Гародня і Вітаўт

Невысокі ростам, хударлявага целаскладу і адначасова надзвычай вынослівы і працаздольны Вітаўт вызначаўся непаспалітым розумам і меў велізарны аўтарытэт у сваёй краіне і далёка за яе межамі. Вялікі князь Вітаўт у першых дзесяцігоддзях 15 ст. рабіў у нас тое самае, што каралі ў Францыі - аб'ядноўваў сваю краіну.
Заняўшы вялікакняскі пасад у 1392 г. у выніку Астроўскага пагаднення з Ягайлам, Вітаўт атрымаў агромністую, але раз'яднаную краіну, падзеленую на княствы - удзелы яго дзядзькоў і братоў - князёў Гедымінава роду. Вялікі князь быў толькі першым сярод князёў Гедымінавічаў. Аб'яднаўшы свае сілы, двое ці трое з іх маглі на роўных выступіць супраць гаспадара, як калісьці бацька Вітаўта Кейстут з дзядзькам Альгердам аб'ядналіся і выгналі са сталіцы свайго брата вялікага князя Яўнуту.
За кароткі час Вітаўт карэнным чынам памяняў унутраную раскладку сілаў у краіне. Ён ліквідаваў буйныя ўдзелы, якія кіраваліся амаль незалежна ад Вільні. Адных князёў-супернікаў прывёў да пакоры ўзброенай рукой, другіх абыграў дыпламатычнымі сродкамі. Буйныя ўдзелы-княствы былі ліквідаваныя, іх гаспадары пераведзеныя на драбнейшыя ўдзелы ў розных кутках краіны. Напрыклад, кіеўскі князь Уладзімір быў выведзены з Кіева і атрымаў узамен мястэчка Копыль пад Менскам.
Той сёй з князёў развітаўся з жыццём, як галоўны супернік Вітаўта, родны брат польскага караля Ягайлы, Скіргайла. Перыпетыі супрацьстаяння Вітаўта і Скіргайлы нагадваюць такую ж гісторыю, якая адбывалася ў Францыі на шэсцьдзесят гадоў пазней. Кароль Людовік XI адчайна змагаўся са сваім васалам герцагам Бургундыі Карлам Смелым. Вынік быў аднолькавы і ў нас і там: у Францыі сюзэрэн перамог, а васал развітаўся з жыццём у патрэбны момант.
Менавіта пры Вітаўце ў Вялікім Княстве Літоўскім пачалося ўзвышэнне некаторых баярскіх родаў - будучых магнатаў, якія верна служылі вялікаму князю. Вітаўт шчодра іх адорваў і не сумняваўся ў адданасці - самы багаты баярын, у адрозненні ад князёў роду Гедыміна, не мог нават марыць аб суперніцтве з вялікім князем.
Менавіта Вітаўт прыняў і пасяліў на Беларусі першыя жыдоўскія абшчыны - гэтыя сапраўдныя рухавікі эканомікі. Адначасова ён прывёў з пераможнага крымскага паходу ў канцы 14 ст. некалькі дзесяткаў тысяч татараў і таксама пасяліў іх у Заходняй Беларусі і Летуве. Захаваўшы веру продкаў, татары засвоілі беларускую культуру і мову і верна служылі новай радзіме. Ад нашых татараў па ўсёй Еўропе быў уведзены новы від лёгкай кавалерыі - уланы.
Будучы вялікі князь пачынаў сваю дзяржаўную кар'еру ў Гародні. Калі яму было 27 гадоў (Вітаўт нарадзіўся каля 1350 г.) бацька выдзеліў са сваіх заходнебеларускіх уладанняў Гарадзенскае княства. Ад таго часу Вітаўт надоўга звязаў свой лёс з Гародняй і Гарадзеншчынай. Тутэйшыя жыхары прынялі яго, прызналі сваім князем і захоўвалі вернасць нават у самыя цяжкія і неспрыяльныя моманты жыцця Вітаўта, нават калі ён быў выгнанцам і знаходзіўся на тэрыторыі варожай ордэнскай дзяржавы ў Прусіі.
Не выпадкова пад час уцёкаў з падзямелляў Крэўскага замка, куды яго кінуў Ягайла, Вітаўт перш за ўсё накіраваўся на Гарадзеншчыну. Той глухой ноччу восенню 1382 г., калі ён выбраўся з ледзяной вады абарончага рову Крэўскага замка, на беразе яго чакалі слугі і коні, прысланыя з нашай старонкі ваўкавыскім цівуном.
Вітаўт вельмі шмат зрабіў для нашага горада і тагачасныя гарадзенцы гэта разумелі і цанілі (у адрозненні ад іхніх нашчадкаў). Вялікі князь збудаваў наш Стары замак на месцы драўляных умацаванняў 12-13 стст. Летапісы паведамляюць, што драўляны гарадзенскі замак быў знішчаны страшэнным пажарам, у якім ледзь не загінуў сам Вітаўт. Князя і яго сям'ю ўратавала ручная малпа, якая, спалохаўшыся агню, кінулася на ложак да гаспадара, абудзіла яго і той паспеў уратавацца сам і вывесці жонку з дзецьмі. Вось пасля гэтага пажару па загаду Вітаўта і быў узведзены мураваны гатычны замак - адзін з самых магутных і непрыступных у краіне.
Тое, што мы бачым на Старым замку сёння - гэта той самы замак Вітаўта, толькі моцна панішчаны, шмат разоў перабудаваны і падрамантаваны. Пад тоўстымі слаямі розначасовай тынкоўкі, пад познімі цаглянымі аблямоўкамі архітэктары-рэстаўратары ўсё роўна натыкаюцца на тыя вітаўтавыя муры 14 ст., яны - аснова гэтага ўнікальнага помніка беларускай архітэктуры. Праўдзівы выгляд замка Вітаўта гісторыя захавала, дзякуючы гравюры Гародні 1568 г., на якой ён паўстае на пярэднім плане ва ўсёй суровай красе і непрыступнасці.
На куце Савецкай плошчы і вуліцы Замкавай сёння знаходзіцца незабудаваная пляцоўка, ці то сквер, ці то пустка, таксама звязаная з імем Вітаўта. Да 1961 г. тут стаяў касцёл - знакамітая "фара Вітаўта". Гэты выдатны помнік беларускай готыкі (узарваны камуністамі ў 1961 г.) быў збудаваны ў 80-я гады 16 ст. ці праз паўтары сотні гадоў пасля смерці вялікага князя. Аднак ён паўстаў на месцы сапраўднай драўлянай "фары Вітаўта", фундаванай вялікім князем ў канцы 14 ст. - першага касцёла ў Гародні, таму і захаваў ранейшую назву.