Усё больш беларусаў імкнецца выехаць за мяжу
І далей павялічваецца колькасьць візаў, якія атрымліваюць беларусы, у тым ліку і гарадзенцы ў краіны Еўразвязу. Генеральны Консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч мяркуе, што без павелічэння колькасці супрацоўнікаў консульства, якія выдаюць візы, праблемы і далей будуць існаваць.
РР: Спадар Генеральны Консул, якая назіраецца дынаміка ў выдачы візаў беларускім грамадзянам за апошнія гады?
Генеральны Консул Анджэй Хадкевіч: У мінулым годзе консульства Польшчы ў Гародні выдала 114 тысячаў візаў. Гэта недзе на 30 % візаў больш, чым у папярэднім годзе. Такая тэндэнцыя трымаецца ад 2010 года. З моманту майго прыезду колькасць візаў расце. Першы скок візаў быў раптоўны - ў 2011 годзе. У 2012 –ым было троху вальней. Але зацікаўленасць, канешне, захоўваецца і далей. Цяпер можна паведаміць, што мы дасягнулі рысы сваіх магчымасцяў. Людскіх магчымасцяў. Не думаю, што мы здолеем выдаць больш візаў у бягучым годзе, бо і далей мы працуем абмежаванай колькасцю консульскіх супрацоўнікаў: маем толькі чатырох візавых консулаў. Гэтак, як і ў Менску, альбо ў Берасці. Шчыра кажучы, кожны з чатырох супрацоўнікаў консульства выдае недзе ад 110-ці да 120-ці візаў штогод. Як я мяркую, гэта нашы максімальныя магчымасці. Калі беларускія ўлады не выкажуць згоды на прыезд большай колькасці візавых консулаў, то ня бачу магчымасці выдачы большай колькасці візаў. Тады чарга будзе паўсюль. Бо ведаю, што чэргі ёсць ня толькі ў Гародні, але і ў Менску, і ў Берасці. Таму клопаты з атрыманнем польскай візы ёсць паўсюль.
РР: Па якіх прычынах консульская служба найчасцей адмаўляе у выдачы візаў?
Анджэй Хадкевіч: Адмовы - гэта невялікая частка адсотка выдаваных візаў. Але калі паспрабаваць ахарактарызаваць прычыны адмовы выдачы візы (не адмовы ў прыняцці рэгістрацыйнай анкеты – тут крыху інакш, а менавіта выдачы візы), то перш за ўсё - гэта сапраўднасць запрашэння з Польшчы. І гэта асноўная прычына. Частка датычыць перадусім візаў, якія звязаны з сезоннай працай у Польшчы. Бо і ў Польшчы назіралі, і мы з Гародні назіраем таксама, што ёсць у Польшчы асобы, фірмы, якія спрабуюць часта выдаваць цалкам не падцверджаныя дакументы. Па сутнасці, такія дакументы на ўладкаванне працоўных з-за мяжы прадаюцца. Мы спрабуем гэта высветліць, тое сама робіць і памежная служба. Вось у чым падставовая прычына: падазрэнні, ці сапраўды асоба, якая запрашае, ёсць, як бы гэта акрэсліць…годная, і ці выдала сапраўднае запрашэнне.
РР: А ці можа недастатковы фінансавы дастатак быць прычынай адмовы для грамадзянаў Беларусі атрымаць візу?
Анджэй Хадкевіч: Можа стаць такой прычынай, але не так даўно я размаўляў з амбасадарам Федэральнай Рэспублікі Германіі, які надведаў Гародню. Ён сам выказаўся, што грамадзяне Беларусі для Еўразвязу не ўяўляюць эміграцынай праблемы. Жыхары Беларусі не парушаюць так ўжо часта тэрмінаў знаходжання, не застаюцца нелегальна. Кажучы мовай дзяржаўнай: “не ўяўляюць міграцыйнай небяспекі для Еўразвязу.” Таму амбасадар Нямеччыны сам прапанаваў адмовіцца ад спраўджвання фінансавага стану грамадзяніна, хоць гэта ёсць адным з правілаў візавага кодэксу. І мы стараемся спрашчаць гэтую працэдуру.
РР: Колькі гадоў, як увялі вы электронную рэгістрацыю, але і сёння ёсць цяжкасці самому зарэгістравацца і час ад часу людзі змушаны звяртацца да фірмаў, якія на гэтым у пэўнай ступені нажываюцца.
Анджэй Хадкевіч: На жаль, разумеем, што цяжка зарэгістравацца. Ведаем сутнасць, чаму такія цяжкасці ёсць. Перадусім таму, што ў Гародні дзейнічае шмат асобаў і фірмаў, якія ўжываюць легальныя кампутарныя праграмы, якія служаць для хуткага ўпісвання асабістых дадзеных, для хуткага запаўнення рэгістрацыйнай анкеты. Папросту, зарабляюць. На жаль, чытаў у гарадзенскай прэсе, што гэта нелегальны заробак, але ўлады і міліцыя нічога з гэтым не робяць. Міліцыя не атрымлівае даручэння пераследу тых, хто бярэ грошы за такога тыпу працэдуру. Канешне, наша сістэма ўвесь час абнаўляецца, яна не дае магчымасці ўпісвання шмат асобаў з аднаго электроннага адраса, але я мяркую, што ахвотных на атрыманне вядомых 100 еўра тут, на абшарах Гародні, досыць шмат. Разам з тым, каб палепшыць рэгістрацыю візавых анкетаў, мы ўводзім падзел на выдачу візаў паводле катэгорыяў. Ідзе размова пра тое, каб да канца месяца была даступнасць для іншых катэгорый, апрача катэгорыі на куплю. Відавочна, што большасць выязджае ў Польшчу з мэтай штосьці купіць. Разам з тым існуе выдача візаў на іншыя мэты: культурныя, навуковыя, спартовыя, візы для працы, у мэтах кагось наведаць. Стараемся, каб для іншых катэгорыяў паездкі, апрача куплі, можна было зарэгістравацца.
Для арганізаваных групаў дзейнічае кампанія “Візы за квіткі”. Праз польскіх і беларускіх тураператараў можна атрымаць бясплатную візу для наведвання Беластоцкай оперы. Падрабязная інфармацыя пра кампанію “Візы за квіткі” даступная ў консульствах Польшчы ў Беларусі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
http://racyja.eu/index.php?id=105&zoom=11529#.UT4I_TXVmIU