toronto
Гость
|
 |
« : 11 Июнь 2006, 20:37:46 » |
|
ЗЯНОН 5 лютага – 26 сакавіка 2005 г., Нью-Ёрк
ШЛЯХЦІЧ ВОЛЬНЫ
Сумна стала неяк аднаму шляхцічу. Выехаў ён на гасьцінец і якраз напаткаў мяне. “Заедзь, – кажа, – чалавеча, зірні, як шляхта жывець.” – Пагаворым ды пап’ём, Трэба – посуд пераб’ём. Пасьпяваем разам дружна, Каб гучэла ўся акружна. Пасмакуем сабе ўволю, Разьвядзём сваю патолю. Пастраляем ціха ў неба. Справа важна – надта трэба. І малжонка будзе рада З нашай добрае парады. Коней, пчолы паглядзім. Урадзіла ў мяне бручка, Дык і бручкі паядзім. А ўжо мёду, пане-браце, (Шэлягоўкі – ані швах!) Усё на зёлах Тхне, як амбра, Чуеш, ваша, які пах!
Пад’язджаем да сядзібы. Ёлкі, ліпы і дубы. (На’т на пнях растуць грыбы.) Усё сакоча, галагоча, Індыкоў гайня кулдыча. А курэй (о, мой ты Божа!) Як тых дзевак прад касьцёлам, Не раўнуючы, на фэст, Сабралося з усіх месц. Рабых, белых, чорных, жоўтых, Грабуць, дзяўбуць сабе, кудахчуць І квактухі побач квохчуць. Гусей за ставом – нібы сьнег, Там дзесь зь Піліпаўкі прыбег. А збоку тут бабёр схаваўся, Запруду згаціў для сябе. Бацян клякоча, цюцька брэша І зайцы скачуць па траве. – От, пане-браце, гляньце, зайцы, – Мне гэтак шляхціч кажа тут. – З зайцом асобы ёсьць статут. Як мой, бывала, дзед-нябожчык, Нарыхтаваўшы зайцам чмыху, Цягаў вушастых, як грачыху. Вечарком на пень капусны Тытуню сабе насыпле, Пакуль заяц дзесь там дрыпле. Ноч настане, цень калыша, Прыйдзе заяц ды падыша І як чхне, мой пане-браце, Галавой аб пень як лясьне, Тут жыцьцё яго і плясьне. Долу – брык і лапкі ўгору. Дык ня трэба ўжо й страляць – Усе, як любчыкі, ляжаць – Шэра поле ад пабітых. А ў раньні дзед мой зь мехам, І спакойна так, нясьпехам, Толькі й ходзіць, падбірае. – Шляхціч кажа, пазірае, Нават вокам не міргае. Праязджаем поўз стадолу, Гумны, стайня, хлеў, адрына. Вецьце хіліцца да долу – Чарада высокіх ліп, Пуня, лазьня, студня, склеп. І чуваць, як пахне хлеб, Дзесь на кухні ці з гасподы, Агарод, садок, калоды, Качкі крачуць у карыце, Ветрык кволіцца ў жыце. Усё квокча і туркоча, Аб’явіць пра сябе хоча. Ржэ, мычыць (авечкі, козы) І баран у дзьверы б’е, (Пэўна, розум зь яго прэ.) Бэкі-мэкі, хрукі-рохі – Усё вухкае, як багна, Галасуе безуладна. А за тынам вось і хата (Добра хата-веліката, Дваццаць кантаў, кантавата) Двухканцовая з паддашшам, Гонтам крыта, вокны-дзьверы, А ўнутры відаць парт’еры. Збоку клюмба ўся ў юргінях, А на ганку ўжо Мальвіна Сустракае, запрашае І ўсьмешкай нас вітае.
І насталі ж мне дзянёчкі. Колькі зьедзена, папіта, Шкла, пасуды перабіта. І з рушніцы ў неба пярыў, Пад сталом уначаваўся, Хоць на тое й не зьбіраўся І са сном сваім змагаўся, Ды Шаціла першы здаўся. А ўжо што пагаварылі.., Што бывае, не бывае І чаму яно трывае, Як Пан Бог па сьвеце ходзіць, Чаму жыта ў лесе родзіць, Пра людзей з-пад цёмнай гвязды І дрыгантаў добрай язды, Пра чарцей у гразкай гаці (Супраць ночы не казаці), Як карова зарывае І хвастом у тыл дыбае, Пра кабылу двугалову, Пана войта Пуставойта, Калашмана, крывабойта, Пустабрэха, абібока, Дурачыну, вырвівока, Пустадомка, пся халера, І ўсялякая швалера. – Пане-браце мой ласкавы, Заставайся ў нас на лаве. Ужо ж люблю цябе, як брата, Для цябе мая во хата. Анікуды не паедзеш І на коніка ня ўзьлезеш. Не рабі мне, пан, абразы, Гавары во тут адразу. – А ўжо ж просім, просім пана, – Тут Мальвіна пад’язджае. – Хто ж на вечар адбывае? Трох дзянёчкаў на’т ня сьцерлі, А ўжо пан так засьпяшаўся, Як бы сьвет той зачыняўся. – Мой спадару, пане-браце, Што ў тым шляху-прыхамаці, Што за прымхі, што за радасьць? – Шляхціч кажа, налівае І кілішак падымае. – Няхай пан тут застаецца І на’т вусам не шманае. Шлях тут знойдзем мы, як трэба. Там за горкай кум Патрэба Дзяўлю гадуе, пане-браце. Шляхцянка Любча – сыр ды вішня – І ў гады свае ўжо вышла. Як рэпа, дзеўка высьпявае І па вашэці ўздыхае. Гайда! Гайда! Па конях, браце! Ў залёты прэм, Бо дзеўка скісьне, – Сказаў, кульнуў і ротам сьвіснуў. Усталі ўсе, пра Любчу мова (От жа цікаўская размова!) Аж тут войт Пуставойт, Пустабрэх, крывабойт: – Вайна, панове! Зноў навала. – І Любчы той – як не бывала.
Вайна, вайна, о, гэта справа! Гэта файная забава, Маскалям галовы секчы, Гнаць галоту ў чыстым полі, Пакуль хопіць коням волі, Біць маскву у хвост і грыву Галадранцаў тых, баяраў І ўсялякіх тарабараў. Шкода, Любчы не пабачыў І залётаў не пазначыў. Шляхціч збоку пад’язджае І шаблюкай пагражае: “Маскву будзем ваяваці, Масква стане ўцякаці. Гэта я кажу, Шаціла, Пане-браце, майма сілы!” Зноў па шляху конна едзем. Ехаў госьцем, вымкнуў братам. Як вярнуся – стане сватам.
О, Вяліка наша Княства! Наша вольна гаспадарства! За гарой мая нязнана З васількоў вяночкі вяжыць, Залатыя слоўкі кажыць. За гарой мая Айчына, Наймілейшая дзяўчына. У бярэзьнічку за гаем Белагрывы конік скачыць, Капытцом дарожку значыць. О, Вяліка наша Княства! Наша слаўна гаспадарства! Слава! Слава! Ты найлепша! За цябе іду я першы.
|