Харэўскі Якуб (сапраўднае прозьвішча Новік) (1900, в. Харэва Пружанскага павету (цяпер Пружанскі раён) - загінуў 02.04.1968 у аўтамабільнай катастрофе ў Рью-Грандэ Порт Алекра ў Бразыліі) - беларускі партызанскі атаман, камандзір партызанскага аддзелу імя ат. Нябабы, адзін з кіраўнікоў Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948.
З 1922 маючы каля дваццаці гадоў Новік удзельнічае ў беларускай антыпольскай партызанцы, становіцца камандзірам аддзелу ў Ружанскай пушчы. Спачатку аддзел уваходзіў у «5-ю групу партызанскіх войскаў БНР», а з 1923, калі згубілася сувязь, дэейнічаў самастойна. Магчыма, якраз тады Якуб Новік і ўзяў сабе кансьпірацыйнае імя, утворанае ад назвы роднай палескай вёскі Харэва.
Атаман Харэўскі, разам зь Сяргеем Хмарам (атаман Іскра) і атаманам Рудым у Сталавічах сустракаўся з чэкістам Кірылам Арлоўскім, аддзел якога партызаніў супраць польскіх уладаў у Заходняй Беларусі. Харэўскі дамогся падзелу тэрыторый дзейнасьці свайго й чэкістаўскага аддзелаў, адмаўляючы прапанаваную Арлоўскім «каардынацыю» і «агульны штаб». Перамовы завяршыліся не на карысьць чэкіста, якому загадалі не пераходзіць лінію Віленска-Берасьцейскай чыгункі.
Пасьля спыненьня партызанскае барацьбы, калі палякі ўзялі ягоны аддзел у атачэньне, Харэўскаму ўдалося захаваць людзей, распусьціўшы іх па хатах. З 1925 Харэўскі няўдала спрабаваў легалізавацца. Ратуючыся ад перасьледу польскае паліцыі, ён з фальшывымі дакумэнтамі перабіраецца ў БССР. Адтуль Харэўскі, ратуючыся ад масавых арыштаў НКВД вяртаецца ў Зах. Беларусь у 1937, хаваецца на Валыні.
На пачатку 1939 г. ў Баранавічах адбылася падпольная канфэрэнцыя былых сяброў Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Харэўскі удзельнічае ў баранавіцкай нелегальнай канфэрэнцыі грамадоўцаў, якая прыняла рашэньне аб падрыхтоўцы антыпольскага паўстаньня на Палесьсі на выпадак нямецка-польскай вайны. Атаман Харэўскі атрымаў заданьне рыхтаваць зброю й зьбіраць людзей. У жніўні 1939 г. сілы Харэўскага ўжо складалі 5 тысяч чалавек. 1 верасьня 1939 арганізоўвае партызанскі аддзел. Пасьля стварэньня паўстанцкага штабу ён быў прызначаны намесьнікам Івана Тарасюка, камандзіра паўстанцаў. Пасьля гібелі Тарасюка Харэўскі камандуе паўстанцкімі сіламі на заходнебеларускім Палесьсі (да 5000 чалавек). 17 верасьня ён адмяніў штурм Пінску, заплянаваны на 18 верасьня 1939, бо пачаўся паход Чырвонай Арміі на Польшчу.
Да чэрвеня 1941 Харэўскі хаваецца ад НКВД.
Ужо ў ліпені 1941 Х. зноў зьбірае свой аддзел, які ўдзельнічаў у сумеснай беларуска-ўкраінскай антыбальшавіцкай вайсковай апэрацыі на Палесьсі.
У 1942 г. Якуб Харэўскі робіцца адным з кіраўнікоў Беларускай народнай партызанкі і ўзначальвае яе “Лаву атаманаў”. Падчас адыходу немцаў ягоны аддзел імя Нябабы захоплівае ў Любяшове, на беларуска-ўкраінскім памежжы, нямецкі арсэнал. Да канца 1940-х аддзел пасьпяхова ваюе з бальшавікамі на Берасьцейшчыне і Піншчыне, даходзячы да Косава, Століна і Каменя-Кашырскага.
Уваходзіць у кіраўніцтва падпольнай Беларускай Народнай Грамады.
З 1943 аддзел Х. знаходзіцца на Валыні, дзе актыўна супрацоўнічае з УПА ат. Бульбы-Бараўца. Захапіўшы ў Любяшове вялікія запасы нямецкае зброі, аддзел імя Нябабы адыходзіць на Берасьцейшчыну. Да 1948 ён дзейнічае супраць савецкіх уладаў, працягваючы супрацоўніцтва з «бульбаўцамі».
Пасьля цяжкіх баёў з савецкімі войскамі Х. перапраўляе каля Тэрэспалю свой аддзел у Польшчу, а адтуль, праз Чэхію, у Заходнюю Нямеччыну. У 1949 Х. са сваімі партызанамі выяжджае ў Бразылію. Быў кіраўніком паўднёва-амэрыканскага аддзелу Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі.
У студзені 1968 газэта “Беларускі Голас”, якую выдаваў ў Таронта былы паплечнік Сяргей Хмара, зьмясьціў артыкул «Аб беларускай партызанцы ў апошнюю вайну», дзе Харэўскі-Новік згадваўся як палеглы ў баях за Беларусь. Сам Харэўскі надрукаваў у адказ ліст, што чуткі пра ягоную сьмерць перабольшаныя.
02.04.1968 Харэўскі гіне разам са сваім ад'ютантам Кастунам Гукам у аўтамабільнай катастрофе ў Рью-Грандэ Порт Алекра ў Бразыліі.
