http://www.чарт.org/be/news/2009/9/4/21701/Ці пакіне КДБ без працы начальніка краіны?...Высокі чын завітаў у замежную фірму, якая прадавала сельгастэхніку. Не, ён не збіраўся там лавіць шпіёнаў. Проста правёў прафілактычную размову з кім трэба. І ў выніку перакладчыца Кася Галіцкая страціла працу. Яна была актывісткай “Маладой Беларусі”. Размаўляла па-беларуску. Удзельнічала ў акцыях. Усё тут зразумела.
Здавалася б, выпадак. Прыватны, недарэчны. Залішняя пільнасць нейкіх службоўцаў. Магчыма, так. Але ў тым жа Мінску, у той жа час адбылося гэткае ж здарэнне. У звычайную школу завітаў палкоўнік. Ён жа – чалавек у цывільным. І яшчэ адна жанчына страціла працу. Настаўніца астраноміі Таццяна Уланава. Трыццаць два гады педагагічны стаж. Непрыемнасці пачаліся ў яе крыху раней. Яшчэ ў той школе, дзе акрамя астраноміі яна выкладала яшчэ і фізіку. Усё было цудоўна. Але і там аднойчы наведаў яе таварыш у цывільным. Ды пацікавіўся, а чаму яна, выкладчыца далёкіх ад лінгвістыкі навук, раптам задумала правесці ў школе тыдзень беларускай мовы.
Толькі недасведчаным і бязмежна наіўным падаецца, што ў ініцыятыве гэтай нічога страшнага няма. А дзе дазвол на мерапрыемства? Настаўніца добра ведае, у якой жыве краіне. Тут – парадак. Усё строга акрэслена і рэгламентавана. І ў кожнага грамадзяніна, як у таго рубля, свой калідор. Крый божа саступіць хоць крыху ў той ці іншы бок. І калі настаўніца раптам пачне даводзіць вучням, што ў тутэйшым небе ўзыходзіць не “луна”, а “месяц”, дзяржаўная бяспека апынецца пад пагрозай. І тады з’явяцца палкоўнікі.
Аднак вось што дзіўна. Менавіта на гэтым тыдні адбылася падзея, якая зусім не ўпісваецца ў вышэйзгаданую завядзёнку. Вандруючы па гаспадарках Палесся, кіраўнік дзяржавы з нагоды новага навучальнага года ў Цераблічах на Століншчыне адкрыў асабіста яслі-садок-школу. Такі вось шматпрофільны комплекс. Ды не абы які – беларускамоўны!
Узнікае невырашальная калізія. КДБ ідзе рашуча супраць найгалоўнейшага вертыкальшчыка краіны. Нейкае шэрае ведамства псуе жыццё беларускамоўным грамадзянам, а кіраўнік дзяржавы апякуецца беларускай школай нават у палескай глыбінцы. Мімаволі паўстае пытанне: у гэткай сутычцы хто каго апярэдзіць? Вялікі начальнік суцішыць ведамства, якое пайшло насуперак ягонай волі, ці шэрая кантора пазбавіць яго працы за раптоўнае адхіленне ад вызначанай лініі?...