Паведамленні пра жаданне РПЦ аб'яднаць тры краіны выклікала мноства спрэчак у інтэрнэт-прасторы, у тым ліку і ў байнэце.
news.Тут | 11:05, 1 кастрычнiка 2012
Але насамрэч, калі чытаць уважліва, то гэта не агульнацаркоўная пазіцыя, а прапанова канкрэтнага чалавека — старшыні Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства РПЦ протаіерэя Усевалада Чапліна. Гэты даволі вядомы святар нават пачаў збіраць подпісы за рэферэндум, але менавіта ён, а не ўся Царква. І ўсё ж такія дэмаршы заўсёды выклікаюць шмат пытанняў.
Карэспандэнт Тут задаў іх прэс-сакратару Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ), айцу Сергію Лепіну.
— Цяпер у СМІ мусіруецца не толькі прапанова Усевалада Чапліна, але і выказванне патрыярха Кірыла, які называе крушэнне СССР «катастрофай гістарычнай Расіі». Як вы на гэта гледзіце?
— Варта прызнаць, што развал СССР пацягнуў за сабой за сабой цэлы шэраг эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем. У гэтым сэнсе ўсё, што здарылася, сапраўды можна назваць катастрофай — і не толькі Расіі, але і Беларусі, а таксама, думаю, многіх іншых краін. Эканоміка была разбураная, людзі былі без зберажэнняў, падзеленыя межамі і маёмаснай няроўнасцю, у некаторых рэгіёнах пачаліся войны, катастрафічна ўзрасла злачыннасць, краіна проста раскрадалася цэлымі заводамі… На жаль, гэта сумная праўда тых дзён, і я ўслед за патрыярхам магу ўсё гэта назваць катастрофай.
Аднак у нашым смутку ні ў якім разе нельга бачыць шкадаванне пра крах палітычнай сістэмы або ідэалогіі, якую пабудавала КПСС у савецкім грамадстве.
Успамінаючы СССР, мы ўспамінаем прастату ўзаемаадносін, мір і адкрытасць, размеранасць і прадказальнасць, якія панавалі ў тагачасным грамадстве, хоць і разумеем, што ў гэтай настальгіі ёсць пэўная доля стылізацыі. У мінулым, як вядома, і трава зелянейшая. Маё дзяцінства прайшло ў СССР — дык чаму мне пра гэты час не ўспамінаць з цеплынёй?
— Патрыярх Кірыл лічыць, што гэты развал стаў ці то прычынай, ці то вынікам заняпаду нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнага гонару расійцаў. Ці можам мы тое самае сказаць пра беларусаў?
— Расія, яшчэ з царскіх часоў, сабраўшы ў сабе і вакол сябе вялікую колькасць народаў, сапраўды займала асаблівае становішча ў складзе СССР. І крушэнне гэтай велізарнай імперыі было асабліва балюча для расійцаў. Іх самасвядомасці былі нанесеныя вялікія страты — найсвяцейшы патрыярх тут цалкам мае рацыю.
Аднак нельга на ўсё, што здарылася, глядзець «расійскацэнтрычна». Нельга забываць, што з крушэннем Савецкага Саюза 14 народаў атрымалі незалежнасць. І мой народ — у іх ліку. Тое, за што многія іншыя пралівалі кроў, раптам дасталася беларусам «на сподачку», у выніку аднаго толькі росчырку пяра. І гэта (сярод іншага, вядома) — прычына таго, што свабода не так моцна некаторымі шануецца. Яна нам вельмі лёгка далася, мы, беларусы, яшчэ не паспелі яе не тое што выпакутаваць, але нават захацець. Зразумела, што каўбаса за рубель дваццаць і гарэлка па пяць сорак, нібы егіпецкія катлы з мясам, прымушалі і прымушаюць беларуса абарочвацца назад, але я думаю, што ў гэтым ёсць пэўная доля няўдзячнасці Богу.
Хіба можна на незалежнасць народа глядзець як на зло?
Свабода — гэта цяжар і адказнасць, вядома! Але мы наракаем, як некалі наракалі габрэі ў пустыні, ідучы з рабства да свабоды. Дык вось, асабіста я думаю, што распад СССР, наадварот, спрыяў росту нацыянальнай самасвядомасці шматлікіх рэгіёнаў і нацыянальных ускраін, якія некалі ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза, і ў гэтым беларуская і — рызыкну выказаць здагадку — украінская сітуацыя дыяметральна адрозніваецца ад расійскай.
— Але народную самасвядомасць нельга зводзіць толькі да нацыянальнай.
— Вядома! Ёсць, напрыклад, яшчэ і рэлігійная, культурная, і — як мы ведаем — нават партыйная самасвядомасць! Сярод беларусаў, як і сярод іншых народаў, шмат тых, каго зусім не хвалююць пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці, а магчыма, не толькі нацыянальнай. У СССР было шмат тых, чый светапогляд і планы на будучыню цалкам залежалі ад «непарушнасці саюза рэспублік свабодных» — людзі з «партыйнай» свядомасцю пацярпелі фіяска, іх свет быў разбураны, а ідэалы растаптаныя. Такіх вельмі шмат, і ім сапраўды не пазайздросціш. Некаторыя перабудаваліся і прыстасаваліся, а некаторыя не… А як шмат тых, хто наогул жыве без усялякіх духоўных абстракцый і заклапочаны толькі праблемамі спажывання… Такім людзям заўсёды складаней перажываць сацыяльныя ўзрушэнні, бо ў іх няма кампенсавальных звышідэяў.
— Ці меў распад СССР глабальныя наступствы для рэлігійнага жыцця краін, што калісьці ў яго ўваходзілі? Як вы ацэньваеце гэтыя наступствы?
— Думаю, варта прызнаць і той факт, што світанак духоўнага жыцця, масавы зварот да веры і духоўнага пошуку — гэта таксама адваротны бок заняпаду СССР. З аднаго боку, у гэтым няма нічога незвычайнага ў сацыялагічнай перспектыве: крызісныя з’явы ў любым грамадстве стымулююць праявы рэлігійнасці. Аднак, мяркуючы па колькасці і якасці гэтых праяваў на постсавецкай прасторы, мы можам казаць пра цалкам унікальную сітуацыю, і я думаю, што часткова гэтая ўнікальнасць тлумачыцца спецыфікай таго культурна-палітычнага ўтварэння, якое ўяўляў сабой СССР.
— Нярэдка расійскія палітыкі і духоўныя асобы кажуць, што развал СССР прынёс і духоўнае раз’яднанне расійцаў, беларусаў і ўкраінцаў… Ці можам мы казаць пра такое раз’яднанне?
— Я не стаў бы так радыкальна звязваць ідэю духоўнага адзінства з ідэяй адзіных палітычных межаў.
Духоўнае адзінства не мае ці амаль не мае ніякага дачынення да адзінства палітычнага і нават культурнага.
Яно — у адзінстве Царквы, якое, паводле хрысціянскага вучэння, зусім у іншым. Любоў паміж нашымі народамі і нашую духоўную супольнасць не трэба зводзіць да таго, што «мы — славяне», і «алфавіт у нас падобны». Пад амафорам РПЦ шмат народаў, многія з якіх не маюць ніякага дачынення да славянства, але ад гэтага іх адзінства з намі ані не горшае. Дык вось, сусветнае праваслаўе аб’ядноўвае людзей на розных кантынентах, усе яны — падданыя розных дзяржаваў, носьбіты розных моваў, прадстаўнікі розных культур. Але гэта зусім не сведчыць супраць іх адзінства, якое мы знаходзім у Хрысту. Гэта адзінства па-за сферай палітыкі і з пытаннямі палітыкі і картаграфіі звязана вельмі апасродкавана.
Ды і духоўнае адзінства, і адзінства палітычнае — гэта не адно і тое ж. Праўда, чалавек з пэўнымі навыкамі і мэтамі можа аб’яднаць любыя тэмы. Але я б хацеў сказаць, што не толькі духоўнае адзінства не зводзіцца да палітычнага, але і палітычнае — да духоўнага.
І на тэрыторыі Расіі, і на тэрыторыі Беларусі жывуць прадстаўнікі не толькі розных нацыянальнасцяў, але і розных рэлігій, а таксама атэісты і агностыкі. Можна, вядома, заявіць пра духоўную агульнасць большасці як пра аснову палітычнага адзінства нашых дзяржаваў, але тады па-за гэтай супольнасцю апынуцца меншасці, якія часам не такія ўжо і малыя! У палітычнай перспектыве гэта памылкова.
— Як вы ставіцеся да ініцыятывы, з якой выступіў айцец Усевалад Чаплін?
— Як кажа Эклезіяст, ёсць час абдымаць, і ёсць час ухіляцца ад абдымкаў. Цяпер, дзякуй Богу, час абдымацца. Усе даўно ўжо ўсвядомілі, што нам трэба сябраваць, наладжваць адносіны, сумесна вырашаць пастаўленыя часам задачы. Расійцы і беларусы ў сваёй большасці насамрэч адчуваюць нейкае выключнае сваяцтва і братэрства. Расіі не толькі ў мінулым, але і цяпер адводзіцца ўнікальная роля, якой ніхто не аспрэчвае. Паміж нашымі краінамі да гэтага моманту і так ужо падпісана мноства інтэграцыйных пагадненняў. Яны працуюць і няхай працуюць яшчэ лепш! Цяпер, здаецца, і так створаныя ўсе ўмовы для таго, каб усюды трыумфавалі гэтыя самыя «прынцыпы фундаментальнай справядлівасці і роўнасці» і іншага па спісе.
І калі нам чагосьці не хапае для гэтага, то адсутнасць адзінай мяжы — апошняе, пра што трэба думаць на дадзены момант.
Нас сапраўды аб’ядноўваюць шматлікія пытанні эканомікі, палітыкі, культуры. Акрамя гэтага, многіх прадстаўнікоў нашых трох братэрскіх народаў згуртоўвае адна вера. Мы, знаходзячыся ў Адзінай Царкве, пад амафорам найсвяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, ужо ў такой ступені адзінства і сваяцтва, якую не ў стане забяспечыць ніякія палітычныя акцыі. І асабіста мне б хацелася, каб кожны пастыр, выказваючы сваё ўласнае меркаванне, улічваў складанасць тых культурна-палітычных сітуацый, у якіх можа знаходзіцца Царква ў іншых дзяржавах. Варта мець на ўвазе, што нячуласць, бестактоўнасць і недальнабачнасць у такіх пытаннях правакуе не толькі русафобскія, але і антыправаслаўныя настроі на месцах і сее звады сярод паствы памесных цэркваў.