Head
Гость
|
Зянон Пазьняк – палітычны абсалют нацыянальнай ідэі. Хрысьціянін. Паэт. Эмігрант. Самотны лідэр апошняга беларускага Адраджэньня.
Пазьняк адкрыў усяму сьвету Курапаты. Заснаваў Беларускі Народны Фронт. Узначаліў апазыцыю ў Вярхоўным Савеце на хвалі развалу СССР. Дамогся незалежнасьці.
У Беларусі імя Пазьняка стала сынонімам палітыкі нацыянальных інтарэсаў.
Пазьняк – вылітая воля й вера Беларусі. Пазьняк, які адкопвае чарапы ў курапацкіх ямах, ідзе ў першых шэрагах на Чарнобыльскім шляху, прамаўляе з трыбуны – найярчэйшыя кадры кронікі беларускага руху. У Пазьняку пэрсаніфікаваная ўся ўнутраная сіла, адпорнасьць і ідэалістычная прынцыповасьць, глыбока схаваныя ў кожным беларусе. Уся ахвярнасьць і пакута, узьнёсласьць і боль беларускай гісторыі выявіліся ў гэтай высокай, хударлявай і годнай постаці, у аграмадным бліскучым лобе, моцным падцятым падбародзьдзі, у глыбокіх чорных вачох.
Вось чаму так панічна баяліся Пазьняка камуністы, кадэбэшнікі й Крэмль.
Пазьняк стоік, як і заснавальнік стаіцызму – Зянон. Аскет. Па-манаску стрыманы й па-пурытанску строгі. Арыстакрат духу, як і ўсякі нацыянальны герой, Пазьняк – вяршыня цэлае дынастыі. Дзед, Ян Пазьняк, дзеяч БНР, засноўваў Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю і быў расстраляны бальшавікамі. Бацька, Станіслаў, ваяваў з фашыстамі й загінуў на фроньце ў 1944-м.
Кажуць, што Зянон спазьніўся на пару стагодзьдзяў. Нам бы, маўляў, такога правадыра ня ў 1994-м, а ў 1794-м! Насамрэч ён зьявіўся вельмі своечасова. Тады, калі атупелыя, абалваненыя, зьнявераныя беларусы забыліся, кім яны ёсьць увогуле. Нацыя была фактычна ў стане клінічнае сьмерці. Пазьняк яе рэанімаваў.
Археоляг і фатограф Зянон Пазьняк у 1987 г., з пачаткам Перабудовы, апублікаваў жахлівыя матар'ялы раскопак у Курапатах, якія сам таемна вёў доўгія гады – і ўмомант стаў жывым сьцягам антыкамуністычнага руху. Ужо 19 кастрычніка 1988 г. ён стварае Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту, а праз два тыдні ачольвае першае масавае шэсьце “Дзяды”, жорстка разагнанае міліцыяй.
Пазьняк на чале парлямэнцкай апазыцыі – усяго 30 дэпутатаў! – здолеў пераламіць сытуацыю ў пракамуністычным Вярхоўным Савеце пачатку 90-х гг. Трыста саўковых нардэпаў пад няўмольным позіркам Пазьняка прымалі “Дэклярацыю незалежнасьці”, бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоню”, стваралі ўласнае войска, мытню, бюджэт... Стваралі дзяржаву.
“Не кілбасы мусім шукаць, а Бога!” – казаў тады Пазьняк.
І гэта быў сапраўды цуд Божы: перамога над Імпэрыяй зла.
Геній нацыяналізму, полюс непадкупнасьці, чалавек сталёвых нэрваў, Пазьняк адначасова заставаўся мастацтвазнаўцам, лірычным паэтам, поўным пяшчоты да свайго краю й любові да Бога. "Ave Maria" на ягоныя словы стала "Песьняй года -1994". Пасьля ягоных белых вершаў хочацца плакаць і цалаваць беларускую зямлю.
Але няма прарока ў сваёй айчыне. Пасьля шматтысячных маніфэстацыяў Вясны-96 пад пагрозай расправы Пазьняк мусіў зьехаць за мяжу й папрасіць палітычнага прытулку ў Амэрыцы.
Пазьняк – харызматычны лідэр і палітык крышталёвае чысьціні, а гэта тая яшчэ рэдкасьць. Яго аблівалі брудам, яму здраджвалі паплечнікі, яго замоўчвалі – але ён ані на цалю не зьмяніў сваіх прынцыпаў. Яго папракалі ў бескампраміснасьці й катэгарычнасьці – але ці можа крышталь ня быць цьвёрдым!
Так, цяпер Пазьняку прынята прыгадваць палітычныя памылкі. Але ж сярод сучасьнікаў, менавіта Пазьняк, найбольш ясна сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю ў сваіх кнігах “Сапраўднае аблічча”, “Gloria Patria” і “Новае стагодзьдзе”.
Пазьняк, як моцны магніт, прыцягвае й адштурхоўвае, абуджае веру сябраў і выклікае шал ненавісьнікаў. Але нават ворагі трапечуць у ягонае прысутнасьці. Калі Пазьняк глядзіць табе ў вочы – мурашкі ідуць па скуры, а жар зьмяняецца холадам.
Бо Пазьняк ня проста кажа. Ён прарочыць. Ягоныя выразы кшталтаваныя й адточаныя, ягоны голас гучыць уладна й велічна – і ягоныя словы збываюцца. "Усё так, як казаў Пазьняк!" – у Беларусі ўжо даўно расхожая фраза.
Фэномэн Пазьняка тлумачыцца проста. Зянон Пазьняк – беларускі хрысьціянін на ўсе 100%. У ім гэта ад Ісуса Хрыста – выкрываць і заклікаць. Пазьняк робіць гэта па-каталіцку гранёна й бліскуча – так, што працінае да самага сэрца.
Постаці такога маштабу можна разгледзець толькі здалёк. Іх ацэньвае гісторыя. І Беларусь урэшце рэшт ацэніць.
Таму што рана ці позна будзе так, як казаў Пазьняк.
(с) Павал СЕВЯРЫНЕЦ. Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі.
|