НАДУРЫЦЬ УЛАСНЫ НАРОД4 красавіка летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “Пагрозы Паўночнай Карэі – спэктакль, каб надурыць свой народ”. Вось яго тэкст:
Паўночная Карэя махае кулакамі ўсё больш ваяўніча. У чацьвер яе вайскоўцы заявілі, што ядзерная атака на Злучаныя Штаты можа быць зьдзейсьнена “сёньня або заўтра”. Наколькі сур’ёзныя гэтыя пагрозы? Няўжо мярзотнік з пластмасавым ружжом, што наскоквае на волата, настолькі наіўны, што спадзяецца напалохаць яго?
А можа сапраўды Паўночная Карэя мае чым нашкодзіць сьвету? Палітолаг Томас Ярэлюнас супакойвае – на яго думку, ваяўнічая рыторыка перш за ўсё накіравана не на сьвет, а на суграмадзянаў, каб яны паверылі свайму недастаткова сур’ёзнаму правадырчыку.
Журналіст – Ці сапраўды Паўночная Карэя можа ўдарыць па ЗША альбо гэта толькі блеф?
Т.Я. – Па цяперашнім тэхнічным стане яе ракеты ў лепшым выпадку могуць дасягнуць тэрыторыі Аляскі. Але гэта толькі прыблізныя тэарэтычныя вылічэньні.
Надзейнасьць і трапнасьць гэтых ракет таксама дастаткова сумніўныя. Да таго ж трэба прыгадаць, што колькасьць ракет, якія мае Паўночная Карэя, невялікая. Амэрыканская сістэма супрацьпаветранай абароны хутчэй за ўсё без цяжкасьці дала б рады такой пагрозе.
Такім чынам, тэхнічна гэта было б цяжка рэалізаваць. Палітычна – гэта было б абсалютна неразумна і выклікала б вялікую рэакцыю асуджэньня ва ўсім сьвеце. Безумоўна, рэакцыя самых амэрыканцаў была б такой, што Паўночнай Карэі мала не падалося б.
Журналіст – Да чаго імкнецца зараз Паўночная Карэя, калі размахвае сваёй бутафорыяй, пагражае, дэманструе на парадах пластмасавыя ракеты?
Т.Я. – Яна хоча паказаць унутры, паўночным карэйцам рашучасьць сапраўднага лідэра і правадыра. Кім Ён-іл імкнецца ўзмацніць сваю ролю ваеннага кіраўніка. Такая агрэсіўная рэторыка перш за ўсё накіравана на ўнутраную, хатнюю аўдыторыю.
Ніякіх іншых захадаў, акрамя гвалту ўнутры краіны і дэманстраваньня зьнешняй ваеннай агрэсіі, лідэры Паўночнай Карэі ня маюць. Яны і выкарыстоўваюць зараз гэтыя захады, спрабуючы падтрымаць давер людзей да партыі і правадыра. Можна чым далей, тым больш павялічваць гэты ціск, рабіць рыторыку больш жорсткай, але не заўсёды ўдаецца дакладна разумець, якую рэакцыю гэта можа выклікаць за мяжой.
Журналіст – Ці ёсьць краіны, якія з гэтага ўсяго маглі б мець нейкую карысьць? Напрыклад, Кітай?
Т.Я. – Не, я ня думаю. Для Кітая ў любым выпадку напружанасьць у гэтым рэгіёне ня выгадная. Калі б узьніклі якія-небудзь сур’ёзныя канфлікты, то гэта дэстабілізавала б увесь рэгіён, марскія шляхі былі б парушаны.
У такіх выпадках пацярпелі б эканамічныя інтарэсы таксама й Кітаю. Мяркую, што ні Кітай, ні хто-небудзь іншы не зацікаўлены сёлета павышаць напружаньне.
Журналіст – Ці магла б Паўночная Карэя, калі разважаць толькі тэарэтычна, знайсьці ў сьвеце якога-небудзь хаўрусьніка?
Т.Я. – Я вельмі сумняваюся. Асабліва ўлічваючы тое, што Паўночная Карэя зусім закрытая, яна зусім мала з кім падтрымлівае сувязі.
Сапраўды, ёсьць падозра, што Іран можа ў нечым супрацоўнічаць з Паўночнай Карэяй у вобласьці ядзерных тэхналогій. Балазе такія нераскрытыя сувязі могуць існаваць. Але Іран не тая краіна, якая б нават будучы зьвязанай нейкай агульнай мэтай, магла кінуць выклік амэрыканцам.
Журналіст – Як паказвае гісторыя – у вялікай палітыцы блеф апраўдваецца ці хутчэй не апраўдваецца?
Т.Я. – Тое, што ім часта карыстаюцца – гэта праўда. Часьцей – імкнучыся зьмяніць нейкія дзеяньні праціўніка. Але значна больш рэдкімі ёсьць выпадкі, калі сапраўды ўдаецца зьмяніць яго пазыцыю. Неяк не магу прыгадаць выпадкі, калі б блеф спраўдзіўся.
Юргіта Нарэйкенэ
Пераклаў з летувіскай В. Буйвал.
Крыніца:
www.lrytas.lt/pasaulis/konfliktai-ir-saugumas/siaures-korejos-grasinimai-spektaklis-savai-liaudziai-mulkinti.htm Увага беларускіх патрыётаў да канфліктнай сытуацыі вакол Карэі тлумачыцца ня толькі распаўсюджаным у сьвеце непакоем, выкліканым ваеннай істэрыкай паўночнакарэйскага афіцыёза. Мы памятаем, што для “шклоўскага чучхэ” ідэалогія і практыка шалёных Кімаў ёсьць ідэалам (пакуль што недасягальным) і ўзорам для насьледваньня. Ізаляцыя нашай краіны ад цывілізаванага сьвету яшчэ не дасягнула карэйскай шчыльнасьці, але далася ўжо ў знакі нашаму народу, нашай эканоміцы і культуры. Многа ёсьць агульнага паміж імі. Мясцовы начальнік дыктатуры таксама любіць дэманстраваць пыху і задзірацца з ЗША і іншымі заходнімі краінамі. Любіць паўтараць пра самадастатковасьць і высокаразьвітасьць сваёй рэжымнай машыны. Ёсьць толькі важны аспэкт. Мясцовы, у адрозьненьне ад пхэньянскага, любіць азірацца і кланяцца ў бок Масквы. У яго ёсьць Масква, і ён ёсьць у Масквы.
Кім Чэн-іл на словах ні на каго не азіраецца, ён удае абсалютна самастойную магутнасьць. Але мы павінны памятаць (а гэтага, на жаль, няма ў шматлікіх камэнтарах у сьвеце), хто ўсё гэта прыдумаў. Хто паставіў над паўночнакарэйскім народам кліку Кімаў, хто распрацаваў і распаўсюдзіў шызоідныя ідэалогію і практыку бесчалавечнай дыктатуры, хто распрацаваў “мірны атам” для істэрычнага Пхэньяна. Усё гэта зрабіла Масква, яшчэ пры таварышы Сталіне і пазьней. Цяпер “нічтоже сумняшеся” Крэмль робіць выгляд, што ён ні пры чым, што яго турбуе паўночнакарэйскі прыпадак шаленства. Масква нават робіць афіцыйныя заявы пра “мір во всём міре” і прапануе свой удзел у залагоджваньні канфлікта. З часам раскрыецца праўда аб тым, наколькі непасрэднай была роля Масквы ў распальваньні цяперашняга канфлікту.
А вось з нашай акупаванай Беларусьсю ўсё зразумела. Тут Масква ня крыецца, дзейнічае ў адкрытую і нават пад выглядам законнасьці. На нашую тэрыторыю ўведзены расейскія ваенныя аб’екты і войскі, абвешчана нават “саюзная дзяржава” і яе “саюзная ваенная групоўка”. Адбываюцца маштабныя сумесныя манэўры расейскай і беларускай арміі. Сцэнар гэтых “гульняў” – ваенныя дзеяньні супраць войскаў заходніх краін, бамбардоўка Варшавы і падобнае. Наша армія практычна знаходзіцца пад камандай Масквы і легіёна засланых да нас расейскіх генэралаў і афіцэраў. Начальнік дыктатуры ня раз выказваўся, што “беларусы гатовыя паміраць за Расею”. Куды ж яшчэ больш адкрыта і шчыра?
Вядома, што Расея, насельніцтва якой вымірае, а эканоміка развальваецца, пайшла на каласальныя выдаткі ў вайсковым бюджэце. Масква рыхтуецца да вайны, таму што гэта ёсьць даўні (і ня толькі ў Карэі) спосаб, каб прыдушыць і прымусіць падпарадкавацца сваё народанасельніцтва ды падняць прэстыж (напалохаць) навакольны сьвет.
Толькі ёсьць яшчэ “загогуліна”, як любіў казаць “бацька новай рускай дэмакратыі” Б. Ельцын. Калі П. Карэя надта загуляецца і націсьне чырвоныя кнопкі, то магутны ракетны адказ яна атрымае па сваёй тэрыторыі і па сваім насельніцтве (сярод яго і па сем’ям класікаў чучхэ). А вось Масква можа гуляцца, як хоча, бо ў яе ёсьць “першы эшалон абароны” – наша беларуская зямля і мільёны нашых людзей, якім ужо ў адкрытую запрапанавана памерці за Расею. Пасьля магутнага адказу заходняга праціўніка Масква можа і мірныя перамовы пачаць і заявіць, што яе ня так зразумелі. Толькі мы пра гэта ўжо не даведаемся – Беларусь (“першы эшалон абароны Масквы”) будзе ўжо зьнішчаны. Вось такое “чучхэ” і такія хаўрусьнікі. Трэба беларусам вырывацца з гэтага кашмарнага кола залежнасьці ад волі і прыхамаці паранаідальных істотаў і іхнай гнілой імпэрыі, якая ідзе да самазьнішчэньня.
Ян Булыга
https://pieramoha.org/artykuly/naduryc-ulasny-narod