СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ
Адвярнуўшыся ад народнай бядыВядома, што нават у самых невыносных для жыцьця ўмовах чалавек шукае рэцэпты для выжываньня. Прыстасаваньне да немагчымых абставінаў можа быць самым розным. Яно можа быць нават камфортным. Вядома, якой трагедыяй абярнуліся для нашага народа, перш за ўсё для сялянства, лукашыстоўскія аграгарадкі. Сагнаныя ў гэтыя “кітайскія камуны” з родных мясьцін людзі губляюць апошні інтарэс да жыцьця, ня могуць эфэктыўна працаваць, дэмаралізуюцца, сьпіваюцца і доўга не жывуць. Але знайшлася творчая моладзь, якая выкарыстала становішча на сваю карысьць. Маладыя адукаваныя сем’і запісваюцца на пражываньне ў аграгарадку. Старшыня афармляе іх на нейкія пасады, выдзяляе домок на пражываньне. Яны на працу на ферму, зразумела, ня ходзяць, а сьціплы аграгарадкоўскі ганарар аддаюць старшыні. Абодва бакі задаволены.
Справа ў тым, што маладыя творцы завозяць у свой “агракатэтджык” кампутарную тэхніку і разгортваюць працу на адлегласьці (фрылансэрства, цяпер такіх фірмаў ёсьць безьліч). Ёсьць дзе жыць, і ніхто іх не турбуе. Усё працоўнае жыцьцё праходзіць праз інтэрнэт.
Яно можа і добра, што пэўная колькасьць маладых людзей так прыстасавалася. Глядзіш у манітор і не заўважаеш народную драму, якая разгортваецца вакол, літаральна па суседству. Грошы таксама праз інтэрнэт паступаюць, прадукты можна ў Сеціве замаўляць, нават ваду артэзіянскую ў бутлях прывязуць.
Але вечна так ня будзе. Так ня будзе нават доўгі час. Інтэрнэт-індывідуалізм – кепскі сродак ад праблемаў жыцьця. Жыцьцё абавязкава пастукаецца ў дзьверы і нагадае аб тым, што ўсе мы існуем пад уладай антынацыянальнай хунты. Так ужо было ня раз у гісторыі нашага і іншых народаў. Калі брутальная антычалавечая сіла вяла такіх людзей на пакараньне, яны спачатку ўпіраліся і пярэчылі: “А мы што, мы ж нікуды ня лезьлі, нам усё было ўсёроўна. Мы палітыкай не цікавіліся… І по-русскі говорілі. Мы всегда былі – за!” А іх вялі далей і забіралі ўсё заробленае.
Калі адукаваная маладая эліта адварочваецца ад народнай бяды і займаецца выключна сабой – чакай бяды.
Янка Базыль
http://www.bielarus.net/archives/2013/02/22/2959