enn
|
У пэўнай ступені адказнасць невысокага рангу сучасных палітыкаў і шараговай інтэлігенцыі за дапушчанае і па іх віне рэзкае паглыбленне працэсу развалу этнічных асноў беларускага народа зніжае адсутнасць у гэтых катэгорый людзей усялякай магчымасці атрымаць па дадзенай праблеме сур'ёзную аб'ектыўную навуковую інфармацыю. У ёй у дзесяткі разоў больш хлусні, чым праўды. Паколькі не ўсе з такіх палітыкаў і інтэлігентаў канчаткова адрынуліся ад уласнай нацыянальна-культурнай спадчыны, то пры валоданні ў поўным аб'ёме праўдзівай інфармацыяй пра негатыўныя, крайне небяспечныя з'явы ў ёй (спадчыне), яны маглі б па-іншаму ставіцца да вельмі абвостранай на сёння праблемы захавання беларускага народа як самабытнага этнасу. На аб'ектыўнае, бесстаронняе абмеркаванне нацыянальнага, культурна-моўнага становішча на старонках афіцыйных літаратурных крыніц, часопісаў і газет, па радыё і тэлебачанні накладзена найстражэйшае табу, і таму афіцыйнымі структурамі не праводзяцца па такой праблеме навукова-практычных канферэнцый, сімпозіумаў, "круглых сталоў". Ствараецца ўражанне, што ў краіне адсутнічаюць усялякія праблемы ў сферы нацыянальна-культурнага жыцця. Толькі дзе-нідзе ў афіцыйным друку прамільгне пра яго кароценькая інфармацыя, прычым абавязкова ў пазітыўным плане. Здаецца, што нават Кампартыя Беларусі дазваляла больш крытычна выказацца на адрас яе тварэння - меліярацыі, чым сучасная "дэмакратычная" ўлада на сваё любімае дзіця - русіфікацыю. I ўладу ой як слухаюць галоўныя рэдактары дзяржаўных газет і часопісаў. Недарэмна за апошняе дзесяцігоддзе амаль ніхто з іх не зняты з гэтых пасадаў. А калі хто-небудзь і пакінуў крэсла галоўнага рэдактара, дык гэта толькі з прычыны пераводу на больш высокую пасаду. Неяк павярхоўна падыходзіць да асвятлення крайне вострай на Беларусі сучаснай нацыянальнай праблемы незалежны, дэмакратычны друк. А прыкладаў жа адваротнага характару ў нас хапае. Тут я маю на ўвазе газеты "Наша Ніва" (лістапад 1906 - жнівень 1915 г.), "Вольная Беларусь" (чэрвень 1917 - кастрычнік 1918 г.), "Беларускі шлях" (сакавік - жнівень 1918 г.). Без гэтых перыядычных выданняў у нас наўрад ці расла б, як грыбы пасля дажджу, колькасць беларускамоўных навучальных школ на занятай нямецкімі інтэрвентамі тэрыторыі, ці была б утворана і разгарнула сваю дзейнасць Беларуская Народная Рэспубліка. Не вызначаюцца глыбінёй аналізу сучаснага нацыянальнага становішча даволі частыя ў нас з'езды , канферэнцыі, сімпозіумы, "круглыя сталы", што праводзяцца незалежнымі грамадска-палітычнымі, культурна-асветніцкімі арганізацыямі, таму ў нас няма навукова распрацаванай Канцэпцыі выратавання беларускага народа ад этнічнага заняпаду, таму мы так здорава прайгравалі у час прэзідэнцкіх выбараў, выбараў у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, абласныя і раённыя (гарадскія) Саветы дэпутатаў. Часта прыходзіць у галаву думка: ці не адстаём мы ў плане тэарэтычнага асэнсавання нацыянальнай праблематыкі ад сваіх папярэднікаў, што займаліся ёю ў першыя тры дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя? Калі гэта так, не здымаю і з сябе , адказнасці. Словам, з прыцягненнем увагі шырокіх колаў палітыкаў і інтэлігенцыі рознага сацыяльнага становішча да развязвання бязмежна абвостранай нацыянальнай праблемы непачаты край. Абсалютная бальшыня людзей гэтых элітных катэгорый грамадства не задзейнічана ў нацыянальна-адраджэнцкі працэс, адсюль адсутнасць усялякіх пазітыўных вынікаў у выратаванні беларускага народа ад растварэння ў рускай культурна-моўнай стыхіі. Было б памылковым у архізаганнай нацыянальнай палітыцы Рэспублікі Беларусь зусім не бачыць расійскага ўплыву. Палітыкі і ідэолагі нашай ўсходняй суседкі выдатна разумеюць, што з умацаваннем пазіцый рускага фактару ў культурна-моўным жыцці Беларусі намнога лягчэй будзе праводзіць тут свой курс, а пры неабходнасці і цалкам падпарадкаваць яе сваім інтарэсам. Гэта нашы дзяржаўныя дзеячы і адданая ім частка інтэлігенцыі ніяк не могуць уцяміць азбучнай ісціны, што народ, пазбаўлены магчымасці нармальна развівацца на сваім прыродным культурна-моўным грунце, не здольны на вялікія здзяйсненні ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў сферы духоўнай дзейнасці, ніколі не будзе вызначацца высокім узроўнем нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці і пры пэўным збегу акалічнасцяў выявіць поўную абыякавасць да страты палітычнай незалежнасці ўласнай краіны і маўкліва пагодзіцца жыць з тым народам, чыімі духоўнымі каштоўнасцямі ўжо не ў першым пакаленні карыстаецца. Такіх прыкладаў у сусветнай практыцы нямала. Толькі вось бяда, беларуская палітычная і ідэалагічная эліты не хочуць лічыцца з імі і з зайздроснай энергіяй працягваюць нарошчваць магутнасці рускага фактару ў нацыянальна-культурным жыцці краіны за кошт раўналежнага зніжэння ролі ў ім ўсяго беларускага, бо іншага варыянту правядзення такога стратнага, небяспечнага курсу проста не існуе ў прыродзе. Не верыцца, што гэтага не ведаюць дзяржаўны чыноўніцкі і ідэалагічны апараты. Ведаюць, але, відаць, вельмі вялікае жаданне зліквідаваць у духоўным жыцці беларусаў усё тое, што адрознівае іх ад рускіх.
|