ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: “САНКЦЫІ – ДЫЯЛОГ – САНКЦЫІ”Выступ на красавіцкім Сойме Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
Паважаныя сябры Сойму, вітаю Вас у Бацькаўшчыне, зычу здароўя, моцнасьці і надзеі ў цяжкі час, які патрабуе ад нас вытрымкі і змаганьня.
“Санкцыі – дыялог – санкцыі”
Жыцьцё паказала, што змагацца з цемрай ня ёсьць простым, калі за ёй стаіць геапалітычны інтэрас, які сьцьвярджаецца сродкамі сучаснай акупацыйнай вайны. Складанасьць у тым, што бальшыня людзей, кінутая ў гэтую вайну, не разумее, што адбываецца, бо грамадзтва адлучана ад улады, багацьця і інфармацыі. Цемра спраўляе баль. І гэта ня проста словы.
Для беларускага палітычнага адраджэньня ў гэтых абставінах важна мець дакладныя арыентыры і каштоўнасьці, дзе мэта ніколі не замяняецца кампрамісам, а прыярытэтам зьяўляецца дзяржаўная незалежнасьць, нацыянальная культура і свабода чалавека. Усё астатняе вытворнае (гэта значыць: эканоміка, дабрабыт, сацыяльныя дачыненьні, творчая і працоўная дзейнасьць і г.д.).
У змаганьні з антыбеларускім акупацыйным рэжымам для адраджэнскай партыі важна выклікаць да жыцьця беларускія нацыянальныя групы супраціўленьня. І другая важная задача: ствараць асяроддзе падтрымкі, усталяваць нацыянальны грунт у грамадзтве, на які можна абаперціся ў змаганьні. Сродкам для дасягненьня зьяўляецца нацыянальна-культурная і палітычная дзейнасьць. Без усталяваньня гэтых дзьвюх зьяваў у грамадзтве (палітычныя групы і асяроддзе падтрымкі) зьмяніць і ліквідаваць акупацыйную ўладу немагчыма.
Гэта ёсьць якраз наш шлях. Перамены высьпяваюць вельмі павольна. Але яны высьпяваюць. Прытым, што важна, -- у галовах людзей. Выразнасьць мэты (паўтаруся) павінна быць нашым асаблівым клопатам. Бо мэта дыктуе сродкі. Мы бачым, напрыклад, людзей, якія ў слоўных выразах і ў расейскай мове зьнішчальна, бязьлітасна і злосна крытыкуюць, як яны называюць, “белорусский режим”, “белорусскую власть”, “белорусского диктатора”, “белорусский омон”, “дурную страну” і г.д.
Такая зьява добра вядомая ў палітыцы (мы назіралі яе і ў змаганьні з камунізмам). Прарасейскія шавіністычныя дэмакраты ў нянавісьць да дыктатуры Лукашэнкі ўкладваюць адначасна і нянавісьць да нацыянальнай Беларусі, да нашай беларускай краіны. Філіпікамі супраць “белорусского диктатора” яны размахіваюць, як сьцягам сваёй дэмакратыі. Але капніце іх глыбей – аб беларускай мове, аб расейскім імпэрыялізме, аб расейскім бальшавіцкім генацыдзе – і вылезе такое валасатае імпэрскае маскоўскае мурло, “чудзішчэ огромно, стозевно і лаяй”.
У палітычнай пазыцыі ня можа быць недагаворак. Усё павінна быць выказана, ясна, зразумела і дакладна. З гэтага гледзішча тэрміналогія ёсьць люстэркам, адбіткам палітычнага думаньня (ці бяздумнасьці адначасна).
Мне шмат разоў, даўно і ўвесь час прыходзілася пісаць пра тэрміналогію і пазыцыю ў палітыцы. Прыходзілася асабіста размаўляць з рознымі палітыкамі, палітыкамі-паэтамі, палітыкамі-журналістамі. Прыходзілася казаць, што антыбеларускі рэжым, які праводзіць антыкультурную, антыбеларускую палітыку, ня можа называцца “беларускім”. Гэта прыдумка ворагаў беларушчыны, каб прынізіць наш народ і нашую краіну, накласьці на народ кляймо чужароднага маразму і выдаваць гэта за сутнасьць нацыі. Я расказваў пра Асвенцым-Аўшвіц, пра міжнародныя скандалы па неадэкватнай тэрміналогіі.
І што ж? Гэтыя асобы, літаральна ўсё (!) як казалі так і кажуць, як пісалі так і пішуць: “белорусский режим”, “белорусские тюрьмы”, пра дзікасьці “беларускай улады” і г.д. Гэта фірменная тэрміналогія ўсёй квазіапазыцыі. Яны апантана топчуць сваю краіну ў гразь. Літаральна ўся бюракратычная Эўропа паўтарае ўсьлед тое самае. Рытарычнае пытаньне: чаму яны ўсё гэта робяць? Наконт Эўропы і Расеі зразумела – гэта ў іхных інтарэсах. А гэтыя, нашыя тутэйшыя чаму тым займаюцца? Ад дурноты? Сумняваюся. Гэта быў бы павярхоўны адказ.
Некалі палкоўнік ФСБ Аляксандр Літвіненка, калі даведаўся, што беларусы на плошчы замест нацыянальнага сьцяга махаюць джынсавымі порткамі і што Мілінкевіч вырабіў усім джынсавыя парцяначкі на шыю, -- быў уражаны настолькі, што назваў беларусаў “нацией болванов”. Рэжым, маўляў, топча іхны сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы сьцяг, а яны самы яго зьневажаюць, парцянкай махаюць.
Вось што абазначае для нармальных людзей ёрніцтва са сьвятымі рэчамі і бязглуздасьць у тэрміналогіі (але ці толькі бязглуздасьць?).
Ёсьць зьявы, якія цыклічна паўтараюцца (напрыклад, адносіны да выбараў рэжыму, байкот фальшывага галасаваньня і інш.). Тут наша пазыцыя добра абгрунтаваная і ўспрынята грамадзтвам.
Існуюць цыклічныя падзеі, якія маюць штучнае паходжаньне. Да такога роду падзей адносяцца так званыя міжнародныя санкцыі супраць рэжыму і іх адмена. Наша пазыцыя тут даўно вызначаная: мы супраць эканамічных санкцыяў. Але навязьлівасьць гэтай чужой палітыкі вымагае ўвесь час паўторных азначэньняў і тлумачэньняў.
Найперш трэба адзначыць, што няма ў гісторыі прыкладаў, калі б эканамічныя санкцыі абвалілі нейкі дыктатарскі рэжым ці неяк пахіснулі яго ўладу. Хутчэй наадварот. Тым часам удар па грамадзтву, па простых людзях зафіксаваны ня раз. Эканамічныя санкцыі ніколі ня ўводзіліся насуперак эканамічным інтарэсам тых краінаў, якія іх уводзілі. Эканамічныя санкцыі, як правіла, аслаблялі эканамічную моц краіны, супроць якой яны былі ўжытыя, але ніколі не аслаблялі моц дыктатуры. У так званых звышэканамічных санкцыях заўсёды адсочваюцца элемэнты палітычных гульняў на выгаду пэўных краінаў. У гэтым і ўся сутнасьць.
Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі (г.зн. нібы супраць рэжыму Лукашэнкі) патрэбныя найперш Маскве. Яна ж падтрымлівае і цыклічнасьць санкцыяў (г.зн. у адпаведны момант падтрымлівае іх адмену).
Санкцыі ўзмацняюць уплыў Масквы на антыбеларускі рэжым, ствараюць магчымасьць захапіць беларускія прадпрыемствы, вытворчасьць і маёмасьць, навязаць палітычныя рашэньні і вымушаную залежнасьць. Тым часам непрызнаньне міжнароднай супольнасьцю рэжыму ў Менску, нелегітымнасьць яго ўлады робіць усе маскоўскія захопы ў Беларусі даволі прывіднымі і юрыдычна нікчэмнымі, без гарантыяў на будучыню. Тады на пэўным этапе ў Маскве робіцца адмашка на дыялог. Уключаецца агентура, дзейнічаюць “рары” ды “вікі”, працуе лобі рэжыму. Мэта такога адкату (які ўжо за гісторыю рэжыму паўтораны некалькі разоў) – патрабаваць легітымізаваць некаторыя інстытуты рэжымнай улады ў абмен на палітзьняволеных, ці фармальныя папраўкі ў заканадаўстве хунты. Легітымізацыя інстытутаў улады антыбеларускага рэжыму патрэбна Маскве, каб замацаваць незаконныя маёмасныя зьдзелкі з рэжымам (продаж “Белтрансгазу”, напрыклад, які беларусы без ваганьняў у будучыні павінны вярнуць назад і інш.).
Калі б такая легітымізацыя рэжыму адбылася, то адразу зноў пачаўся б новы цыкл зрыву “дыялогу” і ўвядзеньне заходніх эканамічных санкцыяў. Такую маскоўскую палітыку цыклічнай апрацоўкі “свайго сукінага сына” мы назіраем ужо дваццаць гадоў. Цяпер адбываецца чарговы этап штурханьня да “даялогу” .
У адносінах да такой эўра-маскоўскай паліыткі адносна Беларусі гэта той выпадак, які вызначае разуменьне аб якіх каштоўнасьцях ідзе справа. Беларусь знаходзіцца пад прэсам чужой тыпова акупацыйнай палітыкі (асабліва ў вобласьці культуры). Мэта гэтай палітыкі, інспіраванай з усходу, -- паступовая страта незалежнасьці і нацыянальнай уласнасьці нашай краіны. Прызначэньне ў такіх умовах эканамічных санкцыяў (нібы супраць рэжыма) – гэта нож у горла дзяржавы, якую ў дадзеным выпадку немагчыма аддзяліць ад акупацыйнага рэжыму. Уся ўлада і ўся народная маёмасьць знаходзяцца ў руках гэтага рэжыму. Прынцып змаганьня з мышамі шляхам спаленьня гумна ці прынцып бальшавікоў – жаданьня паразы ў вайне сваёй краіне (заўважце, за нямецкія грошы) тут катэгарычна непрыймальны.
Грунт, на якім мы ўсе, беларусы, стаім, і на чым будуецца наша будучыня, -- гэта наша дзяржава, наша незалежнасьць, наша зямля і ўся нацыянальная маёмасьць незалежна ад уласнасьці. Нельга лёгкадумна да гэтага адносіцца з пазыцыяў якой-небудзь палітычнай купіны. Жорсткія эканамічныя санкцыі на рэжым узмацняюць эканамічны і палітычны ціск рэжыму на бяспраўны народ. Гэта пацьверджаны факт. Лявацкае разуменьне, што пад ціскам эканамічных санкцыяў зьбяднелы народ узбунтуецца і рэжым перакуліцца – наіўнае і памылковае. Усё якраз наадварот. Бедны народ траціць здольнасьць на асэнсаваную палітычную барацьбу і ня можа супрацьстаяць дыктатуры. Калі народ у галечы, дыктатура робіцца (аб’ектыўна) крайне жорсткай і рэпрэсіўнай. Для нацыі пры любой сістэме ўлады лепш, калі нацыянальная маёмасьць ёсьць у дзяржаве, калі грошы не ўцякаюць за мяжу, калі ёсьць шмат адукаваных і багатых людзей і калі народ не галодны, бо сур’ёзныя палітычныя перамены адбываюцца не на ўзроўні страўніка, а на ўзроўні ідэй, сацыяльных і духоўных інтарэсаў.
Гэта агульныя палажэньні, якія маюць дачыненьне да становішча ў Беларусі, але рашаючым чыньнікам тут ёсьць агрэсіўная палітыка Расеі. Перакрыцьцё эканамічнай дарогі на Захад павялічвае манапольныя і экспансійныя магчымасьці Расеі (асабліва пра адкрытай мяжы з Беларусяй). Пад пагрозу ставіцца незалежнасьць краіны.
Гэтую пагрозу незалежнасьці па-прапагандысцку выкарыстоўвае рэжым дзеля зьняцьця ўсіх санкцыяў. Інспіравана дзейнасьць лабістаў, квазіапазыцыі і цэлай катэгорыі “адбельвальнікаў”, якія цалкам слушна кажуць аб агрэсіўных інтарэсах Расеі ў Беларусі, аб павелічэньні эканамічнай залежнасьці ад Расеі, аб манапалізацыі палітычнага ўплыву з Усходу і г.д. Яны прапануюць узамен палітыку “дыялогу” з антыбеларускім рэжымам, “дарожную карту”, “пакрокавы плян”, “мадэрнізацыю” палітычнай і эканамічнай сістэмы рэжыму, “лібэралізацыю”, “дэмакратызацыю” і т.п. дзіцячыя прыдумкі, мілыя для заходняга вуха, але абсалютна непрыдатныя для акупацыйнага рэжыму ў Беларусі. Мы бачым тут тыповую праяву расейскай цыклічнай палітыкі: палітыкі ў дачыненьні да Беларусі “санкцыі – дыялог – санкцыі”, вынікам якой павінна б стацца (згодна Масквы) забраньне, захоп беларускай нацыянальнай маёмасьці і легітымізацыя рэжыму дзеля юрыдычнага замацаваньня расейскага рабаўніцтва.
Складанасьць ня ў тым, што многія на Захадзе вераць у магчымасьць такога наіўнага пляну па дэмакратызацыі антыбеларускага рэжыму. Складанасьць у тым, што яны не разумеюць таго, што разумеем мы (бо доказнай аргумэнтацыі не існуе): Лукашэнка ў прынцыпе не павернецца да Захаду тварам, ня пойдзе ні на лібэралізацыю, ні на мадэрнізацыю. Ён можа пачаць бавіцца ў дыялёг, зрабіць бачнасьць саступак, каб выйграць час, акалпачыць наіўных, урваць сваё (атрымаць легітымізацыю, грошы, крэдыты і т.п.) і пабегчы ў Крэмль. Так жа было (і ня раз)! У 2010 годзе, напрыклад, (у пэрыяд нібыта “лібэралізацыі) прыехалі да яго ў Менск міністры Сікорскі і Вэстэрвэле, прапаноўвалі грошы, вялі сакрэтныя перамовы. У выніку Лукашэнка паехаў у Крэмль і здаў таварышу Пуціну ўсё, аб чым гаварылі міністры (наіўныя міністры потым аж ікалі ад афронту). А лукашэнка тут жа папрасіў у таварыша Пуціна.
Далей...