enn
|
№ 26 (432) 15 ліпеня 2005 ...У месьце Гарадзенскім каралёў як агню баяцца, ня меней ад колеру апэльсінаў ды мандарынаў - уладзе ўсё болей цароў падавай. Вось, бывала, прыходзіла маскоўская навала, паліла горад, жыхароў у палон у любую Маскву забірала. Вось гэта ўгодкі, вось гэта сьвята! А калі Кацярына захапіла Горадню? Гэта для ўлады папросту цымус гістарычны, яна яго гатовая смакаваць ды смакаваць, нарабіўшы каўбасы «губэрнскай». Сьніць мясцовая ўлада па начах гурты замежных турыстаў, бо гэтак загадана са сталіцы - любым гвалтам іх сюды цягнуць і валюту вытрасаць. Але ўжо мала замежнікаў засталося, якія адважваюцца наведацца ў краіну сталінскіх умацаваньняў, а хто не баяўся, ужо пачаў баяцца. Мала таго што нядаўна несьвядомыя амэрыканцы візы беларускія пакуплялі, дык яшчэ мусілі рэгістравацца, а не зарэгістраваліся - міліцыя і пакараньне. А наступным разам - у кайданкі! Гарадзенскай уладзе загадана вазіць замежных турыстаў па Аўгустоўскім канале, пачынаючы з наступнага году. Але, дапусьцім, захацелася беларусам на свой канал паглядзець, сядаюць яны ў машыны, едуць, а там іх сустракаюць доблесныя памежнікі і складаюць пратаколы, а потым цікаўных штрафуюць бязьлітасна, бо - памежная зона! Як у памежнай зоне разьвіваць замежны турызм, яшчэ болей незразумела - хіба што пад вартай, «пад канвоем», бо хто іх ведае - замежнікаў! Вычытала яшчэ мясцовая ўлада ў кніжцы пра Аўгустоўскі канал, што тамака перад апошняй вайною будавалася «лінія Молатава», і пачала ўлада мроіць: чым молатаўскі «ўкрэпраён» горшы ад сталінскага, чаму б не аднавіць? Замежны турыст касякамі паедзе, адных матрошак ды ікры ўжо замала, каб прыцягнуць сэраў і містэраў. А спачатку пабудуем, зробім шоў з танкамі ды гарматамі. Седзячы ў шкуры ўлады, пачынаеш міжволі падзяляць замежнікаў на сваіх і чужых. На поўначы - не свае, натаўскія, на поўдні - таксама ў тым кірунку пнуцца ды яшчэ аранжавай заразай спрабуюць заразіць. Нам такіх ня трэба. Тыя, што на захадзе, цяпер да нас самі не паедуць, бо дзеля чаго мы гэтак упарта і зацята душым Саюз нашых палякаў? Ну зразумела - каб тыя палякі сюды носу не паказвалі, не нанесьлі сваёй заразы натаўскай. Складаная, вельмі нэрвовая служба ў мясцовай улады. Бо дзе ў такіх умовах браць замежнага турыста, плян па якім сталіца спускае зьверху? I раптам я раблюся відушчым па-ўладнаму: эўрыка! А фэст гарадзенскі нацкультур навошта, дзеля чаго? Дзеля гэтага! Дзеля свайго, бясьпечнага замежнага турыста! Прыгадаў я вельмі дарэчы, як апошнім разам на адкрыцьці фэсту адзін армянін выклікаў замілаваньне і воплескі з боку ўлады, расказаўшы ў мікрафон, як, сустракаючыся з армянскім прэзыдэнтам, наш пахваліўся: у мяне ёсьць свае армяне, харошыя рабяты. Цяпер улада хоча зрабіць сваіх палякаў, украінцы некаторыя, бадай, ужо ёсьць, грэкі таксама, немцы, казахі і гэтак далей. 3 заплюшчанымі вачыма, у шкуры ўладнай я пачаў марыць у патрэбным рэчышчы: урачыстае адкрыцьцё штучнай воднай артэрыі, на параходах вязуць уласных замежнікаў, ніхто не палохаецца варты, калючага дроту ды іншых абавязковых атрыбутаў зоны памежнай пад назвай «Аўгустоўскі канал», бо ўсе мы выйшлі з краіны сярпа і молата, усе мы з-за калючага дроту, з-за жалезнай заслоны, а хто здолеў вымкнуцца з абдоймаў Вялікага Брата, уцячы ад нашай дружбы народаў, той - ня наш...
|