www
|
 |
« Ответ #0 : 16 Сентябрь 2007, 02:21:07 » |
|
Дзямідаў Мікалай Іванавіч (10.12.1888, Беласточчына? -- 23.6.1967, Чыкага, ЗША), вайсковы, паліт., грамадзкі дзяяч, публіцыст, настаўнік, палкоўнік войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі, рэпрэсаваны бальшавікамі; інспэктар Лідзкае акругі ў 1943-1944 годзе. Мікола Дзямідаў, з роду Каліноўскага, нарадзіўся ў Гарадку пад Беластокам. У 1905 скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю, у 1910 Беластоцкую рэальную сярэднюю вучэльню. У 1907 працаваў у канцылярыі Прывісьленскіх чыгунак, адначасова вольны слухач Варшаўскага ун-ту. З 1914 на вайсковай службе ў царскай арміі. Капітан. У 1917 скончыў Паўлаўскую вайсковую вучэльню ў Петраградзе. У 1918 займаўся ў Вільні арганізацыяй бел. вайсковых адзінак. У 1918-19 камэндант Горадні, прадстаўляў у камэндатуры Раду БНР, пасьля ў Беларускай вайсковай камісіі. Цытата: Свой пачатак Першы беларускі гродзенскі полк бярэ ў снежні 1918 года, калі ў Вільні было вырашана стварыць беларускія часткі ў складзе літоўскага войска. Першапачаткова літоўскім урадам планавалася арганізаваць адну беларускую брыгаду агульнай колькасцью ў 8-10 тысяч салдат. Тым часам да Вільні збліжаюцца бальшавікі і фарміраванне беларускага палка пераносіцца ў Гродне. Менавіта М. Дзямідаў, які безумоўна меў арганізатарскі талент, стварае асобны батальён, эскадрон гусараў, жандармерыю, чыгуначную, пачтовую і тэлеграфныя службы. Сваеасаблівая “беларусізацыя” палка пачынаецца з сярэдзіны сакавіка 1919 года разам з прызначэннем Кастуся Езавітава ягоным новым камандуючым. 27 сакавіка полк афіцыйна атрымаў назву Першага беларускага гродзенскага палка пяхоты. На пачатак красавіка 1919 года, калі распачынаецца эвакуацыя нямецкіх войск з Гродна, беларускія часткі ў горадзе налічвалі каля 500 чалавек. Напярэдадні канчатковай эвакуацыі немцаў, у ноч з 26 на 27 красавіка штурмавы атрад Польскай арганізацыі вайсковай раззброіў эскадрон беларускіх гусараў. Салдат эскадрона пад вартай палякі адвялі вакольным шляхам у маёнтак Станіславова, дзе забарыкадаваліся ў палацы, выставіўшы перад брамай захоплены ў беларусаў кулямёт. 28 красавіка ў Гародню ўвайшлі польскія рэгулярныя часткі. На наступны дзень беларускі полк перайшоў у падначаленне польскага камандавання Гарадзенскай крэпасці. Лёс Першага беларускага гродзенскага палка і, ў значнай ступені, усяго беларускага руху ў Гродне вырашыўся летам 1919 года. Роўна праз месяц пасля прыходу палякаў беларускі полк зменьшыўся амаль на палову і налічваў усяго 37 афіцэраў і каля 200 салдатаў. 1 чэрвеня каля 18.00 гадзін польская рота была выстраена насупраць штабу беларускага палка. З будынку беларускай камендатуры былі зняты беларускія і літоўскія штандары і шыльда з пагоняй, а афіцэры беларускага палку мелі здаць зброю каменданту крэпасці пад распіску. Адначасова ў казармах былі разброены салдаты, а ў начы жандармерыяй праведзены вобыск у кватэрах афіцэраў. Тым ня меньш, сам полк, як вайсковая адзінка, праз нейкі час яшчэ захоўваўся. Толькі 11 чэрвеня палякі выстраілі беларускі полк каля казарм і зрабілі пераклічку паводле іменных спісаў. Пасля гэтага жаўнеры-каталікі былі выдзелены асобна і адведзены ў польскія казармы, а ўсе астатнія атрымалі пасведчанне аб дэмабілізацыі. Афіцэры палка часова заставаліся ў рэзерве крэпасці з забаронай выязджаць з Гродна…
Арыштаваны польскімі ўладамі ў чэрв. 1919. Улетку 1920 уступіў у армію С.Булак-Булаховіча, арганізаваў асобны бел. баталён, які ўдзельнічаў у паходзе 1920.
27 лістапада беларускія батальёны капітана Дзямідава і палкоўніка Таалат-Келпша, якія затрымаліся на дэмаркацыйнай лініі паміж Альшанамі і Малешавам атрымалі вестку, што па супрацьлеглым баку Прыпяці рухаецца група Булак-Балаховіча, якой пагражае акружэньне пад Жыткавічамі. Тады абодва атрады пад агульным камандаваньнем палкоўніка Жгуна пераправіліся на левы бераг Прыпяці паміж вёскамі Сяміхочы і Веча і прыйшлі на дапамогу свайму Галоўнакамандуючаму. Іхняя дапамога выратавала параненага Булак-Балаховіча ад савецкага палону. Булак-Балаховіч хацеў яшчэ працягваць змаганьне. У нейтральнай зоне заставаліся тысячы дзьве з паловаў афіцэраў і жаўнераў, у большасьці з беларускіх часьцей. Галоўнакамандуючы спадзяваўся перакінуць іх на Случчыну, дзе пачаўся Cлуцкі збройны чын. 31 сьнежня Булак-Балаховіч разам з дзеячамі Беларускага палітычнага камітэту паехаў у Варшаву, каб шукаць падтрымкі ў польскіх уладаў. Тым часам яго брат, ген. Язэп Булак-Балаховіч, які камандаваў на месцы, вырашыў перайсьці 4 сьнежня на польскі бок мяжы. На савецкім баку мяжы засталіся ў раёне Сянкевічы-Жыткавічы-Леніна, на поўнач ад чыгуначнай лініі да Калінкавічаў, беларускія батальёны капітана Дзямідава і палкоўніка Таалат-Келпша. Атрад Таалат-Келпша (палкоўнік паходзіў з вядомага роду літоўскіх татараў) налічваў 200 штыкоў з 2 гарматамі і 2 кулямётамі і яшчэ ў сярэдзіне сьнежня апераваў у раёне Сітніцы, на поўнач ад чыгуначнай лініі Лахва-Калінкавічы. На польскі бок мяжы перайшоў у невядомы час. Найдаўжэй на савецкім баку мяжы заставаўся батальён Дзямідава, які налічваў каля 400 штыкоў (у тым ліку 12 афіцэраў). На ўзбраеньні меў 2 палявыя гарматы і 4 кулямёты. Жаўнеры батальёна паходзілі з Беласточчыны...
|