СВЯТ, СВЯТ, СВЯТ!...”10 красавіка славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Рускі патрыярх: Фэмінізм вельмі небясьпечны”. Вось гэты артыкул:
Масква. Патрыярх Кірыл, прадстаяцель рускай праваслаўнай царквы, у аўторак заявіў, што фэмінізм ёсьць “вельмі небясьпечнай” зьявай, што стварае ілюзію свабоды жанчын, якім трэба было б засяродзіцца на сваіх сем’ях і дзецях.
Прыблізна тры чвэрці расейцаў лічаць сабе праваслаўнымі хрысьціянамі, а Кірыл будуе ўсё больш шчыльныя адносіны з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, які вызначае царкву як абаронцу расейскіх нацыянальных каштоўнасьцяў.
“Я лічу вельмі небясьпечнай гэтую зьяву, якая называецца фэмінізмам. Фэміністычныя арганізацыі, такім чынам, спавядаюць псэўдасвабоду жанчын, якая стаіць па-над шлюбам і па-над сям’ёй”. – сказаў Кірыл на сустрэчы з групай праваслаўных хрысьціянак.
“Мужчына зьвяртае свой погляд навонкі, ён мусіць працаваць, зарабляць грошы. Жанчына, аднак, заўсёды засяроджана ўнутр, на дзяцей, на дом. Калі гэтая надзвычай важная роля жанчын будзе зьнішчана, потым будзе зьнішчана ўсё – і сям’я і радзіма”, -- заявіў патрыярх.
Кірыл у мінулым прыраўняў пуцінскую ўладу ў Расеі да Божага цуда. А прэзыдэнт заявіў быў, што праваслаўная царква павінна б адыгрываць большую ролю ў краіне, дзе вера мае глыбокія карані і дзе ў часы Савецкага саюза афіцыйна абавязваў атэізм.
Расейскія заканадаўцы ў аўторак папярэдне ўхвалілі закон, які дае магчымасьць пакараць злачынствы супраць рэлігіі ажно да пяці гадоў турмы.
tastr
Пераклаў з славацкай В. Буйвал.
Крыніца:
www.sme.sk/c/6762517/rusky-patriarcha-feminizmus-je-velmi-nebezpecny.html Прагучала прыгожа. Кірыл дбае пра месца жанчыны ў сьвеце, пра сям’ю і радзіму. Але славацкія журналісты кемліва нагадалі, штó на самой справе зьяўляецца прыярытэтным для дэ факта дзяржаўнай РПЦ: пуцінская ўлада “цудоўнага паходжаньня свыше”, а не жанчыны, дзеці, сям’я і іншае. Будзе, скажам, не пуцінская ўлада, а нейкая іншая, яна для РПЦ таксама будзе “цудоўнай”. Гэта мы добра памятаем са згаданых савецкіх часоў, калі арцыбацюшкі РПЦ вельмі камфортна (ня горш, чым цяпер) пачуваліся ва ўмовах ваяўнічага атэізму. У гэтай тэматыцы значна больш шчырым і адказным рэлігійным філосафам у параўнаньні з крывадушнымі маскоўскімі начальнікамі выглядае А. Лукашэнка, які ўзяў ды і секануў афіцыйны “сымвал веры” свайго чучхэ: “Спасибо нашей православной организации… Я – православный атеист!” Бывае і зь ім называць рэчы сваімі імёнамі.
Заходнія рэпарцёры, аднак, як заўжды, заблыталіся з вызначэньнямі (“тры чвэрці расейцаў лічаць сабе праваслаўнымі…”). Яны забыліся, што РФ – імпэрыя з шэрагам паняволеных народаў. Якім сярод іншага навязалі і РПЦ, разграміўшы за стагоддзі каланіялізма іхныя рэлігійныя традыцыі. Але і тут усё напаўняецца трывожнай для Крамля і РПЦ дынамікай. Умоўна праваслаўныя карэлы, якуты, эвэнкі, марыйцы, мардва, ненцы і іншыя народы масава вяртаюцца да сваіх традыцый і ў свае даўнія вераваньні, у месцах рэлігійных абрадаў гучыць родная мова народаў. РПЦ для іх – пустое месца, нешта чужое, яны ўжо сытыя лубянскімі бацюшкамі. Ды й з вялікарускім этнасам праблема. Ён сьпіваецца, дэмаралізуецца і вымірае. Паўсюль ідзе ўмацаваньне розных галін пратэстантызма. Нават у Сібіры моладзь прываблівае каталіцызм (касьцёлы, каталіцкія клюбы, гурткі поўныя маладых людзей і дзяцей). На шэрагу тэрыторый (напрыклад, у Татарстане, але нават у Яраслаўскай і Сьвярдлоўскай вобласьцях) расейскія жанчыны лічаць за шчасьце выйсьці замуж за татарына, бо ён ня п’е, працуе, дбае пра сям’ю і дзяцей, ня б’е жонку. У такіх сем’ях дзеці выхоўваюцца ў мусульманскай традыцыі, там РПЦ ужо няма месца.
Мільёны людзей у маскоўскай імпэрыі ўжо ацанілі крамлёўска-лубянскі візантынізм як фальшывую зьяву, як тупіковы шлях у асабістым духоўным жыцьці. І зрабілі з гэтага практычныя высновы: адвярнуліся ад сусальна-залатога афіцыёзу. Так што няхай гэты тандэм кесара з патрыярхам прымае якія заўгодна законы і робіць любыя заявы, будучыні (нават бліжэйшай) у яго няма.
Ян Булыга
https://pieramoha.org/artykuly/sviat-sviat-sviat