Да таго, як навярнуцца, я была нефармалкай
«Гэта было ў 2010 годзе. У той час такой з’явы, як рэлігія, у маім жыцці яшчэ не было. Пра веру я не задумвалася ў прынцыпе, дома падобных размоў ніколі не вялося. Рэлігія была нечым вельмі далёкім, з разраду паралельнага свету.
Перад сваім навяртаннем я была нефармалкай. Мы называлі сябе панкамі.
Я заўсёды «тусіла» з такой жа нефармальнай моладдзю. І, мабыць, была ўжо вельмі блізкай да таго, каб апусціцца ўшчэнт. Але, дзякуй Богу, не паддалася на першых этапах эталонам, якія існавалі тады ў тым асяроддзі, тыпу алкаголю, палення, распусты, нейкага зусім багемнага ладу жыцця. Не паспела ў тое ўпасці. Мы слухалі досыць дэманічную музыку, любілі акультныя сімвалы, лічылі сябе пасланнікамі зла і вельмі ганарыліся гэтым. Усё гэта для нас было вельмі прыгожа і ўзнёсла…
Калі мне было трынаццаць, я паехала ў Турцыю на алімпіяду і там прабыла тры тыдні. Мае аднагодкі з усяго свету здзіўлялі мяне сваім стаўленнем да некаторых рэчаў. Для іх былі вельмі важныя пытанні прыналежнасці да краіны, нацыі і рэлігіі. У дзяцей трынаццаці гадоў першым пытаннем было: «А якая твая рэлігія?»
І гэта для мяне было так дзіўна, бо самой мне не было чаго сказаць. Я, канешне, называла сябе хрысціянкай, але пры гэтым адчувала, што калі яны спытаюць, што гэта за рэлігія, я не здолею ім адказаць.
І я бачыла, што прадстаўнікі іншых народаў сапраўды практыкуюць свае рэлігіі, пэўныя элементы сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. Для мяне гэты быў пераломны момант. Ужо тады, напрыканцы алімпіяды, я пачала «кідацца» на ўсіх са словамі: «Я хрысціянка», потым «Не, я беларуска. У нас і мова свая ёсць, і краіна». Бо сапраўды адчувала, што мы быццам прыгнечаныя.
І калі я прыехала ў Беларусь, пачала шукаць у сабе нейкую веру — спрабавала маліцца ўвечары, практыкаваць яшчэ нейкія дзіўныя рэчы без прывязкі да пэўнай рэлігіі, проста таму, што мне раптам захацелася ў штосьці верыць.
Адначасова з гэтым я перайшла на беларускую мову.
Касцёл — як закрыты Оксфардскі клуб?
Потым я паступіла ў Ліцэй БДУ. І ўся гэта нявызначанасць, няпэўнасць мяне вельмі напружвала. Аднойчы я ішла побач з касцёлам, дагэтуль не ведаючы, што ён там ёсць, не заўважаючы проста. Там якраз была святая Імша, і спеў, што трансляваўся на вуліцу. Спявалі вельмі прыгожа, спявалі па-беларуску. Гэта прыпала на той час, калі я толькі-толькі перайшла на беларускую мову і перажывала такі своеасаблівы перыяд «фанацтва ад мовы». Я падумала: «Зайду», хоць і страшна было, бо католікі ў мяне заўсёды асацыяваліся з нейкай таямнічай сектай, закрытым Оксфардскім клубам, у які можна трапіць толькі па паходжанні…
Усё ж такі наважылася зайсці. Стаяла на Імшы. І памятаю, што мяне неверагодна ўразіў касцёл. Абраз Марыі над алтаром… Проста каласальна ўсхваляваў вобраз Марыі, якая падалася мне жывой. Я звыклася з праваслаўнымі іконамі — мне заўсёды было цяжка асацыяваць сябе з гэтымі людзьмі. Я ведала, што гэтыя людзі святыя, але яны былі непадобнымі да жывых. А тут стаіць сапраўдная прыгожая Марыя, у якой святасць ліецца з твару.
Другой рэччу, якая мяне ўразіла, было тое, што на Імшы прысутнічала вельмі шмат моладзі. Я была проста ў шоку, бо звыклася з думкай, што рэлігія звычайна цікавіць толькі бабулек. А тут дзяўчаты ў джынсах! Аказваецца, моладзі гэта можа быць цікава! І потым святар пачаў прамаўляць гамілію. Гамілія здалася нейкай каласальнай, я ўжо не памятаю пра што, але яна тады мяне проста перавярнула.
Я дабыла да канца Імшы. Калі выйшла, ужо ведала, што прыму каталіцтва. І пасля аднаго таго разу пачала штонядзелю хадзіць у касцёл.
І неяк так сталася, што вера ва ўсё тое, што прапаведуе Касцёл, ува мне нібыта адкрылася. Я нічога не даказвала сабе, не шукала Бога. Усё адбылося настолькі глыбока і шчыра — не перадаць словамі. І вось так за адзін дзень змянілася маё жыццё. З вялікай перадгісторыяй адбылося маё навяртанне.
Потым ўсё было не проста. Быў і такі момант, калі мяне дома не падтрымалі. Цяжка, калі ты толькі навярнуўся, табе хочацца крычаць пра гэта на кожным куце, а людзям гэта не вельмі падабаецца. І памятаю, што праз пару месяцаў я сядзела ў касцёле і думала, што калі ў мяне не з’явяцца сябры, якія змогуць мяне зразумець, я, напэўна, проста сыйду, бо вельмі цяжка быць адной. Да мяне падбегла Вераніка Шэнда і пацягнула за рукі ў дольны касцёл, дзе была моладзевая сустрэча. Мне там вельмі спадабалася, і я там засталася. Так я знайшла кола сяброў, якія проста змаглі мяне падтрымаць.
І цяпер вельмі шчаслівая з Езусам
Калі зараз свядома глядзець, я не хачу недаацэньваць ролі Бога ў гэтых падзеях, але і не хачу занадта гэта містыфікаваць, тыпу «Ён мяне паклікаў», «Ён мяне за руку прывёў, не дапусціў, каб я сышла» і г.д. Бо не ведаю, як было насамрэч. Але цяпер, азіраючыся назад, бачу,наколькі ўсё было вельмі своечасова, і паслядоўна, і мудра. Я рада, што ўсё склалася менавіта такім чынам, і цяпер вельмі шчаслівая з Езусам».
Падрыхтавала Кацярына Парыжаская
Добавлено: 05 Март 2015, 17:42:24
Ён замест мяне
ВЯЛІКІ ПОСТ
"Нам не патрэбна хрысціянства", - кажуць некаторыя людзі. Пад гэтым яны разумеюць: я і так шчаслівы, я задаволены сваім жыццём, я імкнуся несці дабро для іншых і правільна жыць. Каб зразумець таямніцу збаўлення, мы павінны разбурыць гэтую павярхоўнасць і прызнаць, што нават калі мы з’яўляемся сумленнымі, часам мы робім рэчы, якія заведама лічым дрэннымі.
Калі мы параўноўваем сябе з бандытамі, з людзьмі, якія дапушчаюць насілле адносна дзяцей, або нават з суседзямі, магчыма, мы падаемся сабе не такімі дрэннымі. Аднак, у параўнанні з Езусам, з Божымі стандартамі, мы заўважаем свае недахопы. Самерсэт Маэм, ангельскі пісьменнік і драматург, аднойчы сказаў: "Калі б я запісаў кожную думку, якая ўзнікла ў маёй галаве, і кожны мой учынак, людзі назвалі бы мяне монстрам".
Часам мы хочам ператварыць Дэкалог у тэставы экзамен, у якім дастаткова вырашыць толькі 3 заданні з 10. Аднак пасланне св. Якуба кажа нам: "Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім" (Як 2:10). Не магчыма мець "у меру чыстую" картатэку ў міліцыі. Яна або чыстая, або не. І вырашальным у гэтай справе з'яўляецца адно правапрушэнне. Гэтак жа і ў жыцці: зламаеш адну запаведзь - забрудзіш іх усе.
Рабы граху
Грэх знявольвае нас. Дрэнныя ўчынкі здольныя выклікаць залежнасць. Езус сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, з'яўляецца рабом ягоным" (Ян 08:34). У некаторых галінах залежнасць больш прыкметная, чым у іншых. Мы ведаем, што прыняцце наркотыкаў прыводзіць да залежнасці. Але можна быць залежным таксама ад гневу, рэўнасці, ганарлівасці, эгаізму, плётак або распушчанасці. Мы таксама можам ісці на повадзе ў стэрэатыпаў мыслення і паводзін, якія нам складана зламаць. Былы біскуп Ліверпуля, а. Райлі, напісаў: "Усе грахі, і кожны паасобку, маюць мільёны няшчасных зняволеных, прыкаваных за руку ці нагу да сваіх ланцугоў. Гэтыя бедалагі часта хваляцца сваёй свабодай. Але ніводнае іншае рабства не падобна да гэтага. Грэх сапраўды з'яўляецца самым цвёрдым, жорсткім эканамістам. Няшчасці і расчараванні падчас шляху, адчай і пекла ў канцы яго - такую плату грэх ахвяруе сваім слугам".
Грэх цягне за сабой пакаранне. Існуе штосьці ў чалавечай прыродзе, што патрабуе справядлівасці. Калі мы бачым, як гвалцяць дзяцей, нападаюць на пажылых людзей у іх уласных дамах, б'юць немаўлятаў і яшчэ шмат іншых падобных вобразаў, мы хочам, каб вінаватых ў такіх дзеяннях злавілі і пакаралі. Нашыя матывы могуць быць змешаныя, могуць змяшчаць элемент помсты. Але існуе такая рэч, як праведны гнеў: мы справядліва разважаем,калі лічым, што злачынцы не заслугоўваюць на палёгкі і павінны быць пакараныя за свае грахі
Але не толькі грахі іншых заслугоўваюць пакарання, нашыя таксама. Калісьці нас усіх будзе судзіць Госпад. Апостал Павел кажа: "Расплатай за грэх з'яўляецца смерць" (Рм 6:23). Ён разумее не толькі фізічную смерць, але і духоўнае ці вечнае аддзяленне ад Бога. Гэтае аддзяленне пачынаецца ўжо зараз. Прарок Ісая сказаў : "Вось, рука Госпада не пакарацела, каб ратаваць, і вуха Яго не ацяжэла, каб чуць. А беззаконні вашыя зрабілі падзел паміж вамі і Богам вашым, і грахі вашыя адварочваюць аблічча Яго ад вас, каб ня чуць."(Ісая 59,1-2). Гэты бар'ер будуюць нашы дрэнныя ўчынкі.
Той, Хто выйшаў на замену вінаватым
Мы ўсе павінны справіцца з праблемай граху ў нашым жыцці. Чым больш мы усведамляем сабе гэтую патрэбу, тым лепш мы можам ацаніць тое, што зрабіў Бог: Ён прынёс сябе ў ахвяру на крыжы за нашыя грахі. Чым глыбей мы разумеем неабходнасць вызваліцца ад граху, тым большай з'яўляецца наша любоў да Яго і жаданне служыць Яму.
Хрысціянская добрая навіна кажа, што Бог любіць нас і не пакіне нас у хаосе, які мы самі ствараем ў сваім жыцці. Ён спусціўся на зямлю ў асобе свайго Сына Езуса, каб памерці за нас. Мы называем гэта "самазаменай Бога." Апостал Пётр кажа: "Ён грахі нашыя Сам узнёс Целам Сваім на дрэва, каб мы, адцураўшыся грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі вы ацаліліся.» (1 Пётр 02:24).
Што такое самазамена? Эрнэст Гордан у сваёй кнізе "Цуд на рацэ Квай" распавядае сапраўдную гісторыю групы ваеннапалонных, якія працуюць на будаўніцтве чыгуначнай лініі ў Бірме падчас Другой сусветнай вайны. У канцы кожнага дня збіраюць інструменты. Аднойчы японскі ахоўнік выявіў, што адсутнічае рыдлёўка і запатрабаваў, каб адзін са зняволеных прызнаўся ў крадзяжы. Калі ні адзін з іх не выйшаў наперад, ён загадаў, каб усіх расстралялі. Тады адзін з ваенапалонных выйшаў наперад. Калі ён стаяў моўчкі навыцяжку, ахоўнік пачаў біць яго кіём, пакуль той не памёр. Калі ваенапалонныя вярнуліся ў лагер, ахоўнік зноў пералічыў інструменты – усё было на месцы. Адзін чалавек стаў заменным вінаватым дзеля выратавання іншых.
Так і Езус прыйшоў на зямлю, каб аддаць сябе ў ахвяру за ўсіх нас. Ён быў распяты - адна з самых жорсткіх формаў пакарання, якая калі-небудзь была вядомая чалавеку, і якую забаранілі ў 315 г., так як нават рымляне лічылі яе занадта суровай. Але найгоршым цярпеннем былі не фізічныя катаванні або эмацыйны боль ад непрымання светам і сябрами, але душэўная агонія расстання з Айцом, таму што Езус вырашыў адпавядаць за усе нашыя грахі.
Паводле Deon.pl
http://grodnensis.by/141-category-informacja/wialiki_post/4096-pakul-ne-publikavats.html