Расейскі язык – адзін з магутных сродкаў ажыцьцяўленьня акупацыйнай палітыкі рэжыму на Беларусі…http://www.svaboda.org/content/transcript/1804252.htmlЖыцьцё і сьмерць мітаў: Двухмоўны народ. .... Найбольш адчувальным працэс русыфікацыі ў БССР быў у галіне адукацыі, як школьнай, так і вышэйшай. Гэта праявілася ў скарачэньні колькасьці беларускамоўных школ і павелічэньні колькасьці расейскамоўных. Абумоўлівалася такое становішча ў сфэры адукацыі шэрагам фактараў. Адным з такіх фактараў быў хранічны недахоп настаўнікаў. У БССР да 1 студзеня 1945 году вярнуліся толькі каля дзьвюх тысяч настаўнікаў-беларусаў. На працу ў БССР прыяжджалі настаўнікі зь іншых савецкіх рэспублік, якія ў большасьці сваёй ня ведалі беларускай мовы і не маглі выкладаць у школе на гэтай мове. Працэс русыфікацыі сыстэмы адукацыі пашыраўся таксама і ў сувязі з тым, што “ў школы рэспублікі ў велізарнай колькасьці паступалі падручнікі з Расейскай Фэдэрацыі пераважна на расейскай мове, што абавязвала будаваць на ёй і навучальна-выхаваўчы працэс”. У большасьці вышэйшых навучальных установаў пасьля вайны, з прычыны адсутнасьці кваліфікаваных кадраў беларускамоўных выкладчыкаў, навучаньне студэнтаў праводзілася на расейскай мове.
...: Галоўным правадніком палітыкі русыфікацыі выступалі дзяржаўна-партыйныя структуры. Так, у красавіку 1951 году Міністэрства асьветы БССР сваім загадам адмяніла ў расейскамоўных школах пераводныя іспыты і іспыты на атэстат сталасьці па беларускай мове. У 1952 годзе на прапанову ЦК КП(б)Б у Белдзяржунівэрсытэце, было абмежаванае выкладаньне беларускай гісторыі і культуры, праз некаторы час беларуская мова была амаль цалкам выцесьненая са сьценаў гэтай навучальнай установы, а катэдра гісторыі Беларусі – закрытая. Выступаючы на IV Пленуме ЦК КП(б)Б 25 – 27 чэрвеня 1953 году, міністар асьветы БССР І.Ільюшын адзначаў: “Няма чаго заплюшчваць вочы на той факт, што ў горадзе Менску, у абласных цэнтрах і многіх раённых цэнтрах у беларусаў (асабліва тых, што знаходзяцца на кіроўных пасадах) ёсьць імкненьне накіроўваць сваіх дзяцей вучыцца толькі ў рускую школу”. Русыфікацыя пашыралася і на сыстэму дашкольных установаў. У адпаведнасьці з рашэньнямі Савета Міністраў СССР ад 29 чэрвеня 1979 году і Савету Міністраў БССР ад 3 ліпеня 1979 году, пачынаючы з 1 верасьня 1981 году ўводзілася абавязковае вывучэньне расейскай мовы ў дашкольных установах для дзяцей, якія не валодалі расейскай мовай, а таксама ў падрыхтоўчых клясах пры агульнаадукацыйных беларускамоўных школах. 26 траўня 1983 году была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР пра павелічэньне на 15% зарплаты настаўнікам расейскай мовы ў беларускамоўных школах.
...15 траўня 1957 году на паседжаньні Бюро ЦК КПБ быў зацьверджаны праект пастановы Савету Міністраў БССР “Пра парадак вызваленьня вучняў ад абавязковага вывучэньня беларускай мовы ў расейскіх школах БССР”. У адпаведнасьці з прынятай пастановай прадугледжвалася “дазволіць Міністэрству асьветы БССР вызваляць ад абавязковага вывучэньня беларускай мовы вучняў – дзяцей асобаў кадравага складу Савецкай Арміі, Ваенна-паветраных і Ваенна-марскіх сілаў і памежных войскаў, незалежна ад таго, у які кляс расейскай школы БССР яны паступаюць”. У 1959 годзе быў прыняты Закон СССР “Аб умацаваньні сувязі школы з жыцьцём і пра далейшае разьвіцьцё сыстэмы народнай адукацыі ў СССР”. У адпаведнасьці з законам неабходнасьць вывучэньня роднай мовы тытульнай нацыі ў саюзных рэспубліках як асобнага прадмета ў расейскамоўных школах цалкам залежала ад жаданьня бацькоў і вучняў. Прыняцьце дадзенага Закону выклікала значнае павелічэньне колькасьці навучэнцаў расейскамоўных школаў. Былыя вайскоўцы і асобы, якія прыехалі на работу ў БССР з іншых саюзных рэспублік зьвярталіся ў Міністэрства асьветы з просьбамі вызваліць іх дзяцей ад вывучэньня беларускай мовы, матывуючы гэта неабходнасьцю вызваліць дзяцей ад перагрузкі вучэбнай працай, “так як яны не валодаюць беларускаю гутарковаю моваю, у сем’ях размаўляюць толькі на расейскай мове і ня бачаць практычнай мэтазгоднасьці вывучаць беларускую мову паралельна з вывучэньнем расейскай”. Такім чынам, вялася цынічная палітыка прымусу і завабліваньня беларусаў да дабраахвотнасьці адмаўленьня ад матчынай мовы.
...Беларуская мова і літаратура паступова выключаліся з ліку ўступных іспытаў пры наборы ў вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. Гэтая тэндэнцыя намецілася яшчэ задоўга да вашага паступленьня ва ўнівэрсытэт, а менавіта: у 1945/46 навучальным годзе. Пры паступленьні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы з пятнаццаці ў васьмі прымаліся ўступныя іспыты па расейкай і беларускай мове і літаратуры. У пяці ВНУ ў пераліку уступных іспытаў беларуская мова і літаратура адсутнічалі. Уступныя іспыты па беларускай мове не прымаліся ў большасьці сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў негуманітарнага профілю. У 1955 годзе ўступны іспыт па беларускай мове і літаратуры прымаўся толькі ў пэдагагічных і тэатральна-мастацкім інстытуце. Акрамя тэхнічных ВНУ ад уступнага іспыту па беларускай мове і літаратуры адмовіўся і Белдзяржунівэрсытэт. З пяцідзесяці васьмі сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў толькі ў васьмі захаваўся ўступны іспыт па беларускай мове. Разам з тым нават у згаданых вышэй установах беларуская мова прымалася на ўступных іспытах не як альтэрнатыва расейскай. У выніку абітурыенты, якія выбралі для здачы беларускую мову, былі вымушаныя здаваць на адзін іспыт болей.
...І перш, чым стаць эўрапейцам, неабходна ўсё ж стаць беларусам. Тым больш, як паказвае вопыт суседніх дзяржаваў на постсавецкай прасторы, менавіта абарона інтарэсаў гэтак званага “расейскамоўнага насельніцтва” зьяўляецца дзейсным сродкам умяшаньня Расеі ва ўнутраныя справы гэтых краінаў. ... Кожны павінен пачынаць з сябе, размаўляць паўсюль на сваёй адзінай роднай мове. Бо ў прыродзе толькі зьмяя мае раздвоены язык, але ні ў якім разе не чалавек, а тым больш цэлы народ.