ХМАРАЧОСЫ ДЫКТАТУРЫСМІ ўсяго сьвету з самай раніцы 4 красавіка паведамляюць пра пажар у сталіцы Чачэніі Грозным. Там гарыць самы высокі хмарачос з такзванага “комплексу Grozny City”, што пабудаваў на грошы маскоўскіх сюзэрэнаў грозненскі васал Кадыраў-малодшы. Увага да шматпавярховага пажару падаграецца яшчэ й фактам, што ў хмарачосе, нібыта, ёсьць таксама кватэра, якую Кадыраў падарыў таленавітаму і дзівакаватаму французкаму актору Дзепардзё. Ужо, праўда, высьветлілася, што кватэра заходняга гастралёра месьціцца ў суседнім хмарачосе комплекса. Але пажар такіх маштабаў і ў такім месцы – рэч эфэктная, і навіна не пакідае чырвоны радок навінавых агенцый. Добра, што людзей з будынку пасьпелі выдаліць (прынамсі, так паведамляе начальства рэспублікі). Будзем спадзявацца, што гэта так і было.
У сувязі са здарэньнем Кадыраў зрабіў некалькі цікавых заяваў. Ён любіць дэманстраваць сваю ісламскую прававернасьць (хаця ў Каране няма ніводнай суры, дзе ўхваляецца здача роднай зямлі і свайго народа ў чужынскі палон). Гэтым разам ён заявіў: “На ўсё воля Алаха, безь яго нічога не здараецца”. Наконт сродкаў на такія каласальныя пабудовы ён казаў яшчэ раней і ў такім жа стылі: “Так Алах хоча. Грошы ідуць аднекуль, мы самы ня ведаем, адкуль. Мы іх выкарыстоўваем…” Шалёныя па памерах грошы сапраўды ідуць у тэрыторыю, якой камандуе Кадыраў, і дакладна вядома, адкуль яны ідуць. Яны ідуць няспыннай плыньню з Масквы. Крэмль, замест таго, каб вывесьці з трушчобаў сотні тысячаў сем’яў, арганізаваць сучасныя сацыяльныя і мэдычныя службы ў цэнтры Расеі, гоніць сродкі ў неспакойную Чачэнію, каб утрымаць прамаскоўскую тыранію. Не выпадкова на дэманстрацыях 1 траўня і ў Дзень Расеі Кадыраў асабіста ўзначальвае калоны мясцовых жыхароў, якія нясуць партрэты Пуціна і крыкам вызнаюць яму сваю любоў і адданасьць. Разбомблены расейцамі Грозны (і іншыя гарады шматпакутнай рэспублікі) з большага так і не ачунялі ад нанесеных страт. Тысячы людзей жывуць у галечы, без мэдычнай дапамогі, вельмі церпяць дзеці простых грамадзян. Але Кадыраў аддаў сродкі на разбудову пыхлівага комплексу ў цэнтры Грознага. Зрабіў гэта ў краіне, дзе самымі высокімі пабудовамі за ўсю гісторыю былі родавыя вежы вольналюбівых чачэнаў.
У той жа час Масква ведае, што “Усход – справа тонкая”. З прычыны гэтай “тонкасьці” яна падклала бомбу пад крэсла бацькі Кадырава-юніора – Кадырава-старэйшага і ён загінуў, дарэчы, на парадзе. Але Масква ведае таксама, што юніор працягвае рабіць тое ж, што рабіў старэйшы. Ён стварае свае эліты, умацоўвае родавыя сувязі, школіць і ўзбройвае сваю прыватную армію і паліцыю. Ня важна, што ўсё гэта робіцца крымінальнымі, жорсткімі мэтадамі. Кадыраў, пры ўсім крыку “Слава Расеі!” разбудоўвае сваю Чачэнію, сваю нацыянальную дыктатуру ў позьнефэадальным сэнсе і, галоўнае, робіць усё гэта на грошы Масквы.
У нас таксама ёсьць свой мясцовы аматар хмарачосаў. Манілаўская пасія да буйнамаштабнай і безгустоўнай архітэктуры кур’ёзным чынам і арганічна вырасла ў ягонай сьвядомасьці разам з астатнімі дыстортнымі візіямі мазаічна-шызоіднай дыктатуры. Пачвара “Чупа-чупса” (“національной бібліотекі”) стала адным з сымвалаў эпохі лукашызма, разам з шэрагам іншых пачвараў: “лядовымі палацамі” і “веладромамі”. У цэнтры нашай сталіцы будуецца нават “свой хмарачос”. Ён яшчэ не гарэў, але нядаўняя непагадзь адарвала ад яго вялікі кавалак і моцна пашкодзіла суседнія будынкі. На вавілонскія “палацы” і “дромы” угроханы каласальныя грошы. Ёсьць толькі адно “але”. Калі Кадыраву грошы падарыла за паказную вернасьць Масква, то шызоідныя палац-фантазіі лукашызма раэлізаваны на сродкі, якія зьяўляюцца вынікам працы ўсяго народа. Гэтыя грошы адабраны ў нашага народа. Значная частка гэтых сродкаў раскрадзена на шляху рэалізацыі шалёных праектаў. Мясцовы начальнік рэжыму часам спасылаецца на Бога, але засьведчыў, што “я – православный атеіст”. Усім вядомы ягоны “пантэон” – гэта мамона і ўлада.
Аднак, ёсьць і яшчэ адно “але”. Мясцовы марыянэткавы рэжым ня проста абкрадае народ, падрывае эканоміку, а яшчэ і зьнішчае нашую нацыянальную культуру (у самым шырокім сэнсе гэтага паняцьця). Лукашызм без бамбардовак і землятрусаў разбурыў шэраг каштоўных помнікаў архітэктуры, археалогіі і пластыкі. Дастаткова ўспомніць зьнішчэньне прыгожыць камянічак з рэльефным убранствам на беразе Сожа ў Гомелі. Яны ацалелі нават у апошнюю вайну, калі па Сожы на працягу месяца праходзіў фронт. Цяпер на іх месцы – пустэча, затое адкрываецца від на “шкло і бэтон” новых шматпавярховікаў позьняга лукашызма.
Нацыянальная культура ўключае ў сябе таксама сацыяльна-этнічныя адносіны і структуры грамадзтва. І тут лукашызм аказаўся больш варварскім за чачэнскіх дзяржкрымінальнікаў. У нашай акупаванай краіне ўмовай для пасьпяховай кар’еры ёсьць дэманстрацыя зьняважлівых адносінаў (а дзе запатрабуюць, то і нянавісьці) да ўсяго беларускага: мовы, культуры, гісторыі, людзей. У гэтым лідыруе сам галоўны начальнік з безьліччу яго антыбеларускіх выступаў і справаў. Бліскучую кар’еру на ключавых пасадах у дзяржадміністрацыі, арміі і гаспадарцы робяць “прышлыя” – расейцы і розныя экзоты. Такое ў Кадырава немагчыма, ягоны дзяржхмарачос – чачэнскі.
Калі 22 гады таму народы вырываліся з маскоўскай імпэрыі, то многія людзі ўявіць сабе не маглі, якія манструальныя формы набудзе жыцьцё на іхным участку постсавецкай прасторы. Постсавецкія дыктатуры спаборнічаюць між сабой, хто зь іх больш велічны, каласальны і пачварны. У гісторыі народаў гэты пэрыяд будзе называцца “цёмнымі дзесяцігоддзямі”.
Ян Булыга
04-04-2013
https://pieramoha.org/artykuly/czmarachosy-dyktatury