enn
|
Беларусы, так глабальна пазбаўленыя прыстойнай этнакультурнай самабытнасці галоўным чынам з-за неабмежаванага панавання ў іх грамадскім жыцці рускай мовы, за што трэба быць "удзячным" і сучаснаму палітычнаму рэжыму, не ў стане здзейсніць чаго-небудзь вартага дзеля свайго ўласнага шчасця. Таму ў нас няма ні сапраўднай нацыянальнай дзяржавы, ні незалежнай ад волі ўсходняга суседа развітой эканомікі. Без адметнага нацыянальна-культурнага, моўнага аблічча нам не сцвердзіцца на сваёй роднай зямлі ў якасці цывілізаванага еўрапейскага народа. Яшчэ ніводнаму народу не ўдалося стварыць нацыянальную дзяржаўнасць, трывалую эканамічную базу, дасягнуць духоўнага росквіту на чужых - навязаных ці добраахвотна запазычаных культурна-моўных каштоўнасцях. У моц гэтых прычын вызваленне ад чужога культурна-моўнага ўплыву і пераход на свае ўласныя прыродныя стандарты павінны разглядацца як першачарговая агульнанацыянальнага маштабу задача сучаснага беларускага грамадства. Іншага выйсця з егіпецкага палону ў яго няма.
Дзяржава не ёсць выразнік беларускага духу.
Наперад прадбачу, як непрыемна будзе чытаць наступную думку маім рускамоўным супляменнікам, але ўсё ж сфармулюю яе: рускамоўны чыноўніцкі апарат не здольны і ніколі не выведзе беларускі народ на шлях прыстойнага самабытнага нацыянальна-культурнага развіцця, а таму і не зробіць краіну эканамічна магутнай і палітычна суверэннай. Нацыянальная культура са сваім найгалоўным кампанентам - мовай валодае невычэрпным патэнцыялам для актывізацыі грамадства да буйнамаштабнай стваральнай дзейнасці ва ўсіх сферах жыцця людзей. У нас гэты сродак стагоддзямі выкарыстоўваўся ў самай мізэрнай ступені, таму няма чым пахваліцца ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў этнічнай кансалідацыі народа. Наша велізарная трагедыя заключаецца ў тым, што мы і па сёння да канца не ўсведамляем, якая гэта бяда, калі краінай кіруюць палітыкі, ледзь не цалкам адарваныя ад яе нацыянальна-культурных пачаткаў і галоўнае - ад беларускай мовы. Яны ёсць носьбіты суседніх нам рускіх, а не родных беларускіх культурна-моўных традыцый. Проста немагчыма ўявіць, каб такая нацыянальна-культурная, моўная дысгармонія назіралася ў дзяржаўным апараце Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі ці яшчэ якой-небудзь іншай цывілізаванай краіны свету. А вось у цэнтры Еўропы безнацыянальныя палітыкі не толькі дапускаюць такое, але і публічна ганарацца ім. Па віне такіх палітыкаў нам за апошняе дзесяцігоддзе давялося зведаць столькі нацыянальных страт, колькі іх не панеслі за аналагічны тэрмін за усе часы сваёй гісторыі. I марна было б разлічваць, што сучасныя ўлады вось-вось адумаюцца і ад дэнацыяналізацыі духоўнага жыцця беларусаў пяройдуць да яго стабілізацыі. На такі прагрэсіўны, разумны крок яны проста няздольныя, бо ўзгадаваныя па духоўных традыцыях суседняй краіны. Бязмежнай адданасцю ім яны не раз даказвалі сваю гатоўнасць ісці і на такія формы інтэграцыі з апошняй, якія пярэчаць беларускаму інтарэсу. Нечуваная культурна-моўная залежнасць ад Расіі не дае і не будзе даваць Беларусі нават самай мізэрнай магчымасці не толькі для нацыянальна-духоўнага, але і суверэннага палітычнага развіцця. Практыка апошняга дзесяцігоддзя пераканаўча пацвердзіла, што сапраўдная, рэальная беларуская дзяржаўнасць не можа быць дасягнутай па-за нацыянальнымі культурна-моўнымі рамкамі. Дзяржаўным дзеячам і паслухмянай ім частцы інтэлігенцыі час зразумець, што якую высокую ступень каштоўнасці яны ні надавалі б умела навязанаму беларусам рускаму культурна-моўнаму фактару, ён не наш, з ім нам нельга самасцвярджацца ў сваёй нацыянальнасці, здабыць прыстойнае месца ў сусветнай цывілізацыі. У яе трэба ехаць на сваім, прычым уласнай гадоўлі, кані, а не на траянскім. Уся знізу даверху прэзідэнцкая вертыкаль мусіць добра сабе ўсвядоміць, што толькі такая нацыянальная палітыка адпавядае карэнным інтарэсам беларускага народа, якая прызнае неабходнасць панавання на тэрыторыі ўсёй краіны яго культуры і мовы. Гэта вынікае з заканамернасцяў развіцця ўсіх тытульных нацый свету і не пярэчыць прынцыпу гуманізму ва ўзаемадачыненнях карэннага насельніцтва з прадстаўнікамі ўсіх астатніх народаў, што жывуць на яе гістарычнай тэрыторыі. Калі ж антынацыянальная палітыка дзяржавы будзе працягвацца і надалей, дык неўзабаве мы прыйдзем да таго, што ў грамадскіх месцах будзе больш чуваць родная мова прадстаўнікоў розных народаў рэспублікі Беларусь, чым яе карэнных жыхароў. Можа хтосьці гэта расцэніць як перамогу агульначалавечых каштоўнасцяў над рэгіянальнымі, я ж на такое буду глядзець, як на нацыянальную катастрофу.
|