britun
|
Апіраючыся на алебарду і цяжка дыхаючы, у згнеценым шаломе і пашматанай кальчузе, стаяў рослы літвін і здзіўлена глядзеў на ваяра ў звярыных шкурах. З галавы да ног заліты сваёй і чужой крывёй Явар сплюнуў выбітыя зубы, затым падняўся з кален і ўставіў сякеру ў раменную пятлю. Прыціснуў далонь да грудзей, скрозь пальцы цурчэла кроў. Цяжка дыхаючы, нахіліўся да зямлі і вырваў жмут травы. Паклаў у рот, пажаваў, затым зялёна-чырвонага колеру жованку прыклаў да раны. Водзячы вачыма па зямлі, шукаў свой меч. Вітаўт пад'ехаў бліжэй, акінуў поглядам ратнікаў і хрыплым голасам спытаў: – З каторай харугвы? Мы, таго… з Берасцейскай харугвы... – зняўшы шалом з галавы, крыху разгублена адказаў літвін. – Каторы з вас забіў магістра? Літвін моўчкі паказаў рукой з шаломам на Явара. – Ваяр! – гучна крыкнуў вялікі князь. – Хто ты? Якога роду? Юнак падняў запэцканы крывёй твар на князя і ветліва пакланіўся. – Явар! А роду – ятвяжскага. – А-а! Ятвяг! – кіўнуў галавой Вітаўт і спытаў: – Хто цябе навучыў так зацята змагацца? – Тата! – ваяр усміхнуўся ротам з выбітымі пярэднімі зубамі. – Ён гаварыў: спачатку збівай з ног каня, затым рабі з лыцарам, што хочаш. Яшчэ гаварыў, вельмі добра, каб галоўнага лыцара забіць, тады і з рэштай лягчэй будзе зладзіцца. Вітаўт выпрастаўся ў сядле і гучна сказаў: – Ты атрымоўваеш тытул рыцара Вялікага Княства Літоўскага! Адгэтуль будзеш жыць у маім замку. – Дзякуй! – ваяр пакланіўся князю, падняў меч і ўставіў у ножны за спінай і сказаў: – Навошта мне тытул лыцара. Я, не хачу жыць у замку. Лепш дазволь мне вярнуцца дахаты. Ахова гучна рагатнула. Вітаўт здзіўлена падняў руку. Ахова сцішэла. – Дзе твая хата? – У Белавежскай пушчы. – Ну, тады вазьмі латы гэтага нябожчыка, – Вітаўт паказаў рукой на магістра. Явар грэбліва скрывіўся. – Такіх цацак у мяне дома хапае. Некалькі разоў лыцары з'яўляліся ў пушчы, нават надакучылі. – І што вы там з імі рабілі? – з цікаўнасцю спытаў Вітаўт. – А нічога! – з абыякавасцю паціснуў плячыма ваяр і дадаў: – Забівалі ўсіх. – Так ужо і ўсіх? – трохі кпліва сказаў князь. – А як жа інакш? – ваўкавата бліснуў вачыма Явар. – Лес Белавежскай пушчы можа пакрыўдзіцца і наслаць мор на звяроў. Не! Заўжды забіваем усіх – такі наш звычай. Ахова гучна зарагатала. Смяяліся са смакам, ад душы. Вітаўт таксама ўсміхнуўся і сказаў: – Ну, хоць ягонага каня вазьмі, – і дадаў. – Глядзі, які гожы конь. – Каня вазьму, – кіўнуў Явар. – Дарога дамоў доўгая і пехатою не адолець. Тут жа падвялі каня, які, пачуўшы пах воўчых шкур, звар’яцела касіў вачыма і ўпарціўся. Моцнай рукой Явар перахапіў павады і пачаў дзелавіта скідаць з каня жалезныя латы. Затым ускочыў у сядло і сказаў: – Мяркую, сваю справу зрабіў, цяперака і без мяне зладзіцеся. – Ты, хоць ведаеш, каго перамог? – спытаў Вітаўт. – Пэўна, гэта іхні галоўны лыцарь, – адказаў Явар і абыякава скасіў вока на цела магістра. – Адважны ятвяг, ты перамог самага знакамітага рыцара. Вяртайся дахаты і пакланіся векавому лесу ад мяне за тое, што ён накарміў маё войска і дапамог перамагчы ворага.
Добавлено: [time]Сбт 16 Июл 2022 19:46:17[/time] Нейкую хвіліну вялікі літоўскі князь нешта абдумваў, затым галосна сказаў: – І яшчэ!.. Сваёю княжай уладаю прызначаю цябе стражнікам Белавежскай пушчы. Беражыце лес, ён яшчэ не адзіны раз нас уратуе. Хай ахоўвае цябе Бог, ваяр! – і паважліва схіліў галаву. Татарскі хан, выказваючу павагу, гэтаксама ветліва схіліў галаву і прыклаў руку на сэрца. Явар моўчкі кіўнуў і тузануў павады. Ахова вялікага князя расступілася. Ятвяжскі ваяр павольна ехаў, а за ім следам тупаў рослы літвін, сціскаючы рукою ўшчэнт шчарблёную алебарду. Калі гледзеў услед ятвяжскаму ваяру, на момант Вітаўту здалося, што недзе ён ужо сустракаў гэтага воя, але часу на ўспаміны не было. Вялікі князь прыўстаў на стрэмі, узняў грозна меч і гучна крыкнуў: – Адважныя ваяры! Літвіны! Ведаю, што стаміліся ваяваць, але бітва яшчэ не скончылася. Перамога або смерць… Літвіны! Наперад!.. І зноў жа, як гулкі гром, загрукатала і пакацілася рэхам: – Ві-і-таўт!.. Князь нацягнуў павады і рынуўся на ворага. Неўзабаве яго чырвоны плашч знік у гушчы грандыёзнай бітвы. Бачачы Вітаўта, чуючы яго натхняльны кліч, тысячы храбрацоў берасцейскай і гародзенскай харугв акрыялі духам і, махаючы зброяй, кінуліся на ворага. Усё! Пастка зачынілася. Атачыўшы польскіх рыцараў, тэўтоны апынуліся самі акружаны літвінамі. Гэта і вырашыла зыход вялікай бітвы. Ордэн крыжакоў быў разгромлены канчаткова.
У тыя часы шмат было бітваў, але такой Вялікай Бітвы яшчэ не бачылі гэтыя нябёсы. У 1963 годзе шведскі гісторык Свен Экдаль адкрыў і апублікаваў нямецкае пісьмо... У лісце, напісаным праз пару гадоў пасля бітвы, аўтар перасцерагаў новага Вялікага Магістра, каб ён пільнаваўся падманных адступленняў, падобных да тых, што выкарыстоўваліся ў Вялікай Бітве...
Кгароча, адступленне было спланаваным, стратэгічным манеўрам!..
|