www
|
Пасля Люблінскай уніі 1569 года ўзнікла федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая, якая аб’яднала Польшчу і Вялікае княства Літоўскае ў федэрацыю з адзіным выбарным каралём (ён жа адначасова і вялікі князь літоўскі). Робяцца першыя спробы аб’яднаць абодва сцягі ў адзін, балазе ў іхняе аснове былі аднолькавыя колеры. I вось у 1605 годзе кароль Жыгімонт Ваза выкарыстаў сцяг трохпалосны: чырвона-бела-чырвоны з гербамі пасярэдзіне. Да таго самага XVII стагоддзя адносіцца і чатырохпалосны сцяг з чаргаваннем белага і чырвонага колераў. Тут перад намі найболыы выразная спроба спалучэння сцягоў дзвюх дзяржаў, што стваралі федэрацыю. Але такі колеравы сімбіёз доўга не пратрываў, і неўзабаве кожная дзяржава вярнулася да свайго сцяга. Трэба адзначыць, што ў гэты час і да самых падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі карысталіся і сцягамі з выяваю «Пагоні». Пасля адміністрацыйнай рэформы 1564—1566 гадоў, калі ўзніклі ваяводствы, кожнае з іх атрымала з вялікакняжага скарбу сцяг пэўнага колеру з відарысам дзяржаўнага герба. Вядома, што Полацкае ваяводства мела жоўты сцяг («сикоража»), Наваградскае — паласаты («пелистый»), Віцебскае — зялёны. Мінскае — гваздзіковы; на ўсіх гэтых сцягах «Пагоня» была на белым полі. У Берасцейскага ваяводства быў блакітны, а ў Мсціслаўскага — жоўты сцяг з гербам на «чирвоным полю». Выяву «Пагоні» мелі таксама сцягі паветаў і гарадоў. Вайсковыя сцягі Гродзенскага і Слонімскага паветаў, адзіныя, што захаваліся да нашых дзён, у часы караля Жыгімонта III (1566—1632) былі малінавага («кармазынового») колеру з «Пагоняй». У XVI—XVIII стагоддзях вайсковаслужылыя татары Вялікага княства, якія жылі ў розныя мясцінах Беларусі і Літвы, карысталіся сваім сімвалам — татарскай «Пагоняй». На ёй вершнік замест мяча трымаў лук, а шчыта не было. Баявы сцяг татарскай конніцы быў бел-чырвона-белага колераў з выяваю зоркі і паўмесяца. Існавала таксама гэтакзваная малая «Пагоня» — рыцарская рука ў даспехах з мячом. Такі герб меў горад Мсціслаў, некаторыя шляхецкія і магнацкія роды. ... Нацыянальныя сімвалы вярнула да жыцця толькі паўстанне 1863 года на чале з К. Каліноўскім. Вядома, што напачатку інсургенты дзейнічалі пад польскім сцягам з двума гербамі — «Арлом» і «Пагоняй». Аднак пасля разрыву з «белымі» ўдзельнікамі паўстання Каліноўскі карыстаецца новай пячаткаю сваёй рэвалюцыйнай арганізацыі — з відарысам толькі «Пагоні». Адначасова ён адмаўляецца і ад польскага сцяга. Мы выказваем меркаванне, што К. Каліноўскі як патрыёт свае зямлі, як высокаадукаваны чалавек не мог не звярнуцца да старажытнага, гэта значыць бел-чырвона-белага сцяга. Дакументы пра гэта пакуль маўчаць, але некаторыя факты ўскосна пацвярджаюць нашую думку. Вядома, што ў 1870 годзе ўзнікла Тэрбацкае студэнцкае брацтва младалатышоў, якое абмяркоўвала будучыню Латвіі і, у прыватнасці, вырашала пытанне пра нацыянальны сцяг. Была прапанова разгледзець і варыянт бел-чырвона-белага сцяга, аднак ад яго хутка адмовіліся, бо «ў такой камбінацыі ён супадаў са сцягам беларусаў». Урэшце младалатышы спыніліся на спалучэнні чырвона-бела-чырвоных колераў. (Цяпер гэты сцяг прызнаны ў Латвіі нацыянальным.) Прыведзены факт даказвае, што водгулле паўстання Каліноўскага ў 70-я гады мінулага стагоддзя яшчэ жыло на суседняй з Беларуссю латышскай зямлі, народ якой зафіксаваў у сваёй гістарычнай памяці выкарыстанне беларусамі бел-чырвона-белага сцяга. ... Далейшы лёс нашых нацыянальных сімвалаў даво-лі складаны. Паводле ўспамінаў віднага дзеяча бела-рускага адраджэння пачатку XX стагоддзя Я. Сушынскага, гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам карысталася дэмакратычнае беларускае студэнцтва ў Пецярбурзе, наладжваючы ў 1909—1912 гады культурна-асветніцкія вечары. Удзел у іх браў і малады Янка Купала, які няраз выказваў надзею, што калі-небудзь Беларусь будзе дзяржаваю. Я. Сушынскі прыгадвае, што «Пагоню» і нацыянальны сцяг яшчэ ў канцы XIX стагоддзя выкарыстоўвалі пецярбургскія студэнты — урадзімцы Беларусі і Літвы — удзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху супраць самаўладдзя. Гэтае меркаванне выказаў і беларускі гісторык М. Сташкевіч. Ёсць шматлікія факты прысутнасці нацыянальнай сімволікі ў штодзённым жыцці беларускага насельніцтва ў перадрэвалюцыйныя гады. Вядома, напрыклад, што беларускае Таварыства імя Францішка Скарыны каля 1915 года выдала паштоўку і друкавала афішы з партрэтам славутага першадрукара, аблямаваныя стужкаю з нацыянальных колераў. У 1916 годзе гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам карысталася арганізацыя «Сувязь незалежнай Беларусі», якая ставіла задачу барацьбы за незалежную народную рэспубліку. Мінскія газеты за 10—13 сакавіка 1917 года паведамлялі, што ў горадзе з поспехам прайшоў «Дзень беларускага значка» з шырокім продажам відарысаў бел-чырвона-белага сцяга. Атрыманыя грошы пайшлі ў фонд беларускай прэсы. Часопіс «Гоман» у інфармацыі, пазначанай 12 кастрычніка 1917 года, надрукаваў інфармацыю пра дзейнасць беларускіх школ і Беларускага культурна-асветніцкага таварыства ў Пецярбурзе, над будынкам якога лунаў беларускі сцяг. Беларуская Рада XII дзейнай арміі на сваім пасяджэнні ад 8 снежня 1917 года пастанавіла: салдаты-беларусы павінны ўшыць у другую пятліцу шыняля стужку бел-чырвона-белага колераў. Адначасна было прынятае рашэнне пра стварэнне Беларускага войска. Падсумоўваючы сказанае вышэй, трэба прызнаць, што задоўга да 25 сакавіка 1918 года, калі абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, нацыянальны герб і сцяг былі ў нацыянальна-вызваленчага руху ў шырокім ужытку.
|