Стыхійны мітынг прадпрымальнікаў
Рэйтынг: / 0
ГоршаяЛепшая
Monday, 20 August 2007
Учора ўдзень падаковая інспэкцыя ладзіла рэйдавую праверку найбуйнейшага сталічнага кірмаша “Ждановічы”. Глядзелі гандлёвы цэнтар “Сьвет Моды-3”, які знаходзіцца ў цэнтры кірмаша.
У часе праверкі крамы на трэцім паверсе, якая гандлюе натуральнымі футрамі, высьветлілася, што прадавачка ня можа паказаць падаткавікам адзін з патрэбных дакумэнтаў. А менавіта паперыну, якая павінна была засьведчыць дазвол уладальніка тавару на ягоны продаж крамай або непасрэдна прадаўцом. Тады падаткавікі заявілі, што ўвесь тавар будзе неадвалочна перапісаны й сканфіскаваны – а тавару там было прыкладна на 100 тысяч даляраў. Гандляры пачалі пераконваць правяраючых, што чуць ня чулі пра неабходнасьць мець такую паперку, што ніхто не паведаміў ім пра такое новаўвядзеньне. Але дзяржаўныя службоўцы былі непахісныя.
У выніку пачаўся пратэст гандляроў трэцяга паверха, дзе збольшага месьцяцца крамы дарагой скураной вопраткі і футраў. Людзі сабраліся вакол падаткавікоў і пачалі абурацца, казаць, што гэта сапраўдны “ўседазвол і самадурства”. Іх падтрымалі гандляры і прадпрымальнікі зь іншых паверхаў. У выніку на трэцім паверсе назьбіралася больш за 100 чалавек, якія скарысталі момант, каб выказаць прадстаўнікам улады свае праблемы. Яны казалі, што падатковыя ды іншыя структуры вядуць сапраўдную вайну супраць прадпрымальнікаў, зьмяняюць заканадаўства і не інфармуюць пра гэта, выдаюць цішком новыя правілы і пастановы, а пасьля налятаюць і сканфіскоўваюць тавар.
Урэшце на месца задрэньня прыехала міліцыя, і ўсе мусілі разыйсьціся. Але, як зазначыў нехта з прысутных, гэта “было знакавае здарэньне. Бо звычайна, калі беларуса б’юць, сусед адварочваецца і думае: “абы б мяне не чапалі”.
http://aljans.org