А в каком стиле изначально построено здание?
Тэлеграфны завулак № 15 а – Рэзідэнцыя Д. Сака, дом гродзенскіх масонаў, “Приказ общественного призрения”, дом благотворительного общества, “Богоугодные заведения Гродненскаго благотоворительнаго общества с Муравьёвским сиротским отделением”, Polskie towаrzystwo dobroczynnosci, дзіцячы дом № 1, флюараграфія, корпус ГрДзУ. Пабудаваны ў 1783 – 1789 гг., верагодна, архітэктарам Д. Сака ў якасці асабістай рэзідэнцыі. Двухпавярховы, прамавугольны ў плане аб'ём з высокім двухсхільным дахам. Галоўны фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам з высокім двухсхільным шчытом. Сцены крапаваны лапаткамі, карнізамі, авальнымі нішамі, філёнгамі. Прамавугольныя і арачныя аконныя праёмы дэкараваны прафіляванымі ліштвамі, на тарцовых фасадах – трохвугольнымі франтонамі. На другім паверсе дваровага фасада вокны гатычнай стральчатай формы з філёнгавым абрамленнем. Цокальны паверх мае самастойны ўваход з боку дваровага фасада. Планіроўка дома калідорная з цэнтральнай міжпаверхавай лесвіцай. Першапачаткова будынак быў аднапавярховы, прамавугольны. У 1874 г. быў перабудаваны. Надбудаваны другі паверх, перароблены дах пад чорную бляху, перароблены ганак, дабудаваны аб’ём з тарцовага боку. Фармальна не з'яўляецца помнікам архітэктуры, аднак застаецца адным з самых цікавых прыкладаў пабудаваных на тэрыторыі Беларусі невялікіх камерных рэзідэнцый амаль павільённага тыпу. Верагодна, меў цэнтральную залу ў два святла. Важным элементнам планіроўкі ўчастка трэба лічыць уязную браму з боку Тэлеграфнага завулка. У ліпені 1789 г. дом згадваецца як “дом уласны маёра Сака”. У гэтым будынку праходзілі пасяджэнні масонскай ложы “Шчаслівае вызваленне” канца XVIII ст., у якую ўваходзілі такія вядомыя асобы, як Ж. Жылібер, Якаў і Жан Бекю, Францішак Нарвойш, Джузэпэ Сака, Ян Вірыён. Пасля 1802 г. дом паступіў у распараджэнне гродзенскіх дабрачынных уладаў. Пасля 1820 года будынак перайшоў ва ўласнасць ці арэнду Гродзенскага дабрачыннага таварыства, якім з 1820 г. кіраваў гродзенскі губернатар і масон Міхал Бутаўт Анджэйковіч. У пачатку XIX ст. (1817-1821 гг.) тут сустракаліся ўдзельнікі гродзенскай масонскай ложы “Сябры чалавечнасці”, сярод іх – гродзенскі губернатар М. Анжейковіч, Ян Ходзька, прэзідэнт Гродна Крэйбіх, Ігнат Эмануэль і Ігнат Ляхніцкі, Васіль Мусін-Пушкін і іншыя. У 1920-х гг. у доме дзейнічала дабрачыннае таварыства.