SAnt
|
Мала хто аспрэчвае той факт, што такая зьява існуе й актыўна разьвіваецца. "Так, можна казаць пра наяўнасьць беларускага слэнгу, хоць на яго пакуль мала зважаюць літаратары ", - мяркуе Зьміцер Вішнёў, які разам з Андрэем Бурсавым спрабуе аднавіць беларускую лаянку (напр., "шчырэц", "гык" - "дужы гык - добры мужык"). Яго падтрымлівае Адам Глобус: "Без сумневу беларуская моладзевая гаворка існуе, і калі паспрабаваць скласьці слоўнік такога кшталту, то ён будзе мо й таўсьцейшы за падобны расейскі". А вось мовазнаўца Юрась Бушлякоў не хавае скепсысу што да арыгiнальнасьцi сучаснага беларускага слэнгу: "Большасьць жаргонных, слэнгавых словаў пераносiлася й пераносiцца да нас з расейскага маўленьня, нават ангельскія словы прыходзяць, як правiла, не беспасярэдне, а з усiмi нюансамi й адценьнямi расейскага ўжываньня. Уласнабеларускiх слэнгавых элемэнтаў пакуль меншыня. Кажуць, напрыклад: "здаць залiк самарухам" або "заўзець за Беларусь". Тут ужо чыста нашыя штучкi".
Той жа Піскур у сваім артыкуле ў "Arche-1999" зазначаў, што айчынны слэнг меў бы быць незразумелы расейцу. Але пакуль такое ўявіць досыць складана, бо расейская моўная культура ўплывала на фармаваньне маўленьня беларускамоўнай моладзі ад 70-х гг. XX ст. Менавіта ў гэты час слэнг зьявіўся на абсягах СССР - галоўным чынам у Маскве й Ленінградзе. Адтуль ужо гэтая зьява распаўсюджвалася па саюзных краінах. Польскі ды іншыя ўплывы былі ня вельмі значныя. "Уся моладзь ў той час карысталася аднымі словамі - і ў Горадні, і ў Львове", - згадвае Сяргей Астравец. Тым ня менш цяпер расейскі ўплыў пакрысе звужаецца. Калькаваная расейская лексыка, назапашаная цягам некалькіх дзесяцьцігоддзяў, паступова сыходзіць, і цяпер на "трубе" (пераход на Кастрычніцкай), каля "Макдона" ("Макдональдс" на пр.Скарыны) ці "на Янку" (сквэр Янкі Купалы) ужо не пачуеш распаўсюджаных раней слоў кшталту "башлі" (грошы), "атам" (добра), "папаня" (бацька) і г.д. Глобус зазначае, што ў нашыя дні беларускі слэнг мае больш заходнюю скіраванасьць. Гэты факт пацьвярджае і словатворчасьць аўтараў "Студэнцкай думкі" і "Навінак". За кошт іх беларуская слэнгавая лексыка папоўнілася такімі словамі, як "сідзічка", "шытняк", "лайф-стайл", "шоў-біз". Празь імкненьне да моўнага самавыяўленьня беларуская моладзь сама стварае словы. Такім чынам зьявіліся ўласнабеларускія слэнгізмы "сьнядзец" (рус. "хавчик", ежа), "маскальнуты" (прыхільнік расейскай маскультуры), "паратунка" (хуткая дапамога), "быкасты" (ужываны прадмет), "нармуль" (добра, у норме) і г.д. Літаратурны крытык Пятро Васючэнка сьведчыць, што ў Стоўбцах моладзь кажа "дровы", калі справы ідуць дрэнна, а навучэнцаў Полацкага ляснога тэхнікуму іх аднагодкі клічуць "караедамі". Адным са шляхоў папаўненьня слэнгавай лексыкі можна лічыць і ўжываньне забытых слоў. Колькі раз давадзілася чуць у моладзевым асяродку такія словы, як "бздура" (замест "фігня"), "гальмар" (замест "тормаз").
Будучыня айчыннага слэнгу знаходзіцца ў наўпроставай залежнасьці ад распаўсюду беларускай мовы. "Цяпер саму беларускую мову можна назваць у пэўнай ступені слэнгам, сацыяльным дыялектам, бо яна пакуль не абслугоўвае ўсе сфэры жыцьця", - мяркуе З.Саўка. Ю.Бушлякоў лічыць, што ўласных лексычных навацыяў паболее толькі калі беларуская мова выберацца з пасткі абмежаванага функцыянаваньня.
Сяргей Будкін
|