britun
|
 |
« : 21 Февраль 2012, 16:33:39 » |
|
На ўзбярэжжы Варажскага мора, сярод узвышшаў апранутых цёмным лесам, размясцілася невялікае скандынаўскае паселішча. Пад двухсхільнай страхой вялікай камяніцы, якая стаяла на высокім беразе зручнай бухты фіёрда, жыў знакаміты нарманскі вікінг па мянушцы Жорсткі. У былыя гады яго птушкападобныя ладдзі пабывалі ў еўрапейскіх краін, і нават дасягнулі далёкай, але вельмі багатай Візантыі. Тарольв, што называецца, дзейнічаў заўсёды напэўна. Усяго з некалькімі сотнямі вікінгаў ён не баяўся нападаць на гарады кельтаў, готаў, саксаў, англаў, русаў. Яго драккары нагружаныя здабычай і палоннымі заўсёды вярталіся дахаты, або, дакладней сказаць, амаль заўсёды... Падчас рызыкоўных вандраванняў часта гінулі яго сябры, але яму шанцавала. Вярнуўшыся з апошняга паходу, ён нібыта адчуў, што нельга больш выпрабоўваць лёс, і, прыкінуўшыся хваравітым, застаўся на беразе. Спаласаваны шнарамі твар з адным вокам, даваў права жыць у супакою. За гады сваіх падарожжаў адважны вікінг назапасіў вялікія сродкі. Тарольв выгодна збываў свае тавары. Ён вёў гандаль лепш за іншых, ахвотна даваў золата і срэбра пад добрыя заклады, якія заўсёды заставаліся на яго карысць. Дасведчаны ярл шчодра плаціў сваім вікінгам. Вікінгі Тарольва былі багацейшыя за многіх і многіх, перад імі паддобрываліся тыя, у каго кішэні былі пустыя... Акрамя таго, Тарольв добра ведаў законы вікінгаў і валодаў дарам красамоўства. Дзякуючы гэтаму вікінгі абралі яго сваім конунгам. Пакуль яны знаходзіліся ў далёкіх паходах, даручалі яму захоўваць іх маёмасць. Тарольв прымаў удзел у з'ездзе "магутных бондаў" на выспе Брэннэ’яр, куды кожныя тры гады збіраліся конунгі суседніх зямель, каб між сабою абвясціць мір. Ён меў лепшыя карты, на якія былі нанесеныя гарады, рэкі, азёры, пратокі і сістэмы волакаў, па якіх нарманы перацягвалі волакам караблі паміж судаходнымі рэкамі. З усяго ўзбярэжжа да яго прыходзілі вікінгі, і ён забяспечваў іх копіямі дакладных карт. Вяртаючыся з далёкіх паходаў, яны не забывалі сівагаловага Тарольва і дзяліліся з ім часткай здабычы. З кожным годам яго вялізная хата напаўнялася багаццем і новымі рабамі. Набліжаліся доўгія дні лета, калі на Варажскім моры амаль не бывае начной цемры. Гэты час быў і заўсёды будзе самым зручным для імклівага паходу. Яго ўлюбёнец, старшы сын Зігрыд, вырас, і паводле звычаю, як толькі веснавей адгоніць з фіёрда лёд, ён павінен адплысці па здабычу. Такім быў суровы закон вікінгаў. Усе думкі сівога нармана былі занятыя падарожам спадкаемца, якое мела адбыцца. На беразе фіёрда чакалі выхаду ў мора новенькія драккары зрабленыя майстрамі-суднабудаўнікамі. Прачуўшы пра паход сына конунга, што меў адбыцца, з набліжэннем вясны з'явіліся госці – чужыя вікінгі, гатовыя служыць багатаму ярлу. Яны прыходзілі групамі і паасобку. Тарольв кожнага сустракаў гасцінна, для іх не шкадавалі моцнага піва. Дні ўжо перамагалі ночы, набліжалася сярэдзіна вясны. За акном маркотна скуголіў сівер, але ля цёплага агменю было ўтульна. Тарольв пражыў даволі багатае на прыгоды вандроўнае жыццё. У маладосці ярл любіў падстаўляць мужны твар марскому ветру, але цяпер яго стала цягнула да цяпла. Водбліскі яркага полымя зіхацелі на зброі развешанай на сценах. У ног адважнага ярла ляжаў вялізны ваўкарэз. Парывы ветру за акном узмацніліся і прычуўся гучны трэск. Мужны нарман здрыгануўся: гук за акном выразна гаварыў, што ўжо зусім хутка сын абавязаны пакінуць бацькаўскую хату. Вікінг смутна апусціў галаву, праз хвіліну ён зноў здрыгануўся. На парозе стаяў Зігрыд. – Тата! Ты чуеш, лёд сыходзіць, – радасна крычаў юнак. Было відаць, што малады вікінг прагнуў вайсковых прыгод. Яму мроіліся будучыя пагоні, лютыя сутычкі, пра якія ён часта чуў ад бацькі. Сівы Тарольв млява ўсміхнуўся, толькі таму, што ўспомніў, як радаваўся сам, калі адпраўляўся ў першы паход. Ён кіўнуў Зігрыду, паказваючы, каб ён прысеў побач. Сын паслухмяна апусціўся ў крэсла, пакрытае скурай белага мядзведзя. – Мой хлопчык, давай яшчэ раз удакладнім твой шлях. Конунг паклаў на стол карты, вырабленыя з валовых скур. – Як даплысці да Ільмені ты ўжо ведаеш. Па Ловаці можна дабрацца ў Дзвіну, а праз Касплянскае возера і сістэмай валокаў каля Гнездава патрапіш у Днепр. Раю ў Гняздава даць адпачынак людзям. Там аселі шматлікія вікінгі і яны заўсёды дапамогуць табе. Конунг скалануў сівымі пасмамі валасоў і змяніў карту. – Ну, а па Дняпры, ты зможаш трапіць у багатыя гарады: Кіеў, Чарнігаў. Моцна не завіхайся. Багацця ў нас досыць. Буйныя гарады не чапай, выбірай, што прасцей. Гэтым жа шляхам вернешся назад. – Тата, – ажывіўся юнак і пачаў вадзіць пальцам па карце. – Навошта рабіць крук і рухацца супраць плыні? Можна з Дняпра патрапіць у Буг і па плыні спусціцца ў Замор’е. – Не! – нечакана гучна крыкнуў конунг. – Я забараняю табе ісці гэтым шляхам. – Чаму? – здзівіўся юнак. – Сын, – змякчыў тон адважны вікінг. – Гэта небяспечны шлях. Па берагах Буга жывуць плямёны, якія не саступаюць нам у адвазе. Вось тут, – Тарольв тыцнуў пальцам у карту. – Знаходзіцца таямнічая зямля Ятва. Усе, хто жыве вакол, са страхам гавораць аб яцвягах. Нават не набліжайцеся да яцвяжскай зямлі. Тут вы не знойдзеце воінскай славы, золата, срэбра, футраў, а вас спасцігне няўдача і расчараванне. На кожным кроку вас будзе чакаць смерць. Яцвягі – гэта храбрацы, падобныя да нас, толькі з чорнымі, як смоль, валасамі. Прашу цябе, не шукай сустрэч з імі. Шматлікія вікінгі спрабавалі пракрасціся ў таямнічы лес, але большасць з іх згінулі. А тыя, хто здолеў вырвацца жывым, больш ніколі туды не вяртаюцца, – змрочна гаварыў сівагаловы нарман. – Ты там быў? – спытаў Зігрыд і пільна паглядзеў на бацьку. Тарольв некаторы час маўчаў, затым падняў адзінае вока на сына. – Быў, – цяжка ўздыхнуў сівы вікінг. – Быў і ледзьве ўратваўся. Там я пакінуў дзве лепшыя ладдзі, вока і добрую палову багаццяў. Мой хлопчык, там людзі дужыя як мядзведзі, і ваяўнічыя, як богі вайны. Прашу цябе, абыходзь яцвяжскую зямлю. – Чаму ты мне ніколі не распавядаў пра яцвягаў? – здзіўлена спытаў юнак. – Не распавядаў і не распавяду, – працадзіў скрозь зубы адважны Тарольв. Перад пачаткам паходу сівы конунг сабраў вікінгаў у вялікай зале. Тарльв прадставіў чатыром сотням вольных вікінгаў свайго старэйшага сына. – Вось ваш ярл! – гучна і ганарліва сказаў Тарольв. Яны ўкладвалі ў рукі Зігрыда свае рукі ў знак паслушэнства і пэўнасці, і кляліся вялікімі багамі. Адважныя ваяры ўручалі сыну знакамітага конунга свае мячы. Малады ярл вяртаў зброю і кляўся выконваць інтарэсы вікінгаў, якія перайшлі на службу да яго. Прыносілі вёслы драккараў, паўтаралі з імі той жа абрад. Прысутныя суправаджалі абрад воклічамі ўрачыстых абяцанняў, ударамі ў шчыты і крыкамі: – Мы чулі! Мы бачылі! Клятва! Клятва! Праз тры дні лёд вызваліў вусце фіёрда, і рабы сцягнулі баявыя драккары на ваду. Пад пільным вокам Тарольва на ладдзі пагрузілі карабельныя ліны, плеценыя з кашалотавай скуры, бочкі топленага сала, вэнджанае і вяленае мяса, зброю, даспехі, драўляны посуд і маржовыя іклы. Цюкі і скрыні ўкладваліся шчыльна і правільна, не парушаючы раўнавагі драккара. На карме дракараў былі ўладкаваныя адмысловыя паглыбленні – чарпальні для збору вады. Поруч іх сядзелі прыкаваныя за нагу ланцугом рабы, з глыбокімі каўшамі на доўгай дзяржальні. Яны спрытна, не губляючы ні кроплі, выплюхвалі за борт ваду і бруд. Караван з шасці дракараў, з пысамі страшных акул на задзірыстых насах, выйшаў у мора. Па бартах з кожнага боку было ўмацавана па дваннаццаць доўгіх вёсел. Весляры сядзелі на папярочных услонах так нізка, што іх галовы не былі бачныя над бартамі. Тры вялікія дракары скуранымі лінамі, таўшчынёй з руку чалавека, цягнулі за сабою, па адной, напалову меншай ладдзі. Сплеценыя з кашалотавай скуры, гэтыя ліны былі мацнейшыя і надзейнейшыя за жалезныя ланцугі. Сівер каціў стромкую хвалю, зрываў грабяні, бяліў мора. На драккарах паднялі ветразі. Вікінгі веславалі змяняючыся. Яны ніколі не даручалігэтую справу рабам, ведаючы, што ў рашучую хвіліну раб не будзе веславаць да апошняга ўздыху. Невялікі караван узяў кірунак на поўдзень, да славянскіх берагоў. Плаванне праходзіла ў спрыяльных умовах, без бур і занадта моцных вятроў. Па начах, каб не страціць адзін аднаго, на дракарах запальваліся паходні з кітовага тлушчу. Зігрыд ішоў на "Залатой акуле". Быстраходная баявая ладдзя шырокім кілям жвава рэзала марскую хвалю. За ёй, прытрымлівалася "Чорная акула", затым "Белая акула". Ярлу падабалася стаяць на кароткай палубцы пад пырскамі салёнай вады. Поруч з ім падымалася, па-майстэрску выразаная, пазалочаная галава драпежнай акулы. Баявая ладдзя пахла хваёвай смалой і ёлкім маржовым тлушчам. Сівер церабіў русыя валасы, а сэрца маладога ярла радасна трапятала ў прадчуванні перамог, славы і багатай здабычы. Для паспяховага плавання яго бацька, як дасведчаны мараплаўца, прадугледзеў усё; пабудаваў новыя ладдзі, падрыхтаваў правіянт, зброю, навучыў людзей, забяспечыў сына дасведчанымі стырнікамі. Неўзабаве ўпартыя вікінгі дасягнулі сваёй мэты. Іх новыя караблі спускаліся па рэчышчы Дняпра. У тыя далёкія часы захоп рабоў быў важнай мэтай вайсковых паходаў і набегаў вікінгаў. Вось гэтым якраз і заняўся малады вікінг. Яго меншыя ладдзі заплывалі ў вусце невялікіх рэк і знаходзілі паселішчы. Нарманскія ваяры ў поўным узбраенні пакідалі ладдзі. Яны рухаліся шырокім крокам; яго звалі ваўчыным крокам вікінга. Ваяры Зігрыда нечакана і хутка атачалі паселішча. Без усякага спачування нарманы палілі хаты, забівалі мужчын і паланілі маладзіц. Мірныя сяляне, хапаючы мужыцкія сякеры не маглі аказаць годнага супраціўлення добра ўзброеным ваярам. Сілай зброі вікінгі адбіралі футра, золата, срэбра, тканіны, скуры, вопратку, правіянт і жалеза. Ім падыходзіла ўсё, а жалеза высока цанілася ў продажы. Нагружаныя ладдзі хутка сыходзілі ўніз па плыні да вялікіх дракараў, і вікінгі паспешна знікалі. Беспакаранасць кружыла галовы нарманам і падбухторвала іх да ўсё больш рызыкоўных учынкаў. Але, памятаючы наказ бацькі, Зігрыд пазбягаў нападаць на вялікія і ўзмацаваныя гарады. Нарэшце яны скончылі крывавую працу, іх ладдзі былі даверху запоўненыя жывым таварам. Праз некалькі месяцаў шляху вікінгі дасягнулі Чорнага мора, а морам – багатую Візантыю, дзе меліся вялікія рынкі рабоў. У порце яны змянілі воінскія даспехі на кафтаны і пад выглядам купцоў заняліся продажам жывога тавару. Зранку славянскія маладзіцы, грукочучы ланцугамі, пляліся да рабаўладальніцкага рынку. У першы дзень з вялікай выгадай Зігрыд прадаў арабскім халіфам тузін славянскіх маладзіц. Апоўдні ён вяртаўся на драккар з мяшэчкам хадавых манет з чыстага срэбра і золата. Ён задаволена аглядзеў вялізную прыстань. Мітусня ў гавані нагадвала разварушаны мурашнік. Тут было безліч народу. Адны неслі на плечах цюкі з таварам, іншыя запрагаліся ў калёсы і дастаўлялі на караблі бочкі з віном і правіянтам. Конюхі не без цяжкасці заганялі на ладдзі арабскіх скакуноў. Трывожнае конскае ржанне, музыка і чалавечыя галасы напаўнялі марское паветра. Раптам юнак спыніўся нібыта працяты маланкай. Непадалёк стаялі дзве вялізныя ладдзі ўпрыгожаныя галовамі драконаў. Нешта знаёмае было ў абрысах гэтых караблёў. Здзіўлены Зігрыд не мог адарваць вачэй, ад суднаў, падобных на бацькаўскія драккары. Нібыта прачнуўшыся, ён працягнуў мяшочак з манетамі старому стырніку і хмурна сказаў: – Латольд, аднясі грошы на карабель, а я прагуляюся па прыстані, – звярнуўся да аховы: – Вы таксама ідзеце адпачываць. Вікінгі здзіўлена пераглянуліся, але спрачацца не сталі. Слова гаспадара было для іх законам. Калі яны сышлі Зігрыд накіраваўся ўздоўж прыстані. Моцна хвалюючыся юнак наблізіўся да ладдзяў. Сумненні рассеяліся, гэта былі дракары хвалебнага Тарольва. Падлеткам, ён аблазіў кожны куток гэтых судоў і ведаў іх, як свае пяць пальцаў. Апошні раз яго бацька вярнуўся з далёкага паходу на адзінай ладдзі. З таго часу яго нібыта падмянілі, але аб тым, што здарылася, бацька распавядаць адмаўляўся і ўпарта маўчаў. З дракараў даносіўся шум, рогат і гучныя гутаркі. Юнак разглядаў людзей якія спакойна хадзілі туды-сюды па палубах. Нягледзячы на спякоту, усе яны былі ў вопратцы з ваўчыных і мядзведжых скур. У многіх на паясах віселі кароткія мячы, або вялізныя баявыя сякеры. Было відаць, што гэтыя хлопцы, загартаваныя ў баях. Ваяры былі рослыя, дужыя і як адзін з чорнымі, нібы крыло крумкача, валасамі. Зігрыд уважліва разглядаў чужынцаў. Ён ужо зразумеў, што гэта і ёсць загадкавыя яцвягі, пра якіх так скупа распавёў яму бацька. Думкі маладога вікінга перапыніў ваяр з сівой барадой. Нечакана з'явіўшыся, ён стаяў за два крокі, абапіраючыся на вялізную сякеру. Чужынец быў на галаву вышэй за Зігрыда. З пад ваўчынай душагрэйкі выглядалі груды моцных мышц. Грозна блішчалі яго вочы, а густы бас быў больш падобны на рык мядзведзя. Пра што пытаў ваяр-асілак, Зігрыд не зразумеў, але ад грознага вокрыку ў юнака адразу пабеглі па спіне мурашкі. Малады ярл прыклаў руку брылём, нібы спрабуючы прычыніць вочы ад яркага сонца, зрабіў невялічкі паклон і павольна адышоў. Азірнуўшыся, ён убачыў, як рослы яцвяг падымаецца па трапе на дракар яго бацькі. Юнак адчуў, як гучна стукае яго сэрца, а па жылах бурліць гарачая кроў. Спадкаёмца бацькавай ганарыстасці і цвёрдасці духу, ён змрочна глядзеў на дракары. У гэты момант з'явіліся дзве арбы, запрэжаныя парай валоў, і рослыя ваяры ў звярыных шкурах пачалі цягаць харчы на борт. Яны з лёгкасцю закідвалі на спіны бочкі з саланінай, неслі па некалькі курдзюкоў з прэснай вадой і віном. Калі арбы ад'ехалі, малады вікінг вырашыў вярнуцца да сваіх судоў. Толькі ён падышоў, як убачыў двух вершнікаў у багатай вопратцы. Следам за імі рушылі два дзесяткі ўзброеных коннікаў. Палова з іх была ў вопратцы са звярыных скур, палова – у кальчугах. Вершнікі спыніліся насупраць бацькавых караблёў, і ваяры падняліся на палубы. Зігрыд пачуў славянскую мову, якую трохі разумеў. Ён падышоў да вух незнаёмцаў і, паказваючы на ладдзі, спытаў: – Чые гэта караблі? Мужчыны пераглянуліся, і адзін адказаў: – З драконамі на носе – гэта ладдзі яцвяжскага князя Гунара, а тыя што побач – кіеўскага. – Даўно яны тут стаяць? – усміхнуўся вікінг. – З тыдзень, – паціснуў плячамі мужчына. Вікінг пакланіўся незнаемцам і паспешна адыйшоў. У гэты вечар ён не падзяліў з вікінгамі агульную радасць удалага гандлю, як таго патрабаваў звычай. Зачыніўся ў сваёй каюце і напаўлежучы на скуры белага мядзведзя да паўночы піў віно. Малады варвар скрыгатаў зубамі, а на вачах блішчалі слёзы роспачы і крыўды. Падавалася, увесь несправядлівы свет абрынуўся на яго плечы. Маладое сэрца патрабавала аднаўлення справядлівасці, і абавязковай помсты за крыўду, нанесеную ягонаму бацьку. Зігурыд ведаў, што для вікінга, самым каштоўным з'яўляецца яго драккар. Толькі пад раніцу ён змог заснуць, з цвёрдым намерам вярнуць бацькавы ладдзі. Вось ужо сапраўды, дзіўная істота чалавек. Злодзей, які рабуе і забівае іншых, лічыць гэта цалкам нармальным, але, калі раптам, хтосьці выкрадзе ў яго нават малаважную рэч, ён крыўдзіцца на ўвесь свет і гатовы нават знішчыць усё чалавецтва. Раніцай другога дня, да свайго жаху, Зігрыд не выявіў бацькаўскія дракары. Там дзе стаялі вялізныя ладдзі, быў пусты прычал, спакойна плёскалася мора. Ён хутка вярнуўся да сваіх драккараў з цвёрдым намерам нагнаць бацькавы ладдзі ў моры. Аднак, гледзячы на нявольніц, Зігрыд перамяніў рашэнне: з такой колькасцю жывога тавару нельга было нават і марыць пра бітву. Астыўшы, ён адправіўся на нявольніцкі рынак. За два тыдні з вялікай выгадай вікінгі прадалі ўсіх рабоў і маржовыя іклы. На нарманскія караблі загрузілі ўсходні тавар, усё тое, што можна было з лёгкасцю прадаць у скандынаўскіх паселішчах. Ладдзі спешна паднялі якары і адправіліся на поўнач. Шлях быў доўгім, бо цяпер даводзілася рухацца супраць плыні. Хоць адважныя вікінгі шчыра радаваліся вяртанню дахаты, але яны звярнулі ўвагу, што іх гаспадар задуменна ходзіць па палубе і часта замыкаецца ў сваёй каюце. На працягу ўсяго шляху Зігрыда адольвала адна і тая ж думка, як вярнуць бацькавы ладдзі. Ён лічыў сябе абражаным, і гэтае пачуццё засланяла перад ім змрочную карціну магчымых наступстваў. Будучыня мроілася яму толькі ў асляпляльным святле помсты і яркай славы, перамогі з першага жа паходу. Нават у снах ён выразна бачыў, як узрадуецца бацька такому падарунку. Пасля таго як мінулі Кіеў, Зігрыд запрасіў дасведчанага стырніка на карму, дзе на стале былі раскладзеныя карты. Апаражніўшы кубак з віном, юнак сказаў: – Латольд, нам неабходна змяніць маршрут і вярнуцца па рацэ Буг. Па ёй мы спусцімся да нашага мора. – Я ніколі не хадзіў гэтым шляхам, – няўпэўнена адказаў сівы стырнік і дадаў. – Але чуў ад іншых, што гэты шлях небяспечны. – Не хвалюйся, усё будзе ў парадку, – упэўнена сказаў Зігрыд. Запярэчыць стырнік не мог, бо вікінгі з дзяцінства былі прывучаны слепа падпарадкоўвацца свайму ярлу. Неўзабаве драккары звярнулі з рэчышча Дняпра і ўвайшлі ў вусце ракі Прыпяць. Вочы вікінгаў прывыкалі да новай ракі і яе берагоў. Часцей трапляліся доўгія пяшчаныя косы, белыя, быццам выгаралыя на сонцы. То адзін, то другі бераг кучаравіўся непралазнымі зараснікамі вербалозу. Іх позіркам адкрылася нізіна, месцамі да небакраю залітая цёмнымі водамі палескіх балот. Павольна прасоўваючыся наперад, яны знайшлі месца, дзе было выразна бачна, што яшчэ зусім нядаўна тут волакам перацягвалі ладдзі па сушы. Толькі дзесяць дзён спатрэбілася ўпартым вікінгам каб перацягнуць шэсць караблёў да ракі Буг. Караван дракараў пачаў спускацца ўніз па плыні. Хоць плаванне было адносна спакойным, але меры засцярогі падарожнікамі ўсё роўна выконваліся. Зігрыд падвоіў каравул, у поўным узбраенні вікінгі стаіліся ўздоўж бартоў. Па палубе можна было хадзіць толькі ў купецкіх кафтанах і без зброі. У бліжэйшым паселішчы яны спыніліся, і Зігрыд сыйшоў на бераг. Яго людзі купілі правіянт і загрузілі на борт. Убачыўшы мужчыну, які з цікавасцю глядзеў на ладдзі, Зігрыд падышоў да яго і спытаў: – Колькі дзён нам плыць да Ятвы? Мужчына здзіўлена ўскінуў бровы. – Навошта вам яцвягі? – Мы гандляры і хочам купляць у яцвяжскага князя Гунара футра, – як мага спакайней адказаў Зігрыд. – Праз тры дні шляху вы ўбачыце іх горад Дарагічын. Там жыве яцвяжскі князь Гунар, – растлумачыў незнаёмец. – Дзякую! – з паклонам сказаў вікінг і працягнуў мужчыну срэбную манету. Незнаёмец хацеў яшчэ нешта сказаць, але Зігрыд таропка крочыў да драккараў. Мужчына паціснуў плячамі. Праз два дні шляху краявід рэзка змяніўся. Замест балот – стромкі бераг, пакрыты дубровамі. Некаторыя з дрэў схіліліся над вадой. Навакольнае хараство цудоўных лясоў зачароўвала вікінгаў. Тры вялікія і тры малыя ладдзі, дасягнулі яцвяжскай зямлі. Зігрыд стаяў на невялічкай палубцы пярэдняй ладдзі, калі на галаву "Залатой акулы" апусціўся чорны крумкач і, нібы папярэджваючы пра нешта, злавесна закрумкаў. Малады ярл узмахнуў рукой, і птушка рэзка ўзнялася ў паветра. Зігрыд уважліва глядзеў па баках, каб адшукаць месца, дзе можна было б паставіць караблі. Неўзабаве ён убачыў прыток. Нагружаныя багаццем ладдзі звярнулі з рэчышча Буга і неўзабаве спыніліся. З двух бакоў іх шчыльна абступілі вялізныя, проста неверагодна вялічэзныя дрэвы. Невялічкі плёс дазваляў драккарам развярнуцца, што і было неадкладна зроблена. З першымі промнямі сонца тры меньшыя ладдзі вярнуліся на раку Буг і працягнулі рух уніз па рацэ. Апоўдні вікінгі ўбачылі бярвеністы насціл доўгай прыстані, затым позірку вікінгаў паўстаў і сам яцвяжскі горад. Зігрыд і яго спадарожнікі не маглі паверыць сваім вачам. Сталіца яцвяжскага княства, распасціралася ўздоўж берага на паўвярсты. Горад не меў ніякіх агароджаў, ніякіх умацаванняў, ні равоў, ні валоў, ні каменных сцен, ні драўлянага частаколу. Гэтая акалічнасць, мабыць, больш усяго і збянтэжыла вікінгаў. Яны ўпершыню ў жыцці бачылі горад, жыхары якога не дапускалі нават верагоднасці таго, што хтосьці, можа на іх напасці і ім прыйдзецца трымаць аблогу. Гэта было нешта большае, чым саманадзейнасць, тут адчувалася пагарда да ўсіх жорсткіх і моцных заваёўнікаў. Ля прыстані стаялі невялічкія лодкі з прыспушчанымі белымі ветразямі. А за імі калыхаліся два драккары, уласнасць Тарольва, з разьбянымі галовамі драконаў. Тры невялікія ладдзі наблізіліся да рачной прыстані. Яцвягі з цікаўнасцю глядзелі на бялявых людзей, але чамусці ніхто блізка не падыходзіў і не цікавіўся, адкуль яны, навошта прысталі да іх берага і куды далей трымаюць шлях. Прачакаўшы некаторы час, вікінгі вырашыліся сысці на бераг самі. Пакуль яго падуладныя раскладвалі разнастайныя тавары, Зігрыд уважліва разглядаў яцвяжскую сталіцу. Ад прыстані стромка падымаўся бераг, на якім было складзенае тоўстае бярвенне, мабыць прыгатаванае для сплаву па рацэ, віднеліся зрубы хат. Падавалася, што горад знаходзіцца ў дрымучым лесе. Асабліва вылучаўся дуб-волат ствол, якога не абняць і ўшасцёх. Калі малады ярл пачаў уважліва разглядаць крону, то ад здзіўлення раскрыў рот. На тоўстых галінах, віднеўся частакол па-майстэрску складзенай крэпасці. Нябачанае дагэтуль відовішча зрушыла Зігрыда. Да горла падступіў ком, які з цяжкасцю праглынуў драпежны варвар. «Няма чаго і марыць аб нападзе на гэты горад», – пранеслася ў яго галаве. Ён адарваў позірк ад казачнай крэпасці і паглядзеў на бацькавы драккары. Затым звярнуў галаву на гандлёвы шэраг, там ўжо мітусіўся натоўп. Зігрыд уважліва разглядаў лясных людзей. Усе як адзін жыхары горада былі ў вопратцы са звярыных шкур, на галавах насілі шэрыя ваўчыныя шапкі з заломам на левае вуха. На паясах віселі шырокія нажы з крывымі дзяржальнямі з рогаў тура і зубра. Многия з іх трымалі ў руках звязкі шкурак выдр і куніц. Некаторыя мелі ваўчыныя і мядзведжыя шкуры, але асабліва вылучаліся бабровыя. Было відаць, што яцвягі ведалі ў іх толк, бо мех быў дбайна падабраны і адліваў аднолькавым адценнем. Яцвяжскія паляўнічыя з здзіўленнем разглядалі заморскія тавары і прапаноўвалі менавы гандаль. Маладога ярла здзіўляла, яшчэ адна акалічнасць. Ва ўсіх гарадах, на ўсіх прыстанях да ладдзей падыходзілі людзі і патрабавалі плату за дазвол гандляваць. А тут яны нікога не цікавілі. Раніцай другога дня вікінгі працягнулі гандаль. Зігрыд застаўся на ладдзі і з яе борта ўважліва разглядаў берагі, раку і яцвяжскі горад. Ён звярнуў увагу, што перад світанкам прыкметна халадае. Наваколле засцілала смуга, валы якой выпаўзалі з вільготнага лесу і запаўнялі рэчышча ракі шчыльнай бялявай каламутай. Зябка пацепваючы плячамі, малады ярл зіркаў уверх, па баках. Так прайшла гадзіна, другая. Было няясна, ці ўстала ўжо сонца, і калі ўстала, то як высока паднялося. Але смуга, здавалася, яшчэ больш гусцела. Паветра зрабілася настолькі вільготным, што з кустоў і дрэў пачасцілі кроплі, нібыта пайшоў дождж. А бялявая імгла толькі слаілася і змешвалася, чапляючыся за галіны вялізных дрэў. Нарэшце маленькая светлая пляма імкліва прадзерлася скрозь лахманы імглы і заліла рэчышча ракі і берагі яркім святлом. Імгла знікла неяк ураз, невядома куды. Аказваецца, яно, сонца, было ўжо вунь як высока. Зігрыд зажмурыўся, яго абветраны твар ласкава сагравалі цёплыя промні. У галаве маладога вікінга імгненна саспеў план нечаканага нападу. Ён расплюшчыў вочы і з драпежнай усмешкай паглядзеў на горад, затым перавёў позірк на бацькавы караблі. Дзве вялізныя ладдзі мірна калыхаліся ля прыстані. Другі дзень побач з імі ані чалавека. Зігрыд загадаў працягваць гандаль, а сам на адной ладдзі адправіўся ўверх па плыні. Малады ярл не ведаў, што яшчэ напярэдадні ўвечары яцвяжскія паляўнічыя распавялі князю Гунару пра з'яўленне трох вялізных караблёў, поўных узброенных людзей. Яцвяжскі князь адразу ж выслаў атрад для назірання за ворагам. Акрамя таго, ён загадаў рыхтавацца да нападу і частку ваяроў накіраваў на процілеглы бераг. За купцамі і іх суднамі вялося пільнае назіранне. Пасля поўдня Зігрыд сабраў вікінгаў на беразе і выказаў свій план нападу. Адважныя варвары пагадзіліся з гаспадаром, бо гарачыя сэрцы вікінгаў былі поўныя рашучасці вярнуць тое, што па іх меркаванні, безумоўна належыла знакамітаму Тарольву. Надвячоркам невялікая ладдзя Зігрыда ўжо зноўку стаяла ля яцвяжскай прыстані. Малады вікінг, паціраў рукі, чакаючы раніцы. Бесклапотны і вельмі багаты горад стаяў ля яго ног, зусім не падазраючы, што яго чакае. Нядзельнай раніцай скандынавы галосна запрашалі гараджан на ніколі нябачанае імі гледзішча. Неўзабаве натоўп гарадскіх жыхароў сабраўся на беразе ракі. З ладдзі выходзілі вікінгі ў даспехах і ваявалі паміж сабою. Паступова іх лік павялічваўся. Зігрыд уважліва пазіраў на раку пакрытую шчыльнай смугой. Вось-вось павінны з'явіцца яго баявыя дракары. Каб дачакацца іх і адцягнуць увагу людзей, ён прапанаваў гараджанам выпрабаваць сябе і пазмагаецца адзін на адзін. Статны вікінг выйшаў наперад і пакланіўся гараджанам. Адразу жа знайшоўся жадаючы. Яцвяжскі юнак падняў руку з кароткім мячом. Малады ярл ветліва яму ўсміхнуўся. – На лік тры пачынаеце ваяваць, – растлумачыў Зігрыд правілы сутычкі. Бачачы, што яцвяжскі храбрэц кіўнуў, ён адышоў убок і падняў руку. – Раз… – гучна крыкнуў нарман і ўбачыў, як бясшумна выплывае з густой смугі драпежны нос "Залатой акулы". У той жа час яцвяжскі юнак па-звярынаму скокнуў наперад, бліснула лязо мяча і статны вікінг зваліўся на зямлю. Яцвяжскі юнак пераможна падняў меч і гучна крыкнуў: – А-ой! – А-ой! – зараз жа зараў натоўп гараджан, выцягваючы з-пад вопраткі мячы Ладдзя хутка павярнула да берага і гучна прышвартавалася. За ёй другая і трэцяя ладдзі ўрэзаліся насамі ў невялікія яцвяжскія байды і, ламаючы іх прысталі да берага. На прыстань спешна скакалі вікінгі з мячамі і сякерамі напагатове. Яны былі ў кальчугах з жалезнымі спадніцамі, надзетымі на скураныя кафтаны, усе ў простых або ў рагатых шлемах. Яцвягі адчайна ўцякалі прэч у напрамку горада. Вікінгі беглі следам, але іх спыніў крык Зігрыда. Трымаючы ў моцных руках мячы і сякеры, яны затрымаліся крокаў за сто ад прыстані. Тым часам паўсотні нарманскіх ваяроў ваўчыным крокам спяшаліся да ладдзяў Тарольва. Усё ішло выдатна, нават лепш чым запланаваў малады ярл. Яшчэ некалькі хвілін і будзе па справе. Зігрыд спакойна павярнуўся ў напрамку «Залатой акулы». Раптам прычуўся гучны трэск. Малады ярл азірнуўся, і жах застыў на адважным твары. Вялізныя бярвенні, складзеные на беразе, імкліва каціліся ўніз прама на прыстань. Вікінгі кінуліся да ладдзей, але дзесяткі бярвёнаў ляцелі хутчэй. Ствалы падскоквалі, нечакана змянялі кірунак і няўмольна наганялі людзей. Тыя паспявалі толькі крыкнуць і, недарэчна ўзмахнуўшы рукамі, знікалі пад тоўстымі калодамі. Зігрыд кінуўся да трапа і ўжо занёс нагу, каб скокнуць на ладдзю, як таўшчэзнае бервяно стала тарчма і з жахлівай сілай стукнула ў нос судна. Трап рэзка сышоў убок, а нага ярла слізганула паблізу борта. Нязграбна ўзмахнуўшы рукамі, Зігрыд паваліўся ў ваду. Ад магутнага штуршка дракар рэзка разгарнула, і з яго гарохам сыпанулі ваяры за борт. Апынуўшыся ў вадзе, Зігрыд нырнуў пад прыстань і абхапіў аберуч дубовую апору. Над галавой стаяў жудасны грукат. Адно за другім бярвёны бязлітасна білі аб барты драккараў і, ламаючы вёслы, гучна пляскаліся ў ваду. На вачах Зігрыда яго ладдзі круціла як трэскі і несла да процілеглага берага. Па баках дракараў тырчалі абломкі вёслаў, на палубах – ані жывой душы. Ад магутных удараў бярвення ніхто не змог устаяць на нагах. Як толькі караблі ткнуліся насамі ў процілеглы бераг, лес нібы ажыў. Ваяры ў звярыных шкурах, грозна махаючы мячамі і дзідамі, скакалі з стромкага берага і спрытна караскаліся на борты драккараў. Гэта было жахліва. Там адразу завязалася жорсткая, але кароткая сутычка. Яцвяжскія ваяры, як бараноў рэзалі не паспеўшых ачуцца вікінгаў. Зігрыд з надзеяй зірнуў у бок бацькавых караблёў, але тое, што ён убачыў, зусім яго збянтэжыла. Дзве ладдзі Тарольва знаходзіліся на вадзе, а па бартам стаялі яцвяжскія ваяры са зброяй у руках. Яны крычалі нешта – відаць здзеклівае, гігікалі, свісталіпа-разбойніцку і гучна рагаталі. Малады ярл цяжка застагнаў і ўсхліпнуў, як дзіця, у якога толькі што аднялі любую цацку. Над галавой пачуліся цяжкія крокі, спачатку звесілася тоўстая рука з вялізнай сякерай, затым паказалася кудлатая галава. Зігрыд пазнаў яцвяга, якога сустрэў на прыстані ў Візантыі. Той ўсміхнулася яму, як добраму знаёмаму, і сказаў густым басам: – Цю-у… гэта зноўку ты? Зігрыд нічога не адказаў і, аберуч ашчаперыўшы слізкую апору, працягваў стаяць па пояс у вадзе. – Вылезь адтуль, а то… – яцвяг выразна правёў лязом сякеры па сваёй сівай барадзе. Адважнага і бязлітаснага ярла цяпер ужо трэсла не ад злосці, а ад страху. Шчыльная смуга імгненна рассеялася, і яркае сонца заліло асляпляльным святлом рэчышча і берагі. Зігрыд яшчэ раз, з апошняй надзеяй, зірнуў на свае ладдзі, але ўбачаная карціна зусім не радавала. На яго драккарах гаспадарылі ваяры ў звярыных шкурах. Яны дабівалі раненых, дзелавіта распраналі забітых і іх трупы кідалі за борт. Голыя целы адважных вікінгаў гучна пляскаліся ў ваду і афарбоўвалі яе ў чырвоны колер. «Гэта канец», – зразумещ малады ярл. Ён затрымцеў ад жаху, перад вачыма, нібыта ў страшным сне, пачало ўсё зыбіцца. Са здранцвення яго вывяў голас асілка. – Вылезь! – грозна нахмурыў бровы яцвяжскі ваяр і замахнуўся сякерай. Зігрыд паспешна адарваў рукі ад апоры прыстані і падняў іх уверх. Зрабіў некалькі крокаў наперад і выпрастаўся. Валасатае рука схапіла за каўнер, рыўком выцягнула яго з вады і паставіла на зламаную прыстань. Зігрыд агледзеўся. На беразе шчыльна стаялі сотні яцвягаў з мячамі, дзідамі і сякерамі ў руках. Крокаў за сто згрудзілася жменька яго ваяроў. Трымаючы за каўнер Зігрыда, яцвяжскі асілак з лянівай паблажлівасцю крыкнуў вікінгам: – Кідайце зброю, ці што. Адважныя нарманы нервова сціскалі дзяржальні, добра разумеючы, што выйсця з пасткі няма. Асілак страсянуў Зігрыда за каўнер і здзекліва прагыркаў: – Сябра! Скажы сваім рабам, хай не жартуюць, а то я раззлуюся і ўраз іх пакладу. Загадай ім скласці зброю. Зігрыд спалохана замахаў рукамі і дрыготкім голасам сказаў: – Гэта канец, не рызыкуйце. Вікінгі паспешна кідалі мячы, сякеры. Праз нейкі час адважныя ваяры стаялі ўжо са звязанымі рукамі. Бярвенне, упярэмежку з голымі трупамі плынь знесла ўніз па рацэ. Яцвягі перацягнулі дракары да зламанай прыстані. Горка было Зігрыду глядзець, як яцвягі разгружалі караблі і складалі ягоныя тавары на беразе, нібы ўласныя. На пясок паклалі шкуру белага мядзведзя, якая адразу ж выклікала цікавасць у яцвяжскіх ваяроў. На белую шкуру паклалі карты, намаляваныя на валовых скурах і мяшэчкі з манетамі. На прыстань выводзілі ў ланцугах рабоў. Даўно не бачачы сонцы тыя жмурыліся ад яркага святла. Яцвяжскія ваяры раскавалі ланцугі палонным. Асілак гучна крыкнуў: – Хлопцы, нырайце ў ваду і збірайце зброю. Вызваленыя рабы скакалі ў ваду і складалі на бярвенне прыстані паднятыя з дна ракі дзіды, мячы і сякеры. Раптам у натоўпе прабег прыглушаны шум. Ваяры расступілася і паважна схілілі галовы. Яцвяжскі князь Гунар прайшоў да прыстані. Яго твар быў спакойны, погляд строгі. Гунар моўчкі агледзеў тавары і палонных. Побач з ім неадступна тупаў ваяр-асілак. Ціха размаўляючы, ён паказаў рукой на Зігрыда. Гунар кіўнуў галавой і падышоў да маладога вікінга. Яцвяжскі князь грозна нахмурыў бровы і спытаў: – Навошта завіталі? – Мы прыплылі гандляваць, – няўпэўнена прамямліў Зігрыд. Яцвяжскі князь усміхнуўся і сказаў: – Я добра ведаю вашу звычку лёгка змяняць гандаль на рабаванне. Вікінгі бываюць паслухмянымі толькі тады, калі бачаць сілу. Гавары праўду, а то пасаджу на кол. – Я хацеў забраць караблі майго бацькі, – рашуча выпаліў малады вікінг, разумеючы, што выкруціцца не атрымаецца,. – Няўжо-о? Во-ой! Цяпер усё зразумела, – здзіўлена ўскінуў бровы Гунар і дадаў. – Значыцца, гэта караблі твайго бацькі. Толькі я моцна сумняваюся, што ён цябе сюды паслаў. Хіба што пазбавіцца ад цябе хацеў. – Не! Ён не пасылаў. Я сам вырашыў, – адважна гледзячы ў вочы князю, адказаў вікінг. – Эх, не пашанцавала табе, хлопча. Твой бацька даў драпака адгэтуль, так, што дагнаць не змаглі. Мяркую, ён дзясятаму кажа, сюды не з'яўляцца. Гэта вам, не бяззбройных рабаваць. Супраць нас – нутро слабаватае. Ну дык добра атрымалася. Цяпер нават прывітанне перадаць твайму бацьку будзе некаму. Гэтым разам ні адзін з вашых не вышмыгнуў. Трэба прызнаць, твой бацька спрытнейшы быў, хоць адзін карабель ды сваю шкуру выратаваў, а ў цябе, хлопча, справы дрэнь. Яцвяжкі князь страціў цікавасць да маладога ярла, адышоў ад яго і сеў на прынесенае крэсла. – Чаму спынілі паядынкі. Да нас так рэдка хто прыязджае і так мала забаў. Князь звярнуў галаву да ваяра-асілка і сказаў: – Адбяры некалькіх чалавек, хай напрыканцы пацешаць нас. Яцвягі імгненнем адабралі дзесятак скалечанных вёсламі ваяроў і далі ім мячы. Сярод іх быў і стары стырнік. Латольд схіліў галаву ў бок яцвяжскага князя і сказаў: – Я стырнік і ведаю рэчышчы ўсіх рэк і мораў. Не забівайце мяне, я магу вам спатрэбіцца. – У нас здраднікаў не любяць, не да твару гэта ваяру, – з пагардлівай усмешкай сказаў Гунар і дадаў. – Хай ён пачынае першым і пакажа, на што здольны. Зігрыд стараўся не глядзець, як яго адважныя ваяры ў рукапашнай сутычцы забіваюць адзін аднаго. Малады ярл усвядоміў, што ў тым, што адбываецца вінаваты ён. Гэта ён мог прачытаць у вачах сяброў, якія з суровым дакорам кідалі апошні погляд у яго бок. Адважны юнак, які яшчэ нядаўна слухаў радасныя крыкі сваіх ваяроў, і яшчэ з раніцы трымаў у руках славу, якая раптам выслізнула, хаваў вочы. Ганебны канец! Ды і ці мог ён быць іншым. Перад вачамі юнака раптам усплыў вобраз бацькі, яго цяжкі погляд аднаго вока. У вушах застыглі словы сівога Тарольва: – "Мой хлопчык, не шукай сустрэчы, з яцвягамі, там цябе на кожным кроку чакае смерць". Калі апошні ваяр, адабраны для паядынкаў, зваліўся, яцвяжскі князь Гунар падышоў да Зігрыда і сказаў: – Не хвалюйся і прызнай сумленнасць бою. Ты рабаваў і забіваў, цябе абрабавалі і заб'юць – перамагае мацнейшы. Ты хацеў свае караблі – ты іх атрымаеш. Я чуў што, вікінгі – выдатныя вясляры. Зігрыд азірнуўся і ўбачыў скажоныя страхам твары сваіх вікінгаў. Мужнасць пакінула іх, і яны не сароміліся гэтага. Нарманаў закавалі ў ланцугі, павялі на іх жа караблі. З гэтай пары яны сталі паслухмянымі вяслярамі на яцвяжскіх ладдзях. Так адважны нарманскі юнак дасягнуў сваёй мэты і ўсё-такі трапіў на бацькаў драккар. Ён быў прыкаваны за нагу да борта, у яго абавязкі ўваходзіла чэрпаць ваду і бруд каўшом на доўгай дзяржальні. Ад гэтага моманту вадкасць стала халадзіла яго босыя ногі. Спачатку ён спрабаваў сцягнуць з нагі жалезны абруч і выдраць ланцуг з моцнага дрэва. Але паступова Зігрыд ператвараўся ў звера, забыў сваё імя і высакароднасць крыві і ранейшае становішча. Калі ён заставаўся адзін на дракары, то мог выпаўзаць на палубу і бачыць вершаліны дрэў і неба. Гэта было адзінай забавай. Зірнуць за борт ён не мог – бракавала даўжыні ланцуга. Ён паступова страчваў розум, сядзеў на кукішках і нешта няскладнае мармытаў. Праз дзесяць гадоў, прычыненае лахманамі мёртвае цела чарпальшчыка, як зламанае вясло, было выкінута за борт.
Эпілог Некалькі гадоў чакаў свайго сына сівы Тарольв. Як толькі сыхадзіў лёд, ён падоўгу ўзіраўся ўдалячынь. Канчаткова страціўшы надзею на вяртанне сына, на беразе з’явіўся памінальны камень з надпісам: "Тарольв усталяваў гэты камень па Зігрыдзе, сваім сыне. Ён загінуў у Ятве…"
|