікт?
ЭС: У 1945 годзе у цэнтры Таліну тады быў усталяваны часовы драўляны помнік ахвярам фашызму, празь некаторы час ён быў узарваны дзьвюма школьніцамі. У 1947 годзе ўсталявалі ўжо гэты помнік Бронзаваму салдату. Па сёньняшні дзень яшчэ да канца невядома колькі памерлых людзей знаходзіцца пад ім. Архіўных дакумэнтаў наконт гэтага практычна ніякіх няма, ёсьць інфармацыя толькі па аднаму загібламу на гэтым месцы. Хутчэй за ўсё, што там знаходзіцца нейкая брацкая магіла, бо жорсткіх баёў на гэтым месцы не было. Калі сёлета праводзіліся археалягічныя раскопкі, то высьветлілася, што палова парэшткаў людзей знаходзіцца пад тратуарам. Згадзіцеся, што гэта не найлепшае для іх месца. Другі момант — гэты манумэнт выкарыстоўвалі для розных правакацыяў, там зьбіраліся вельмі гучныя акцыі, але рабіць такое на могілках мне здаецца папросту непрыгожа. Таму было прынятае рашэньне дэмантаваць помнік і перанесьці яго разам з парэшткамі людзей на талінскія вайсковыя могілкі, якія таксама знаходзяцца практычна ў цэнтры гораду. Гэтыя могілкі былі заснаваныя ў 1914 годзе, там пахаваныя парэшткі расейскіх, эстонскіх, ангельскіх жаўнераў. Гэта вельмі прыгожае і годнае месца. На сёньняшні дзень Бронзавы салдат ужо стаіць там. Афіцыйнае адкрыцьцё адбудзецца 8 траўня, у дзень сканчэньня другой сусьветнай вайны і канчатковай перамогі над фашызмам, там будзе прысутнічаць увесь дыпкорпус. У канцы чэрвеня манумэнт будзе адноўлены цалкам, у такім самым выглядзе, як ён стаяў раней. Цяпер некаторыя расейскія СМІ сьцьвярджаюць, што бронзавы салдат быў расьпілаваны, магу вас запэўніць, што гэта няпраўда.
«НН»: Якое месца займаў бронзавы салдат у жыцьці Таліна?
ЭС: Для кожнага рознае, бо для адных — гэта могілкі забіглых ваяроў супраць фашызму. З другога боку — гэты помнік для эстонцаў быў сымбалем савецкай улады, бо яго адмыслова паставілі ў цэнтры гораду, каб паказаць хто тут гаспадар. Штодня праходзячы міма гэтага помніка тысячы эстонцаў узгадвалі пра сталінскі генацыд, пра акупацыю. У гэта помніку было два значэньня, цяпер будзе адно.
«НН»: А для Вас асабіста што ён значыў?
ЭС: Гэта, на жаль, другі варыянт.
«НН»: Што Вы можаце сказаць у адказ на шматлікія закіды эстонскаму боку ў фашызьме?
ЭС: Афіцыйны Талін неаднаразова выступаў з заявамі, што асуджае фашызм, нацызм. У нас ня можа быць фашызму, бо ў Эстоніі свабода і дэмакратыя. Фашызм можа быць толькі пры несвабодным рэжыме. На шчасьце, не са свайго, а з чужога досьведу, але я ведаю, што такое фашызм. Ён недапушчальны. Мне здаецца, што часам мітынгоўцы павінны паглядзець у люстэрка, каб убачыць там фашызм. Мае два дзяды ваявалі па розныя бакі барыкадаў падчас вайны, але яны абодва ваявалі за незалежнасьць Эстоніі. Таму для нас няма розьніцы паміж вэтэранамі, бо ўсе яны ваявалі за нашу краіну. Шмат у каго папросту не было выбару, бо іх прымусова мабілізавалі
«НН»: Большасьць цяпер пагаджаецца, што талінскіх пратэстаў можна было чакаць?
ЭС: Канечне, мы чакалі нейкіх выступаў, але абсалютна не чакалі такога марадэрства. Мітынгаваць і выказваць свае погляды мае права кожны. Але тое, што адбылося ў Таліне — гэта чыстае марадэрства. Ёсьць інфармацыя, што прадстаўнікі расейскага пасольства яшчэ за некалькі тыдняў да выступленьняў сустракаліся з арганізатарамі гэтых беспарадкаў. Паліцыя, на шчасьце, змагла справіцца з хвалямі мітынгоўцаў і пратэсты не захапілі ўвесь горад. Можна было бачыць, што тых, хто выйшаў на вуліцы Таліну было вельмі нямнога, таму нават гаварыць, што ўсё расейскае насельніцтва Эстоніі выказалася супраць дэмантажу Бронзавага салдату, не выпадае. Эстонскае насельніцтва ўспрыняло гэтыя пагромы досыць спакойна, хаця і сярод іх ёсьць праціўнікі пераносу помніку. Хаця сярод апошніх папросту шмат тых, хто баяўся нэгатыўнай рэакцыі Расеі. Я ня ведаю, што менавіта цяпер адбываецца ў Таліне, але з тэлефонных размоваў разумею, што ўсё спакойна. Пра нядаўнія пагромы нагадваюць толькі большая колькасьць паліцэйскіх у цэнтры, а таксама пабітыя шыбы ў крамах. Жыцьцё працягваецца.
...