Альгуня
|
 |
« : 18 Март 2006, 15:30:57 » |
|
Прыйшло на пошту
19 САКАВІКА. 20:00. ШТО ЎСЕ ХАЦЕЛІ ВЕДАЦЬ, АЛЕ НЯ ВЕДАЛІ Ў КАГО СПЫТАЦЬ Найперш, чаму усё-ткі трэба ісьці на акцыю 19-га? Галасаваньне, на жаль, мае другараднае значэньня ў нашай краіне. Прагаласаваць,у прынцыпе, варта, каб сябры камісіі сталі крыніцай чутак пра тое, што за Мілінкевіча галасуе вельмі шмат народу. Аднак, разьлічваць на нейкі падлік галасоў немагчыма. Ня будзе нават прыблізных лічбаў. Ярмошына пастаўленая на сваю пасаду выключна для таго, каб агучваць указаньні адміністрацыі Лукашэнкі. А лічыць яна, можа, і ня ўмее зусім. Не зьбіраеца, дык дакладна. У такой сытуацыі, калі лічбу нельга падлічыць, яе трэба ПАКАЗАЦЬ. Майце на ўвазе, калі вы ня йдзеце на плошчу - вы непазьбежна будзеце залічаныя ў лукашысты, незалежна ад вашых жаданьняў. Так працуюць сродкі масавай інфармацыі - вось тут тыя, хто за свабоду, а астатніх, напэўна, усё задавальняе. Улічваючы, што такія буржуазныя паняццьці як "легітымнасьць" мала значаць для сярэдняга грамадзяніна, здольнасьць рэжыму кіраваць зьвязаная з у першую чаргу зь перакананьнем бальшыні, што ён (рэжым) мае магчымасьць прымушаць нас рабіць тое, што яму трэба. На гэтым жа грунце, збольшага, базуецца паслухмянасьць міліцыі, войска і чынавенства. Калі значная частка насельніцтва на практыцы дэманструе, што яна ігнаруе ўціск рэжыму - улада разбураецца ў галовах людзей, якія за гэтым назіраюць, нават, калі яны яго падтрымліваюць. Рэжым ня можа прымусіць - значыць ён бязмоцны, імпатэнты. Гэта ня ўлада. Менавіта на гэтым, па-сутнасьці, і заснаваная эфэктыўная прастата мірных аксамітных паўстаньняў. Рыхтуйцеся да таго, што акцыя акажацца доўгатэрміновай. Могуць спатрэбіцца месяцы супрацьстаяньня. Аднак, памятайце: нас шмат, нават больш чым дастаткова, каб перамагчы. Галоўнае не губляць волі і духу. Усялякае паляпшэньне вымагае працы. Страшна Страшна? Гэта нястрашна, што вам страшна. Гэта можна пераадолець, калі вы ня хочаце, каб гэты страх перасьледаваў вас яшчэ гадоў 10-12. Прапаганда, пагрозы і ўсё тое лайно, якое выпрацоўвае арганізм "таварыша" Сухарэнкі прызначаныя менавіта для таго, каб выклікаць у вас страх - прымусіць вас застацца дома. Рэч у тым, што тая самая глябалізацыя і зьяўленьне мэханізмаў міжнароднага "паліцэйскага" нагляду, якія ў нас звычайна ганяць, робяць вельмі нязручным і, больш таго, небясьпечным ужываньне сілы супраць палітычных праціўнікаў. Гэта можа скончыцца палітычнай блякадай, эканамічнымі санкцыямі, міжнародным ордэрам і сьмерцю ад інфаркта ў камэры Гаагскага трыбуналу. Апроч таго, сіла супраць значнай масы народу можа аказацца проста неэфэктыўнай. Ясна, што найлепшая тактыка для рэжыму - палохаць, палохаць і яшчэ раз палохаць. Эксплюатаваць інстынкт самазахаваньня. Аднак, на практыцы, ваш інстынкт можа спаць спакойна - гэта блеф. Больш паловы тых жахаў, якія цыркулявалі апошні месяц выявілася туфтой, як толькі пачынаеш капаць у глыбіню. Атрымаць па карку, можа нават трапіць на суткі ў разьмеркавальнік на Акрэсьціна - так, ня выключана. Але ад гэтага, паверце, ніхто не памёр. Калі вам надарыцца гэта адчуць, вы, прынамсі, зможаце напісаць у сваім дзёньніку "я павідал жызьнь!", і вам будзе што распавесьці дзецям, каб яны вамі ганарыліся. Якія плюсы? Сама пастаноўка гэтага пытаньня можа зьдзівіць знэрваванага чалавека. Але акцыя пратэсту дае шмат падарункаў тым, хто яе не баіцца. Найперш, гэта людзі. Рэдкі выпадак, калі ў адным месцы зьбіраюцца людзі розных прафэсіяў, сацыяльных і ўзроставых групаў, аб'яднаныя адной ідэяй. Гэта цудоўны шанец разарваць нудную абалонку будзёнасьці і знайсьці новых сяброў сярод людзей, зь якімі вы ніколі не перасячэцеся ў звычайным жыцьці. Адчуваньне агульнасьці, лёгкі прысмак небясьпекі - паступова фармуюць неперадавальную атмасфэру братэрства. Праграміст дазнаецца, што вышыбала можа аказацца цудоўным суразмоўцам, а вышыбала пераканаецца, што праграміст - гэта не дыягназ у Навінках. На адной з акцыяў 96-97 гадоў быў выпадак, калі былы "хіпан" пасябраваў з чалавекам, які раней працаваў у міліцыі і ганяў гэтага самага хіпана ў 80-х. Яны цяпер любяць сустрэцца за куфлем, са сьмехам прыгадаць старыя часы. Ня ведаю іншай сытуацыі, у якой сяброўства пераступае цераз бар'еры. Жыцьцёвы досьвед. Экстрым грамадзянскага пратэсту вучыць правільна ацэньваць людзей, захоўваць розум у складанай сытуацыі. Не губляць пачуцьця гумару. Ідзем. Што браць? Пашпарт браць. Заліковак, студэнцкіх ня трэба. Важных папераў з працы таксама цягаць ня варта. Грошай узяць трэба, можа спатрэбіцца пад'есьці, зайсьці ў грамадзкую прыбіральню, выклікаць таксоўку. Беларускія рублі лепш. Абмяняць валюту не заўсёды дазваляе сытуацыя. Можаце прыхапіць бутэрброд у пакеціку. Усё, што можа трактавацца як зброя (вострае, гарачае і г.д.), мусіць застацца дома. Значкі, сьцягі, стужкі - браць. Мабілу вазьміце, хаця найхутчэй, яна ня будзе працаваць. Загадзя купіце картку для таксафона. Многія сьцьвярджаюць, што лепш ісьці налёгку, з пустымі рукамі. Мы абвергнем гэтую тэорыю. Вазьміце з сабою сумку з дадатковай вопраткай. Лепш за ўсё сумку з каркасам, альбо партфэль. На ёй можна будзе сецьці, яна можа стаць сталом, і, што цікавей, ёй можна прыкрывацца як шчытом. Як апранацца? Вопратка - цёплае, цяплей чым звычайна. Скураныя вырабы вітаюцца. Ня кепска мець з сабой штосьці тонкае непрамакальнае - "вятроўка" - яна можа абараніць ад вады і вільгаці, можа маскаваць іншую вопратку, і займае мала месца ў згорнутым выглядзе, нават у кішэню пры жаданьні можна пакласьці. Які-небудзь швэдар - абавязкова.
|