Чарнякевіч Андрэй
“Прытулішча выгнанцаў”:
штодзённае жыццё беларускага дзеяча ў Гародні 1909-1939 гг.Беларуская Гародня, гэта не залюстроўе і не фантастычны сусвет. Беларускасць тут заўсёды была з’яваю натуральнай, іншая справа - рознай па сваіх знешніх праявах у кожную эпоху. Калі, напрыклад, у наважытны час беларускасць ледзь бачная на старонках гродскіх кніг у выглядзе лексічных запазычанняў , дык ужо праз стагоддзе прыёр гарадзенскіх кармелітаў, ксёндз Ўладзіслаў Казакевіч, упрост запісаў сваё паходжанне як “шляхціц” і “беларус” . А чаго вартыя прароцкія ў кожным сэнсе словы М. Канапніцкай, якая ў адным са сваіх лістоў сцвярджала: “Гародня… Тое, што там народзіцца калісьці паміж народам – ня будзе Польшчай ці Літвою, але Беларуссю...” .
Новае, ХХ стагоддзе ўдыхнула зусім іншы, грамадска-палітычны, сэнс у паняцце “беларус”, раскідаўшы паміж гарадзенскіх камяніц прыкметы няпростага сталення нацыі. З таго самога моманту, калі “быць беларусам” пачало вызначаць свядомы грамадскі выбар, само слова “беларус” ( тым больш – ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы ) амаль непазбежна набывае палітычным сэнс.
“...Горадня, - пісаў пазней мясцовы беларускі дзеяч, што схаваўся пад псеўданімам Ул. Крынскі, - ўважаецца за адзін з найстарэйшых цэнтраў беларускага адраджэнскага руху. І зусім слушна. Яшчэ падчас паўстання 1863 году Горадня была сядзібай Кастуся Каліноўскага, які да пакліканьня яго на становішча дыктатара Беларусі і Літвы быў горадзенскім ваяводай. ...Пашыраныя тут у вялікіх колькасьцях экзэмпляры “Мужыцкай Праўды” і іншых выданьняў у беларускай мове, узмацоўвалі ў шырокіх масах беларускага сялянства й дробнай шляхты сьвядомасць нацыянальнай адасобленасьці.
Гэта спрычынілася да таго, што распачаты Каліноўскім рух …не загінуў, а паўстанчыя традыцыі і ідэя беларускага сэпаратызму перахоўвалася тут яшчэ доўгія гады, аж пакуль не дакацілася сюды новая ажыўляючая хваля нацыянальна-асьведамлюячай дзейнасьці Францішака Багушэвіча і Браніслава Эпімах-Шыпілы.
...Усё гэта служыла спрыяючымі ўмовамі да хуткага развіцьця нацыянальна-адраджэнскага руху...” .
Насамрэч у Гародню беларускае адраджэнне прыходзіла хвалямі, адшукваючы з кожным разам усё большую колькасць прыхільнікаў з тым, каб пазней зноў знікнуць, часам амаль не пакідаючы слядоў. У выніку, грамадская актыўнасць на беларускай глебе мела адносна кароткачасовы характар і прыходзілася, галоўным чынам, на некалькі «пікаў», працягласцю ад некалькіх месяцаў да аднаго-двух гадоў – у залежнасці ад абставінаў.
Для Гародні гэтыя перыяды былі звязаны з існаваннем розных па сваіх функцыях і характару арганізацый:
– 1909-1913 гады – час заснавання першай напоўлегальнай нацыянальнай арганізацыі - Гуртка беларускай моладзі, праз якую прайшло агулам да сарака чалавек;
– 1918 – 1921 гады – перыяд, які (дастаткова ўмоўна) магчыма звязаць з дзейнасцю Гарадзенскага Беларускага нацянальнага камітэта. Прыкладна тады ж у горадзе існавалі беларускія арганізацыі, некаторыя з якіх мелі дзяржаўнаўтваральны характар: Сувязь культурна-нацыянальнага адраджэньня Беларусі, урад БНР, міністэрства беларускіх спраў пры літоўскім урадзе, 1-ы Гарадзенскі беларускі полк, Беларуская вайсковая камісія ды іншыя. На гэтым этапе лічба асобаў, актыўна звязаных з беларускім рухам, у параўнанні з папярэднім перыядам, павялічваецца ў разы;
На 1922 – 1931 гады выпадае фармавання беларускага парламенскага прадстаўніцтва ды антыпольскага падполля, спробы стварэння “праўрадавых” арганізацый, эпоха Грамады ды ТБШ. Адным словам, гэта час, калі інтэграцыя гарадзенскіх беларусаў у палітычную структуру Польскай дзяржавы прычынілася да надзвычайнага (у масштабах нават усей беларускай гісторыі) “выбуху” грамадскай актыўнасці на нацыянальнай глебе .
Апошняя фаза – пасля 1931 года – адзначаеца канчатковым знішчэннем мясцовай адміністрацыяй усялякіх нацыянальных прадстаўніцтваў ці то ў палітычнай, ці то ў культурный альбо гаспадарчай сферах, што ў выніку прывяло да поўнай амнезіі беларускага публічнага жыцця ў горадзе ды наваколлі. На дзесяць гадоў беларускі рух знікае не толькі з палітычнага жыцця Гародні, але нават - як праява грамадскай думкі .
У выніку, за перыяд з 1909 па 1939 гады праз беларускі рух толькі ў самой Гародні прайшло, па нашых падліках, больш за 500 чалавек. За гэтыя ж трыццаць гадоў агульная колькасць беларускіх арганізацый і ўстаноў, існаваўшых ў розныя часы ў горадзе, сягнула за шэсцьдзесят. Разам з тым, уласна “ядро” беларускага руху ў Гародні, хаця і змянялася па сваім складзе, увесь час трымалася ў межах 10-30 чалавек .
Нягледзячы на абмежаваны лік, а магчыма – менавіта таму, неверагодна складана вызначыць, якім быў “тыповы” для Гародні беларускі дзеяч! Гэтак, напрыклад, калі першапачаткова гарадзенскі “свядомы” беларус – гэта навучэнец старэйшых класаў гімназіі, дык пазней беларускі рух больш сталее, каб на пачатак 1930-х у чарговы раз памаладзець разам са “зменай вех” – надыходам новага пакалення беларусаў.
Вядома, з большага беларускія ўстановы мелі амаль выключна мужчынскі склад, аднак, нават тады жаночая прысутнасць адчувальна ўплывала на агульны кірунак іх развіцця. Напрыклад, першую ў Гародні вядомую агітацыйныю брашуру на беларускай мове склала ў 1904 годзе Яніна Міхноўская . Цяжка ўявіць сабе паўстанне першай беларускай арганізацыі ў горадзе - гуртка беларуска моладзі – без удзела сясцёр Салянак, пры тым, што старэйшая з іх – Ганна – з’яўлялася “правай рукою” заснавальніка гуртка кс. Ф. Грынкевіча . Гэткія знакавыя постаці, як Тэкля Станішэўская, Паўліна Мядзёлка, Вера Маслоўская, Надзея Ламашэвіч – розныя, непадобныя на першы погляд, аб’яднаў пакутлівы лёс - быць першымі .
Як кожная сістэма, гарадзенскі беларускі асяродак меў свае функцыі ўваходу і выхаду.
Пра метамарфозы, якія звычайна адбываліся з вясковаю моладдзю, калі тая перабіралася настала у горад, пісала на сваіх старонках яшчэ “Наша Ніва”: “…Зразу пападаючы між чужых, вясковы хлопец чы дзяўчына спярша чураюцца іх, але пазней, чуючы насмешкі над роднай мовай і ўсім тым, што ў хаце бацькі вучылі любіць і шанаваць, памалу самі навучаюцца сьмеяцца і пагарджаць гэтым, саромяюцца матчынай гутаркі, пераймаюць чужую і разрываюць тую жывую звязь, якая злучае чалавека з мейсцам, дзе радзіўся, і з людзьмі, с каторымі праводзіў першыя гады жыцця…” .
Магчыма, менавіта таму на першых парах нараджэнне нацыянальнай свядомасці насіла характар вельмі індывідуальны і датычыла не карэнных жыхароў горада, а амаль выключна выхадцаў з вясковага асяроддзя.
«Аднаго разу, як быў я ў Горадні, - пісаў аб сваім дзяцінстве ў аўтабіяграфіі Д. Аніська, - праходзячы па Саборнай вуліцы, спасцярог у вакне польскай кнігарні «Беларускую дудку». Зразумела, што адразу яе купіў. І гэта была першая кніжка – беларуская! Прамова да гэтай кніжкі вельмі мяне парушыла і ўмацавала ў перакананні, што я беларус» .
Тагачасны беларускі прэм’ер-міністр Антон Луцкевіч здолеў ацаніць іх працу, напісаўшы ў сваім дзённіку: “Малая іх жменька, але [яны] смела выступілі ад імя беларусаў...” .
Добавлено: 05 Апрель 2012, 06:55:39
Сітуацыя прынцыпова змянілася, калі дзякуючы палітычнай каньюнктуры пад «беларускай» шыльдай пачынае дзейнічаць шэраг арганізацый і ўстаноў, маючых часамі вельмі “інструментальнае” разумене ўласнай “беларускасці”. Гэтак у лістападзе 1918 года “Гарадзенская руская ўправа” явачным парадкам змяніла сваю назву на «Беларускую ўправу», дзякуючы чаму яе сябры з ліку старой расейскай эліты, аўтаматычна трапілі ў лік “беларускіх дзеячоў” .
Падобнай палітычнай мімікрыі спрыялі агульная слабасць беларускага руху, празрыстая форма рэкрутацыі новых дзеячоў і адсутнасць нацыянальнай традыцыі ў разуменні самой беларускасці. Дарэчы, тады ж у канцы 1918 года А. Смоліч і брат з сястрой Аляксюкі спрабавалі арганізаваць у горадзе першы беларускі мітынг, але вялікага водгуку сярод мясцовага насельніцтва ён не знайшоў .
У выніку гарадзенскім беларусам прыходзілася адначасова будзіць нацыянальную свядомасць у шырокіх масах і адстойваць нацыянальны змест самога тэрміну “Беларусь”.
“Прачніцеся, браты сяляне! - заклікала набраная кірыліцай і лацінкай адозва Беларускага нацыянальнага камітэта, - …Гляньце навокал! Усе народы ўзяліся за свае справы. Нельга чакаць і нам...” .
Вызначальную ролю ў развіцці нацыянальнага руху ў горадзе адыграў той факт, што падчас польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў тут кожны раз, калі на Беларусі мянялася ўлада, канцэнтраваліся значныя нацыянальныя сілы. Гародня, што праўда – post factum, атрымала нават ганаровае званне „другой сталіцы БНР”. Сярод першарадных асобаў, што апынуліся ў канцы 1918 – на пачатак 1919 года ў горадзе, варта ўзгадаць А. Луцкевіча, Я. Варонку, А. Смоліча, Л. Зайца, В. Захарку, А. Цвікевіча, К. Цярэшчанку, П. Крэчэўскага, К. Езавітава, Р. Скірмунта, П. Алексюка, Т. Грыба, П. Мядзёлку ды інш..
К. Цярэшчанка пазней шчыра прызнаваўся: “...З сумнымі думкамі я прыехаў у Горадню...” .
“Дзень цяжкі, сумны. - Чытаем у дзённіку А.Луцкевіча запіс за 5 студзеня 1919 года. - Здаецца, у жыцці не меў горшага. А гэта толькі прадвеснік эмігранцкага жыцця. Усё, чым чалавек жыў, засталося недзе далёка, далёка. А ў будучыню веры няма, няма сіл верыць у што-колечы. Часы барацьбы за ідэалы мінуліся...” .
Лепш за ўсё атмасферу “апошняга прытулка”, якім стаў для большасці беларускіх дзеячоў горад, перадае паўсталы ў гэты самы час верш Макара Краўцова “Паварот да Гародна”, які скончваўся наступнымі радкамі:
Вітай-жа Горадзень, дзяціну
Тваіх муроў, тваей ральлі.
Хоць ты прытулішчам будзь сыну -
Выгнанцу роднае зямлі!
Пазней Гародня выконвала ролю “прытулішча выгнанцаў” яшчэ прынамсі двойчы. Спачатку ў ліпені 1920 года падчас савецкага наступлення, калі кола мясцовых беларусаў папоўнілі ўцекачы з Менска – сям’я Смолічаў, С. Рак-Міхайлоўскі, Р. Зямкевіч, бацька ды сын Адамовічы. Другі раз падобнае адбылося ўвосень таго ж года, калі фронт рухаўся ўжо ў адваротным накірунку - на ўсход. Тады ў Гародні спыняецца цэлы шэраг беларускіх дзеячоў: В. Іваноўскі, Б. Тарашкевіч, К. Цярэшчанка, А. Борык, Т. Данілюк ды інш. .
Працэс “выхаду”, г.зн. адыходу ад удзелу ў мясцовым нацыянальным руху, праяўляўся ў некалькіх варыянтах. У першую чаргу, гэта выезд з горада - на вучобу, у пошуку працы ці па палітычных прычынах. Гэтак, значная частка сяброў гуртка пасля заканчэння гімназіі апынулася ў Пецярубурзе, Маскве, Варшаве, і ў Гародню яны ўжо не вярнуліся. У 1919-1920 гадах праўленне Гарадзенскай Беларускай губернскай управы, ратуючыся ад арыштаў амаль у поўным складзе апынулася ў Літве. Праз тую ж Літву ў Савецкую Беларусь на працягу 1920-х гадоў перабраліся ўдзельнікі антыпольскага падполля. Іншымі накірункамі былі Варшава, Вільня, Беласток, Брэст ды нават Баранавічы, куды ў канцы 1925 года з Гародні пераяздзжае дзеяч паланафільскага накірунку Я. Міткевіч.
Але значна часцей адыход ад актыўнай грамадскай працы на карысць нацыянальнай ідэі быў выкліканы пераацэнкаю ўласных поглядаў, а нават зменай уласнай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Так, пачынальнік беларускага руху ў горадзе Францішак Грынкевіч у час нямецкай акупацыі ўвесь свой арганізацыйны талент зварочвае на развіццё польскай адукацыі.
«Ксёндз Грынкевіч, - Чытаем мы у дзённіку А.Луцкевіча за студзень 1919 года, - сапраўдным палякам стаўся і ўсю злосць сваю да беларусаў тлумачыць тым, што яны сацыялісты» .
Яшчэ больш характэрным падаецца ў гэтым сэнсе прыклад Антона Борыка - сябра клубу «Беларуская хатка» і кандыдата на выбарах у гарадзенскую Гарадскую раду ад «беларускага сацыялістычнага блока». Калі высветлілася, што А. Борык мае два пашпарты: беларускі і рускі, той у адказ заявіў, што не лічыць сябе ні беларускім, ні рускім грамадзянінам… .
Добавлено: 05 Апрель 2012, 07:56:06
Часамі адмова ад беларускасці насіла наогул публічны, адкрыты характар, як у выпадку Баляслава Квяцінскага. У Гародні ён з’явіўся ў лютым 1919 года ў якасці кіраўніка мясцовай беларускай асветы . Між іншым, на святочнай вячэры 25 сакавіка ў беларускім клубе Б. Квяцінскі выступіў з патрыятычнай прамовай.
“Сягоння вітаем дзень адраджэння нашай дарагой, змучанай доўгай няволяй Бацькаўшчыны. - Сказаў ён між іншым. - ...Мы не маем зброі, ды што зброя без духа, без нацыянальнай свядомасці – гэта цела без душы…” .
Аднак, ужо летам таго ж года Б. Квяцінскі фактычна быў завербаваны польскімі ўладамі. У выніку, у канцы ліпеня 1919 года ў мясцовай польскай газеце «Echo» ён надрукаваў аб’яву аб сваім выхадзе з падначаленых яму беларускіх устаноў, што па сутнасці азначала адмову ад дэклараванай яшчэ нядаўна “беларускасці” .
Адмова ад актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці мела амаль заўсёды вельмі празаічнае абгрунтаванне. Праўда, ёсць у гарадзенскіх беларусаў і свой мартыролаг з імёнаў тых, што паклалі сваё жыццё на алтар Бацькаўшчыны, служачы ідэі нацыянальнага адраджэння. Сярод іх першыя беларускія настаўнікі ў Гародні Тэкля Станішэўская і Аляксандр Грыкоўскі, загадчыцца беларускага прытулку і сястра беларускай паэтэсы Станіслава Буйло, кіраўнік гарадзенскага павятовага сакратарыяту БСРГ Мікалай Якімовіч, старшыня гарадзенскай акруговай управы ТБШ Пётр Сяўрук, сябра гарадзенскай беларускай павятовай рады Аляксандр Сініла ды інш..
Агульна кажучы, “функцыя выхаду” ў сістэме беларускага руху была больш разнастайнай і працавала значна эфектыўней, чым функцыя рэкрутацыі новых сяброў…
Першая спроба ўладкавацца «на стала» ў горадзе для беларускіх арганізацый была звязана яшчэ з перыядам заканчэння нямецкай акупаці. «Другая сталіца БНР» пачыналася з беларускага дзіцячага прытулку па вуліцы Маставой № 9 у былым Барыса-Глебскім манастыры, які адначасова стаўся калыскай і апошнім прытулкам беларускага нацыянальнага руху ў горадзе. З 1916 па 1930 гады ў ім знаходзіліся беларускія школа і канцылярыя Беларускай вучыцельскай рады, сакратарыят Беларускага пасольскага клубу і Беларуская школьна-прытулкавая рада, Беларускі камітэт помачы пацярпелым ад вайны і рэдакцыя газеты “Селянская гутарка”, беларуская кнігарня і гродзенскае аддзяленне Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Кожны раз, калі беларускі рух перажываў моманты масавага пад’ёму, ён намагаўся выйсці за межы манастырскіх муроў, каб пасля, пры чарговым “спадзе”, вяртацца сюды ізноў…
Другім пасля манастыра абшарам беларускага грамадскага жыцця ў Гародні былі мясцовыя гатэлі, якія функцыянальна лепш за ўсё падыходзілі для працы рознага кшталту ўстановаў і арганізацый, чый жыццёвы цыкл і палітычны статус насілі выразны характар часовага, нясталага існавання .
Даволі няпроста было адшукаць у горадзе і ўсе тыя адрасы, па якіх у розныя часы знаходзілася беларуская школа. У першую чаргу, гэта ўсё той жа Барыса-Глебскі манастыр: на месцы сучаснага драматычны тэатру з 1916 года дзейнічалі беларуская пачатковая, а пазней, прыкладна да 1921 года, – беларуская прытулкавая школкі; зусім нядоўга, менш за паўгады, праіснавала беларуская школа ў будынку былога Пушкінскага вучылішча (сучасны педагагічны коледж па вуліцы Леніна № 4); восенню 1919 года беларуская школка была вымушана перабрацца ў будынак на вуліцы Палявая (зараз – Карбышава № 10) , а адтуль – у былую Марыінскую гімназію (старое крыло дзяржуніверсітэта па вуліцы Ажэшка № 22).
У сярэдзіне кастрычніка 1920 года дэлегацыю Гарадзенскага БНК прыняў стараста А. Розен, які паабяцаў выдзяліць памяшканне для беларускага прытулку і гімназіі, што часова размясціліся па вул. Сафійскай (зараз – Леніна). «З-за адсутнасці будынку няма магчымасці распачаць заняткі ў сярэдняй беларускай школе. – Гаварылася ў іншым звароце Гарадзенскага БНК да прэзідэнта Гародні Э. Лістоўскага. – …Справядліва было б, каб хоць адзін магістрацкі гмах быў адведзены пад беларускую асвету». Магістрат падтрымаў просьбу беларусаў, але выконваючы абавязкі школьнага інспектара Х. Лукушэўскі ўсёроўна адмовіў у дапамозе, спаслаўшыся, што ўсе будынкі ў горадзе занятыя войскам.
Паводле мемарыяла старшыні Гарадзенскага БНК да міністра беларускіх спраў Літвы восенню 1921 года “пачатковая школа ў Гародні была выкінута з памяшкання і павінна была на тры змены вучыць дзяцей у адным пакоі”. Аднак, ужо ў наступным годзе беларуская школа атрымала сталае памяшканне па вул. Сапёрная № 6 (сёння – стары корпус школы № 10 па вуліцы Дзяржынскага №
за 180 тыс. марак чыншу ў год.
Апошні прытулак, ажно да сваёй рэарганізацыі ў 1927 годзе, беларуская школа знайшла па вуліцы Паўночнай (вул. Валковіча № 1), у адным будынку з польскай школай імя каралевы Ядвігі ...
Сярод іншых найбольш значных адрасоў беларускага руху ў Гародні можна адзначыць Дамініканскую № 23 (дарэчы, таксама – гатэль), будынак па вул. Палявая № 8 ды сядзібу праваслаўнага епіскапа Уладзіміра (гэтак званы “епархіяльны падворак”) .
Не менш востра, чым перад беларускімі ўстановамі, стаяла “кватэрнае пытанне” і перад уласна гарадзенскімі беларусамі. У большасці выпадкаў безкватэрныя беларусы цясніліся ў келлях былога Барыса-Глебскага манастыра, праз якія прайшлі А. Грыкоўскі, Л. Дзекуць-Малей, А. Кухарчук, А. Шах, С. Кішко, С. Буйло, Д. Лічыцкі, М. Амельянчык, А. Буднік, Л. Лукашык ды іншыя мясцовыя нацыянальныя дзеячы. Фармальнай падставай для гэтага з’яўляўся той факт, што большасць з іх працавалі настаўнікамі пры беларускай школе ці прытулку, якія месціліся тут жа.
Тым не менш, адміністрацыйныя ўлады імкнуліся звесці гэткую тэндэнцыю да мінімума. Нічога дзіўнага, што значная колькасць беларускіх дзеячоў, галоўным чынам тых, хто апынуўся у горадзе часова, жыла таксама па гатэлях. Так, у “Метраполі” ў снежні 1918 года ў адным нумары спыніліся Васіль Захарка і Антон Луцкевіч. Пазней, напрыканцы студзеня 1919 года беларускі прэм'ер перабраўся ў гатэль «Еўропа», у якім напярэдадні пасяліліся К. Цярэшчанка і К. Цвірка-Гадыцкі. Праз дзесяць гадоў, у 1929 годзе, у гэтым жа гатэлі падчас свайго прыезду ў Гародню жыў пасол І. Дварчанін. У сакавіку 1919 года ў гатэлі “Раяль” жылі А.Цвікевіч і А. Галавінскі, а ў лістападзе 1919 года – А. Бахановіч. У гатэлі «Гандлёвы» у 1926 годзе спыняўся пасол В. Рагуля, а ў гатэлі «Славянскі» ў 1920-х гадах некаторы час жылі Д. Кулакоўскі – сакратар гарадзенскай акружной управы ТБШ ды кіраўнік Арганізацыі беларускіх беспартыйных актывістаў паланафіл Я. Міткевіч са сваёй жонкай .
Калі ж беларускі дзеяч і валодаў нейкай нерухомай маёмасцю ў горадзе, дык часцей за ўсё гэта быў дом, набыты ці пабудаваны да Першай сусветнай вайны, як у выпадку доктара К. Бялецкага, што пабудаваў камяніцу па вул. Кірхавая №11 на Новым Свеце (сучасная Акадэмічная № 13) яшчэ перад Першай Сусветнай, ці А. Фохт, які згодна крыніцам, валодаў нерухомасцю па адрасе вул. Пілсудскага № 8 (не захаваўся) .
Добавлено: 05 Апрель 2012, 08:56:33
Яскравым выключэннем на агульным фоне бескватэрных беларусаў выглядала постаць С.Якавюка, які па розных крыніцах меў у Гародні на 1923 год ажно некалькі дамоў, набытых, быццам бы, за грошы, асыгнаваныя літоўскім урадам на антыпольскую партызанку... . Трэба, аднак, адзначыць, што большасць з беларускіх дзеячоў у перыяд ІІ Рэчы Паспалтай жыла на перыферыі горада – на тым жа Фарштаце, ці ў раёне вуліц Паўночнай, Артылерыйскай, Сапёрнай, на Новай Пасядлосці ды Грандзіцкай.
Яшчэ адным “беларускім” адрасам у Гародні з’яўляецца... будынак турмы. За прыналежнасць уласна да беларускага руху за царскім часам у гарадзенскю турму, здаецца, ніхто патрапіць не паспеў, іншая справа, калі гаворка ідзе аб міжваеннай Польшчы. Аднак, па іроніі лёсу, К. Цвірка-Гадыцкі - першы беларус, які апынўуся у вязніцы за палітычныя погляды, быў зняволены па загаду... урада БНР.
7 красавіка 1919 года В. Захарка звярнуўся з лістом да нямецкага крэйзгауптмана Гародні, у якім тлумачыў, што «беларускі грамадзянін Цвірка-Гадыцкі, ездзіўшы ў складзе самазваннай дэлегацыі прасіць польскі ўрад аб далучэнні Беларусі да Польшчы… арыштаваны па абвінавачванню ў дзяржаўнай здрадзе” .
Першая хваля польскіх арыштаў сярод мясцовых дзеячоў праходзіць у горадзе яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня 1919 года, калі, згодна Я. Антонавў, было арыштавана каля васьмідзесяці чалавек. Сярод арыштаваных у асноўным апынуліся былыя расейскія чыноўнікі, дзеячы Гарадзенскай Управы, звязаныя з літоўскім урадам: пратаерэй І. Карчынскі, доктар К. Бялецкі, У. Боеў, А. Бахановіч ды іншыя .
Хутка ў Гародні адбыўся шэраг чарговых арыштаў. Гэтым разам рэпрэсіі былі накіраваны супраць найбольш антыпольскі настроеных беларускіх эсэраў: былі арыштаваны П. Мядзёлка, К. Салошык, А. Фохт, Я. Натусевіч. Адначасова ў Вільні быў зняволены рэдактар газеты “Родны край” Т. Грыб, пазней пераведзены ў гарадзенскую турму.
У сваіх успамінах Паўліна Мядзёлка гэтак апісвае ўмовы, якія панавалі па той бок турэмных муроў: “Адзіночная камера цёмная, вузкая, як магіла. Брудныя, мабыць не беленыя сцены пакрыты заплеснелымі плямамі. Глыбока ў сцяне, вышэй росту чалавека, маленькае аконца з жалезнымі кратамі слаба прапускае дзённае святло. На вузенькім жалезным ложку сяннік з папяровай мяшкавіны, зашмальцаваны ад бруду, і танюсенькі, так што жалезныя рэбры з-пад яго выразна вырысоўваюцца; з такой жа мешкавіны брудная і плоская саламяная падушка. Ні посцілкі, ні навалачкі. Страшна на такім брудзе нават прысесці, не тое, каб твар прытуліць да такой падушкі. Добра хоць тое, што начальнік турмы загадаў выдаць з шафы, здаецца, чыстую шарсцяную коўдру. Хоць калючая, але ёю можна прыкрыць гэты бруд, на адной палове легчы, другою ахінуць плечы. Ні міскі, каб памыцца, ні ручніка – выцерціся...” .
Падобны успамін пакінуў і дырэктар адной з беларускіх школаў Гародні Янка Антонаў:
“18 ліпеня 1919 года ў вучылішчы ў сваёй кватэры я быў арыштаваны ... Дапросу не рабілі, абвінавачваньня не прад’яўлялі. Пасадзілі ў адзіночку, а праз дзень перавялі ў агульную “дваранскую” № 8 (трэці паверх флігеля). Кармілі дрэнна: зрана паў фунта хлеба, а на абед і ў вечары слабыя бяз тлушчаў вадзяністыя супы, ці поліўка са шчопці і вады .Памешканьне бруднае, вашывае. Крэпка галадаюць усе, у каго не было грошай. Усіх трымалі пад замком без права хадзіць нават у калідор. У дзень выганялі на прагулку: ганялі па дзеравянаму колу ў панадворку гадзіну і заганялі назад у камеру. Усе камеры турмы былі перапоўнены...” .
Беларускія партызаны, арыштаваныя яшчэ на пачатку 1920-х гадоў, займалі ў гарадзенскай турме дзьве камеры - № 2 і 3. Вось як апісвае сустрэчу з адным з іх у сваім дзённіку Зоф’я Налкоўская:
“Малады зняволены ўжо два гады знаходзіцца пад следствам, кожны раз ён аднолькава смутны, горкі, абыякавы. Мае амаль дзіцячы твар і часта краваточы. Гэта беларус, адзін з большасці па гэтай справе – чалавек чысты, проста кахаючы свой край, а можа – толькі падазраваны ў гэтым...” .
Аднак, напэўна, самым вядомым беларускім вязнем гарадзенскай турмы быў Браніслаў Тарашкевіч. Сваё зняволенне ў 1931-1933 гадах пераважна адбываў менавіта ў гарадзенскай турме, пакуль вясной 1933 года не быў пераведзяны ў Плоцк. У турме, паводле А. Бергман, знаходзіўся у адной з найбольш вільготных адзіночных камер пад № 45. Турэмная адміністрацыя разам з акружным пракурорам зрабіла ўсё, каб ізаляваць яго ад асноўнай масы зняволенных. Яго ўтрымоўвалі на правах асабліва небяспечнага злачынцы і нават на спацар выводзілі асобна ад іншых, што, прынамсі, не перашкодзіла яму тройчы ўдзельнічаць у агульнай галадоцы вязняў. Больш таго. Даволі вядомы факт, што менавіта ў Гародні падчас зняволення Браніслаў Тарашкевіч пераклаў на беларускую мову паэму А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» .
Калі не лічыць уласна індывідуальныя рысы, якія надаваў сваёй хаце кожны канкрэтны гаспадар, «беларускасць» на побытавым узроўні не з'яўлялася чымсці выключным. Унутраную прастору «беларускай кватэры» часоў Гуртка ўзгадвае ў сваіх успамінах Зоська Верас: “Цяжка было праіснаваць на невялікую пенсію па бацьку, таму мама атрымала дазвол у школьных уладаў арганізаваць у нас “вучнёўскую кватэру”. Трэба было шукаць адпаведнае памяшканне. Знайшлі ў знаёмай бабулі Будрыкавай па Гараднічанскай вуліцы, нумар чатырнаццаць. Пяць пакояў, кухня, перадпакой, балкон. Праўда, у мансардзе. На падворку стаялі дрэвы, расла трава. Балкон выходзіў на падворак...”. Як бачым, у гэтым апісанні няма нічога, што б прынцыпова адрознівала жытло «свядомага беларуса» з агульнаурбаністычнага асяроддзя.
Амаль тое ж можна сказаць і аб гастранамічных звычаях. Аднак, з іншага боку, сама ежа нечакана магла прычыніцца да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Так, напрыклад, у клуб «Наша хатка» на пачатку 1919 года прыходзілі і там сталаваліся беларускія дзеячы з асяроддзя мясцовага БНК, тады як частка служачых Міністэрства беларускіх спраў і Гарадзенскай Управы, г.зв. “таксама беларусы”, сталаваліся ў клубе “Бацькаўшчына”. Пазней, летам 1919 года, у беларускім клубе збіраліся на абед беларускія эсэры, якія часова пацяснілі ўсе іншыя групоўкі ў горадзе .
Акрамя “палітычнай”, “харчовая дыферэнцыяцыя” насіла і чыста прафесійны характар. Па сутнасці, заклік «Ратуйце галодных вучыцелёў!”, з якім у кастрычніку 1919 года зварочвалася П. Мядзёлка да Цэнтральнай Рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, найбольш поўна характарызуе галоўныя з “асаблівасцяў” харчавання “свядомага беларуса” .
«Дзядзечка даражэнькі! - Пісала вясной 1921 года да Л. Дубейкоўскага ў Варшаву загадчыца Гродзенскага беларускага дзіцячага прытулку Станіслава Буйло, - «Як трывога, дык да Бога». Таксама і я. Так цяпер у нас пагана жывецца без грошаў, што… із гэтай бяды села і Вам пісаць. Можа, Дзядзечка, Вы так дзе выклянчыце трохі грошаў… Ад ураду не атрымліваем грошаў саўсім. Нават у магістрату нам не далі за 2 месяцы… А тут, як на большае нашае гора, у гэтым месяцы цэны страшэнна пайшлі ўгару. Кожны месяц у нас быў расход 40 тысячаў, а ў гэтым месяцы дзеці галадалі і расход – 70 тысячаў. На дзяцей я проста глядзець не магу. Вакон няма, дзверы не зачыняюцца. Дзеці лёгка адзеты, галодныя, гэта штосьці страшэннае… Я з гэтага ўсяго расхварэлася і ляжу ўжо другі тыдзень, але добра, што хоць цяпер нічога не бачу і не ведаю… Дык хутка мусіць і трэба будзе перастаць есці – прадуктаў жа амерыканскіх толкі яшчэ на дзён сем хопіць. Палажэнне страшэннае…».
Калі ў большасці выпадкаў на побытавым узроўні беларускі нацыянальны рух часцей за ўсё не праяўляўся, дык пытанне вопраткі і знешняга выгляду з’яўлялася амаль што тым адзіным выключэннем, дзе нацыянальная самаідэнтыфікацыя зноходзіла сабе выхад. Перш за ўсё, гэта датычала сытуацыі, калі праз адзенне падкрэслівалася непасрэдная сувязь з вясковым, беларуска-сялянскім асяроддзем.
Вось як аб гэтым піша Зоська Верас: “Быў у нас у гуртку Казюк Калышка з-пад Ваўкавыска... Апранулі мы яго ў беларускі жаночы касцюм, завязалі на галаву шаляноўку, дзве жанчыны ўзялі яго пад рукі і павялі ў самую гушчу спацыруючых па Саборнай вуліцы. Гаварылі паміж сабою, як заўсёды, па-беларуску, але на гэты раз спецыяльна гучна, каб звярнуць на сябе ўвагу” .
Добавлено: 05 Апрель 2012, 09:56:55
Безумоўна, публічная дзейнасць прымушала зварочваць асаблівую ўвагу на свой знешні выгляд.
“Няраз варункі так складаюцца, - пісала з Гродна П.Мядзёлка ў лісце да А.Луцкевіча ў канцы кастрычніка 1919 год, - што трэба пайсці да людзей, знайомасці карысныя завадзіць – то сям, то там бываць, а я… сапраўды кельнерка пані Зенько харашэй апранута, чым я. Прыйшла я са Случчыны пехатою ў Вільню, нічога з сабою не забрала ( ды-й па праўдзе і не было чаго забіраць ) і цяпер так абнасілася, што і на свой суботнік нельга пайсці. Троха паскудна робіцца на душы, гледзячы на іншых – ну, але нічога. Абу хоць маленькую карысць сабой прынесці Бацькаўшчыне…” .
Часамі, аднак, гэтая сувязь паміж служэннем на карысць Айчыне і элементамі гардэробу набывала і наогул просталінейны характар.
“…Зрабіўшы перагляд бялізны, выданнай жаўнерам перад святамі, - гаварылася ў загадзе камандуючага Гарадзенскай беларускай этапнай роты Плескачэўскага за 29 снежня 1920 года, - …аказалася, што жаўнеры Гедіч, Бліноў, Шестакоў, Папоў, Смірноў, Цеафілаў, Кузьменка і Адамовіч прадалі свае скарпэткі, за што вышапералічаных жаўнераў арыштоўваю на гарнізоннай гауптвахце на адзін тыдзень і папярэджваю кампанію, што калі яшчэ здарыцца гэтакі выпадак, вінаватых пакараю як мага стражэй. Жаўнераў, якія прадалі гэтыя рэчы, лічу здраднікамі Бацькаўшчыны, бо яны добра ведаюць, як цяжка прыходзіцца будаваць Бацькаўшчыну і што кожная рэч павінна быць аплочана праз урад і дзеля гэтага мы ўсе павінны як толькі мага берагчы іх і шанаваць…” .
Ва ўмовах гораду беларускасць у паўсядзённым жыцці знаходзіла сваё праяўлянне не ў матэрыяльнай культуры, а ў першую чаргу - праз мову.
Вось як гэта на штодзённым узроўні ўзгадваў Б. Грабінскі: “Тады як у Горадні каталіцкая інтэлігенцыя гаварыла па-польску, праваслаўная – па-расейску, жыды – ламанаю расейскаю моваю, Фартштат гаварыў па-беларуску. Было там пару жыдоўскіх хатаў, дзе гаварылі па-жыдоўску й па-беларуску тож. Мы з Вінцуком Ляўковічам, а пасля я сам, сталаваліся ў адной хаце праз вуліцу ад кляштару, наша гаспадыня ня знала ані польскае, ані расейскае мовы, гаварыла толькі па-беларуску” .
“З адходам расейцаў, - пісаў «Гоман» у чэрвені 1916 года, - у Гродна адразу выявілася, што ўся маскоўшчына ў нас была толькі нанасная. Цяпер расійскай мовы на вуліцах зусім не пачуеш. Затое скрозь чутна наша родная беларуская мова. Людзі, каторым перш розныя “дабрадзеі” ўмаўлялі быццам “сорамна” гаварыць “па-просту”, цяпер смела і галосна гавораць па свайму. Асаблівую вагу мела тут і тое, што за апошні час усе афіцыяльныя апавяшчэння і прыказы ў Гродзеншчыне друкуюцца і па-беларуску” .
“...Наогул, - Пісаў пра свой амаль двухмесячны побыт у Гародні на пачатку 1919 года А. Луцкевіч ў газеце «Грамадзянін», - усюды пачуеш цяпер беларускую мову, пабачыш урадавыя абвесткі па беларуску, беларускія кніжкі і інш...” .
І ўсё ж такі, статус беларускай мовы заставаўся даволі нізкі. Так, сярод удзельнікаў Гарадзенскага губернскага з’езда ў лістападзе 1918 года толькі два дэлегаты адкрыта выступілі ў абарону беларускай мовы: гэта былі прадстаўнікі Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта - Янка Натусевіч і Андрэй Якубецкі..
У пратаколе сходу асобна адзначана, што Я. Натусевіч наогул быў адзіны, хто выступаў па беларуску. «…Мы не павінны адмаўляца ад сваёй роднай беларускай мовы. – Пачаў ён сваю прамову. - Не забудзьцее, што за нашую мову шмат хто пацярпеў! Я вам прачытаю верш Каліноўскага, які быў павешаны царскімі ўладамі за сваю родную беларускую мову». У зале падняўся крык і шум. Раздаліся галасы – “Ня трэба!” Па просьбе выступаючага старшыня паставіў на галасаванне пытанне, ці жадае з’езд выслухаць верш. Большасцью супраць аднаго Янка Натусевіч прачытаў верш. «Той беларус, - скончыў ён сваю прамову, - хто гаворыць па беларуску!»
У адказ капітан Ян Ярушэвіч, дарэчы, у 1920-я гады выкладчык гродзенскай беларускай школы, пачаў бараніць расійскую мову, кажучы, што для сялян, якія паслалі яго на сход, яна больш зразумелая чым тая, на якой размаўляў папярэдні аратар. «Не навязвайце сялянам незразумелую мову!» – патэтычна заклікаў ён сабраўшыхся .
Пры гэтым, частка былога расейскага чыноўніцтва і надалей падзяляла погляд на беларускую мову як на інструмент паланізацыі. У сваім дакладзе да С. Сазонава ў Парыж старшыня г.зв. Гарадзенскага губернскага цэнтральнага камітэту аб’яднаных грамадскіх арганізацый А. Бахановіч у канцы 1919 года пісаў:
“...Насільна ўвадзімую ў школах беларускую мову… сяляні і слухаць ня хочуць, а многія вёскі забралі са школак сваіх дзяцей толькі таму, што, выкладанне ў іх вядзецца на беларускам наречыі… Што тычыцца школ, то насельніцтва станоўча заяўляе аб нежаданні вучыць сваіх дзяцей на той тарабаршчыне, якая носіць названне “беларускай мовы” і якая дапускаецца палякамі к абрашчэнню, у той час, як руская мова забаронена для карыстання ня толькі ў школах, а нават ў шыльдах і аб’явах. Забараняючы рускую мову і выдатна разумеючы, што з беларускай мовай далёка пайсці нельга, палякі такім чынам жадаюць штучна абязлічыць народ, заставіць яго цёмным і паспрабаваць адторгнуць ад рускага роднага цела”.
Спробы сваеасаблівай “унутранай беларусізацыі” сярод уласна дзеячоў беларускага руху прыдпрымаліся яшчэ неаднаразова.
“Заўважыў, - чытаем мы ў загадзе камандуючага Гродзенскай беларускай этапнай роты Плескачэўскага ад 16 лістапада 1920 года , - што жаўнеры кампаніі мала ўжываюць беларускую мову, як у часе заняццяў, дык і ў вольным часе, а дзеля гэтага прыказваю, як у шыху дык і ў вольным часе, гутарыць толькі па беларуску”.
На пачатку 1920-х гадоў ужо мясцовыя польскія эліты глядзелі на беларускую мову як на “знешнюю інтрыгу”. Паведамляючы аб тым, што падчас выступлення пасла “Вызваленя” ў мясцовым рабочым клубе на пачатку красавіка 1923 года паседжанні адбываліся па-беларуску, газета «Echo Grodzieńskie» іранізавала:
“…Пан пасол так дакладна сачыў за чысцінёй гэтай гаворкі, што на прапанаву аднаго з прысутных выбраць у склад прэзідыума сакратара, адазваўся: “замест “сэкрэтаж” трэба казаць пісар”.
З іншага боку, Б.Квяцінскі, які нават згодна польскаму школьнаму інспектару Р. Вазнякоўскаму: «..размаўляў выдатна па-польску і беларуску, лепш за [беларускіх] настаўніц…», у прыватнай гутарцы прызнаваўся ў тым, што “сваіх сыноў навучаў па-польску». Цікавую характарыстыку ў гэтым сэнсе даў ў студзені 1919 года ў сваім дзённіку А. Луцкевіч гродзенскаму лекару К.Бялецкаму: «Чалавек сярэдніх гадоў, шчыры беларус, хоць і гаворыць па-расейску…» .
Як бачым, мова была не ў стане выконваць ролю адзінага і выключнага індыкатара беларускай нацыянальнай свядомасці, і беларускія дзеячы гэта дакладна разумелі. Паводле «Komunikatu defenzywy» за красавік-травень 1921 года, прэфект польскай гімназіі кс. Ф.Грынкевіч казаў дзецям, што «хаця часова яны павінны вучыцца па-польску, аднак яны з’ўляюцца беларусамі» ...
Такім чынам, за першыя трыццаць гадоў свайго існавання ў Гародні, беларускі рух за межамі ідэалагічнай дактрыны здолеў сфармаваць свой уласны сусвет, са сваёй асабістай прасторай, аднак, так і не паспеў уладкавацца ў ім на стала. Беларускасць на фоне гарадзенскага пейзажа першай чвэрці ХХ стагоддзя ў значнай ступені заставалася з’яваю этнаграфічнаю, цесна звязанаю з традыцыйнай сялянскай культурай. На жаль, толькі самой вясковай самабытнасці ў спалучэнні з нацыянальнай ідэяй выразна не хапіла для таго, каб на побытавым узроўні замацаваць новую традыцыю нацыянальнага адраджэння.