Які тэрытарыяльны падзел лепшы для Беларусі?05 каcтрычнiка 2011 | Піша Інга Сакута

Сённяшні адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі не адпавядае сучасным задачам тэрытарыяльнага развіцця.
Такой думкі прытрымліваюцца наведвальнікі форума на сайце bramaby, якія напрацягу года дыскутуюць на тэму рэформы адміністрацыйнага падзелу краіны.
Узнятая на форуме праблема зусім не новая. Першыя спробы рэфармаваць адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі былі прынятыя ў БССР у 80-я гады, аднак распрацаваныя рашэнні так і не былі ўвасобленыя ў жыццё спачатку з-за Чарнобыльскай аварыі, а потым з-за распаду СССР. У выніку мы маем велізарныя па плошчы рэгіёны, якія, як паказвае практыка, неэфектыўна кіруюцца абласнымі адміністрацыямі.
На форуме было прапанавана дзве канцэпцыі, вакол якіх завязалася дыскусія.
Аўтары канцэпцый на дадзеную тэму лічаць, што новы падзел дазволіць падвысіць эфектыўнасць працы рэгіёнаў, спросціць працэдуры рашэння імі сваіх мясцовых задач і павялічыць ступень іх самакіравання.
Цяперашняя сістэма "вялікіх абласцей", на думку аўтараў, стымулюе рост абласных цэнтраў і Мінска за кошт рэгіёнаў, тым самым павялічваючы дысбаланс развіцця паміж гарадамі рознага ўзроўню. У сваю чаргу стрымліванне рэгіянальнага развіцця абмяжоўвае рынкавую базу для эканамічнага росту краіны.
Таксама існуючая сістэма паказвае, што занадта вялікая аддаленасць раёнаў ад абласной адміністрацыі з’яўляецца нягнуткай і неэфектыўнай пры рашэнні шэрагу мясцовых задач.
Удзельнік дыскусіі Woloh прапануе канцэпцыю новага падзелу, у якой імкнецца ўлічыць як эканамічныя, экалагічныя, так і гістарычныя перадумовы для новага раянавання Беларусі. Такі падыход, на думку карыстальніка, будзе ў найбольшай ступені адпавядаць жыццю рэгіёнаў ва ўмовах развіцця рынкавых прынцыпаў гаспадарання.
Адной з характэрных асаблівасцяў дадзенага падзелу з'яўляецца тое, што ён засноўваецца на ўжо існуючых раёнах (за выключэннем Мінскага раёна, які падзелены паміж трыма паветамі). Зроблена гэта з практычных меркаванняў, у мэтах спрашчэння працэдуры пераходу ад старой сістэмы да новай.
Паводле схемы Wolohа, Беларусь дзеліцца на 14 паветаў, кожны з якіх ўключае 8-9 раёнаў. Выключэннем будзе Мсціслаўскі павет, які ўключыць 11 раёнаў невялікіх па памерах. Акрамя паветаў у якасці асобных адзінак выступяць цяперашнія абласныя цэнтры, пяць з якіх будуць мець статус Вольных гарадоў, а таксама Сталічны горад Мінск.
ПАВОДЛЕ ДАДЗЕНАЙ КАНЦЭПЦЫІ, ГАРАДЗЕНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ БУДЗЕ ПАДЗЕЛЕНА НА 4 ПАВЕТЫ: ЛІДСКІ (ПАВЯТОВЫ ЦЭНТР ЛІДА), СЛОНІМСКІ (ПАВЯТОВЫ ЦЭНТР СЛОНІМ), НАВАГРАДСКІ (ПАВЯТОВЫ ЦЭНТР БАРАНАВІЧЫ) І АШМЯНСКІ (ПАВЯТОВЫ ЦЭНТР МАЛАДЗЕЧНА). ГРОДНА БУДЗЕ ВОЛЬНЫМ ГОРАДАМ.
У сваю чаргу ўдзельнік Woolf лічыць, што ў аснове новага тэрытарыяльнага падзелу павінен ляжаць найперш эканамічны прынцып, паводле якога ўтварэнне новай адміністрацыйнай адзінкі павінна адбывацца вакол буйнага прамысловага цэнтра. Такіх у Беларусі, акрамя Мінска - 15 гарадоў: Полацк (з Наваполацкам), Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр (з Калінкавічамі), Пінск, Брэст, Баранавічы, Гродна, Ліда, Маладзечна, Барысаў і Слуцк (з Салігорскам).
Вакол гэтых гарадоў, можна фармаваць новыя рэгіёны плошчай ад 10 да 16 тыс. кв.км. У выніку замест сённяшніх шасці абласцей і 118 раёнаў можна мець 16 новых рэгіёнаў і 60 раёнаў у іх уваходных. Гэта дазваляе паменшыць у два разы колькасць рэгіянальных адміністрацый і чыноўнікаў. Назвы новым адміністрацыйным адзінкам прапануецца вярнуць гістарычныя: вобласць - ваяводства, раён - павет, сельская рада - воласць.
Згодна гэтай канцэпцыі, Гарадзенская вобласць будзе падзелена на 4 ваяводствы: Гарадзенскае (цэнтр ваяводства Гродна), Лідскае (цэнтр ваяводства Ліда), Баранавіцкае (цэнтр ваяводства Баранавічы) і Маладзечанскае (цэнтр ваяводства Маладзечна).
Таксама дадзеная канцэпцыя прадугледжвае ўзбуйненне некаторых раёнаў: з двух малых зрабіць адзін. У наш час, у параўнанні з 30-мі гадамі 20 ст., дзякуючы новым тэхналогіям, палепшылася камунікацыя паміж гарадамі, адпаведна людзям стала нашмат прасцей і лягчэй дабірацца да раённых цэнтраў або з імі звязвацца. Таму такі прынцып таксама дазваляе эканоміць.
Мы папрасілі грамадскіх актывістаў Гродна і Гарадзеншчыны адказаць на пытанне, ці сапраўды рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі дазволіць пабудаваць больш эфектыўную сістэму кіравання рэгіёнамі і будзе спрыяць іх эканамічнаму росту.
Андрэй Вашкевіч, Гродна:
Я лічу, што перагледзець па-новаму адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Беларусі трэба, паколькі сённяшняя сістэма падзелу, зробленая яшчэ ў савецкія часы і прыстасаваная да таго, каб было лягчэй кіраваць з Масквы, не адпавядае патрэбам тэрыторыі Беларусі зараз. Новы падзел дазволіць ліквідаваць чынавенства абласных і большасці раённых саветаў, дасць магчымасць развівацца мясцоваму самакіраванню, адпаведна палепшыцца функцыянаванне мясцовых органаў кіравання.
Станіслаў Суднік, Ліда:
Гэта рэформа ўсё роўна адбудзецца, хочам мы таго ці не. Няма розніцы ў назве адзінак і іх колькасці. Справа ў тым, што вобласці ў нас нарэзаны штучна.
На дадзены момант Лідчына падзелена паміж трыма раёнамі: Лідскім, Воранаўскім і Шчучынскім. Таму варта вярнуць старажытныя тэрыторыі.
Ліда, можна сказаць, і зараз самастойны цэнтр: у нас свае літаратурныя аб’яднанні, свае мастакі і пісьменнікі, у Гродна свае. І толькі, каб зацвердзіць пэўную паперку, трэба ехаць у абласны цэнтр.
Уладзімір Хільмановіч, Гродна:
Я лічу, што падобная рэформа патрэбная. Аднак перадзел тэрыторыі – гэта толькі частка паэтапнага перафарміравання. Толькі ад перадзелу тэрыторыі нічога не зменіцца, таму пачынаць трэба не з гэтага.
Трэба змяніць сутнасць самой сістэмы мясцовага самакіравання. Сёння саветы выконваюць чыста дэкаратыўную функцыю, а ўсе рашэнні зыходзяць ад выканкамаў, існуе так званая вертыкаль улады.
Для таго, каб у Беларусі самакіраванне пачало развівацца, трэба змяніць заканадаўства, а пасля перафарміроўваць тэрыторыю.
Юры Качук, Зельва:
Ідэя новага тэрытарыяльнага падзелу Беларусі мне падаецца немэтазгоднай.
Я думаю, што перафарміраванне абласцей у паветы або ваяводствы не знізіць колькасць чыноўнікаў.
На сённяшні дзень нам патрэбна моцная нацыяналістычная дзяржава, якая змагла б пазбавіцца ад перажыткаў той сістэмы, якая склалася напрацягу 20 гадоў, таму пра які-кольвек падзел, мне падаецца, яшчэ гаварыць рана.
Іван Шэга, Слонім:
Прычына таго, што самакіравання ў Беларусі няма, не ў тэрытарыяльным падзеле, а ў тым, што яно непатрэбнае сённяшняй ўладзе.
Найперш трэба змяніць заканадаўства, бо нават тое, што прапісана на сённяшні дзень у беларускіх законах, не выконваецца.
Уладзе патрэбныя выканаўцы, а не актывісты. Калі зменіцца ўлада, тады будуць зусім іншыя адносіны. Дэпутат будзе несці адказнасць перад народам, а не ўладай, якая яго прызначыла.
Сяргей Антусевіч, Гродна:
Ідэя дадзенай рэформы не новая, і такая рэформа патрэбная. Я ведаю, што яна даўно распрацоўваецца ў адміністарцыі прэзідэнта. Кіраванне з Гародні такімі дальнімі раёнамі як Ашмянскі ці Смаргонскі вельмі затратнае.
Прасцей аддаць гэтыя раёны якой-небудзь іншай вобласці, напрыклад Мінскай, або ўтварыць самастойныя адзінкі, што адзназначна ў большай ступені спрыяла б эканамічнаму росту гэтых рэгіёнаў і лепшаму кіраванню імі.
З гісторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу
Сучасная тэрыторыя Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды знаходзілася ў складзе розных дзяржаўных фарміраванняў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне гэтых фарміраванняў змянялася не адзін раз, прычым на пэўных гістарычных этапах пераўтварэнні былі вельмі істотнымі і адбываліся за кароткія прамежкі часу.
Адміністрацыйны падзел Беларусі, які мы маем сёння, быў зроблены яшчэ ў савецкія часы, і тэрыторыі абласцей адпавядалі тэрыторыям у суседняй Украіне і ў еўрапейскай частцы Расіі, паколькі больш дробны падзел рэгіёнаў у велізарнай краіне быў бы малаэфектыўным.
На сённяшні дзень тэрыторыя Беларусі дзеліцца на 6 абласцей і 118 раёнаў.
У склад Гродзенскай вобласці ўваходзяць 17 раёнаў.
http://t-styl.info/by/106/politics/6216/%D0%AF%D0%BA%D1%96-%D1%82%D1%8D%D1%80%D1%8B%D1%82%D0%B0%D1%80%D1%8B%D1%8F%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%8B-%D0%BF%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%BB-%D0%BB%D0%B5%D0%BF%D1%88%D1%8B-%D0%B4%D0%BB%D1%8F--%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D1%96.htm#.UQVcy4VWL8Q.facebook
Добавлено: [time]Вск 27 Янв 2013 21:48:39[/time]
Вобласці, ваяводствы ці паветы? Погляд з Глыбокага
Ср, 14/09/2011 - 13:44 -- Уладзімір Скрабатун
Упэўнены, што, прачытаўшы загаловак “Паветы ці ваяводствы?”, шмат хто скажа: гэтая тэма яго не цікавіць. Ой, не спяшайцеся! Гэтая тэма датычыць кожнага з нас. Ад гэтага залежыць, ці застанецца Глыбокае захудалым райцэнтрам, з якога будзе з’язджаць моладзь, прадпрымальныя людзі, добрыя спецыялісты - і ён будзе занепадаць - альбо ён стане ў будучым сталіцай адной з адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак краіны.
Вось тут і спатрэбяцца шматлікія спецыялісты, якія для самарэалізацыі і кар’еры цяпер пакідаюць не толькі Глыбокае, але і Браслаў, Докшыцы, Паставы… Будзе развівацца бізнес, культура, адукацыя, а горад набудзе рэпрэзентатыўны “сталічны” выгляд.
На працягу не аднаго дзесяцігоддзя штораз узнікае пытанне аб эфектыўнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі. З кожнымі новымі прэзідэнцкімі выбарамі кандыдаты ў прэзідэнты (напрыклад, Алесь Міхалевіч і Віталь Рымашэўскі) уключаюць ў сваю перадвыбарчую праграму пытанне новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу краіны.
Ёсць некалькі канцэпцый. Адны аналітыкі – за 12-15 ваяводстваў, іншыя за 24-26 паветаў. Што лепш, што эфектыўней: 12-15 ваяводстваў ці 24-26 паветаў? Ужо гэта паказвае, што спрэчка аб новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле краіны насамрэч актуальная.
Вытокі пытання
Спрэчка ўзнікла не сёння. Яна зыходзіць яшчэ з БССРаўскіх часоў. І пачаткам было заніраванне абласцей. Яскравы прыклад: у Віцебскай вобласці – 4 занальныя архівы: Віцебск, Орша, Полацк, Глыбокае. Такім чынам складаецца і эканамічны патэнцыял Віцебскай вобласці. Буйныя прамысловыя цэнтры: Віцебск, Орша, Полацк (+Наваполацк), Глыбокае.
У сваю чаргу да занальнага цэнтра, якім ёсць Глыбокае, падпадаюць у залежнасць 6 раёнаў паўночна-заходняй часткі Віцебскай вобласці. Тут нямала занальных прадпрыемстваў і ўстановаў. Да іх належаць і малочна-кансервавы камбінат, і камбікорвавы завод, і электрычныя сеткі. Глыбокае – вузел важных аўтамабільных дарог, чыгуначная станцыя. Як бачым, Глыбокае – гатовая рэгіянальная сталіца пры новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле Беларусі.
Вялікі горад забірае рэсурсы
У вялікім горадзе заўсёды больш магчымасцяў атрымаць належную адукацыю і знайсці працу з высокім заробкам, рэалізаваць свой творчы і прафесійны патэнцыянал, зрабіць кар’еру. І што немалаважна – велізарныя магчымасці знайсці сабе па душы спадарожніка(-цу) жыцця. У вёсцы такой магчымасці няма, у райцэнтры яна – мізэрная.
Куды падацца? У вялікі горад! Вось і пусцеюць цэлыя рэгіёны. Выміраюць не толькі вёскі, але і райцэнтры. Для нагляднасці возьмем такі характэрны прыклад: Расонскі раён нашай вобласці. Насельніцтва раёна – 11 514 чалавек, у Расонах – 5,4 тысяч чалавек, плошча раёна – 1926,87 км2 (9-е месца ў вобласці).
Бяром Глыбоцкі раён і параўноўваем яго з Расонскім. Глыбоцкі раён: насельніцтва – 41 043 чалавек, Глыбокае – 18,2 тысяч чалавек, плошча раёна – 1760 квадратных кіламетраў (12-е месца ў вобласці). Глыбоцкі раён меншы па плошчы, а насельніцтва ў 3,5 разы больш! Чаму? Глыбокае – развіты прамысловы цэнтр. Тут лягчэй знайсці працу, арганізаваць бізнес. Пры гэтым Глыбокае і Расоны маюць аднолькавы статус, яны – райцэнтры.
Сістэма «вялікіх абласцей» стымулюе рост абласных цэнтраў і Мінска коштам рэгіёнаў, што павялічвае дысбаланс развіцця паміж гарадамі рознага ўзроўню. Адбываецца стрымліванне рэгіянальнага развіцця, што абмяжоўвае рынкавую базу для эканамічнага росту краіны ў цэлым. Нягнуткасць і неэфектыўнасць пры вырашэнні шэрагу мясцовых задач з-за занадта вялікай аддаленасці раёнаў ад абласной адміністрацыі. Паставы, напрыклад, за 268 км ад Віцебска і за 190 км ад Мінска.
А як там, у Еўропе?
Параўнаем Беларусь не з краінамі постсавецкай прасторы, а з краінамі Заходняй Еўропы.
Беларусь: плошча – 207 560 км² (84-я ў свеце); насельніцтва – 9 млн 471,9 тыс.; сталіца – Мінск – 1 864 100 чалавек. Рэспубліка Беларусь падзяляецца на 6 абласцей, вобласці падзяляюцца на раёны і гарады абласнога падпарадкавання. Агульная колькасць раёнаў ва ўсіх абласцях складае 118, а гарадоў абласнога падпарадкавання — 12. Горад Мінск з’яўляцца самастойнай адмінстрацыйнай адзінкай, якая не ўваходзіць ні ў адну вобласць. Шчыльнасць насельніцтва ў краіне - 45,6 чел./км².
Венгрыя: плошча – 93 030 км² (109-я ў свеце); насельніцтва – 10,4 млн. чалавек; сталіца – Будапешт – 2,1 млн. чалавек. Адмістрацыйны падзел – дзевятнаццаць абласцей (мед’е) і шэсць гарадоў, якія маюць статус вобласці (у тым ліку і сталіца Венгрыі — Будапешт). Шчыльнасць насельніцтва краіны – 107,7 чел./км².
Чэхія: плошча – 78 866 км² (115-я ў свеце), насельніцтва – 10 532 770 чал., сталіца – Прага (1 291 000 чалавек), Чехія складаецца з 13 краёў (kraj) і сталіцы (hlavní město). Краі, у сваю чаргу, дзеляцца на 77 раёнаў. Раёны складаюцца з муніцыпалітэтаў (абшчын). Шчыльнасць насельніцтва краіны – 133 чал./км².
Славакія: плошча – 48 845 км² (126-я ў свеце), насельніцтва – 5 424 925 чал., сталіца – Браціслава – 431 061 чaлaвек, 8 краёў (kraj), якія называюцца па імені свайго адміністрацыйнага цэнтра. Краі падзяляюцца на некалькі раёнаў (okres). Усяго ў Славакіі цяпер 79 раёнаў. Шчыльнасць насельніцтва – 111 чал./км².
Прыведзеныя лічбы красамоўна паказваюць сапраўдны стан рэчаў. Яшчэ больш красамоўную карціну мы ўбачым, калі параўнаем Віцебскую вобласць, якая па плошчы (40,1 тыс. км²) амаль роўная Славакіі (48,8 тыс. км²). У Віцебскай вобласці насельнікаў – 1 231 000 чалавек, у Славакіі – 5 424 925 чал., Шчыльнасць насельніцтва адпаведна: 30,7 чел./км² і 111 чал./км². У Віцебскай вобласці – 21 раён, Славакія падзеленая ж на 8 краёў. Славацкія раёны (79) да ўвагі не бяром, бо невядома, які яны маюць статус, мо’ гэта адпавядае статусу нашага сельсавета (воласці). Аднак, калі зрабіць нямудрыя арыфметычныя падлікі (48 845 км²: 8 краёў = 6 106 км²), мы ўбачым, што адзін сярэдні славацкі край роўны 3,5 Глыбоцкім раёнам (1 760 км²).
Цяпер на падставе вышэйпрыведзеных прыкладаў самы раз рабіць высновы. Ужо адназначна бачна, што падзел краіны на вялікія вобласці шкодны. Мінск неўзабаве стане 2-мільённым горадам. І ўсіх насельнікаў сталіцы трэба забяспечыць жыллём і працай, а значыць, трэба будаваць і будаваць... заводы, жыллё, школы, паліклінікі, шпіталі...
А што дастанецца Глыбокаму, Расонам, Дзісне, Калінкавічам, Мсціславу, Дзятлаву?... – Дык вы ж выміраеце!, - скажуць. – Досыць вам і таго, што ёсць! Ды і гэта трэба зачыняць, эканамічна нявыгадна. Маўчыце лепш!
Дык як нам, правінцыі, жыць? Падзяліць краіну на паветы ці ваяводствы? Каб такім чынам адабраць у вялікіх гарадоў сваё «месца пад сонцам»? Пачаць нарэшце развіццё рэгіёнаў!
Ваяводствы? Не!
Ну, дапусцім, ваяводствы. Беларусь падзелім на 12 ці 15 ваяводстваў, як прапануюць некаторыя. І што атрымаем? Бясспрэчна, Віцебская вобласць будзе падзеленая на 2 ваяводствы: Полацкае і Віцебскае. Іншага варыянту няма. Полацк і Наваполацк атрымаюць больш магчымасцяў для зліцця ў адзін горад, так бы мовіць, “мегаполіс”. Полацк забярэ сабе палову Віцебскай вобласці. Быў 21 раён, стане у кожным ваяводстве – 10-11. У прынцыпе, тое самае, што й было. Цяпер палова вобласці будзе жывіць Віцебск , іншая – Полацк, ды яшчэ з большым эфектам, чым Віцебск, бо ён трохі згубіць з-за страты паловы тэрыторыі.
Не! Усходнееўрапейская мадэль (Венгрыя, Славакія, Чэхія) нам больш падыходзіць!
Паветы? Гэта тое, што нам падыходзіць!
Можна напісаць дзясяткі даследаванняў на тэму “Як спыніць дэпапуляцыю Беларусі?”, і ўсе яны будуць з дэталёвым аналізам і ацэнкай сітуацыі, якая склалася ў краіне. Будзе шмат прапановаў выйсця з сітуацыі. І ўсе яны будуць слушныя. Аднак каму нараджаць? Што рабіць, калі маладыя людзі, маладыя сем’і з’язджаюць не толькі з вёсак, але і райцэнтраў. Глыбокае за 10 гадоў – ад перапісу да перапісу – згубіла каля тысячы чалавек.
Вышэй мы вывучылі сітуацыю ў такой краіне, як Славакія. Параўналі з Віцебскай вобласцю, якая па плошчы мала ёй саступае. Не радыкальна будзе адрознівацца сітуацыя, калі браць за аснову Чэхію і Венгрыю.
Аўтар гэтых радкоў, як і шмат іншых даследчыкаў прапанаванай да абмеркавання тэмы, схіляецца да высновы: падзел Беларусі павінен быць на паветы. Умоўна кажучы, кожную вобласць падзяліць на 4 паветы. На ўсёй Беларусі іх іх будзе 24 (6 абласцей х 4 паветы = 24 паветы). Гэта азначае, што заміж Віцебскай вобласці будуць: Глыбоцкі, Полацкі, Аршанскі і Віцебскі паветы. У аснову бярэцца цяперашняе заніраванне тэрыторыі вобласці, што ўжо склалася гістарычна з савецкіх часоў.
Заўважым, што сярэднестатыстычны славацкі край роўны тром з паловай Глыбоцкім раёнам. Паводле нашай схемы Глыбоцкі павет будзе ўключаць 6 раёнаў паўночна-заходняй часткі Віцебскай вобласці: Глыбоцкі, Пастаўскі, Мёрскі, Докшыцкі, Шаркоўшчынскі і Браслаўскі раёны. Сярэднестатыстычны славацкі край нават будзе ў два разы меншы за Глыбоцкі павет!
І што будзем мець у выніку?
Каб адказаць на гэтае пытанне, давайце зноў вернемся да разгляду сітуацыі ў Славакіі. Як сказана вышэй, у Славакіі – 8 краёў, аналагаў 24-26 беларускіх паветаў. Колькі насельніцтва ў сталіцах іншых 7 краёў (Браціславу мы разглядалі вышэй, 431 061 чaлaвек):
1) Кошыцэ – 234 969,
2) Прэшаў – 90 805,
3) Банска Быстрыца – 80 080,
4) Трнава – 68 828,
5) Трэнчын – 56 750,
6) Нітра – 84 693,
7) Жыліна – 86 137.
Ну во! Глыбокае як сталіца павету (альбо краю) сама меней павінна мець насельніцтва ў 50 000 чалавек. Натуральна, што такога выніку (насельніцтва), у выпадку з Глыбокім, трэба чакаць не адно дзесяцігоддзе, дзесьці 50-100 гадоў. Але ж трэба з нечага пачынаць!
Без сумневу, у гэтых славацкіх сталіцах краёў ёсць і ўніверсітэты, каледжы, хакейныя каманды з лядовымі палацамі, тэатры… Тое самае павінна быць і ў Глыбокім, зразумела, калі яно стане сталіцай аднаго з паветаў краіны. А яшчэ: сваё рэгіянальнае тэлебачанне, рэгіянальная бальніца (аналаг цяперашняй абласной), праектныя бюро, дзе будуць стварацца свае, рэгіянальныя праекты дамоў і храмаў, адметныя ад іншых абшараў Беларусі... Усё будзе сваё! Тое, што сёння мае Віцебск ці Гродна, а не мае Глыбокае ці Ліда.
Глыбокае стане роднай сястрой, родным братам, клапатлівай маці і бацькам для Дзісны, Варапаева, Лынтупаў, Друі, Відзаў, Падсвілля, як і для Докшыцаў, Паставаў, Браслава, Мёраў, Шаркоўшчыны.
Якія праблемы ў Дзісны? Горад вымірае! Некалі было аж за 10 тысяч. Цяпер 1700 жыхароў засталося. Няма працы людзям! А ў Віцебску спадару Шымуковічу, старэйшыну правабярэжнай часткі Дзісны кажуць: няма ў Дзісны праблемаў, вы іх перабольшваеце. Для чыноўнікаў з вялікага абласнога цэнтра Дзісна – усяго толькі кропка на карце. Ну, знікне адна-дзесяць кропак, затое сотні іншых застануцца.
Збудзецца запаветная мара Фадзея Шымуковіча, старэйшыны старэйшай часткі Дзісны, самага маленькага горада краіны. Дзісна стане турыстычным горадам і будзе жыць і развівацца з турызму. У Дзісну будуць з’язджацца спартсмены з усяе Еўропы на спаборніцтвы па веславанні на галерах па Дзвіне – ад Дзісны да межаў Латвіі! А краёвыя спаборніцтвы рыбаловаў па вылаве самага вялікага сама? Усё будзе: і аквапарк на беразе Дзвіны, і ўтульныя кавярні ў Старым Месце! Будзе! Як сталася тое магчыма ў маленькім чэшскім гарадку Глыбокае над Влтавай. Паўмільёна турыстаў за год! У гарадку – 45 гасцініц і 45 рэстаранаў. (Цяпер можа і больш, аўтар быў там у 2002 годзе). Увесь гарадок (4,5 тысячы жыхароў) жыве з турызму.
У нашыя гарады трэба вярнуць гарсаветы, як тое ёсць па ўсім свеце. Нельга з усяе краіны рабіць адзін вялікі калгас. І самае галоўнае, каб кожны горад павета не быў пакрыўджаным, каб ён быў самадастатковым. Браслаў, напрыклад, стаіць на шматлікіх азёрах. Дзе, як не тут, развіваць рыбакансервную прамысловасць, турызм, санаторна-курортны адпачынак!
Надаць больш паўнамоцваў сельсаветам (валасцям), каб шматлікія пытанні вырашаліся на месцы, а не ў райцэнтры, што ў рэшце рэшт будзе спрыяць іх развіццю, а не заняпаду.
Зрэшты, гэта асобная тэма, якая патрабуе сваёй распрацоўкі. Нашая задача – паказаць неабходнасць новага адміністрацыйнага падзелу краіны.
Гэта будзе заўтра
Натуральна, што сёння ніхто не будзе вырашаць пытанне: паветы ці ваяводствы? Вы толькі ўявіце, які пачнецца гвалт! Скасаваць вобласці? Дзясяткі тысяч абласных чыноўнікаў, якія сёння нібыта незаменныя, у імгненне вока стануцца нікому не патрэбнымі! Вы ім толькі скажыце, што на Беларусі не будзе абласцей, а будуць паветы! Яны пачнуць даказваць неабходнасць захавання абласцей, а значыць, і сваю чыноўніцкую патрэбнасць, трымацца за свае высокія заробкі. І пофіг ім усім, што памірае Дзісна і Друя, што тысячы людзей выязджаюць на сталае жыхарства ў іншыя краіны. У іх – усё добра і дзеці ўладкаваныя.
Наш матэрыял – гэта пазітыўнае бачанне будучыні Беларусі.
* * *
Артыкул быў напісаны ў межах "Народнай праграмы". “Народная праграма” – гэта грамадская ініцыятыва па выпрацоўцы новага пазітыўнага бачання будучыні Беларусі. На гэтым шляху ініцыятары праграмы імкнуцца аб’яднаць прафесійныя высілкі экспертнай супольнасці і ўдзел самага шырокага кола грамадзянаў у абмеркаванні найбольш вострых і надзённых пытанняў развіцця краіны.
Афіцыйны сайт "Народнай праграмы" - prahrama.by. Артыкулы "Народнай праграмы", напісаныя мясцовымі аўтарамі, сабраныя ў адмысловым радзеле на "Вестках".
http://westki.info/artykuly/12120/voblasci-vaiavodstvy-ci-paviety-pohliad-z-hlybokaha?fb_action_ids=339956806118794%2C339490762832065&fb_action_types=og.likes&fb_source=other_multiline&action_object_map=%7B%22339956806118794%22%3A10150686779646478%2C%22339490762832065%22%3A448452505221345%7D&action_type_map=%7B%22339956806118794%22%3A%22og.likes%22%2C%22339490762832065%22%3A%22og.likes%22%7D&action_ref_map=%5B%5D