Шабас працягваецца: у Гродне дацэнта звольнілі за кнігу
Андрэй Чарнякевіч быў адным з аўтараў «апальнага» падручніка «Гродназнаўства».
Алесь Кіркевіч, Гродна; Сяргей Гезгала | 16:29, 14 верасня 2012
Сёння гісторыку з Гродзенскага ўніверсітэта паведамілі аб звальненні: папрасілі зайсці азнаёміцца з загадам рэктара ды забраць працоўную кніжку.
Афіцыйная фармулёўка — нібыта «неаднаразовыя спазненні на працу», за якія ў Чарнякевіча нядаўна запатрабавалі тлумачэнні. Парадокс у тым, што як мінімум адно са спазненняў было абумоўлена… доўгай гутаркай з прадстаўніком КДБ акурат наконт падручніка «Гродназнаўства».
Яшчэ на мінулым тыдні пачала праходзіць інфармацыя, што том па гісторыі Гродна знік з кнігарняў горада, а таксама з бібліятэкі Гродзенскага ўніверсітэта.
Паводле чутак, «чытачы ў цывільным» апошнім часам наведвалі і іншых аўтараў падручніка. Прынцыповымі пытаннямі для сілавікоў былі наступныя.
1) Хто канкрэтна пісаў апошнія раздзелы кнігі, прысвечаныя набыццю Беларуссю незалежнасці? 2) Чаму падручнік сканчаецца 1991 г. і не паказаны сучасны момант? 3) Чаму быў абраны такі варыянт «канцэпцыі ілюстрацыяў» (на апошняй старонцы выяўлены бел-чырвона-белы сцяг ды герб «Пагоня»)?
Андрэй Чарнякевіч — кандыдат гістарычных навук і адзін з плеяды выключна таленавітых гісторыкаў новага пакалення, якім цяпер па 30–40 гадоў.
Ён аўтар дзясяткаў працаў: ад артыкулаў да ўкладзеных кніг.
Шыкоўнае і грунтоўнае, ілюстраванае і наватарскае па форме падачы матэрыялу «Гродназнаўства» сёлета было хітом беларускамоўных продажаў у Гродне, аднак, паводле чутак, выклікала шал уладаў праз апошнюю главу або яе адсутнасць: гісторыя Гродна ў кнізе напісаная да 1991 года, а паўстанне грамадзянскай супольнасці апісана падрабязна.
«Наша Ніва» звярнулася ў «Гроднакнігу», дзе пра знікненне «Гродназнаўства» «нічога не чулі», аднак пры гэтым параілі звярнуцца ў мінскую «Белкнігу».
«Усе ініцыятывы нам спускаюць адтуль, якую кнігу прадаваць, якую прыбраць з прылаўкаў. Мы толькі пасрэднікі», — патлумачылі «НН» у прыёмнай дырэктара.
Што тычыцца «Белкнігі», то там пра сітуацыю з «Гродназнаўствам» таксама «нічога не чулі».
Па словах нашых чытачоў кніга знікла і з навуковай бібліятэкі Гродзенскага ўніверсітэта. Бібліятэкарка ўніверсітэта імкнулася даведацца, ад каго менавіта прайшла такая інфармацыя, а пасля паведаміла, што кніга знаходзіцца ў чытальнай зале бібліятэкі. На пытанне, ці можна яе ўбачыць у вольным доступе, яна адказала, што «на дадзены момант не валодае сітуацыяй».
Сітуацыя з «Гродназнаўствам» — гэта трывожны сігнал для беларускай культуры і навукі.
Чытаць цалкам
http://nn.by/?c=ar&i=80101
Добавлено: 15 Сентябрь 2012, 02:28:39
Падаткавікі і міліцыя ўварваліся на прэзентацыю кнігі «Саветызацыя Заходняй Беларусі» ў Гродне
Затрыманы галоўны рэдактар часопіса «Arche» Валер Булгакаў.
NN.by | 20:52, 14 верасня 2012
Арыштаваная ўся кніжная прадукцыя.
Паводле відавочцаў, на прэзентацыі прысутнічалі зусім невядомыя гарадзенскай беларускай грамадзе людзі. Яны зрабілі кантрольны закуп кнігі напачатку. А ў канцы прэзентацыі ўвайшла міліцыя, і людзі ў цывільным ужо ў адкрытую сталі патрабаваць ад Валера дакументы і пытацца, на якой падставе ён распаўсюджвае тут гэтую літаратуру. Пасля яны загрузілі ўсю літаратуру, якую ён прывёз, у свой аўтамабіль. Булгакава таксама пасадзілі ў машыну і павезлі ў Цэнтральную падатковую Гродна.
Урэшце Булгакаў аб’явіўся пасля трох гадзін затрымання: патэлефанаваў жонцы. З ягоных словаў, затрымлівалі яго падаткавікі. У яго закупілі ўсе самыя палітызаваныя кнігі. Пры гэтым пазней, у часе складання пратакола, Булгакаву некалькі разоў паўтарылі, што гэта не палітычная, а руцінная падатковая справа. Булгакава здзівіла, што і прэзентацыю, і момант затрымання, і працэдуру афармлення пратакола здымалі на відэа. На відэа фільмавалі і вокладкі кніг. Акрамя падаткавікоў і міліцыянтаў, прысутнічалі асобы ў цывільным.
Усяго затрымана 194 асобнікі розных выданняў. Рэдактара «Arche» чакае суд па артыкуле Адм. кодэксу «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць», на якім будзе вырашана пытанне пра штраф і канфіскацыю кніг.
Прэзентацыя кніг адбывалася на Будзённага, 48а. «Саветызацыя Заходняй Беларусі» — гэта кніга гісторыка Яна Шумскага, напісаная на аснове ягонай доктарскай дысертацыі.
Акурат гэтымі днямі ў Гродне з крамаў канфіскавалі кнігу «Гродназнаўства», аднаго з яе аўтараў, Андрэя Чарнякевіча, звольнілі з Гродзенскага ўніверсітэта, а іншых зацягалі ў КДБ. Гэтыя падзеі пазначаюць новы этап у паляванні на вядзьмарак у нашай краіне.
Чытаць цалкам
http://nn.by/?c=ar&i=80106