Зянон ПАЗЬНЯК: “Народ ня верыць ні рэжыму, ні апазыцыі”Выступ на жнівеньскім Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”
Набліжаюцца псэўдавыбары ў псэўдапарлямант. Афіцыйна рэжым як бы не падае з гэтай нагоды ніякіх асаблівых прыкмет дзейнасьці. Гэта ў яго інтарэсах – рабіць усё ціха. Нэрвовасьць яго выдае толькі панічная актыўнасьць агентуры і псэўдаапазыцыі, дзе гэтая агентура ў асноўным сабралася. Як і раней, яны падзеленыя на дзьве групы: адна за ўдзел у “выбарах”, другая быццам бы за байкот. Гэта дае ім магчымасьць ствараць дурнаваты вэрхал вакол байкоту, нічога пры гэтым, практычна, ня робячы і, займаючы інфармацыйную плошчу пару-двойку так званых дэмакратычных СМІ.
Гэта ёсьць таксама прэвентыўныя дзеяньні, каб выцесьніць нас, як партыю байкоту, з інфармацыйнай прасторы. Яны, аднак, элемэнтарна не разумеюць, што ў нас свая прастора, якая ўжо працуе: бальшыня людзей ня пойдзе на псэўдавыбары.
Тактыка нашай Партыі (якая рэальна робіць справу) у гэтых дачыненьнях такая: не зьвяртаць ніякай увагі на вэрхал псэўдаапазыцыі, не рабіць ніякіх заўваг і камэнтароў, а працягваць свае дзеяньні.
Нам вельмі важны вынік, — каб людзі не пайшлі на фальшывае галасаваньне.
Тым часам мы бачым, што рэжым (дакладней, Масква) падгрэблі ўсіх на контрдзеяньне супраць байкоту, усе кадры, нават мілінкевічы і шараметы, у расход пайшлі. Вельмі вымоўная сытуацыя. Паляць усіх.
Ня выключана, што ў асяроддзі гэтай “апазыцыі” адбудуцца чарговыя штучныя размежаваньні на аснове ўяўных дачыненьняў да байкоту. Але гэта нічога не пераменіць: усе яны дружна называюць камарыльлю лукашыстаў і іхнюю антыбеларускую палітыку “беларускім рэжымам” і ў іхных галовах амаль нічога не зьмяняецца. Цяпер яны ўжо менш гавораць пра антывыбары і байкот, а больш пра паказную правакацыю з швэдзкім маламаторным самалётам, у “мядзьведзікаў” бавяцца – жоўтая тэма знайшла прыхільнікаў.
Шчыра кажучы, як ужо надакучылі гэтыя інфантыльныя “мобы-шмобы” брусэльскага разьліву, гэты багемны эгаізм, гэтае ёрніцтва і безадказныя паводзіны на фоне нішчэньня нашага народу і рэпрэсіўнай палітыкі антыбеларускага рэжыму! Беларусы, якія не жылі на Захадзе, проста не ўяўляюць узроўню чалавечай прымітыўнасьці, абмежаванасьці і інфантыльнасьці, якія пашыраюцца ў заходнім грамадзтве, дзякуючы тэлебачаньню, мас-культуры і канцэпцыі кансумэнцкага жыцьця. Швэдзкая правакацыя якраз і зьяўляецца вынікам такога асяроддзя і ўзроўню думаньня. Што яна дала беларусам? Адны мінусы і разбурэньне. Нічога, акрамя шкоды. Што дала правакатарам? Анічога. Магчымасьць пакрасавацца перад такімі ж, як яны, якія не разумеюць, што робяць. (Не разумеюць нават пэрспэктывы сесьці ў турму, ад якой яны будуць выкручвацца).
Мне гэта піярская “барацьба” швэдзкіх інфантыляў з рэжымам Лукашэнкі нагадвае выпадак, які адбыўся вайной у 1941 годзе. Непадалёк ад вёскі Шаркуці ў ваколіцах Суботнік нейкі “змагар” стрэліў па немцах. У выніку здарылася тое, што павінна было. Немцы спалілі вёску разам зь людзьмі. Чалавек, які ацалеў ад экзэкуцыі, казаў, што каб злавіў, то павешаў бы за ногі таго гада.
Каб змагацца, перш за ўсё, трэба мець розум у галаве і элемэнтарна прадбачыць, што з таго змаганьня атрымаецца. У выніку пустапарожняй швэдзкай правакацыі Лукашэнка сеў на каня сваёй антыбеларускай палітыкі, скарыстаў выпадак напоўніцу. Па-першае, узмацніў рэпрэсіі перад псэўдавыбарамі ў палату, пачаў арыштоўваць нязручных для рэжыма людзей, звольніў беларускіх вайсковых і памежных кіраўнікоў і прызначыў на іх месца расейцаў, атрымаў картблянш для далейшых жорсткіх дзеяньняў, выгнаў швэдзкага амбасадара Эрыксана, на якога даўно вастрыў зубы за яго падтрымку беларускай культуры і веданьня беларускай мовы. (А гэта сьмяртэльны грэх перад антыбеларускім рэжымам.) Адначасна Лукашэнка спыніў дзейнасьць “шкоднай” для рэжыму швэдзкай амбасады і выставіў жорсткія патрабаваньні Летуве, Швэцыі, НАТО і ў цэлым Эўразьвязу, ад якіх ім прыдзецца ганебна адкручвацца, бо міжнародныя нормы заканадаўства былі груба парушаныя жыхарамі Эўразьвязу і грамадзянамі Швэцыі.
КГБ узбудзіў крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 371 Крымінальнага Кодэксу па факце незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы Беларусі падданымі Швэцыі на маламаторным самалёце. А Летува, — кажа Лукашэнка, — “павінны нам адказаць, чаму далі сваю тэрыторыю для парушэньня дзяржаўнай мяжы”.
У выніку правакацыі інфантыляў з цацкамі і Летува, і Швэцыя, і НАТО трапілі ў нязручнае становішча. Ініцыятыва ў руках рэжыму, ён грыміць і вяршыць справу.
На жаль, бездапаможны лямант заходніх палітыкаў у гэтым выпадку можа выклікаць толькі сьмех. Вось, напрыклад, што кажа міністар МЗС Швэцыі Карл Більд: “Страх Лукашэнкі перад правамі чалавека дасягнуў новых вышыняў”.
Ды пляваць Лукашэнку на ўсе правы чалавека. Ён сто разоў тое даказаў. І не ў правах чалавека тут справа, спадар Більд. І страху тут у яго якраз няма. І дзейнічае ён тут якраз рацыянальна пасьля таго як багемна-рэклямная фірмачка пасадзіла ўсю Швэцыю ў галёш. Не рабіце дурня з праціўніка, якому прайграеце, панове, бо крайнім у выніку такога бахвальства заўсёды аказваецца беларускі народ.
Ці паслухаем, напрыклад, інфантыля, што кіраваў самалётам. Тут “нерацыянальныя дзеяньні з боку Лукашэнкі, — кажа ён, — які, мяркуючы па ўсім, знаходзіцца ў поўным адчаі і неадэкватна ўспрымае тое, што адбываецца.” У гэтага “лётніка”, як бачым, нешта не ў парадку ў галаве, ён не разумее, што кажа і што зрабіў. Вось такія “змагары”.
Арганізатарам правакацыі з самалётам зьяўляецца нейкі Пэр Кромвэл. Па ўзроўню прафанства, нахабства і цынізму гэта вымоўны тыпаж. Таму працытую яго крыху больш. Адстаўку беларусаў Рачкоўскага і Пахмелкіна з пасадаў ён лічыць “для ўсіх нас” (гэта значыць для іх) “посьпехам, бо мы імкнуліся максымальна затурбаваць рэжым”.
Ну, “затурбавалі”. Цяпер — кіруюць расейцы. “Ніхто”, кажа Кромвэл, нічога ня ведаў пра нашу апэрацыю. “Адзіныя, хто са мной кантактаваў, — працягвае ён далей, — гэта беларускія праваабаронцы.” (Думаю, што пасьля такіх словаў, рэжым таксама “затурбуецца”. Гэтакі вось гусак)
“Тое, што мы зрабілі ў Беларусі, — кажа далей піяршчык, — было больш зьвязана з палітыкай.” Журналіст “Народнай Волі” задае яму пытаньне: “Вашыя дзеяньні зьяўляюцца сур’ёзным злачынствам у адпаведнасьці з міжнародным заканадаўствам. Ці вы разумееце гэта? Адказ: “Мы ўсьведамляем, што зрабілі злачынства, але не прыдаем гэтаму вялікага значэньня… Вядома, мы ляцелі зь Летувы, перасеклі мяжу Эўразьвязу. Гэта забаронена… Я думаю, што швэдзкія ўлады ня выдадуць нас Беларусі. Мы ня бачым такой рызыкі…, нам здаецца, што швэдзкі ўрад нас падтрымлівае”.
“Отэтада”, як кажуць у Стакгольме. І пасьля ўсяго сказанага гэты “арыгінал” мовіць наступнае, што гатовы прыехаць у Беларусь па запыце КГБ, калі яму гарантуюць “недатыкальнасьць” і будзе “гарантыя таго, што нас не абвінавацяць, калі мы прыедзем у Беларусь”.
Справа ня ў тым, што гэтыя развагі алягічныя, тут тое, пра што я кажу: яны інфантыльныя, дзяціннае думаньне і, адпаведна, поўная безадказнасьць за свае паводзіны. Журналіст задае яму сур’ёзнае мужчынскае пытаньне: “Ваша акцыя прывяла да таго, што Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасадаў двух генэралаў: старшыню Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскам СПА узброеных сілаў Дзімітрыя Пахмелкіна, двох простых беларусаў затрыманы КГБ. Відавочна, што “плюшавая бамбардоўка” паўзьдзейнічала і на рашэньне афіцыйнага Менска не працягваць акрэдытацыю амбасадару Швэцыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, што ў выніку прывяло да напружанай сытуацыі паміж дзьвумя краінамі. Калі б вы ведалі наперад пра такія магчымыя вынікі, то ці вы ўсяроўна правялі б сваю акцыю?” Адказ: “Адзінае, пра што мы шкадуем, — гэта аб узяцьці двух грамадзянаў Беларусі пад стражу”.
Інфантылізм – гэта, перш за ўсё, безадказнасьць і няўменьне адпаведна ацаніць свае паводзіны.
Шкоду, якую яны зрабілі дэмакратычнай Беларусі, гэтая публіка не разумее, як кажуць, ад заснаваньня. Таму меры супраць дурняў мусяць быць усё ж такі прынятыя. Гэта ня значыць, што судзіць іх павінен антыбеларускі рэжым. Але швэдзкія ўлады маглі б і (фактычна) абавязаныя тое зрабіць (калі, вядома, там яшчэ не развучыліся паважаць нацыянальныя і міжнародныя законы).
Будучы ў парляманце ў 90-х гг., памятаю добрыя стасункі і прыхільныя адносіны дэпутатаў Апазыцыі БНФ з швэдзкімі палітыкамі. Працяг такіх адносінаў – амбасадар Эрыксан. Швэцыя першай прызнала нашу незалежнасьць у 1991 годзе. Нам вельмі важна захаваць добрыя дачыненьні з дружалюбнай краінай насуперак антыбеларускаму рэжыму Лукашэнкі. Таму нельга дапусьціць, каб з-за бесталковых дзеяньняў некалькіх безадказных суб’ектаў гэты дэмакратычны набытак – добрыя дачыненьні паміж нацыянальнымі грамадзтвамі – быў пахаваны. Правакатары павінны быць пакараныя ва ўласнай краіне.
Паважаныя сябры Сойму. Я вымушаны быў прысьвяціць некалькі старонак гэтай жоўтай тэме, бо ўжо лопае цярпеньне і мы не павінны дазваляць, каб цэламу народу дрэнь сядала на галаву.
Трэба ўсё ж паказваць ім іхняе месца, бо за зьнешнім ёрніцкім імкненьнем розных багемных суб’ектаў пустапарожна пазлаваць лукашысцкі рэжым існуе яшчэ і другі плян, які ўзьнікае паралельна – гэта імкненьне прынізіць Беларусь, пазьдзеквацца зь беларускага народа. А гэтага мы не дапусьцім і ніколі не дазволім.
Пад шум піярнага вэрхалу рэжым тут жа пачаў нішчыць у турме Сяргея Каваленку – сапраўднага патрыёта Беларусі. Без тлумачэньня прычынаў яго кінулі ў турэмны карцар на 16 дзён, забаранілі перадаваць яму лякарствы, каб пры яго крытычным стане здароўя пасьля экстрымальнай галадоўкі канчаткова ператварыць чалавека ў інваліда. Героя Каваленку катуюць, нішчаць за гонар Беларусі і веліч Нацыянальнага Сьцяга, а дэмакратычная пена ў гэты час бавіцца ў мядзьведзікі пад хаўтурны звон Айчыны.
Гледзячы на гэта ўсё, успамінаюцца мне словы, якія гучаць рэфрэнам ад апазыцыйных апартуністаў, што ідуць на фальшывыя выбыры. Яны пастаянна жаляцца на народ і паўтараюць маркотна: “Народ ня верыць ні рэжыму, ні апазыцыі”.
Слава разумнаму Беларускаму народу! Гэта адзінае станоўчае, што засталося ў тым ідэёвым сьвінушніку, створаным антыбеларускім рэжымам і яго “апазыцыяй”. Народ ня пойдзе на фальшывыя выбары і настане час – разьбярэцца з усімі.
10-12 жніўня 2012 г. Зянон ПАЗЬНЯК
Добавлено: 15 Август 2012, 01:21:34
БАЛЬШЫНЯ ЛЮДЗЕЙ НЯ ХОЧУЦЬ УДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ПСЭЎДАВЫБАРАХ(Жнівеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)
12 жніўня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Народ ня верыць ні рэжыму, ні апазыцыі” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Выступоўцы адзначылі, што адзінай сілай, якая сапраўды арганізоўвае грамадзтва на Народны Байкот псэўдавыбараў зьяўляюцца патрыёты-фронтаўцы. Псэўдаапазыцыя ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны толькі надзьмувае бурбалкі, ствараючы ілюзію палітычнай дзейнасьці. На вуліцах і плошчах гарадоў зрэдку можна заўважыць дробныя пікеты збору подпісаў “за кандыдатаў”. Але людзі не цікавяцца імі і праходзяць міма. Заўважаны ўжо дробныя групкі, якія пачалі хадзіць па кватэрах і зьбіраць подпісы ды агітаваць. Незалежна ад таго, ад рэжыму гэтыя агітатары ці ад “апазыцыі”, бальшыня беларусаў гоніць іх прэч, часам у даволі рэзкай форме. Нашаму грамадзтву абрыдла хлусьня рэжыму і яго “апазыцыі”, абрыдлі фальшывыя зазывалы на электаральны фарс, на якім ужо ўсё вырашана заранёў. Усе міжволі пытаюцца, што будзе рабіць рэжым, каб прымусіць людзей пайсьці на “выбарчыя ўчасткі” і зарэгістравацца. Можна меркаваць, што рэжым мабілізуе так званых “карусельшчыкаў” – фальшывых выбаршчыкаў, якіх натоўпамі будуць вазіць па некаторых участках і ствараць “карцінку” масавага ўдзелу электарату ў выбарах. Вельмі важна, каб быў арганізаваны кантроль за гэтымі крымінальнымі дзеяньнямі рэжыму, як і за ўсім электаральным крыміналам.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра новыя факты эканамічнага і сацыяльнага правалу рэжымнай палітыкі. На некаторых прадпрыемствах (напрыклад, на менскім заводзе МАЗ) ёсьць спробы ажывіць вытворчасьць, карыстаючыся заказамі на машыны, якія замаўляе Расея. Але паўстае праблема, што няма ўжо кваліфікаваных работнікаў, здольных на выкананьне такіх заказаў. Прадукцыя, зробленая для Расеі, атрымліваецца нізкай якасьці і вяртаецца назад для пераробкі. Адчуваецца, наколькі глыбака антыбеларускі рэжым падарваў беларускую эканоміку і вытворчасьць. Лепшыя работнікі ў папярэднія гады былі або звольнены, або разьбегліся з прадпрыемстваў. Рабочыя распавядаюць таксама, што аптымістычная рэжымная рэкляма пра абяцаныя заробкі ў 5-6 мільёнаў беларускіх рублёў зьяўляецца фальшывай. Калі работнік уладкоўваецца на працу, яму выплочваюць заробак удвая менш і 70% гэтай сумы налічваецца ў якасьці прэміяльных (гэта значыць, што паводле рашэньня адміністрацыі гэтыя грошы работніку могуць і ня выплаціць, спаслаўшыся на нешта).
Сябры Сойму давялі, што па ўсёй краіне назіраецца адмоўнае стаўленьне да рэжымных псэўдавыбараў. Бальшыня людзей ня хочуць удзельнічаць у гэтым шоў. Але многія кажуць, што іх пагоняць на галасаваньне. Неабходна тлумачыць нашаму грамадзтву, што нельга дазваляць рэжыму зьневажаць нашую чалавечую годнасьць. Ня трэба ўдзельнічаць у злачынстве, якое рыхтуе лукашызм.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту
“Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
12 жніўня 2012 г.
Добавлено: 16 Август 2012, 01:00:39
