enn
|
Сучасная інтэнсіўная, буйнамаштабная дэградацыя нацыянальных асноў беларускага народа, што яшчэ раз сцверджу, можна вытлумачыць толькі правядзеннем адпаведнай мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі, бясконца радавала сваімі разбуральнымі вынікамі яе самых галоўных праваднікоў і ідэолагаў. Без дасягнення такой дэградацыі ў прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, несумненна, не было б падстаў не раз публічна заяўляць: " Белорусы - это те же русские". Падобныя словы даволі часта гучалі з вуснаў высокіх іерархаў праваслаўнай царквы Беларусі. Усё, як у горшыя часы за Расійскай імперыяй. Здаровай нацыянальнай самасвядомасці дзяржаўныя дзеячы і ідэолагі ніколі не дазволілі б сабе радавацца, што іх тытульны народ не ёсць самабытная этнічная супольнасць, што гэта ўсяго толькі нейкая падробка да народа суседняй краіны. Нуль цана тым дзяржаўным і ідэалагічным структурам, якія з даўно прызнанага самім жыццём адметнага ад іншых беларускага народа пераўтвараюць яго ў выніку культурна-моўнай гібрыдызацыі ў народ суседняй краіны. Трэба не радавацца, ставіць сабе ў заслугу такую этнічную метамарфозу, а шукаць эфектыўныя шляхі для вываду краіны з зацяжнога нацыянальна-культрнага крызісу і ўсяляк дамагацца таго, каб беларус ганарыўся сваёй беларускасцю, а не тым, што ён падобны на рускага. Няўжо так цяжка высокаадукаваным мужам уцяміць, што беларусаў у рускамоўнай культуры цывілізаваны свет не ўспрымаў і ніколі не ўспрыме за самабытны народ. Іх заўжды будуць атаясамліваць з рускімі. У такіх варунках і беларуская дзяржава не будзе ўспрымацца, як якое-небудзь адмысловае сувярэннае палітычнае ўтварэнне. 3 такім прыніжаным стаўленнем да нас не раз даводзілася сутыкацца беларускім палітычным і культурным дзеячам, аднак яны ці не могуць ці не жадаюць зразумець, што такое нябачанне ў беларусах самабытнага этнасу ёсць вынік арганізацыі ледзь не ўсяго іхняга ўнутранага жыцця паводле рускага ўзору. 3 ім мы едзем і за мяжу. Усё было б зусім інакш, калі б мы і дома і ў гасцях моцна трымаліся сваіх нацыянальна-культурных і моўных стандартаў. Адступаць ад апошніх толькі з-за таго, што яны ігнаруюцца дзяржавай, не ёсць сур'ёзнае апраўданне для каго б там ні было і тым больш для нашай шматлікай інтэлігенцыі. Ад дзяржавы трэба самым рашучым чынам патрабаваць павагі да нацыянальных духоўных каштоўнасцяў, а не падтрымліваць яе палітыку самавырачэннем ад апошніх. Цывілізаваныя народы не робяць такога этнічнага самавынішчэння. Праблема нумар адзін ёсць і застаецца нават у самай неагляднай перспектыве - гэта лячэнне закаранелай моўнай хваробы беларускай нацыі. Да таго часу, пакуль у краіне будзе рэй весці дзяржаўнае двухмоўе, пры якім роднаму слову яе карэннага насельніцтва адведзена ўсяго толькі нулявая роля ў грамадскім жыцці, пакуль руская мова будзе заставацца адзінай паўнапраўнай у вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школе і займаць панавальнае становішча ў сферы прафесійнай культуры, пакуль з-за неабмежаванага распаўсюджвання рускай культуры цяжка будзе дыхацца беларускай культуры, датуль нельга будзе ўсур'ёз гаварыць пра наш палітычны суверэнітэт, этнічную самабытнасць беларускага народа. У такіх выпадках яму не ўстаць з кален на выпрастаныя ногі, не вызваліцца ад ролі быць сурагатам рускай нацыі. Наша першачарговая задача памяняць у краіне месцамі беларускі культурна-моўны фактар з рускім і тады знікнуць усе праблемы з выратаваннем яе тытульнага народа ад русіфікацыі. Сучаснае звыродлівае дзяржаўнае двухмоўе няўмольна паглыбляе надзвычай небяспечны для лёсу беларускага народа падзел на дзве разнамоўныя часткі, што з бегам часу можа прывесці да ўтварэння на тэрыторыі нашай краіны дзвюх далёка не сяброўскіх у сваіх узаемадачыненнях нацый: цалкам натуральна сфармаванай беларускай беларускамоўнай і штучна змайстраванай асімілятарамі беларускай рускамоўнай. Не думаецца, што такі этнічны вынік, выкліканы цяжкімі наступствамі травеньскага рэферэндуму 1995 года, адыграе станоўчую ролю ў лёсе беларусаў як у роднай, так і рускай мовах. Таму, пакуль не позна, высокія дзяржаўныя ўлады павінны карэнным чынам змяніць стаўленне да моўнага пытання і ўзнесці роднае, а не навязанае беларускаму народу - раней звонку, а апошнім дзесяцігоддзем і знутры - яго сапраўды роднага слова на такую вышыню, на якой знаходзіцца роднае слова тытульнай нацыі ўсіх краін, у тым ліку і Расіі. Бясспрэчна, такое падуладна толькі дзяржаве, якая ў сваёй нацыянальнай палітыцы максімальна ўлічвае інтарэсы тытульнага народа, даражыць яго этнакультурнай самабытнасцю. Стагоддзямі мы не мелі і сёння не маем такой дзяржавы. Адсюль нашы нацыянальныя беды.
|