Zenia
Гродненец
 Репутация: +52/-0
Offline
Пол: 
Сообщений: 256
|
Прошу прощения, что так много. Есть в самом начале оглавление, кому интересно, тот прочитает только интересующие разделы.
Если кого интересует сотрудничество - далучайцеся! (пишите в личку).
“БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЬЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ”
Праграма Партыі
Зьмест: 1. Духоўвае адраджэньне і нацыянальная ідэя. 2. Дзяржаўны лад. 3. Асоба і супольнасьць 4 Правы чалавека. 5. Свабода, салідарнасьць, справядлівасьць, адказнасьць 6. Сацыяльная абарона 7. Эканоміка 8. Рэлігія й свабода сумленьня 9. Нацыянальныя задачы 10. Здаровае і маральнае грамадзтва 11. Ахова прыроды 12. Беларусь у сьвеце
I. Духоўнае адраджэньне і нацыянальная ідэя
1.1. Мы супраць бездуховасьці і спустошанасьці. Неабходнасьць поўнамаштабовага духовага абуджэньня, адраджэньня ў людзкіх душах стваральнага, жыцьцясцвярджальнага і аптымістычнага, сутнасна хрысьціянскага і патрыятычнага светапогляду робіцца найпершай, найгалаўнейшай задачай БХД.
1.2. Наш вобраз Беларусі — гэта незалежная, дэмакратычная дзяржава, дзе захоўваюцца правы й свабоды чалавека, краіна хрысьціянскага Адраджэньня ў сэрцы Эўропы.
1.3. Мы грунтуемся на тым, што беларуская нацыянальная ідэя зыходзіць з падставовых прынцыпаў хрысьціянскага сьветапогляду: свабоды, веры, любові, справядлівасьці, роўнасьці, салідарнасьці, адказнасьці. Спазнаньне гэтых найвышэйшых ісьцінаў, сьледаваньне ім у паўсядзённым жыцьці і ёсьць сутнасьцю духовага Адраджэньня.
1.4. Беларуская Нацыянальная ідэя — гэта місія, перадвызначэньне, сэнс існаваньня беларускага народу. Любая нацыянальная ідэя абумоўлена адпаведнай гісторыяй, тэрыторыяй, часам, мэнталітэтам, узаемадачыненьнямі з суседзямі. Адчуваньне гэтага Богам дадзенага наканаваньня, усьведамленьне сваёй унікальнасьці й непаўторнасьці, свайго прызначэньня менавіта на гэтай зямлі, у гэты час і ёсьць нацыянальнай ідэяй. У кожнай нацыі ёсьць вялікая задума Божая. Кожнаму народу Бог дае непаўторныя дарункі – культуровыя, духоўныя, сьветапоглядныя. Кожны народ мусіць несьці адказнасьць перад Богам за гэтыя дарункі і служыць ім і іншым народам і ўсяму сьвету.
З пачуцьця нацыянальнае саматоеснасьці вынікаюць і любоў да роднае краіны, і павага да іншых народаў, і разуменьне сваёй адказнасьці перад тымі хто быў, і за тых, хто будзе пасьля.
Уся Заходняя цывілізацыя вось ужо 2000 гадоў будуецца на хрысьціянскіх падмурках — таму сапраўды эўрапейская Беларусь можа паўстаць толькі з магутным духовым рухам, са сьветапоглядным абнаўленьнем усяго грамадзтва. Сёньня беларуская нацыянальная ідэя бачыцца нам як самарэалізацыя народу Беларусі ў найважнейшых формах — дасягненьні дабрабыту, сучаснай культуры, незалежнай дзяржаве, мове, паважных міжнародных стасунках — на падставе духоўнага хрысьціянскага зьместу.
1.5. Нацыянальныя сымбалі Беларусі.
Як спадкаемцы БХД пачатку 20-га ст., як падаўжальнікі і спадкаемцы традыцыі нацыянальнага і духоўнага адраджэньня Беларусі, мы лічым, што гістарычныя нацыянальныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”, гімн “Магутны Божа” за сымбалі, якія найбольш поўна выражаюць зьмест спрадвечнага імкненьня беларускага народу да хрысьціянскай чысьціні й духовасьці, рашучасьць высілкаў нацыі для дасягненьня праўды й справядлівасьці. Мы заклікаем да павагі і шанаваньня нацыянальнай гістарычнай сымболікі Беларусі як неад’емнай часткі нашай гістарычнай і культуровай спадчыны.
Мы таксама прызнаем права на існаваньне і выкарыстаньне любой іншай сымболікі, якая прымаецца канстытуцыйным чынам беларускім грамадзствам, за выключэньнем сымболікі, зьвязанай з прапагандай фашыстоўскай ці любой іншай ідэалёгіяй, не сумяшчальнай з хрысьціянствам.
1.6. У Беларусі, якая спрадвеку знаходзіцца на геапалітычным скрыжаваньні, сумежжы цывілізацыяў і культураў, нацыянальная ідэя спалучае многія этнічныя й сьветапоглядныя элементы. Мы падтрымліваем усе нацыянальныя мяншыні краіны ў іх праве ствараць шматстайнасьць і шматаблічнасьць беларускага грамадзтва. Беларусь усёй сваёй гісторыяй сьцьвярджае ідэал верацярпімасьці й узаемапавагі ў суіснаваньні розных народаў і рэлігіяў.
ІІ. Дзяржаўны лад
2.1. Беларусь павінна быць незалежнай, нацыянальнай і дэмакратычнай дзяржавай. Мы ганарымся тым, што для дзяржаўнага і грамадзянскага жыцьця нашых продкаў быў уласьцівы дэмакратызм. Беларусы заўсёды змагаліся й будуць змагацца супраць дэспатычных рэжымаў. З XV ст. найвышэйшым ворганам улады Беларусі быў прадстаўнічы Сойм, а з XVI ст. выбарныя ворганы ажыцьцяўлялі й мясцовую ўладу. Нормаю нашага старажытнага права быў кансэнсус — юрыдычны ідэал, які сёньня недасяжны для шмат якіх дэмакратыяў сьвету. Нашая краіна мае глыбокія карані канстытуцыяналізму: Статут ВКЛ XVI ст. быў адным зь першых і самых дасканалых асноўных законаў у сьвеце.
2.2. Сёньняшнюю Беларусь мы бачым як незалежную дзяржаву, пабудаваную на падставе дэмакратыі й законнасьці. Канстытуцыйныя прынцыпы, якія закладваліся яшчэ ў Статуце ВКЛ, маюць на ўвазе забесьпячэньне асноўных правоў і свабодаў, строгі падзел галінаў улады, незалежнасьць судоў і легітымнасьць структураў кіраваньня.
2.3. У грамадзка-палітычным жыцьці БХД спавядае асноватворны прынцып размеркаваньня адказнасьці й паўнамоцтваў, прынцып субсыдыярнасьці. Так, рашэньні павінны прымацца на тым узроўні, на якім яны найбольш эфэктыўна выконваюцца. Мы выступаем за абмежаваньне паўнамоцтваў дзяржавы, за кампактны ўрад і моцнае мясцовае самакіраваньне.
2.4. БХД бачыць Беларусь як парлямэнцкую рэспубліку, дзе найважнейшым прадстаўнічым органам дзяржаўнай улады зьяўляецца Сойм. Сойм будзе абірацца паводле прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы, што дазволіць зрабіць дзейнасьць парляманту арганізаванай і палітычна адказнай. Менавіта Сойм фармуе Ўрад і кантралюе працу выканаўчых органаў. Зьмешаная сыстэма выбараў, калі палова дэпутатаў абіраецца на падставе прапарцыйнага прынцыпу па партыйных сьпісах, а другая – пэрсанальна па выбарчых акругах, зразумелая грамадзянам, паколькі кожны выбарнік, будзе мець свайго прадстаўніка. Яна дазваляе пазьбегнуць нецывілізаваных формаў парляманцкай дзейнасьці, бо дэпутаты, абраныя па партыйных сьпісах, утвораць устойлівыя парлямэнцкія фракцыі.
2.5. Выканаўчую ўладу Беларусі ачольвае прэзыдэнт, які выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі, зьяўляецца гарантам Канстытуцыі і выбіраецца тэрмінам на чатыры гады. Галоўны працоўны ворган — Кабінэт міністраў, які фармуецца Соймам, на чале з прэм’ерам.
2.6. Беларускі суд мусіць быць рэальна незалежным, здольным стаць па-над інтарэсамі іншых галінаў улады ці групаў уплыву. Найвышэйшае правасудзьдзе спраўляе Вярхоўны Суд. Канстытуцыйны Суд ажыцяўляе нагляд за канстутыцыйнасьцю прымаемых законаў і падзаконных актаў. Менавіта суд мусіць курыяваць сьледзтва па крымінальных, грамадзкіх ці адміністрацыйных справах і разам з усімі ворганамі юстыцыі забясьпечваюць захаваньне законнасьці.
2.7. БХД бачыць падмурак незалежнае, дэмакратычнае дзяржавы ў моцным мясцовым самакіраваньні. Муніцыпальныя традыцыі, якія сягаюць каранямі ў веча Полацкай дзяржавы й Магдэбурскае права часоў ВКЛ, у Беларусі павінныя быць вернутыя й адроджаныя ў сучасным жыцьці. У першую чаргу гэта аднаўленьне выбарнасьці й справаздачнасьці мясцовых кіраўнікоў перад тутэйшым насельніцтвам, фінанасавая самастойнасьць, спрашчэньне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу краіны на падставе гістарычных, эканамічных, традыцыйных асаблівасьцяў. БХД стаіць на палажэньнях Эўрапейскай хартыі самакіраваньня.
2.8. БХД выступае за:
-- Народаўладдзе. Адзінай крыніцай улады з'яўляецца народ, які ажыцьцяўляе сваю ўладу шляхам свабодных выбараў. -- Дзяржаву, арыентаваную на нацыянальныя беларускія інтарэсы. Палітыка нацыянальных інтарэсаў павінна быць стрыжнем усёй унутранай палітыкі Беларусі. -- дэідэалагізацыю дзяржавы і усіх дзяржаўных інстытутаў (арміі, органаў правапарадку і бяспекі, сістэмы адукацыі і г.д.);
III. Асоба і супольнасьць
3.1. Зыходзячы з таго, што галоўнай мэтай БХД ёсьць вольны чалавек у адроджанай Беларусі, мы бачым спалучэньне узаемных правоў і абавязкаў асобы й супольнасьці ў гарманічнае роўнасьці. Кожная асоба мусіць клапаціцца пра сябе сама, але задача супольнасьці — стварэньне для гэтага адпаведных умоваў і, канешне, апекаваньне слабымі.
3.2. Паміж цывілізацыямі індывідуалістычнага Захаду й калектывісцкага Усходу беларуская традыцыя вось ужо тысячу гадоў фармулюе залатую, сутнасна хрысьціянскую раўнавагу пэрсаналізму. Пэрсаналізм бачыць у чалавеку не цалкам самастойную, абстрактную адзінку-індывіда, і ня частку безаблічнае аднастайнае “масы”, а унікальную асобу, створаную паводле вобраза і падабенства Божага. Найбольш яскравыя структуры пэрсаналістычнага генэзысу – сям’я, сваяцтвы ды сябрыны, цэрквы – наймагутнейшае апірышча здаровага і маральнага грамадзтва.
3.3. Сям’я — найважнейшая элемэнтарная ячэйка моцнага, здаровага, шчасьлівага грамадзтва, тая адзінка чалавечае супольнасьці, што, зьяўляючыся па сутнасьці хатняй царквой, выхоўвае асобу, забясьпечвае захаваньне й пераемнасьць традыцыяў. Таму ва ўмовах дэмаграфічнага, сацыяльнага й духовага крызысу БХД выступае за ўсебаковую падтрымку сям’і (асабліва шматдзетнай) на дзяржаўным узроўні і недапушчэньне разбурэньня сем’яў праз узаконьваньне “нетрадыцыйных шлюбаў”.
3.4. Сфэра адукацыі беспрэцэдэнтна важная для Беларусі, бо Беларусь мае патрэбу ў выхаваньні якасна новых нацыянальна сьвядомых і духовых пакаленьняў, моладзі, падрыхтаванай да жыцьця ў незалежнай, эўрапейскай, дэмакратычнай краіне. Мы лічым, што паўсюдная дзяржаўная адукацыя мусіць заставацца бясплатнай — але ў далейшым саступаць месца больш грунтоўнай прыватнай і сямейнай. Сыстэма дзяржаўнай адукацыі бачыцца нам як пераважна беларускамоўная. З увагі на традыцыі й велізарны інтэлектуальны патэнцыял мы ставім сабе за мэту стварэньне лепшай у Эўропе сыстэмы адукацыі, якая ўключае ў сябе як дзяржаўную, так і прыватную, нядзельную й сямейную.
3.5. Навука ў сучасным сьвеце робіцца галоўнай вытворчай сілай грамадзтва. Мы ганарымся тым, што Беларусь дала чалавецтву столькі геніяльных вынаходнікаў ды адкрыцьцяў акадэмічнай навукі. Небывалы тэхнічны прагрэс і разьвіцьцё навукаёмістае эканомікі ставяць перад беларускай дзяржавай стратэгічную задачу падтрымкі фундамэнтальнай навукі, перад буйным беларускім бізнэсам — спансаваньне фінансава тэхналягічных навацыяў, а перад беларускім грамадзтвам — разьвіцьцё навуковага й гуманітарнага сэктару.
3.7. Ахова здароўя грамадзянаў, хуткая, бясплатная й якасная мэдычная дапамога павінная заставацца клопатам дзяржавы. Разам з тым мы вітаем пашырэньне прыватных і платных клінікаў, лякарняў ды пансыянатаў. Будучыня Беларусі — за страхавой мэдыцынай.
3.8. Дзяржаўнай мовай Беларусі мусіць быць беларуская. Але адміністрацыйнае спрыяньне беларусізацыі абавязкова павінна спалучацца з найшырэйшай кампаніяй папулярызацыі роднай мовы й культуры, падвышэньнем прэстыжу беларускамоўных дачыненьняў, установаў і асяродкаў. Беларусізацыя нацыянальнага жыцьця бачыцца нам не як бюракратычны працэс, а як творчыя й эфэктныя праграмы, у першую чаргу для дзяцей і моладзі. Руская і ангельская мовы павінны стаць мовамі міжнацыянальных альбо міждзяржаўных зносін.
ІV. ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА
4.1. Найвышэйшы набытак цывілізаванага грамадзтва – правы чалавека.
4.2. БХД выступае за пабудову Беларусі як дэмакратычнай, прававой дзяржавы на падставе прынцыпаў хрысьціянскай дэмакратыі. Вынікам дзяржаўнага будаўніцтва павінна стаць станаўленьне грамадзтва ўсеагульнага дабрабыту, заснаванага на прынцыпах самакіраваньня вольных грамадзян. Правы кожнага грамадзяніна павінны мець прыярытэт перад правамі дзяржавы.
4.3. БХД стаіць на прынцыпах, якія закладзены ва “Усеагульнай декларацыі правоў чалавека” і галоўнейшымі правамі прызнае права на дастатковае харчаваньне, жыллё, працу, прыватную маёмасьць і адукацыю.
4.4. У грамадзтве павінны паважацца правы кожнага чалавека, дапускацца плюралізм думак.
4.5. Усе людзі роўныя перад законам і дзяржавай. Ня можа быць перавагі асобных людзей, ці груп людзей перад іншымі людзьмі ці групамі людзей паводле любых іх інтарэсаў.
V. СВАБОДА, САЛІДАРНАСЬЦЬ, СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ, АДКАЗНАСЬЦЬ.
5.1. Кожны чалавек вольны ў вызначэньні свайго лёсу, ён сам выбірае сабе жыццёвы шлях.
5.2. Свабода дадзена чалавеку ад Бога і таму ні грамадзтва, ні дзяржаўны лад, ні якія небудзь ідэялагічныя догмы грамадзтва не могуць пазбавіць чалавека свабоды.
5.3. Кожны чалавек мае права свабодна развіваць сваю асобу і ўдзельнічаць у палітычным, эканамічным і культурным жыцьці так, як ён абярэ.
5.4. Прызнаньне разнастайнасьці інтарэсаў шматлікіх грамадскіх груп ёсьць адзнака дэмакратычнага грамадзтва. Кожная меншасьць, кожная група мае права ствараць свае арганізацыі.
5.5. БХД лічыць, што дзяржава павінна абараняць усе асноўныя правы чалавека:
– свабоду сумленьня і свабоду перакананьняў, як свабоду прытрымлівацца любой ідэалёгіі і права распаўсюджваць розныя ідэі, акрамя прапаведваньня ґвалту, парнаграфіі, міжнацыянальнай, сацыяльнай і рэлігійнай варожасьці. – свабоду сходаў, мітынгаў, шэсьцяў і дэманстрацый. У заканадаўстве павінен быць замацаваны прынцып рэгістрацыі такіх акцый, а не дазволу на іх правядзеньне; – свабоду слова і друку, незалежнасьць ад дзяржаўных СМІ (прэсы, радыё, тэлебачаньня); – свабоду стварэньня палітычных партыяў, грамдскіх і рэлігійных арганізацый. Абмежаванню належаць толькі арганізацыі, якія распаўсюджваюць ідэі нянавісьці, ґвалту і вайны: – свабоду веравызнаньняў, місіянерства, пропаведзі, рэліійнага выхаваньня і адукацыі, доступу веруючых да сродкаў масавай інфармацыі; – недатыкальнасьць асобы, яе жылля і прыватнай уласнасьці.
5.6. Кожны мае права на атрыманьне і распаўсюджаньне інфармацыі. Дзяржава не можа перашкаджаць свабоднаму абмену інфармацыяй.
5.7. Cправядлівасьць грунтуецца на аднолькавай павазе годнасьці кожнага чалавека. Прынцып справядлівасьці патрабуе аднолькавай свабоды, роўнасьці перад законам, роўных магчымасьцей у палітычным і сацыяльным жыцьці.
5.8. Салідарнасьць - гэта гатоўнасьць кожнага чалавека падтрымліваць адзін аднаго, узаемадапамога людзей. Спагада, спачуваньне, узаемапавага — аснова салідарнасьці. Салідарнасьць дае тое, чаго не магчыма дасягнуць прымусам. Гэта падмурак агульнага дабрабыту і дабрабыту кожнага з нас.
5.9. Адказнасьць азначае захаваньне і разьвіццё духоўнай, культуровай, матэрыяльнай спадчыны, якую мы атрымалі ад мінулых пакаленьняў. Задача сеньняшняга пакаленьня палягае ў адраджэньні нашай прыроднай, культуровай і духовай спадчаны, пераасэнсаваньні мінулага шляху Беларусі і ў нацыянальным пакаяньні.
VI. САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА
6.1. БХД вызначае сацыяльную справядлiвасьць як роўныя для ўсiх магчымасцi рэалiзоўваць уласны творчы патэнцыял у працы, а таксама як iснаваньне сiстэмы надзейнае сацыяльнае абароны непрацаздольных групаў грамадзянаў.
6.2. Сацыяльная палітыка павінна грунтавацца на салідарнасьці як адной з найгалоўнейшых каштоўнасьцей. Сапраўдная сацыяльная палітыка заўсёды накіравана на сацыяльную абарону грамадзян. Яна павінна стварыць умовы жыцьця дастойныя чалавека. Абарона здароўя, гуманізацыя працы, барацьба з беспрацоўем, справядлівае размеркаваньне прыбыткаў - цэнтральная задача сацыяльнай палітыкі.
6.3. Асноўная задача сацыяльнай дзяржавы - гарантаванае законам права на сацыяльныя паслугі і прававы статус бюджэтных работнікаў.
6.4. Мы – за сацыяльныя прывілеі старым, інвалідам і тым, хто страціў працаздольнасьць. Місія дзяржавы - абараняць слабых і непрацаздольных. Трэба стварыць надзейную дзяржаўную сістэму перакваліфікацыі і працаўладкаваньня рабочых і служачых, што згубілі працу.
6.5. Пры гэтым функцыі сацыяльнай дапамогі ў разьвітай краіне выконвае ня толькі дзяржава: у Беларусі мусяць атрымаць разьвіцьцё дабрачынныя грамадзкія ініцыятывы, праваабарончыя цэнтры, царкоўныя прытулкі й цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі. Асноваю беларускае сацыяльнае абароны й пэнсійнага забесьпячэньня БХД бачыць сыстэму страхаваньня здароўя, жытла, нерухомасьці, аўтатранспарту і г.д.
VII. ЭКАНОМІКА
7.1. БХД — за стварэньне эфэктыўнай рынкавай эканомікі, якая б дазваляла напоўніцу разьвіваць вытворчыя сілы народу й адначасова захоўвала б сацыяльную раўнавагу ў грамадзтве. Прынцып вольнага рынку і вядучая роля ў ім прыватнае ўласнасьці не павінныя супярэчыць дзяржаўнаму рэгуляваньню стратэгічных галінаў гаспадаркі, якія фармуюць эканамічную бясьпеку краіны: энэргетыка, камунальная сыстэма, транспарт, структураўтваральныя прадпрыемствы. Беларусь, якая разьмяшчаецца ў самым цэнтры Эўропы, мае адукаванае й працавітае насельніцтва, валодае дастатковымі рэсурсамі й магчымасьцямі для пабудовы сучаснай, інтэграванай у сусьветную, эканомікі.
7.2. Беларусь III тысячагодзьдзя бачыцца нам як сэрвісны й фінансавы, тэхналягічны, навуковы інфармацыйны цэнтар сусьветнага ўзроўню на ключавым геапалітычным скрыжаваньні. Інфрастуктура транзытных шляхоў, гатэляў і выстаўных комплексаў, індустрыя гасьціннага абслугоўваньня й хуткага харчаваньня, турызму й адпачынку; сфэры банкаўскага капіталу й высакаякаснае тэхналягічнае зборкі могуць стаць асноваю эканомікі Беларусі. Інфармацыйныя прадукты й кампутары, бытавая тэхніка й электроніка, найноўшыя тэхналёгіі й інавацыі, й хуткія паслугі у пэрпэктыве здольныя ператварыцца ў візытоўку нашае краіны.
7.3. Асновай новае беларускае гападаркі мусіць стаць сфэра абслугоўваньня, інавацыяў й інфармацыі. Працавітае, адукаванае, гасьціннае й руплівае насельніцтва Беларусі — ідэальныя ўдзельнікі эўрапейскага рынку паслугаў і інфармацыйных тэхналёгіяў. Транзытны сэрвіс, абслугоўваньне фінансавых, навукова-тэхнічных патокаў паміж Эўропай і Азіяй, Балтыйскім і Чарнаморскім рэгіёнамі, інфармацыйная індустрыя й сфэра турызму — магістральны шлях разьвіцьця беларускай эканомікі.
7.4. Беларуская індустрыя мусіць пазбаўляцца ад цяжкае спадчыны савецкае гігантаманіі й вайскова-прамысловага комплексу. Вытворчасьць III тысячагодзьдзя —гэта навукаёмістыя й працаёмістыя высокатэхналягічныя галіны, здольныя сфармаваць экспартны патэнцыял Беларусі: машынабудаваньне й біяхімія, выраб кампутараў і бытавой тэхнікі, сродкаў тэлекамунікацыяў і экалягічных будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтыкі й палімераў, высокаякасных тавараў лёгкай прамысловасьці й прадуктаў харчаваньня.
7.5. Сёньняшняя энэргетыка Беларусі — неэфэктыўная, цалкам залежная ад паставак расейскага паліва, — зьяўляецца сапраўднай эканамічнай праблемай. У будучыні Беларусі неабходная яе карэнная мадэрнізацыя й экалягізацыя, пераарыентаваньне на пастаўкі энэрганосьбітаў з розных крыніцаў (напрыклад, паводле схемы Балта-Чарнаморскага калектару), разьвіцьцё альтэрнатыўнае (ветравое, сонечнае, біялягічнае) энэргетыкі. Пэрспэктыўнае інвэставаньне ў будаўніцтва ТЭС і АЭС на тэрыторыі суседніх дзяржаваў з наступным атрыманьнем долі электраэнэргіі. Разам з тым, эўрапейскім стандартам зьяўляецца строгая эканомія энэргіі — і таму беларусы павінныя вучыцца ставіцца да цяпла й сьвятла вельмі ашчадна.
7.6. Беларусь мае цудоўную базу для вядзеньня сучаснае сельскае гаспадаркі: на кожнага жыхара краіны прыпадае па 0,7 гектару ворнае зямлі — гэта адзін з самых высокіх паказьнікаў у сьвеце. Эфэктыўна выкарыстаць гэтае велізарнае багацьце змогуць індывідуальныя фэрмэрскія гаспадаркі — пасьля ўвядзеньня прыватнай уласнасьці на зямлю й рэарганізацыю стратных калгасаў ды саўгасаў. Беларусь, традыцыйна моцная ў галіне сельскагаспадарчае вытворчасьці, мае ўсе перадумовы ня толькі для забесьпячэньня ўласных патрэбаў у харчаваньні, але і для экспарту канкурэнтаздольнае прадукцыі суседзям.
VIII. РЭЛІГІЯ Й СВАБОДА СУМЛЕНЬНЯ
8.1. БХДC разглядае свабоду сумленьня як свабоду трымацца тых або іншых прынцыпаў, поглядаў і перакананьняў, свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо не вызнаваць ніякай. Згодна поглядам БХДC, свабода сумленьня зьяўляецца найважнейшым правам чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве.
8.2. Кожны чалавек мае права выбіраць форму вызнаньня тае або іншае рэлігіі публічна ці патаемна, аднаасобна ці сумесна зь іншымі. Не павінна існаваць ніякіх абмежаваньняў свабоднаму распаўсюджаньню рэлігійных поглядаў і перакананьняў, за выключэньнем тых, што неабходны для абароны правоў чалавека і яго свабод. Кожны чалавек павінен мець права на вольнае навучаньне асновам выбранай ім рэлігіі, мець права на вольныя рэлігійныя аб’яднаньні і таварыствы.
8.3. БХД лічыць, што рэлігійныя таварыствы і аб’яднаньні павінны дзейнічаць незалежна ад дзяржавы і рэгістравацца заяўным парадкам. Зьяўляецца недапушчальным любое ўмяшаньне дзяржавы ў справы рэлігійных аб’яднаньняў, за выключэньнем выпадкаў, калі маюць месца крымінальна караныя дзеяньні. Рэлігійныя арганізацыі павінны мець ўсе правы грамадскіх таварыстваў, як, напрыклад, права юрыдычнай асобы, права на фінансавыя сродкі і ўласнасьць.
8.4. Сярод пазначаных правоў БХД лічыць важнейшымі наступныя:
— права на публічныя пропаведзі і набажэнствы; — права на выкладаньне рэлігіі ў дзяржаўных і прыватных навучальных установах на аснове роўнасьці і добраахвотнасьці; — права на выданьне, куплю і продаж рэлігійнай літаратуры, часопісаў і газэтаў; — права на карыстаньне сродкамі масавай інфармацыі, радыё і тэлебачаньнем; — права на дабрачынную дзейнасьць і збор ахвяраваньняў, гэтак жа як і на іншыя формы гаспадарчай і фінансавай дзейнасьці, якія не супярэчаць закону; — права на місіянэрскую дзейнасьць і на арганізацыю паломніцтва вернікаў да сьвятых мясьцінаў; — права на ўтварэньне дзіцячых рэлігійных таварыстваў пры абавязковым захаваньні прынцыпу добраахвотнасьці; — права на роўныя і справядлівыя адносіны з боку дзяржавы пры аказаньні матэрыяльнай або іншай дапамогі з абавязкам устрыманьня ад непасрэднага ўмешваньня ў справы дзяржавы; — права на садзейнічаньне з боку дзяржавы пры вяртаньні і аднаўленьні канфіскаваных або разбураных сьвятыняў і пабудоваў, што належалі рэлігійным арганізацыям; — права на рэабілітацыю бязьвінна рэпрэсаваных вернікаў, як святароў, так і міранаў, з абавязковай кампэнсацыяй канфіскаванай маёмасьці і прызначэньнем адпаведнае пэнсіі й іншай дапамогі; — права на судовую абарону законных правоў і інтарэсаў вернікаў; — права на асабісты характар рэлігійных перакананьняў ці іх адсутнасьць з забаронаю прымусовага атрыманьня зьвестак аб рэлігійных перакананьнях грамадзянаў; — права на вольную зьмену сваіх рэлігійных перакананьняў без ганеньняў за гэта з боку дзяржавы альбо рэлігійных арганізацыяў.
Неабходнасьць поўнамаштабовага духовага абуджэньня, адраджэньня ў людзкіх душах стваральнага, жыцьцясьцьвярджальнага й аптымістычнага, сутнасна хрысьціянскага й патрыятычнага сьветапогляду робіцца найпершай, найгалаўнейшай місіяй БХД.
Менавіта падставовыя хрысьціянскія прынцыпы свабоды выбару й законнасьці, справядлівасьці й салідарнасьці, роўнасьці й адказнасьці зьяўляюцца асноватворнымі каштоўнасьцямі для БХД і неабходнай перадумовай для стварэньня шырокага нацыянальнага руху, правядзеньня рэформаў і пабудовы незалежнай, дэмакратычнай краіны. Менавіта веры й любові, шчырасьці й праўды, нацыянальнай сьвядомасьці й пачуцьця грамадзкага абавязку, уласьцівых для духова моцных нацыяў заходняе хрысьціянскае цывілізацыі, нам сёньня так не стае.
IX. НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ЗАДАЧЫ
9.1. Кансалідацыя беларускага грамадзтва. Найважнейшая задачы БХД — кансалідацыя грамадзтва вакол ідэяў духовага Адраджэньня Беларусі, незалежнасьці, дэмакратыі, гістарычнай пераемнасьці і адказнасьці за нацыянальную гісторыю і культуру, стварэньне на гэтай базе масавага, шматаблічнага паўсюднага нацыянальнага руху. Абарона хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, сувэрэнітэту й дэмакратыі, змаганьне са спадчынай таталітарнага савецкага рэжыму, з русіфікацыяй і наступствамі Чарнобылю, заслон спробам паняволеньня, распродажу Беларусі, адпор агрэсіі крыміналу, наркотыкаў, экстрэмізму, алькагалізму, маральнае дэградацыі патрабуюць гуртаваньня ў адзіны народны рух усіх здаровых сілаў грамадзтва: палітычных партыяў і арганізацыяў, сацыяльных групаў і асобных грамадзянаў.
9.2. Аб’яднаўчая палітыка БХД. Зь сёньняшнім цяжкім становішчам у краіне пад сілу справіцца толькі ўсяму народу, сьвядомасьць якога прасякнутая духам хрысьціянскага адраджэньня і нацыянальнай ідэяй. Пакліканьне БХД заключаецца ў тым, каб стаць ідэалягічным і арганізацыйным ядром такога ўсенароднага руху. Такім чынам, стварэньне дзейснага нацыянальнага руху, грунтаванага на хрысьціянскіх каштоўнасьцях, зьяўляецца галоўнай аб’яднаўчай стратэгіяй БХД, а таксама асноўным матывам міжпартыйных дачыненьняў і пагадненьняў. Пры правядзеньні агульнанацыянальных кампаніяў, выбараў ці акцыяў пратэсту мы павінныя быць упэўненыя ў тым, што нашыя саюзьнікі адстойваюць менавіта нацыянальныя інтарэсы й пэрспэктывы Адраджэньня, і што вынікі нашае супольнае працы ня будуць супярэчыць нашым адпачатным памкненьням.
9.3. Нацыянальнае лідэрства й эліта. У нацыянальным руху БХД мусіць імкнуцца да найбольшае адказнасьці й ролі авангарду ў кожнае сфэры дзейнасьці. З гэтага вынікае імпэратыў ініцыятывы ды лідэрства БХД у грамадзка-палітычным працэсе ў Беларусі.
Лідзіруючае становішча БХД у першую чаргу мусіць дасягацца праз гуртаваньне вакол партыі нацыянальнае эліты.
9.4. БХД лічыць, што неабходна развіваць нацыянальную свядомасьць кожнага чалавека. Толькі чалавек з высокай нацыянальнай свядомасьцю, які валодае маральна-этычнымі каштоўнасьцямі і любіць сваю Бацькаўшчыну, здольны ў большай ступені прыносіць карысьць грамдству, сваёй сям’і і самому сабе.
9.5. Месца і роля нацыянальных і канфесійных меншасьцяў у Беларусі. Мы падкрэсьліваем, што ідэя стварэньня нацыянальнага руху ў нашым разуменьні ніяк не азначае дыскрымінацыі нацыянальных ці канфэсыйных меншасьцяў, а наадварот, адкрывае усім грамадзянам Беларусі, незалежна ад іх паходжаньня, расы, нацыянальнасьці ці веравызнаньня, магчымасьць для паўнавартаснага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці. БХД павінная праявіць сваю салідарнасьць з усімі нацыянальнымі супольнасьцямі Рэспублікі Беларусь у іх правох.
9.6. БХД лічыць, што распальваньне нацыянальнай нянавісьці, дыскрымінацыя грамадзян паводле этнічных і расавых прыкметаў несумяшчальная з хрысьціянскімі прынцыпамі і павінна карацца законам.
X. ЗДАРОВАЕ Й МАРАЛЬНАЕ ГРАМАДЗТВА
10.1. БХД вызнае найважнейшым правам чалавека права на жыцьцё. Зыходзячы з гэтага, мы лічым адной з галоўных праблем сучаснага грамадзтва практыку адкрытага й масавага правядзеньня абортаў. Неабходна прыкласьці ўсе намаганьні дзеля спыненьня масавага забойства ненароджаных дзяцей.
10.2. БХД уважае выхаваньне дзяцей і моладзі істотным абавязкам грамадзтва і дзяржавы. Мы лічым неабходным стварэньне разгалінаванай сыстэмы агульнаадукацыйных школ, якія б знаходзіліся пад патранажам хрысьціянскіх канфэсіяў. Лічым патрэбным стварэньне міжканфэсійнага Хрысьціянскага Ўнівэрсытэту. Беларусь зь яе тысячагадовай традыцыяй талерантнасьці – ці не найлепшае ў Эўропе месца для разгортваньня сыстэмы вышэйшай хрысьціянскай адукацыі.
10.3. Беларускія падлеткі і моладзь павінны быць абароненымі ад злачыннага ўплыву крыміналу, наркаманіі, культуры ґвалту, разбэшчанасьці й цынізму. Здаровае й маральнае грамадзтва мусіць мець магчымасьць праз назіральныя рады не дапускаць на TV, радыё, у СМІ, падчас сьвяточных і масавых мерапрыемстваў рэклямы, прапаганды, ухваленьня гэтых разбуральных зьяваў.
10.4. БХД адрозьнівае ад іншых палітычных плыняў і партыяў таксама і разуменьне грэшнасьці чалавечай прыроды і, як сьлед, немагчымасьці пабудовы ідэальнага, пазбаўленага зла грамадзтва. Але імкненьне да ідэалу Божага тварэньня БХД лічыць натуральным абавязкам кожнага грамадзяніна Беларусі.
XI. АХОВА ПРЫРОДЫ
11.1. Мы лічым, што эфэктыўная рынкавая эканоміка цалкам сумяшчальная з эўрапейскімі прынцыпамі ашчаднага выкарыстаньня рэсурсаў, безадкіднасьці тэхналёгіяў і павагі да Божага тварэньня. Для гэтага БХД прапануе стымуляваньне экалягізацыі вытворчасьці, скразную сыстэму экалягічнае адукацыі, увядзеньне платы за выкарыстаньне рэсурсаў, стварэньне сеткі незалежнага ад вытворцаў экалягічнага кантролю й інфармаваньня грамадзтва. Беларусь, якая спазнала ўвесь жах наступстваў Чарнобылю, забруджваньня глебы, вады й паветра гігантамі савецкай гаспадаркі й войска, у будучыні мусіць надаваць вялізную ўвагу сваёй экалягічнай бясьпецы.
11.2. Галоўным экалягічным болем Беларусі застаецца Чарнобыль. БХД ведае, што забруджаныя радыёнуклідамі тэрыторыі сьмяротна небясьпечныя для пражываньня людзей і непрыдатныя для вядзеньня сельскай гаспадаркі. Мы лічым чарнобыльскія землі палігонам для шырокамаштабнага маніторынгу й навуковых дасьледаваньняў на сусветным узроўні.
ХІІІ. БЕЛАРУСЬ У СЬВЕЦЕ
12.1. Знешняя палітыка Беларусі перш за ўсё павінна быць скіраванай на падтрымку імкненьняў свайго народа, на абарону яго нацыянальных інтарэсаў.
12.2. БХД — за мірную беларускую дзяржаву. Аднак Беларусь павінна мець войска, здольнае бараніць краіну. Беларускае войска — гарант незалежнасьці — мы бачым прафэсійным, мабільным і сапраўды беларускім.
12.3.У галіне міжнароднага супрацоўніцтва Беларусь прытрымліваецца наступных прынцыпаў:
— неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў; — вырашэньня міжнародных канфліктаў выключна мірнымі сродкамі.
12.4. Межы Беларусі недатыкальныя.
12.5. Мы за ўмацаваньне сувязей з асяродкамі беларусаў за мяжой і абарону правоў беларускай дыяспары ва ўсім свеце.
12.6. Беларусь — заснавальніца і сябра Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, удзельніца Нарады па Бяспецы і Супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), імкнецца да ўступленьня ў Эўрапейскі Саюз.
12.7. Адна з галоўных прадумоў выхаду Беларусі з крызісу — змяншэньне палітычнай і эканамічнай залежнасьці ад Расіі. Мы за развіццё двухбаковых сувязей з Расіі і няўхільнае павялічэньне эканамічных стасункаў з заходнімі суседзямі Беларусі. Неабходна ліквідаваць вялізны дысбаланс ў гандлі Беларусі з Расіяй у параўнаньні з гандлем зь іншымі дзяржавамі (у першую чаргу з Гераманіяй, Аўстрыяй, Італіяй, ЗША).
12.8. Мы падтрымліваем усе міратворчыя арганізацыі і ініцыятывы, накіраваныя на дасягненьне і ўмацаваньне ўсеагульнага міру і бяспекі.
12.9. Беларусь нясе адказнасьць за стварэньне экалагічнай небяспекі суседнімі краінамі. Аднак і яны нясуць адказнасьць за экалагічную шкоду прынесеную Беларусі. У першую чаргу гэта тычыцца Чарнобыльскага пытаньня. Да гэтага часу не вырашана пытанньне аб кампенсацыі Беларусі шкоды прынесенай Чарнобыльскай трагедыяй.
12.10. Беларусь мае вялікую дыяспару: шмат беларусаў былі пераселеныя ці эмігравалі з краіны падчас войнаў, акупацыяў і рэвалюцыяў — у Расею, Украіну, Прыбалтыку, Казахстан, Польшчу, ЗША, Аўстралію, Аргентыну, Канаду, Ізраіль й іншыя краіны. Сёньня стратэгічна важнай задачай зьяўляецца аднаўленьне нацыянальнай цэласнасьці й еднасьці, усталяваньне самых цесных кантактаў зь беларускім замежжам, адстойваньні яго інтарэсаў і падтрымка іхніх намаганьняў да захаваньня саматоеснасьці. Такое пашырэньне беларускага уплыву ў сусьветным маштабе адкрывае беспрэцэдэнтныя магчымасьці для правядзеньня нашае міжнароднае палітыкі.
|