http://www.svaboda.org/content/Article/1351007.htmlА.Пушкін: “Трэба любіць свой народ...”
Пушкін: Учора прыяжджала здымачная група “Белсату”, і мы пайшлі да аднаго з гэтых герояў. Лёша Біруля, 20 гадоў, высокі – 172 сантымэтры ростам, дужы хлопец, які, дарэчы, лепш за ўсіх бегаў і даганяў мяне і моцна піхаў, а тады ўжо астатнія набягалі і піналі нагамі. І вось зайшлі мы да яго ў хату – так зьнянацку, адразу. Там нас сустрэла веруюшчая праваслаўная маці, якая думае аб Царстве Нябесным – яна, дарэчы, ходзіць у нашу Бобрскую царкву. Там было яшчэ двое яго братоў і сясьцёр маленькіх, ад розных мужоў. Яны беларусы, але прыежджыя.
І вось я кажу – Лёша Біруля дома? Яна, ад нечаканасьці, яшчэ не пасьпеўшы падрыхтавацца кажа: “Так, дома”. Ну вось, ён выходзіць, мы настаўляем камэру, запальваем сьвятло, і я задаю пытаньне – Лёша, ну ты герой, цяпер зараз пакажуць па скрынцы, па “Белсату”, скажы калі ласка – чаму ты такі жорсткі? І вось тут разгубленасьць гэтага чалавека, ён там пачынае гаварыць: “Ды я вас ня знаю, ды я вас ня біў, ды я нічога...” І гэта пасьля споведзі, калі я напісаў адмову ад узбуджэньня крымінальнай справы.
Ну а потым я яму такія наіўныя пытаньні пачаў задаваць – “А дзе ў вас партрэт Максіма Багдановічіа? А чаго вы ня любіце беларускую мову?” На што маці праваслаўная кажа: “А мы не вешаем портреты людзей живых и мёртвых у себя дома, у нас только иконы...”
Шупа: А што гавораць людзі ў Бабры пра гэтае здарэньне?
Пушкін: Ну пра гэта, вядома, ведаюць. Першая акалічнасьць тая, што гэтая хлопцы, канешне, мяне ня ведалі. Гэта праўда.
Вырасла новае пакаленьне – яму абсалютна ня трэба мастацтва. Усе хадзілі ў Бобрскую школу, дзе дырэктрысай была лютая ненавісьніца беларускай мовы і культуры Шэкун Яўгенія Аляксееўна. Яна – жонка расейскага акупанта падпалкоўніка Шэкуна, які абслугоўваў ракеты СС-20, якія Шушкевіч вывеў з базы “Крупкі-2”.
Ракеты выведзеныя, а жонкі гэтых ваенных і гэтыя ваенныя засталіся ў Беларусі. Яны ва ўсіх такіх маленькіх гарадках Беларусі, асабліва Ўсходу, пазаймалі ўсе гэтыя пасады – дырэктароў школ, інструктараў раённых аддзелаў культуры, начальнікаў аддзелаў культуры, загадчыкаў сацыяльных службаў. Мужы іхныя, адстаўнікі, як заўсёды – ахоўнікі, мянты, прадпрымальнікі. І вядома, больш чым за восем гадоў яе дырэктарства вось такія вырасьлі хлопцы.