enn
|
Праца на рускамоўным матэрыяле адрывае творчую інтэлігенцыю ад нацыянальных інтарэсаў беларускага народа, робіць яе калі не варожай, дык абыякавай да дзяржаўнага суверэнітэту краіны. Невыпадкова многія з такой зрусіфікаванай, далёкай ад нацыянальнай ідэі інтэлігенцыі ідуць нават паперадзе саміх дзяржаўных мужоў у пытаннях палітычнага аб'яднання Беларусі і Расіі. Асабліва рэльефна такое выявілася падчас сёлетняга Славянскага (больш правільна Рускага) базару ў Віцебску, калі ладзілася супольнае выступленне артыстаў пакуль што ўяўнай Руска-беларускай саюзнай дзяржавы. Апошняй нам трэба баяцца, як агню, бо ў ёй аслабленая шматгадовай русіфікацыяй беларускасць не будзе мець аніякіх перспектыў на выжыванне. Сучасная дзяржаўная палітыка, будучы адкрыта скіраванай на размыванне нацыянальнага патэнцыялу духоўнага жыцця беларускага народу, супярэчыць не толькі яго карэнным інтарэсам. Яна з'яўляецца траянскім канём і для славянскай супольнасці народаў у цэлым, паколькі мае вынікам збядненне яе культурна-моўнай разнастайнасці. I ў вышэйшай ступені недарэчна, што такую палітыку ў дачыненні да тытульнага народа Беларусі праводзяць дзяржаўныя мужы, якія займаюць высокія месцы ў розных грамадскіх падраздзяленнях славянскай супольнасці, ладзяць канферэнцыі, "круглыя сталы" па самых надзённых пытаннях яе жыццядзейнасці. Ці не лепш было б спачатку хоць збольшага навесці парадак у сваёй нацыянальнай гаспадарцы, а тады ўжо займацца агульнаславянскай справай, каб не пусціць яе пад адгон па беларускім варыянце? Час усім нам дапяць, што пастаўленыя ў рускай мове на самым высокім прафесійным узроўні п'еса ці опера, класна выкананая на ёй самым шчырым паводле этнічнай прыкмеце беларусам эстрадная песня, напісаны раман ніколі не будуць успрынятыя, асабліва сусветнаю грамадскасцю, як здабытак беларускай нацыянальнай культуры. Як бы мы ўпарта ні імкнуліся развіваць на сваёй зямлі рускую культуру, якіх бы вяршыняў мы ні дасягнулі на гэтым шляху, яна ніколі не стане нацыянальным здабыткам, а будзе, як і ва ўсе папярэднія больш чым два стагоддзі, служыць толькі сродкам асіміляцыі беларускага народа. Таму ў дзяржаўным сектары культуры трэба ўсталяваць вельмі разумныя суадносіны паміж беларускай і рускай культурамі, добра памятаючы, што візітнай карткай нашай краіны ў духоўную цывілізацыю свету можа служыць толькі пабудаваная на беларускай моўнай аснове культура, што толькі яна заслугоўвае насіць статус нацыянальнай, забяспечвае этнакультурную самабытнасць беларускага народа, уносіць уклад у культурную разнастайнасць планеты Зямля. Выцясненне рускай культурай культуры беларускай на яе гістарычнай тэрыторыі сур'ёзна непакоіць многіх з тых пісьменнікаў, мастакоў, архітэктараў, артыстаў і інш., хто не адарваўся ад сваёй прыроднай духоўнай спадчыны і працуе над яе ўзбагачэннем. Але да іх клопату не прыслухоўваюцца ўладныя структуры, упарта тлумачачы асаблівасці культурнай сітуацыі на Беларусі векавечнай дружбай двух суседніх славянскіх народаў, не зважаючы аднак на тое, што гэтая ж дружба практычна ніяк не садзейнічае прысутнасці нашай культуры на тэрыторыі Расіі. Адказ тут можа быць толькі такі: франтальнае панаванне рускай культуры на тэрыторыі Беларусі ёсць вынік мэтанакіраванай - у далёкім мінулым і на сучасным этапе - дзяржаўнай палітыкі, а не жаданне саміх людзей, асабліва маладых пакаленняў. Апошнім часам назіраецца такое, што многія з іх яўную перавагу аддаюць сучаснай англа-амерыканскай эстрадзе і нават самі стараюцца нешта зарабіць дзеля яе ўзбагачэння і прыжывання ў сваім родным доме. Стратную па ўсіх пазіцыях дзяржаўную палітыку ў галіне культуры можна растлумачыць толькі адным: нежаданнем уладных структур даць народу магчымасць жыць, развівацца на ўласным нацыянальным грунце, што, на іх думку, магло б затармазіць, стаць сур'ёзнай перашкодай да здзяйснення палітычнай інтэграцыі з Расіяй. I трэба аддаць належнае намаганням такіх структур: за апошняе дзесяцігоддзе яны не дазволілі прагрэсіўным колам грамадства стварыць нічога такога істотнага па ўзвядзенні беларускага нацыянальнага дома. Па-ранейшаму абсалютная бальшыня беларусаў жыве па-за сваім нацыянальна-культурным полем, абслугоўваецца духоўнымі каштоўнасцямі, мовай суседняй дзяржавы.
|