Раптам у кабінет пастукаліся.
– Уваходзьце!
Увайшлі два хлопцы і дзяўчына. Твары іх былі чырвоныя, нібы на вуліцы моцны мароз, а дыхалі яны так, нібы прабеглі дзесяць кіламетраў. У руках яны трымалі поўныя пакеты.
– Спадар Андрэй, у нас праблемы, – вельмі збянтэжана, ледзь не ў адзін голас, пачалі яны. – Мы не ведалі, да каго яшчэ звярнуцца. Вы адзіны можаце нас абараніць!
– Супакойцеся! Што зда…
У гэты момант раздаўся званок.
– Зараз, пачакайце, мне трэба адказаць. Прысядзьце пакуль…Слухаю!
Андрей, – на ўвесь кабінет з моцнага дынаміка тэлефона пачуўся заігрываючы голас. – …Скажи, пожалуйста, не у тебя ли сейчас тройка молодых людей?
Андрэй ад нечаканасці адкрыў рот. Ён глянуў на хлопцаў, якія раскрылі пакеты, каб паказаць, што яны поўныя ўлётак.
– Ясно! – пачуўся адказ на маўчанне Андрэя і трубка на другім канцы моцна грукнула аб тэлефон.
Ужо праз паўхвіліны дзверы ў кабінет Андрэя ледзь не выламалі, і на парозе з’явіліся два міліцыянты і Уладзімір Валер’янавіч.
– Берите их! – Скамандаваў чыноўнік.
Міліцыянты вырвалі з рук дзяўчыны і перакулілі пакет, з якога пасыпаліся ўлёткі.
– Што вы робіце? – паспрабаваў умяшацца Андрэй.
– Твои молодцы портили стены, расклеивая всякую ерунду!
– Гэта не “ерунда”! Гэта афіцыйна дазволеныя агітацыйныя плакаты зарэгістраванага кандыдата! – залямантавала ў роспачы дзяўчына.
– Якія мы да таго ж расклейвалі ва ўстаноўленых месцах! – дадаў хлопец, звярнуўшыся ужо да Андрэя, нібы спрабуючы апраўдацца.
Але гэта ўжо нікога не цікавіла – міліцыянты забралі пакеты і моладзь.
Андрэй і Уладзімір Валер’янавіч засталіся сам на сам:
“А я верыў, што яны добрую справу робяць! Ды яны сапраўдныя злачынцы! – думаў пра сябе Андрэй”.
– Ты тоже в штабе этого чёртового оппозиционера? Да их танками давить надо!
– Дык гэта ж усё дазволена, калі яны кажуць, што…
– Что эти отморозки говорят? Что оппозиция вообще может хорошего сказать?
Пасля ўбачанага, Андрэй быў гатовы на ўсё.
– Ведаеце што, Валодзя – калі вы начальнік і ў вас ёсць сваё меркаванне – гэта не значыць, што вы можаце навязваць яго іншым! Вам добра сядзіцца на вашым крэсле, доіце дзяржаву за вернасць, дык не перашкаджайце людзям мець мары, надзеі і змагацца за іх! Вы – слізняк!
– Значит так! – Уладзімір Валер’янавіч перайшоў на крык. – Сейчас садишься и пишешь заявление «по собственному желанию»! А то я тебя…
– А калі – НЕ, то што? Якія ў вас падставы мяне звальняць? За тое, што я назваў рэчы сваімі імёнамі?!?
Уладзімір Валер’янавіч, які ніколі не чуў ні слова супраць, расчырванеўся і, не знайшоўшы, што сказаць, літаральна выбег з кабінету…
Скончыўся рабочы дзень. Андрэй выйшаў на вуліцу. У яго душы быў спакой.
На календары сакавік, а на вуліцы яшчэ холадна, ляжыць снег – зіма затрымалася. Але гэта знешняя зіма, снег якой у душы ўжо амаль адтаяў, таму так хочацца паглядзець на сонейка! А для гэтага трэба дробязь: ўстаць, расправіць плечы і падняць галаву ўверх. Пяшчотныя промні сонца ўпадуць на вочы, ты між волі ўсміхнешся, і зразумееш – усё будзе добра!
