А ШТО ІМ БЕЛАРУСЬ
Сьпярша трохі сухой і быццам бы не цікавай інфармацыі - расейскі "Интерфакс-Запад" паведаміў чарговую навіну аб новай расейскай прапанове (у выглядзе ультыматума), для антыбеларускай улады. Сутнасьць навіны ў тым, што канцэрн "Белнафтахім" і расейская кампанія "Газпром инвестпроект" дасягнулі дамоўленасьці аб прапрацоўцы пляна інвестыцыйнага праэкта, коштам $1 млрд., па будаўніцтву азотнага комплекса ў ААТ "Гродна Азот".
А каб не заставалася сумненьняў у "дабраахвотнасьці" прыняцьця такой расейскай прапановы "беларускім" бокам, было адзначана, што "рэалізацыя гэтага праэкта ёсьць адной з умоваў прадстаўленьня Менску у 2013 годзе жаданых аб’ёмаў імпарту нафты і ключавым момантам у перамовах па нафтаваму балянсу на 2014 год."
Альбо кажучы па іншаму – "сделаете то что нам (русским бизнесменам и Кремлю) выгодно, тогда и поговорим о нефти для Белоруссии."
Каб цалкам уявіць пра што ідзе гаворка было адзначана, што новыя магутнасьці будуць уяўляць з сябе па сутнасьці новую буйнамаштабную вытворчасьць азотных угнаеньняў, у тым ліку цэх па вытворчасьці аміяка, метанола, вадарода і цэху карбаміда. Нагадаем, што размова йшла пра будаўніцтва новага прадпрыемства у межах ААТ "Гродна Азот".
А зараз патлумачым, чаму гэтая навіна выклікала, мякка кажучы, вялікую трывогу. Прычына не толькі ў тым, што мы назіраем звыклы расейскі нахабны дыктат нашай краіне (пры беларускім кіраўніцтве, такое было б немагчыма ў прынцыпе). Справа яшчэ і ў тым, што пры рэалізацыі праэкта рэзка ўзрастае небясьпека насельніцтву і старажытнаму беларускаму месту Гародне.
Дарэчы, будзе да мейсца ўзгадаць некалькі прыкладаў небясьпекі такой вытворчасьці. Як вядома, выбух на заводзе мінеральных угнаеньняў у ЗША, у красавіку 2013 года, ва Ўэсьце штата Тэхас, спрычыніўся да таго, што выбухам было зьнесена палова места, былі шматлікія ахвяры. Выбух быў такой моцы, што Геалягічная служба ЗША зафіксавала землятрус у 2,1 бала. А вось насельніцтва Гародні, больш чым насельніцтва Ўэста, у 132 разы і беларускі камбінат знаходзіцца фактычна ў Гародні (у адрозьненьне ад амэрыканскага, які хоць і знаходзіўся на адлегласьці, тым ня меньш быў зьнішчальным для маленькага Ўэста)... І не істотна, што прычынай выбуху на амэрыканскім прадпрыемстве стала дэтанацыя амічнай салетры, адзначым, што любая хімічная прамысловасьць нясе вялізарную небясьпеку для насельніцтва. Можна, як яшчэ адзін прыклад (а іх было дастаткова ў СССР і сьвеце), узгадаць і выбух дзьвух вагонаў аманіта на станцыі Куроўскай у 1978 годзе, ударная хваля выклікала разбурэньні не толькі на станцыі, а і ў суседнім месьце Кураўское.
І вось давайце параўнаем – на Захадзе, небясьпечныя вытворчасьці, стараюцца не ставіць у буйных гарадах ці побач, а ў нас наадварот – у Гародні, Магілеве, Гомеле, Лідзе... ставяць, і стаяць гэтыя парахавыя бочкі ў значных населяных пунктах. Яны, пакуль Пан Бог мілуе, не выбухаюць, толькі пастаянна "пыхкаюць", праўда "пыхкаюць" небясьпечным хімічнымі злучэньнямі, скарачаючы век беларусам...
Чаму ж так злачынна ставілі і ставяць у нас хімічныя прадпрыемствы? Адказ просты – небеларускім уладам (і за камуністамі, і за калябарантамі), абсалютна пляваць на людзей. Коштам людскога здароўя, людскіх жыцьцяў, эканомілі і эканомяць.
Натуральна, што прадпрыемства ў буйным горадзе прасьцей забясьпечыць працоўнай сілай, не трэба будаваць цалкам інфраструктуру (дарогі, ЛЭП, крамы, школы і г.д.), прадукцыя атрымліваецца больш таннай. Гэтым і тлумачыцца прыняцьце рашэній (праўда зараз дадаўся яшчэ адзін фактар – карупцыя. Дастаткова ўзгадаць, напрыклад, пабудову хімічнага прадпрыемства у пасёлку Дружны, пад Рудзенскам і супярэчлівую мітусьню з прыняцьцем адпаведнага рашэньня).
Натуральна, што новае хімічнае прадпрыемства - будаўніцтва азотнага комплекса (для якога звычайным ёсьць вытворчасьць азотных угнаеньняў, выбуховых рэчаў, ракетнага паліва, кіслотаў і г.д.), было б неабходным ставіць у мейсцы, дзе яно б найменьш пагражала людзям, а не ў Гародні. Але ж гэта будзе нашмат даражэй...
Вяртаючыся да небясьпечнага прадпрыемства ў Гародні, варта узгадаць, што вытворчасьць, у прыватнасьці, азотных угнаеньняў заўсёды ідзе ў зьвязку з вытворчасьцю выбуховых і і іншых небясьпечных рэчаў. Любому студэнту хімічнага факультэта (ці профільна блізкага) вядома, што ў выніку аварыі на хімічным прадпрыемстве можа быць не толькі выбух, а і атрутнае воблака, якое можа несьціся на адлегласьць да дзясяткаў кілямэтраў, таму пры праэктаваньні хімічных прадпрыемстваў улічваецца не толькі адлегласьць ад населянага пункта, а і ружа вятроў і іншыя фактары.
Пакуль Беларусь знаходзіцца пад чужой уладай, адбываецца не толькі выцьсканьне беларусаў са сваёй дзяржавы і зьнішчэньне ўсяго беларускага - мовы, культуры, эканомікі. Мы назіраем шалёныя высілкі чужынцаў, па будаўніцтву небясьпечных прадпрыемстваў на беларуская зямлі, іх пашырэньню – хімічнай вытворчасьці без належных мер абароны насельніцтва, будаўніцтва непатрэбнай і зьнішчальнай АЭС, экалягічна шкодных для эўрапейскай раўніннай краіны ГЭС і г.д., гэта адбываецца дзеля інтарэсаў пэўных расейскіх колаў і купкі набліжаных да антыбеларускай улады.
Бенедзікт
https://pieramoha.org/artykuly/a-szto-im-bielarus