enn
|
“Наша Ніва” № 47 18 снежня 2008
Навала У пакалення вяскоўцаў, дзяцінства якога супала з пачаткам 1930-х гадоў, калектывізацыяй, яркіх успамінаў засталося няшмат. Для мяне асабіста — калі ўпершыню ўбачыў у небе над вёскай самалёт-кукурузнік У-2, шумны, з бразганнем вузкіх гусеніцаў, пра-езд па вуліцы танкеткі. І нават наведванне ў хату старшыні Пагосцкага сельсавету Крыжа, які, паклаўшы на стол наган з абшмальцаваным да бляску ствалом, угаворваў бацьку хутчэй уступаць у калгас, калі не хоча за Котлас. Але найболей уражанняў прынёс зімовы дзень, калі ў хату зайшла босая жанчына ў доўгай зрэбнай кашулі, без хусткі, з пасінелымі ад холаду рукамі і нейкімі ўстрывожанымі вачыма. Нічога не кажучы, яна нагнулася над карытам, у якое маці высыпала для свіней бульбу, стала хапаць гарачыя клубні і, не абіраючы, таропка есці. Мяне і старэйшага на год брата, з якім мы сядзелі на печы, сняданак госці напалохаў. Маці называла жанчыну Волькай, прасіла не есці з карыта, адрэзала скрылік сала і акраец хлеба. Жанчына іх умяла ўвачавідкі, нешта гаварыла незразумелае для нас, а потым выйшла з хаты. Мы з братам кінуліся да акна — хацелася паглядзець, як гэтая Волька ідзе басанож па снезе. Волька была старэйшай з дзяцей у сям'і аднавяскоўца Наруцкага, хутар якога зна-ходзіўся ў самым канцы вёскі Кутнеў. Меў ён невялікі надзел зямлі, трымаў двое коней, тры каровы, упраўляцца па гаспадарцы дапамагалі дарослыя сыны. Дачка ад нараджэння была псіхічна хворай. Калі сям'ю раскулачылі і выслалі за Котлас, Волька засталася адна ў пустой хаце. Камбедчыкі яе не рашыліся адправіць разам з бацькам і братамі. Калі хату разабралі, Волька начавала ў пустым гумне, жабравала. Перад вясной яна ўжо не паяўлялася на вуліцы. Хворую жанчыну альбо адправілі ў Магілёўскую псіхлячэбніцу, альбо як «класавы элемент» у Курапаты — следу не засталося. Ніхто з яе родных з высылкі не вярнуўся — як і сотні тысяч бязвінна высланых на выміранне на поўнач беларусаў. Не засталося следу і ад хутару Наўруцкіх, іх вялікі сад пасля вайны высеклі, а зямлю ўвялі ў калгасны клін. Паблізу месца, дзе стаяла хата, засталася адзінокая 6яроза — апошняя сведка загубленага падворку. Міхась Тычына, Слуцк
|