Адукацыя Гродзенскай губерні Мястэчкі былі шырока распаўсюджаным на Беларусі тыпам пасяленняў. Яны адыгрывалі значную ролю ў сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці краю. Адукацыйна-асветніцкую значнасць мястэчак з пэўнай дакладнасцю могуць характарызаваць узровень адукацыі, колькасць і тыпы размешчаных тут навуальных устаноў, бібліятэк, прыватных збораў. У гэтых адносінах мястэчкі Гродзенскай губерні пераўзыходзілі такія паселішчы Мінскай, Магілеўскай і Віцебскай губерняў.
На тэрыторыі Гродзенскай губерні (Брэсцкі, Ваўкавскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі паветы ) налічвалася больш за 80 мястэчак(па дадзеных на 1807-1887 г. ).
Мястэчкі Свіслач, Шчучын, Жыровічы, Лыскава ў першай трэці XIX ст. выступалі даволі буйнымі адукацыйна-асветніцкімі цэнтрамі і ў гэтых адносінах ішлі наперадзе некаторых уездных гарадоў. Тут знаходзіліся сярэднія навучальныя ўстановы.
Жыровічы зяўляліся буйнейшым базыльянскім асяродкам на Беларусі. Тут яшчэ ў 1631 г. базыльяне заснавалі школу, якая атрымала прывілей караля Аўгуста II ад 11 жніўня 1710 г. З гэтага часу ў мястэчку дзейнічалі ніжэйшая і філасофская базыльянскія школы, пераўтвораныя Адукацыйнай камісіяй у падакруговыя вучылішчы. У 1804 г. яно было рэрганізавана ў гімназію, але пазней у справаздачах фігуруе як уезднае вучылішча (1817 г. – 6 класаў, 310 вучняў). У 1828 г.па ініцыятыве І. Сямашкі на іх аснове ў Жыровічах заснавана ўніяцкая Літоўская духоўная семінарыя, якая пасля скасавання ўніі стала праваслаўнай. У 1845 г. яна пераведзена ў Вільна, а ў Жыровічах было створана духоўнае вучылішча (1858 г. – 130 чалавек).
Мястэчка Шчучын у працы М. Балінскага і Т. Ліпінскага “Старажытная Польшча” вызначаецца як “значны цэнтр асветы і дабрачыннасці ў краі”, росквіт якіх быў звязаны з дзейнасцю тут калегіума піяраў – аднаго з найбольш значных у Беларусі. Ен быў заснаваны ў 1726 г. Высокі ўзровень падрыхтоўкі гарантаваўся шырокай праграмай, падборам моцных выкладчыцкіх кадраў, багатым кніжным фондам: бібліятэка піяраў пачатку XIX ст. налічвала 2751 кнігу. Акрамя таго, выкладчыкі і студэнты маглі карыстацца вялікай бібліятэкай Сцыпіенаў, а потым – Друцкіх-Любецкіх. У 1776 г. Адукацыйная камісія адчыніла ў Шчучыне падакруговае вучылішча, якое таксама належала піярам і было 3-класным. Пазней яно атрымала статус уезднага, было спачатку 4-класным, затым 6-класным (1817 г. – 175 вучняў).
Са шчучынскімі піярскімі навучальнымі ўстановамі звязаны імены такіх вядомых навукоўцаў XVIII-XIX ст. ст. як гісторык-археограф Мацей Даўгель, філосаф Казімір Нарбут, філосаф, логік і псіхолаг Анел Доўгірд, біелаг Станіслаў Баніфацый Юндзіл, геолаг, мінералаг, даследчык Чылі, удзельнік вызваленчага руху на Беларусі Ігнат Дамейка.
У Лыскаве ў 1751 г. была заснавана школа каталіцкага закону місіянераў. У 1797 г. яна была пераўтворана ва ўезднае 6-класнае вучылішча. Гэта было адзінае на Беларусі вучылішча, якое ўтрымліваў гэты каталіцкі закон. Доўгі час наглядчыкам Лыскоўскага вучылішча быў памешчык Біспінг, які падтрымліваў вучылішча грашовымі субсідыямі. Але фінансаванне было слабым. Не хапала грошай на набыцце падручнікаў. Калі згодна з распачатай зменай навучальнай літаратуры лыскаўскія місіянеры змаглі набыць толькі 75 кніг на суму 10 руб. 68 кап., то ў Жыровічах – 322 кнігі на 48 руб. 58 кап. У 1835 г. Лыскаўскае вучылішча апошні раз узгадваецца ў справаздачах.
Буйнейшай авучальнай установай на Гродзеншчыне ў разглядаемы перыяд была Свіслацкая гімназія. Граф Вінцэнцій Тышкевіч аказаў вялікую матэрыяльную дапамогу і падтрымку ў стварэннігімназіі, якая была адчынена ў 1805 г. і атрымала афіцыйнае названне Гродзенскай губернскай гімназіі. Першым яе дырэктарам стаў Яцэк Крусінскі. Шмат настаўнікаў падбіралася з лепшых выпускнікоў Віленскага і Варшаўскага ўніверсітэтаў. Магчымасць забяспечыць гімназію падручнікамі, стварыць лабараторыі і іншым чынам уладкаваць навучальны працэс далі грошы графа тышкевіча, які ў 1816 г. згодна з тэстаментам перадаў на гімназічны фундуш 20 тысяч рублеў серабром. У 1808 г. у ей налічвалася 889 кніг, 550 з якіх ахвяраваў Тышкевіч. У 1826 г. у вучэбнай бібліятэцы было ўжо 2030 тамоў, а ў 1835 г. – 2931 кніга і 8 тамоў перыядычных сачыненняў. Мястэчка Свіслач стала адным з галоўных адукацыйна-асветніцкіх цэнтраў Гродзеншчыны. У 1851 г. гімназія была зачынена і пераведзена ў Шаўлі.
Такім чынам, мястэчкі Гродзеншчыны займалі значнае месца ў сістэме сярэдняй адукацыі. У 1817 г. з 21 руб. 04 коп.здных вучылішчаў Гродзенскай губерні 3 мясціліся ў мястэчках (Жыровічы, Лыскава, Шчучын) і 5 – у гарадах (Гродна, Брэст, Слонім, Ліда, Навагрудак). Адзіная на той час свецкая сярэдняя навучальная ўстанова – Свіслацкая гімназія. Ва ўсіх гэтых вучэльнях налічвалася 1609 навучэнцаў, з іх у мястэчках – 825, у гарадах – 784.
Мястэчкі былі цэнтрамі пачатковай адукацыі. Тут існавалі прыходскія вучылішчы – ніжэйшыя пачатковыя навучальныя ўстановы ў межах царкоўных праваслаўных прыходаў або каталіцкіх парафій.
Далее:
http://groedu.narod.ru/land2.htm