enn
|
Наша Ніва [6] 23 лютага 2007
Аб свабодах
Усе людзі родзяцца роўныя, толькі ня ўсіх чакае адзінакая доля. Адны зь іх трымаюць уласьць над народам, ім жывецца добра. Але тым, хто пад гэту ўласьць пападае, — дрэнна прыходзіцца. Што гэта несправядліва — кожны ведае; толькі ня кожны добра разумее, як зрабіць, каб бяду паправіць. А трэба ведаць, што ва ўсіх краёх, дзе сам народ піша законы, ён ужо дабіўся роўнасьці: там ёсьць такія парадкі, што забясьпечваюць роўнасьць усіх людзей прад законам (за роўнасьць у багацтве доўга яшчэ, мусіць, будзе ісьці вайна на сьвеце!). Нашы дэпутаты павінны дабіцца такіх самых парадкаў, павінны ўцьвярдзіць вось які закон: усе людзі ў гасударстве, ня гледзячы, якой яны народнасьці і якой веры, мужчыны і кабеты — усе роўныя прад судом і законам. Усе — багатыя і бедныя, чыноўнікі і іншыя людзі — роўна атвячаюць прад тым самым судом і роўна церпяць кару за свае праступкі. Разьдзел на мужыкоў, дваран (шляхту) і т.д. і ўсялякія агранічэньні якой-колечы адной часьці народу — адмяняюцца на заўсягды. Калі людзі ўсе роўныя, то яны мусяць быць і свабодныя: ніхто — ніякія чыноўнікі ды «апекуны» народныя не павінны панаваць над народам і кіраваць ім проціў яго волі, бо яны такія ж людзі, як усе, і, як усе, павінны слухаць і спаўняць прыказы народу. Дзе толькі народ сам упраўляе сабою, там кожны чалавек мае роўныя з другімі правы, устаноўленыя народнымі выбарнымі. Гэтыя правы можа адабраць толькі суд, і то суд прысяжных, выбраных усім народам. Каб жа асудзіць чалавека, трэба даказаць, што ён праступіў закон, напісаны народам. Ва многіх краёх свабодныя парадкі пасталі ўжо даўно, хоць і доўга прыйшлося народу за іх ваяваць. У Англіі, прымерам, гадоў 700 таму назад быў кароль Іаан Безьзямельны, дык ён надта ўпадабаў садзіць няўгодных яму людзей у турму, адбіраць ад іх усё дабро ды гнаці ў высылку без усялякага суда. Тады падняўся народ і прымусіў караля падпісаць маніфэст, дзе кароль абяцаўся нікога ні арыштаваць, ні грабіць, ні высылаць. пакуль суд гэтага не пастановіць, згодна з законамі, напісанымі народам. Куды пазьней дабіўся народ англіцкі вось якога закону: арыштованых людзей доўга марыць у турме (як у нас) няможна; арыштаваць можна толькі па прыказу суда, а ніколі не па прыказу жандараў, паліцыі і т.д.; не пазьней як праз 24 гадзіны пасьля арышту абвіняемага павінны прывесьці на сьледзтва, дзе яму скажуць, за што арыштавалі; калі прызнаюць, што няможна яму даказаць праступка, то яго пушчаюць на свабоду. Дзеля гэтага закону няможна, хоць бы і хацеў, доўга гнаіць чалавека ў турме, як гэта робіцца ў нас: іначай народ заступіцца за арыштованага. 3 усяго гэтага народу было бы мала карысьці, каб ня той закон, каторага дабіўся народ гадоў 10 пазьней. Вось гэты закон: пісаць усе законы і назначаць новыя падаткі мае права толькі сам народ; кароль гэтага права ня мае. Бяз гэтага кароль мог бы ўсе тыя законы, што дабыты народам, адмяніць саўсім, і нічога яму ня зробіш. Але цяпер ужо таго быць ня можа. Толькі раз адзін кароль хацеў назначыць новы падатак без сагласу народу. Народ пастанавіў грошай не плаціць. Пачалася вайна між каралём і народам, і народ зваяваў караля. 3 тае пары настала ў Англіі праўдзівая свабода. Народ дабіўся яшчэ шмат чаго: свабоды сумленьня (веры), слова, друку, сходаў, таварыстваў і саюзаў, забастовак. Аб гэтых свабодах пагаворым другім разам, цяпер скажам толькі, што ў Англіі асоба і кватэра кожнага чалавека — рэч сьвятая: без пастанаўленьня суда прысяжных ня можна нікога арыштаваць, ня можа паліцыя ўхадзіць да чужой кватэры, рабіць вобыск, забіраць паперы, лісты, пісулькі, фатаграфіі, — як робіць наша паліцыя. Гаварыць доўга аб тым, што робіцца ў нашым краі, у якой паняверцы тры-маюць народ наш розныя «ўласьці», як бясчэсьцяць усіх жандармы і паліцэйскія — ня варта: кожны аб гэтым чуў, а надта многа людзей і цярпела гэта ад «начальства». Яшчэ горш прыходзіцца народу, ж аб’яўляецца ў нас «ахрана» ды «ваеннае палажэньне»: тады кожны ўраднік ды стражнік, акалотачны ды гарадавы, нягледзячы ні на якія законы, робяць, што хочуць, — законы ўжо ня маюць сілы, мае яе толькі воля начальства. Арыштуюць людзей па даносу і брахні платнага слугі паліцэйскага, робяць вобыскі ўсюды — у хатах і на вуліцы, высылаюць шмат людзей без суда ў далёкую ды халодную Сібір. Каб гэта зрабілася ў Англіі, то было бы процізаконна; у нас — не: так начальства пастанавіла! Усюды, гдзе ёсьць народнае ўпраўленьне і свабода, кожны чалавек мае можнасьць свабодна езьдзіць з аднаго месца на другое. У Расеі цяпер гэта трудна: для гэтага трэба мець паспарт. Бяз паспарту цябе ня пусьцяць жыць у кватэры чы ў якім заезьдзе, не дадуць работы, ды яшчэ ў турму пападзеш. А каб выехаць за граніцу, то трэба мець другі паспарт, а дастаць яго і трудна, і дорага каштуе. Адным словам — бяз паспарту чалавек прападае. Здавалася бы, што калі ў нас такі парадак з паспартамі, то лёгка лавіць злодзеяў ды іншых праступнікаў закону, — ажно не: у Англіі, дзе паспартоў няма, куды менш злыдняў уцякае ад суда, як у Расеі. 3 гэтага ясна відаць, што гэтыя паспарты шкодзяць ня злодзеям, а ўсім спакойным і справядлівым людзям.
|