Ці пераменіцца Лушнікаў?...http://www.svaboda.org/xml/articles/2006/09/8DB892B1-6AB4-4E1E-8BCB-A2A17B158B66.htmlАндрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца”.
...Калі я сядзеў на Акрэсьціна ў сакавіку, так выпала, што ў камэру да нас зайшоў шэф асабістай аховы Лукашэнкі, ягонае прозьвішча Лушнікаў. У гэтай сыстэме хтось такі, як шэф асабістай аховы, хтось такі сакрэтны і набліжаны, давераны і падазраваны, мусіць быць паказальнай фігурай.
І вось – ён паехаў у турму, напханую маладымі бунтаўнікамі, яму, мусіць, карцела пабачыць, хто ж гэта палез на Плошчу, хто пасьмеў; зь ім быў ягоны расейскі дарадца, абодва ў скуранках і да бліску нашмараваных туфлях, такіх даўганосых, модных, дарагіх. І вось гэты Лушнікаў, ня зьняўшы норкавай шапкі, пытаўся нас, хто мы, а мы, васьмёра нас было ў камэры, стаялі перад імі і адказвалі. І калі хто адказваў яму па-беларуску, нянавісьць закіпала ў ім і аж вусны яму крывіла, але пры гэтым ён пазьбягаў глядзець вочы ў вочы таму, яго вочы ўцякалі.
За гэтым было штось глыбейшае, чым палітычная варожасьць, – можа боязь, а ці сорам, недаступнасьць разуменьню, ці, зрэшты, проста гадзіўся беларускамоўнымі. Расейскі дарадца глядзеў на нас абыякава, як дарослыя -- на зьвяроў у заапарку, так капіталісты мусілі пазіраць на чарнаскурых рабоў, а вось Лушнікаў “палаў нянавісьцю” літаральна. Ён сышоў, засовы на дзьвярах – тоўстыя, жалезныя -- павярнуліся з скрыгатам, толькі, здавалася, гэтае ягонае пачуцьцё засталося вісець у паветры...
Дык вось, веру, што гэты Лушнікаў пераменіцца, ператворыцца, і нянавісьць да ўсяго беларускага, шырэй – да ўсяго Інакшага, чым ён сам, перастане пад’ядаць яго зьсярэдзіны. Бо веру, што наша нацыя, як іншыя ўжо, зьяднаецца ў пашане да сваіх падставовых нацыянальных знакаў – мовы, культуры, вартасьцяў...