Может пора открыть платные консультации по теме "История Гродно"

Добавлено: 16 Апрель 2009, 14:10:12
Вуліца Васілька ў Гродна раней называлася Пясочная 16.04.09
Чэрвеньскі ранак 1957 года. З невялікага драўлянага дамка, схаванага ў зеляніне бэзу і чаромхі, няспешна выходзіць немалады, проста апрануты мужчына і павольна крочыць у бок гарадскога парку. Сустрэчныя цёпла вітаюцца з ім, бо хто ў Гродна не ведае аўтара знакамітых вершаў “Як я пана перавёз”, “Ах, гарэліца мая...” Міхася Васілька! Ведаюць і тое, што працуе паэт у “Гродзенскай праўдзе” і зусім нядаўна пераехаў у абласны цэнтр з вёскі Баброўня, што за Скідзелем. Яшчэ з даваенных часоў добра ведаў Міхась Восіпавіч старажытны Гродна, яго будынкі, гісторыю, да якой раз-пораз звяртаўся ў сваёй творчасці. І тое, што жыць цяпер давялося якраз у гістарычнай частцы горада, лічыў наканаваннем лёсу.
Любіў паэт да работы прайсціся па алеях старога парку, падыхаць свежым водарам кветак і роснай зелені. Гэтую асаблівасць добра ведалі маладыя паэты і празаікі. Таму Міхась Восіпавіч раіў сустрэцца з імі менавіта ў парку і ранкам, а не ў цесным рэдакцыйным пакойчыку. Праўда, у той раз такая сустрэча не планавалася, бо вечарам меркавалася правесці чарговае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання пры “Гродзенскай праўдзе” з удзелам ужо вядомага пісьменніка Аляксея Карпюка і зусім маладога Васіля Быкава. Працуючы ў газеце літаратурным кансультантам, Міхась Восі-павіч вось ужо колькі гадоў кіраваў літаратурным гуртком, які з цягам часу ператварыўся ў творчае аб’яднанне. Але гэта будзе потым, сёння ж маладыя паэты і празаікі прачытаюць свае творы, абмяркуюць іх. З лёгкай рукі А. Карпюка ў літгуртку надоўга замацаваўся выраз “навесці крытыку”. А калі ў М. Васілька пыталі, ці шмат ён адкапаў талентаў, той рашуча адказваў: здольнасці ёсць ва ўсіх, а талент – гэта цяжкая праца.
... Дом, у якім пасяліўся ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя Міхась Васілёк з сям’ёй, быў звычайнай камуналкай. Але па тым часе многім здаваўся ледзь не палацам. Яго пабудаваў напрыканцы ХІХ ст. практыкуючы ўрач. А вырас дом якраз на скрыжаванні вуліц Палявой (цяпер Карбышава), Пясочнай – Чапаева. Сама па сабе цікавая гісторыя апошняй.
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя гарадскія ўлады вырашылі на вузкай пустэчы, паралельная стужка якой працягнулася амаль побач з вуліцай Гарохавай (цяпер Сацыялістычная), адбудаваць новую вуліцу. Відаць, справа пасоўвалася марудна, забудоўшчыкаў было няшмат. Першае, што яны рабілі, прывозілі на фурманках пясок, горы якога высіліся ледзь не на кожным участку. Таму і асабліва думаць над назвай вуліцы не прыходзілася. Дарэчы, па планах 1904 і 1912 гадоў частка вуліцы ад скрыжавання з Палявой іменавалася чамусьці Ганчарнай. Пачынаючы з 1888 года і да 1916-га, там пабудавана ў агульнай колькасці 18 мураваных дамоў і адзін... паравы млын. Так, уладальнік аднаго з дамоў, дасціпны купец, узвёў на сваім участку гэты гмах, каб гандляваць вырабленай там прадукцыяй. Як удалося ў тым пераканаць кіраўніцтва горада, застаецца таямніцай. Відаць, гаспадар млына меў нямалы ўплыў на ўлады, калі яму дазволілі амаль у цэнтры горада ўзвесці прамысловы будынак.
Між іншым і па сённяшні дзень звяртаюць на сябе ўвагу будынкі на былой Пясочнай, якія добра захаваліся. Вось дом № 10 (год пабудовы – 1891). Высокія вокны, прыгожае аздабленне фасада, стромкі дах. Зварочвае на сябе ўвагу таксама архітэктура дамоў № 16, 11, 18, 32, пабудаваных за непрацяглы час з 1890 па 1910 год. Кажуць, што Міхась Васілёк высока цаніў старую забудову, неаднаразова пісаў пра яе гістарычную каштоўнасць.
Калі ў 1995 годзе святкавалі 90-годдзе з дня нараджэння Міхася Васілька, каб увекавечыць памяць аб ім, яго імем названа вулі-ца, дзе жыў.
Вячаслаў КОТ
http://grodnonews.by/?id_news=656